Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Толькі адзінства робіць нас мацнейшымі


Аб чым Прэзідэнт Беларусі гаварыў на сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ.

Як звярнуў увагу на пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка, дыялог паміж нашымі краінамі ў сферы ўмацавання калектыўнай бяспекі ў цяперашні час актуальны як ніколі. «Скажу прама: ад вас, галоўных памочнікаў кіраўнікоў дзяржаў у вашых краінах па бяспецы, многае залежыць», — задаў тон размове беларускі лідар. Такія сустрэчы, па яго словах, даўно выйшлі за рамкі пратакольных, паколькі геапалітычная сітуацыя патрабуе выпрацоўкі своечасовых рашэнняў. У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў пра сваю нядаўнюю сустрэчу з кіраўнікамі органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў — удзельніц СНД, якая на мінулым тыдні прайшла ў Палацы Незалежнасці, пасля чаго адбылася нарада кіраўнікоў спецслужбаў. Беларускі лідар у курсе: размова была вельмі эфектыўная і важная. 


«Трэба дамаўляцца, пакуль гэта магчыма»

Звяртаючыся да сакратароў саветаў бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ, Аляксандр Лукашэнка ўказаў на напружаную ваенна-палітычную абстаноўку. «Але гэта толькі вяршыня айсберга, — адзначыў ён. — У аснове ўсіх гарачых канфліктаў ляжыць масіраванае гібрыднае ўздзеянне на ключавыя сферы нашага грамадскага жыцця: эканамічную і інфармацыйную, біялагічную, сацыяльную, гуманітарную і нават духоўную. Наступаюць па ўсіх франтах. І вольнага месца няма».

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што ўсюды вельмі сітуацыя моцна напружана. Аб гэтым сведчаць падзеі і на Каўказе, і ў Цэнтральнай Азіі. Неспакойна і ў суседніх з намі Украіне, Польшчы і Прыбалтыцы. «На фоне таго, што адбываецца, мы маем справу з фактам крушэння ўсёй архітэктуры міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, якая фарміравалася дзесяцігоддзямі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Канфлікт на тэрыторыі Украіны — гэта адзін з многіх прыкладаў таго, як заходнія эліты выкідваюць трыльёны долараў на мілітарызацыю і спусташэнне дзяржаў». 

Прэзідэнт заўважыў, што любая нарада па пытаннях бяспекі не абыходзіцца без абмеркавання сітуацыі ва Украіне. Як вопытны палітык Аляксандр Лукашэнка перасцярог ад спробы шукаць пэўныя прычыны. «Раней ці пазней мы будзем казаць аб прычынах гэтага канфлікта, — перакананы ён. — Але цяпер найважнейшае пытанне — спыніць гэты канфлікт. Паколькі мы з Расіяй на адным баку (дзве дзяржавы запісалі ў „суагрэсары“), павінен сказаць, што „суагрэсары“ з трэцяга дня канфлікта, а можа, і з першага, прапанавалі мірны працэс. І ён пачаўся тут, у Беларусі».

На нашай тэрыторыі прайшлі тры пасяджэнні мірных перагавораў. Затым украінскай дэлегацыі далі каманду (Аляксандр Лукашэнка гэта ведае дакладна) у Беларусь не ляцець. Мірныя перамовы працягнулі ў Стамбуле, дзе быў выпрацаваны праект. Прычым, як расказаў беларускі лідар, з вялікімі ўступкамі з боку Расійскай Федэрацыі. Кіраўнікі дэлегацый узгаднілі гэты праект — на гэтым перамовы аб міры скончыліся. І Прэзідэнт Беларусі ведае, чаму: «Бо, хутчэй за ўсё Украіна гэтых рашэнняў ужо не прымала тады, што ўжо казаць цяпер. Цяперашні момант характарызуецца тым, што Захад, які, натуральна, ваюе там (калі б там не было заходняй зброі і наёмнікаў, даўно б ужо ўсё скончылася), чакае вынікаў «контрнаступа». 

Кажучы аб «контрнаступе» ўкраінскай арміі, Аляксандр Лукашэнка агучыў інфармацыю, якая поўнасцю супадае з тымі звесткамі, якія ён атрымаў ад Прэзідэнта Расіі. «За тры дні каля трох дзясяткаў танкаў знішчана (наступаючых, украінскіх) — абараняцца прасцей, чым наступаць, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — 120 або 130 БМП — за тры дні. І самае страшнае, больш як 2100 загінула ўкраінцаў. 2100! З гэтага боку — крыху больш 70. Вось вам вынік гэтай спробы «контрнаступа». 

Беларускі лідар удакладніў, што «контрнаступам» была вялікая дэзінфармацыя з украінскага боку. «Ніякага „контрнаступа“ няма і быць не можа, — падкрэсліў ён. — А раптам — вось вынік за тры дні... Самае галоўнае, чацвёрты-пяты дзень цішыня. Аб чым гэта сведчыць? Пацярпелі сур’ёзнае паражэнне, селі і думаюць (Захад), што рабіць далей».

А што рабіць далей? Іншага варыянту, аб чым не раз казаў Аляксандр Лукашэнка, як садзіцца за стол перагавораў, няма. Гэта, па яго словах, і пазіцыя Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. «Таму мір і толькі мір, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Але мір не патрэбен. Захад жалезабетонна зачапіўся за Украіну, каб падмяць пад сябе Расію, выцерці аб яе ногі. Але гэтага не будзе! Вы ведаеце расіян, нас — на калені мы не ўстанем. Таму трэба дамаўляцца, пакуль гэта магчыма. Далей будзе горш».

