Вы тут

У БДУ анансавана серыя сустрэч рэктара Андрэя Караля са студэнтамі


У БДУ анансавана серыя сустрэч рэктара Андрэя Караля са студэнтамі. Гэта ініцыятыва была прапанавана студэнцкай моладдзю ў рамках новага праекта ВНУ «Кропкі над Ё». Ён накіраваны на стварэнне ўмоў для безбар'ерных стасункаў паміж навучэнцамі і адміністрацыяй універсітэта.


Першая сустрэча адбылася са студэнтамі эканамічнага факультэта. Яна прайшла ў нестандартным фармаце, галоўнай адметнасцю якога стала атрыманне зваротнай сувязі ад студэнцтва па ключавых пытаннях развіцця ўніверсітэта.

Візіт рэктара быў прысвечаны абмеркаванню актуальных праблем сучаснасці. У прыватнасці, Андрэй Кароль адзначыў неабходнасць фарміравання медыяадукаванасці ўніверсітэцкай супольнасці. Сёння назіраецца імклівае распаўсюджванне лічбавых тэхналогій і інфармацыйных патокаў ва ўсе сферы дзейнасці чалавека. Множацца фэйкі, няправільна інтэрпрэтуецца рэчаіснасць. У сувязі з гэтым рэктар рэкамендаваў уважліва сачыць за афіцыйным парадкам дня і старанна пераправяраць атрыманую інфармацыю.

Студэнтаў цікавілі магчымасці рэалізацыі стартап-праектаў, атрымання месца ў інтэрнаце, развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва, перспектывы адкрыцця сумесных адукацыйных праграм у аспірантуры, стаўленне да нейрасетак, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне факультэта і інш. Дыскусійным стала пытанне аб ролі студэнцкага самакіравання ва ўніверсітэце. На думку рэктара, гэта магутны інструмент па развіцці і ўмацаванні ўзаемадзеяння з кіраўніцтвам ВНУ на гарызантальным і вертыкальным узроўнях. Важна, каб у актыўнасці маладзёжных арганізацый уключалася як мага больш студэнтаў.

У развіццё тэмы зваротнай сувязі ад моладзі рэктар звярнуўся да студэнтаў з просьбай прымаць актыўны ўдзел у вырашэнні агучаных праблем. «Усе ахвотныя ў любы момант могуць падзяліцца сваім вопытам, ідэямі, прапановамі аб удасканаленні работы ВНУ і ўнутрыарганізацыйнай камунікацыі», — падкрэсліў рэктар. У якасці прыкладу ён прывёў праект «Кропкі над Ё», які закліканы адказаць на ўсе пытанні навучэнцаў датычна адукацыі, пражывання ў інтэрнатах, фарміравання кошту навучання, стажыровак у іншых ВНУ, запланаваных мерапрыемствах і інш. Падрабязныя тлумачэнні тэмы студэнтам даюць кіраўнікі падраздзяленняў БДУ .

Сваім меркаваннем аб сустрэчы з рэктарам падзяліўся першакурснік эканамічнага факультэта Ігар Ганул: «Спадабаўся фармат стасункаў — адкрыты і дружалюбны. У самым пачатку дыялогу Андрэй Дзмітрыевіч даў зразумець, што мы можам задаваць любыя пытанні. Цікава было пачуць меркаванне рэктара па інфармацыйнай бяспецы, прадпрымальніцтве. Усе паўтары гадзіны гутаркі праляцелі незаўважна. Я злавіў сябе на думцы, што хацелася б пабольш такіх сустрэч».

Прадугледжваецца, што на працягу гэтага года рэктар сустрэнецца са студэнтамі ўсіх факультэтаў і адукацыйных інстытутаў ВНУ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.