Вользе Пашковіч усяго толькі крышачку за трыццаць, а яна шмат чаго дабілася ў жыцці. У 2015 годзе маладая настаўніца 22-й сярэдняй школы Брэста выйшла пераможцай першага Брэсцкага маладзёжнага форуму педагагічных ідэй і рашэнняў «Педагагічны ФЭСТ», пасля гэтага ўвайшла ў склад Маладзёжнага савета Брэсцкай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і за гэты час стала прыкметным чалавекам не толькі ў асяродку брэсцкай настаўніцкай грамадскасці.
Цяпер Вольга Уладзіміраўна — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 Брэста, самай вялікай і самай маладой у абласным цэнтры. У школе навучаецца 3083 дзіцяці. Падтрымліваць якасны вучэбны працэс, а яшчэ займацца арганізацыйнай, навуковай, грамадскай работай, працаваць з маладымі спецыялістамі, з сем'ямі навучэнцаў, рэагаваць на ўсе выклікі часу ў плане выхавання дзяцей, плюс яшчэ дзясяткі спраў на кожны дзень пазначаны ў нататніку маладога намесніка. Аб гэтым і не толькі наша сённяшняя гутарка.
— Сёння прафесія педагога не вельмі папулярная ў асяродку паспяховых выпускнікоў школ, тым больш здольных у матэматыцы. Апошнія нярэдка выбіраюць работу ў ІТ. Што паўплывала на ваш выбар прафесіі? Вы з дынастыі педагогаў ці прыкладам для вас сталі вашы школьныя настаўнікі?
— Што паўплывала? Збег абставін. Я зусім не прадаўжальнік педагагічнай дынастыі, а першы чалавек у сям'і з такой прафесіяй. З дзяцінства заўважала ў сваім характары лідарскія якасці, уменне ставіць мэты і дасягаць іх, таму бачыла сябе афіцэрам Узброеных Сіл, мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення ў Ваенную акадэмію. Але ў той год, калі я паступала, конкурс сярод дзяўчат складаў восем чалавек на адно месца. Адбор па здароўі быў не проста строгім, а вельмі строгім. Карацей, я яго не прайшла, не давялося нават здаваць іспыты. Сказаць, што засмуцілася гэтым фактам — нічога не сказаць. Была пакрыўджаная, разгубленая, расчараваная. Тады мама ўзяла справу ў свае рукі: правільней сказаць, узяла мае дакументы і прывяла мяне за руку ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. Мы падалі дакументы на матэматычны факультэт.
Але ж па натуры я чалавек дысцыплінаваны, спачатку выконвала ўсё на нейкім паўаўтамаце, а потым вучоба паступова захапіла. Мы вывучалі інфармацыйныя тэхналогіі, з галавой акуналіся ва ўсё новае. Я вельмі ўдзячная свайму педагогу методыкі выкладання матэматыкі Тамары Васілеўне Піваварук. Тымі ведамі, якія яна дала, карыстаюся цяпер і буду карыстацца, напэўна, усё жыццё. А дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Алег Віктаравіч Матысік падштурхнуў да паглыбленага вывучэння прадмета, да даследчыцкай, праектнай дзейнасці літаральна з першага курса. Потым я стала актыўна ўдзельнічаць у жыцці ўніверсітэта, стала паспяховай студэнткай. Як вынік — у 2013 годзе атрымала дыплом настаўніка матэматыкі і інфарматыкі і накіраванне ў сярэднюю школу № 22 Брэста.
— Першае рабочае месца — вельмі важнае. Яно вас не расчаравала?
— Наадварот, мне з ім вельмі пашанцавала. Я трапіла ў школу са сваімі традыцыямі, з вялікімі напрацоўкамі ў плане методыкі і выхавання, прыйшла ў калектыў з добразычлівым, шэфскім стаўленнем да маладога спецыяліста. Мне дапамагалі, падказвалі, накіроўвалі. Як са мной працавалі ў маёй першай школе, так я цяпер стараюся працаваць з маладымі спецыялістамі. Выпускнікі з універсітэта адразу пасля яго заканчэння не гатовы да вырашэння праблем, да складаных, а то і канфліктных сітуацый, якія могуць узнікнуць у стасунках, напрыклад, з бацькамі вучняў. Мне заўсёды прыходзілі на дапамогу старэйшыя калегі, падказвалі, вучылі дыпламатыі ў вырашэнні такіх пытанняў.
