Вы тут

Пакоі для дзяцей студэнтаў: у маладзёжны кадравы рэзерв — мэтавы адбор


А маё будзе працаваць на канікулах!

У Расіі кожны пяты з бацькоў заявіў, што яго дзіця збіраецца знайсці падпрацоўку на летніх канікулах, паказала апытанне SuperJob. У параўнанні з мінулымі гадамі доля такіх адказаў узрасла на чвэрць (з 15 да 19 працэнтаў).


45 працэнтаў сказалі, што іх дзіця на канікулах будзе адпачываць. 36 працэнтаў рэспандэнтаў аказаліся не ў курсе планаў сваіх нашчадкаў на лета.

Самыя папулярныя варыянты падпрацоўкі на лета для падлеткаў 14—17 гадоў — гэта работа кур'ерам і прамоўтарам, а таксама падпрацоўка ў рэстаране (у якасці афіцыянта ці супрацоўніка кухні) або памочнікам важатага/трэнера.


Пакоі для дзяцей студэнтаў

Упаўнаважаны па правах дзіцяці ў Рэспубліцы Татарстан, заснавальнік Нацыянальнага бацькоўскага камітэта Ірына Валынец прапанавала стварыць дзіцячыя пакоі пры навучальных установах. На яе думку, гэта мера падтрымкі неабходна студэнтам, якія сталі бацькамі падчас вучобы.

Ірына Валынец нагадала, што сярэдні ўзрост расіянак, якія нарадзілі першае дзіця, у 2018—2022 гадах складаў 26,75 года, другое — 30,5 года, трэцяе дзіця — 33,1 года. Паводле яе слоў, сітуацыю ўскладняе той факт, што нараджэнне другога і трэцяга дзіцяці прыпадае «на пік прафесійнай рэалізацыі жанчын».

Пры гэтым, як патлумачыла Ірына Валынец, адмова ад мацярынства або адкладванне яго на больш позні ўзрост — агульнасусветны трэнд. У большасці выпадкаў ён абумоўлены жаданнем атрымаць адукацыю і пабудаваць кар'еру да нараджэння дзяцей, дадала амбудсмен. Адной з мер, накіраваных на вырашэнне абазначаных праблем і падтрымку бацькоўства, можа стаць стварэнне дзіцячых пакояў пры навучальных установах. У іх можна было б арганізаваць догляд дзяцей, пакуль бацькі на занятках ці ў бібліятэцы.


У маладзёжны кадравы рэзерв — мэтавы адбор

У Агенцтве Рэспублікі Казахстан па справах дзяржаўнай службы агучылі прыярытэтныя спецыяльнасці пры адборы ў прэзідэнцкі маладзёжны кадравы рэзерв, перадае карэспандэнт «Казінфарм».

Раней паведамлялася, што ў гэтым годзе адбудзецца чарговы адбор рэзервістаў. Гэтым разам будуць перагледжаны галіновыя групы рэзерву, а сумоўе з кандыдатамі будзе праходзіць з абавязковым удзелам галіновых дзяржорганаў і спецыялістаў.

«Калі падчас першага і другога адбораў было прынята шмат рэзервістаў у галіне эканомікі, фінансаў, ІT, то сёлета асаблівая ўвага будзе ўдзелена сферам аховы здароўя, энергетыкі, адукацыі і культуры. Такім чынам, асаблівасцю цяперашняга адбору стане правядзенне дакладнага мэтавага адбору з улікам патрэб дзяржаўнага апарату ў галіновых кадрах», — паведаміла намеснік старшыні Агенцтва Айнура Сергазіева на сустрэчы з дэпутатамі Сената Парламента Рэспублікі Казахстан.

Яна адзначыла, што патрабаванні да кандыдатаў не змяніліся. У конкурсе могуць удзельнічаць маладыя людзі, не старэйшыя за 35 гадоў, якія маюць вышэйшую адукацыю, стаж працы не менш пяці гадоў, сертыфікат па дзяржмове, не ніжэйшы за ўзровень Б1.

Паводле яе даных, з 350 чалавек, якія трапілі ў рэзерв па выніках першага і другога адбораў, цяпер працаўладкаваны 262 рэзервісты, з іх на палітычныя пасады — 28.


Характар, «роўны» па вышыні васьмі Эверэстам

Васьмігадовы хлопчык за чатыры гады паспеў падняцца на большасць вядомых пагоркаў Вялікабрытаніі. Агульная вышыня яго ўздымаў раўняецца васьмі Эверэстам. Пра гэта паведамляе Daіly Maіl.

Маленькі Чарлі Батэм са сваім татам Полам ужо некалькі гадоў усе выхадныя імкнецца праводзіць дзе-небудзь у гарах. Разам яны ўжо падымаліся на Скафел-Пайк, Бэн-Нэвіс, бывалі ў Снаўдоніі, Пік-Дыстрыкце, Ёркшыр-Дэйлсе і Азёрным краі. Пол распавёў, што, калі сыну споўнілася пяць, яны з жонкай спыталі, што ён хацеў бы зрабіць у гэты дзень, і хлопчык адказаў, што хоча падняцца на гару.

Па словах таты, Чарлі ў сукупнасці ўсіх яго ўзыходжанняў падняўся на вышыню больш за 70 тысяч метраў над узроўнем мора, але, магчыма, гэта было нават 90—100 тысяч.

Пол таксама падаў заяўку ад імя Чарлі на рэгістрацыю ў Кнізе рэкордаў Гінеса, аднак ім адмовілі з-за ўзроставага цэнзу для рэкардсменаў-удзельнікаў. Яны павінны быць старэйшыя за 16 гадоў, а падлеткі ад 16 да 18 павінны прад'явіць згоду бацькоў.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.