Беларуская сельгастэхніка запатрабавана, таму трэба нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, адзначыла падчас размовы з журналістамі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава пасля наведвання XXXIII Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра», перадае БелТА.
«Нашым прадпрыемствам трэба нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, таму што наша тэхніка сёння запатрабавана як на ўнутраным рынку, так і іншымі краінамі. Мы паглядзелі камбайны „Гомсельмаша“, тэхніку МАЗа, МТЗ. Я ўбачыла новыя віды тэхнікі. Прадпрыемствы не стаяць на месцы, яны развіваюцца, выпускаюць новую прадукцыю, якая сёння патрэбна спажыўцу», — сказала Наталля Качанава.
Спікер нагадала аб задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы, — нарошчваць вытворчасць той тэхнікі і таго абсталявання, якія запатрабаваныя і добра рэалізуюцца. І гэтую задачу беларускія прадпрыемствы павінны выконваць, адзначыла яна.
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла важнасць выставы «Белагра». «Тут наглядна, у канцэнтраваным выглядзе можна ўбачыць усё, што вырабляецца нашымі прадпрыемствамі. Выстава выдатная, — падкрэсліла спікер. — Вельмі важна, што ўсе прадпрыемствы працуюць, запатрабаваны наша тэхніка і прадукты харчавання, якія сталі брэндамі».
Па словах Наталлі Качанавай, у першы дзень выставу наведала вялікая колькасць людзей — 17 тыс.Характэрна, што гэта не толькі тыя, хто прыехаў сюды ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю, у прыватнасці заключыць дагаворы, кантракты. Выставай цікавяцца простыя беларусы, якія хочуць убачыць ужо выпускаемыя прадукты харчавання і навінкі ад беларускіх прадпрыемстваў, якімі ганарыцца Беларусь.
Спікер паведаміла, што даўно хацела паглядзець на племянныя пароды хатніх жывёл, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. «Прэзідэнт краіны заўсёды казаў: павінны быць свае племянныя пароды, каб павялічыць і пагалоўе жывёлы, і вытворчасць малака, мяса-малочнай прадукцыі», — сказала яна.
«Не страшны ніякія санкцыі, калі мы самі можам вырабляць усё, што трэба для краіны, народа і для тых краін, з якімі мы сябруем і супрацоўнічаем і якія гатовыя да канструктыўнага ўзаемадзеяння з нашай краінай», — падкрэсліла Наталля Качанава.
Зараз Беларусь рыхтуецца да Форуму рэгіёнаў, нагадала старшыня Савета Рэспублікі. Немалаважна, што на выставе «Белагра» пабывалі, у прыватнасці, міністр сельскай гаспадаркі Башкартастана (Форум рэгіёнаў сёлета пройдзе ва Уфе), расійскія губернатары. Разам з тым, працягнула спікер, яе наведалі прадстаўнікі і іншых краін, у тым ліку былога Савецкага Саюза, афрыканскіх дзяржаў.
Гаворачы аб лакацыі, дзе праходзіць выстава, старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на добрыя, зручныя павільёны выставачнага цэнтра Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Калі тэхніку можна выставіць на вуліцы, то прадукцыю лепш дэгуставаць у такіх павільёнах: дрэннае надвор’е не будзе страшнае, звярнула ўвагу спікер.
Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра-2023» праходзіць з 6 па 11 чэрвеня. На выставе можна азнаёміцца з перадавымі напрамкамі ў развіцці раслінаводства, жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі, упакоўкі і захоўвання прадукцыі, а таксама разнастайнасцю сельгастэхнікі. Аграрны форум традыцыйна збірае разам не толькі беларускіх аграрыяў і работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, але і іх замежных калег і партнёраў. Сёлета ўдзел у выставе прымаюць 450 кампаній з Беларусі, Расіі, Кітая, Пакістана, Турцыі, В’етнама, Германіі, Італіі, Індыі, Палесціны. У ходзе дзелавой праграмы прадугледжана каля 20 тэматычных канферэнцый і семінараў.
Фота: БелТА
Пра што трэба падумаць і як рэальна ацаніць свае сілы перад усынаўленнем?
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.