У першы ж год я стала класным кіраўніком, разумела, што на мне ляжыць адказнасць за гэтых дзяцей, задавалася пытаннем, ці атрымаецца. Цяпер часам думаю: у многім таму, што засталася ў прафесіі, я абавязана сваім першым вучням. Таму што адчула зваротную сувязь, аддачу ад работы, убачыла свой першы поспех, а самае галоўнае — шчырую ўдзячнасць ад маіх вучняў і іх бацькоў, з многімі з іх мы дагэтуль на сувязі.
Што тут утойваць, як і многія мае аднакурснікі, спачатку думала: адпрацую свае абавязковыя два гады, а потым найду што-небудзь больш прэстыжнае, больш грашовае, больш спакойнае. Але тыя поспехі і надзвычай добры калектыў падштурхнулі не спяшацца ў прыняцці рашэнняў. Потым з галавой акунулася ў грамадскую дзейнасць, у праекты, конкурсы. Мне было цікава распрацоўваць сваё, абагульняць свой, няхай невялікі, вопыт, спасцігаць новае. Менавіта са сваімі ідэямі і напрацоўкамі выступіла на першым «Педагагічным ФЭСЦе» ў 2015 годзе. Тая перамога пэўным чынам акрыліла мяне, стала стымулам для далейшага развіцця, самаадукацыі, пошукаў і знаходак. Далей я прыняла ўдзел у праектах «Малады настаўнік Брэстчыны» і «Настаўнік года». Школа станавілася мне ўсё больш цікавай, я зразумела, што ў адукацыі можна цалкам рэалізаваць сябе. Вялікую радасць прыносілі дасягненні маіх навучэнцаў на алімпіядах і конкурсах, у гэтыя моманты я разумела, што займаюся сваёй справай. Пэўны вынік работы тут бачыш адразу, але разумееш, што ён мае эфект назапашвання, ну вось як у той вельмі старой песні: «Летят путями звездными, плывут морями грозными любимые твои ученики»...
У 2019 годзе ў новым мікрараёне адкрывалі сярэднюю школу, і мне прапанавалі перайсці сюды. У ёй я была не толькі настаўнікам, класным кіраўніком, але і старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі.
З моманту адкрыцця школы на чале стаіць выдатны кіраўнік Людміла Васілеўна Кудзей. Менавіта яна паверыла ў мае сілы, дала магчымасць далей рэалізаваць сябе ў педагагічнай і грамадскай дзейнасці, стала маім настаўнікам, падтрымлівае, накіроўвае ў працы. Я і дагэтуль чэрпаю веды і досвед у яе, бо, як кажа народная мудрасць, разам любую справу адолееш.
— Вашу цяперашнюю школу пабудавалі ў рамках падрыхтоўкі Брэста да тысячагоддзя ў ліку 25 значных аб'ектаў. Яна вельмі вялікая і знаходзіцца ў густанаселеным мікрараёне. Як гэта спецыфіка адбіваецца на жыцці школы?
— Установа адукацыі стала сапраўдным падарункам маладому мікрараёну, які імкліва рос, і працягвае расці і адчуваць дэфіцыт вучнёўскіх месцаў. Калі яна адкрывалася, у нас было 18 першых класаў. Сёння першых набіраем пад дзясятак, а ўсяго ў школе займаецца 115 класаў. Навучанне ідзе ў дзве змены. Асобны пласт работы — гэта навучанне асаблівых дзяцей. У школе рэалізоўваецца прынцып інклюзіі. Мы маем 13 інтэграваных класаў, два спецыяльныя, дзе навучаюцца дзеці з праблемамі апорна-рухальнай сістэмы, адзін — з цяжкімі парушэннямі маўлення. Пакуль нам цяжка ў гэтай рабоце. У настаўнікаў невялікі яе вопыт. Даводзіцца вучыцца ў працэсе, педагогі павышаюць свой прафесійны ўзровень на курсах у Мінску, праходзяць стажыроўкі ў спецыялізаваных установах, запрашаем спецыялістаў да нас для правядзення семінараў. Складанасць не толькі ў тым, што асаблівыя дзеці, напрыклад, нярэдка рэагуюць на любы шум, такі вучань можа расплакацца падчас урока, і трэба ўмець правільна паводзіць сябе, прадухіляць падобныя сітуацыі. Кожны дзень узнікаюць новыя праблемы, якія даводзіцца вырашаць. Адным словам, нягледзячы на цяжкасці, інклюзіўны падыход у адукацыі паступова ўкараняецца ў нашай школе ў адпаведнасці з сусветным адукацыйным стандартам, мы робім акцэнт на індывідуальны падыход і рэалізацыю патэнцыялу кожнага дзіцяці.
— Пэўны адбітак на работу школы накладвае спецыфіка паўднёва-заходняга мікрараёна, дзе размешчана навучальная ўстанова. Тут актыўна ўзводзяць жыллё для шматдзетных сем'яў. Відаць, многія вашы вучні растуць менавіта ў такіх?
— Так, большасць нашых вучняў выхоўваюцца ў шматдзетных сем'ях, такіх на сёння 1670 чалавек. У нас у кожным класе па 18—20 чалавек са шматдзетных сем'яў. Усе розныя, і класным кіраўнікам не надта проста працаваць. Таму асобныя маладыя спецыялісты, а іх у нас сёння працуе 44, не вельмі ахвотна згаджаюцца на класнае кіраўніцтва. Але ж мы ім усяляк дапамагаем, не пакідаем сам-насам з праблемамі. У школе функцыянуе творчая група «Праблемы адаптацыі маладых класных кіраўнікоў у сучаснай школе», кіраўніком якой з'яўляецца вопытны настаўнік Наталля Васілеўна Буйко. Таму ўсё атрымліваецца.
На жаль, дзеці з 16 сем'яў рашэннем камісіі прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. З такімі сем'ямі праводзім карпатлівую работу. З асаблівай адказнасцю супрацоўнічаюць з сем'ямі і непаўналетнімі сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі, класныя кіраўнікі, якія ў такіх сем'ях пастаянныя наведвальнікі. Не застаюцца без увагі і тыя, хто выклікае трывогу, што накіравана на папярэджанне такога становішча.
Усяляк стараемся адгарадзіць дзяцей ад негатыўнага і дэструктыўнага ўплыву. У раёне яшчэ не вельмі развітая інфраструктура, нямнога месцаў для культурнага адпачынку. Падлеткі любяць збірацца вакол гандлёвага цэнтра. А ў пачатку сакавіка, калі памятаеце, праз сацсеткі дзяцей заклікалі на зборы аматары субкультуры «ЧВК Рэдан». Нашым вучням таксама прыходзілі запрашэнні збірацца каля гандлёвых цэнтраў, але ўвесь педагагічны калектыў аператыўна зрэагаваў і папярэдзіў ад магчымых непрыемнасцяў. Пазней на класных гадзінах мы абмеркавалі і растлумачылі сітуацыю вучням. Вельмі важна накіраваць іх энергію і цікаўнасць у правільнае рэчышча.
— Наколькі гэта ўдаецца?
— Спадзяёмся, што ўдаецца. Цяпер, як вядома, у школах вялікая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў. Пры падтрымцы пракуратуры мы адкрылі выставачную экспазіцыю «Без тэрміну даўнасці» пра генацыд беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Выстаўку наведалі ўсе вучні школы разам з педагогамі ў рамках класных, інфармацыйных гадзін, мерапрыемстваў тэматычнай накіраванасці. Мы актыўна ўдзельнічаем у розных праектах па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. На абласным конкурсе наш праект «Не гасне памяці свечка» атрымаў дыплом пераможцы. Традыцыйна ў школе праводзяцца ўрокі мужнасці, на якіх прысутнічаюць супрацоўнікі вайсковых часцей, Следчага камітэта, ветэраны вайны. Дзеці наведваюць вайсковыя часткі.
У выніку такога ўзаемадзеяння шэсць нашых выпускнікоў выказалі жаданне паступаць сёлета ва ўстановы адукацыі МУС.
З улікам нашай спецыфікі асаблівая ўвага ўдзяляецца прапагандзе здаровага ладу жыцця. І гэта не толькі конкурсы малюнкаў, плакатаў, тэматычныя, гульнявыя праграмы, выстаўкі літаратуры ў бібліятэцы. Гэта, галоўным чынам, практычныя заняткі: спартыўныя святы і дні здароўя, розныя трэнінгі і заняткі са спецыялістамі. Праект «Здаровае харчаванне з дзяцінства — дабрабыт у будучыні» быў адзначаны дыпломам на абласным этапе. Але галоўнае, што мы актыўна і на ўсіх узроўнях у школе прапагандуем ідэю культуры і навыкаў здаровага харчавання.
Вучні нашай школы рыхтуюцца да рэалізацыі праекта «Лета ў горадзе». Гэта заняткі для тых, хто застаецца падчас яго ў ваколіцах школы, каб напоўніць вольны час карыснымі, пазнавальнымі, актыўнымі мерапрыемствамі.
— У такой вялікай школе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце мае каласальную нагрузку, гэта відавочна. Але ж вы настаўнік матэматыкі і маеце гадзіны па сваім прадмеце. Па-ранейшаму любіце матэматыку? З ахвотай праводзіце ўрокі? Ці кіруючая работа больш захоплівае?
— Я люблю матэматыку, інфарматыку. З задавальненнем іду на ўрокі ў свае 10 і 11 класы. Многія выпускнікі ведаюць, што ім давядзецца здаваць іспыты па матэматыцы, вучні матываваныя і старанна рыхтуюцца да ўрокаў. І нават для тых, хто да вучобы ставіцца з пэўнай прахалодай, у нас ёсць спосабы для матывацыі.
— Якія?
— Ну, напрыклад, развіццё тэхналогій 3D-друку. У самым пачатку пандэміі COVІD-19 наша школа далучылася да ініцыятывы па аказанні дапамогі медыкам у забеспячэнні іх сродкамі індывідуальнай абароны. Нашы настаўнікі інфарматыкі на 3D-прынтарах друкавалі ахоўныя экраны — камплектуючыя для антывіруснай экіпіроўкі. Тады ж узнікла ідэя далучыцца да рэспубліканскага праекта па выпрабаванні варыянтаў выкарыстання 3D-прынтараў у адукацыйным працэсе. На факультатыўных занятках па матэматыцы і інфарматыцы мы працуем з 3D-прынтарам і ўжо заўважаем, што тэхналогія 3D-друку выхоўвае вучняў-стваральнікаў. У працэсе навучання развіваецца прасторавае мысленне, уменне праектаваць і рэалізоўваць задуманае. Мы ўжо бачым, што доступ да 3D-тэхналогіі становіцца спосабам матываваць школьнікаў, асабліва тых з іх, хто марыць стаць ІТ-спецыялістам.
І нават калі першая спроба аказваецца няўдалай, дзеці вучацца разумець, што памылка — гэта частка навукова-практычнай дзейнасці, яе трэба ўмець выпраўляць і рухацца далей. Гэта вельмі важна.
— Я так разумею, што са сваімі старшакласнікамі вы на адной хвалі ў сэнсе выкарыстання сацыяльных сетак, новых тэхналогій, гэта дапамагае ў рабоце?
— Так, стараюся за ўсім сачыць. Часам яны здзіўляюцца: «О, дык вы ў трэндзе!?» Але зрэдку здараецца, што яны апярэджваюць. Тады я кажу: «Я такога не ведала...» У гэтым сэнсе, напэўна, малады настаўнік ім больш цікавы. На сваіх занятках выкарыстоўваю відэаролікі, прэзентацыі, розныя інфармацыйныя рэсурсы, платформы. Але ж традыцыйныя ўрокі, класіку выкладання, дошку з крэйдай, няхай сабе інтэрактыўную, ніхто не адмяняў.
— Вы строгая настаўніца?
— У першыя гады выкладання была больш строгай. Цяпер мой стыль выкладання становіцца больш дэмакратычным, на ўроках мы з вучнямі гутарым, абмяркоўваем, часта выкарыстоўваю метад крытычнага мыслення, мазгавы штурм. Але ж дысцыпліна — гэта ўмова паспяховага ўрока. А яшчэ як матэматык я люблю дакладнасць.
— У стасунках з калегамі вы які кіраўнік?
— Я адкрыта ў стасунках, маю сацыяльны стыль камунікацыі. Найбольшай сваёй перамогай лічу, калі ўдаецца пераканаць альбо ў ходзе дыскусіі прыйсці да адзінага пункту гледжання, да агульнага назоўніка, кажучы матэматычнай мовай.
— А дома хто галава вашай сям'і?
— Галава, вядома, муж. Ён таксама педагог па адукацыі, пэўны час працаваў у школе. Таму мяне разумее і ва ўсім падтрымлівае.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.