«Кажучы аб прычынах, трэба глядзець глыбей»

Як канстатаваў кіраўнік дзяржавы, нарошчваецца практыка разнастайных аднабаковых абмежавальных мер і санкцый. «Слухайце, ну не прайшло, яўна не прайшло, — кажучы аб тым, чаго дабіваліся арганізатары санкцыйнага ціску, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Больш таго, пічканне зброяй (гэта мы бачым тут, знаходзячыся ў гэтым „катле“ ў цэнтры Еўропы), нагнятанне абстаноўкі, канфрантацыя і вялізныя грошы, якія траціць перш за ўсё Еўропа. Прычына гэтага канфлікту нашмат глыбейшая, чым Украіна. Што такое для іх Украіна? Для амерыканцаў важна паставіць на калені Еўропу. Яны ім пакажуць, што такое ўводзіць еўра супраць долара. Гэта таксама зразумела: еўра пачаў адваёўваць у свой час сваё месца пад сонцам. Гэта амерыканцам не трэба. А фінансы — крывяносная сістэма».

Прэзідэнт перакананы: менавіта з-за гэтага і пачаўся ціск на Еўропу з боку ЗША. «Яны хочуць расчляніць Еўропу, адгарадзіць яе ад нас ад Балтыкі да Чорнага мора — праз Польшчу, Украіну, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — З Беларуссю не атрымалася. Была задума гэты санітарны кардон выбудаваць ад Смаленска і туды, на Балтыку. Але цяпер узбройваюць Польшчу, Украіну. Трэба, каб Украіна перамагла — гэта іх залатая мара. Вось задума».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Польшча сапсавала адносіны не толькі з намі. «Вы ж бачыце, што адбываецца ў палякаў з немцамі, — звярнуў увагу ён. — Вы што думаеце, палякі такія смелыя, каб выставіць рахунак немцам па рэпарацыях за Другую сусветную вайну? Ды не. Амерыканцы (мы гэта таксама бачылі) ціхенька падказалі: душыце немцаў. Бо ў Еўропе немцы — асноўная сіла. Вы думаеце, „брэксіт“, калі Вялікабрытанія выйшла з Еўрапейскага саюза, — гэта проста так? Калі б амерыканцы былі зацікаўлены ва ўзмацненні Еўрасаюза, яны б ніколі на гэта не далі дабро і не пайшлі. Але яны „адарвалі“ Вялікабрытанію — магутную ў эканамічных адносінах ды і ў ваенна-палітычных. Ім трэба гэты „кацёл“ заваліць, каб панаваць. Яны ж цудоўна разумеюць, што асноўныя кропкі росту ў свеце пасля ЗША — гэта Еўрапейскі саюз, Кітай, і наша прастора, дзе мы „асмеліліся“ выступіць. Таму, кажучы аб прычынах, трэба туды, глыбей глядзець».

Беларускі лідар аддае належнае расіянам. «Яны своечасова сказалі: добра, гэта вашы праблемы, але вы гарантуйце нам бяспеку, і беларусам у тым ліку, — узгадаў дэталі тых падзей Прэзідэнт. — Адказ на гэтую просьбу аб гарантыях вы бачылі. Цяпер яны кажуць: несур’ёзна, што Расія патрабавала гэтую „паперку“ па бяспецы. А чаму несур’ёзную „паперку“ не далі ёй? Узялі б і далі адказ на гэтую „паперку“. Я маю на ўвазе прапановы па бяспецы на постсавецкай прасторы, і перш за ўсё ў Расіі».

Кіраўнік дзяржавы назваў расійскую спецыяльную аперацыю ва Украіне «падарункам» для Захаду. «І яны тут пачалі чапляцца за яе, каб паставіць на калені нашу прастору, — патлумачыў Прэзідэнт. — А далей — Кітай. Гэта галоўная іх мэта. Ды і потым, „працоўная сіла“ пасля Афганістана вызвалілася, яе ж трэба дзесьці прымяняць. Калі і далей будзе так працягвацца, упэўнены, гэта пытанне часу. Наёмнікаў там — мора. Хутка і рэгулярныя войскі з’явяцца, калі мы не спынім гэты канфлікт. Мы да гэтага гатовы».

«Нам нельга страціць сваё»

Вяртаючыся да тэмы санкцыйнага ціску, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што санкцыі ўжо ператварыліся з інструмента прымусу да міру і бяспекі ў новую комплексную пагрозу глабальнага маштабу. Ён заўважыў, што цэлыя рэгіёны асуджаныя на голад, холад і галечу. «Яны і вас датычацца, гэтыя санкцыі, — звярнуўся да прысутных беларускі лідар. — Мы ж бачым з расіянамі, як візіцёры-амерыканцы паехалі, пачынаючы ад Арменіі і заканчваючы Таджыкістанам. І пачынаюць на вас ціснуць, каб вы не супрацоўнічалі з намі. Мы гэта бачым». 

Менавіта па гэтай прычыне, лічыць Прэзідэнт Беларусі, супрацьдзейнічаць санкцыям трэба комплексна і разам. «Мы — ні беларусы, ні расіяне — не хочам, каб вы трапілі пад санкцыі, супрацоўнічаючы з намі, — падкрэсліў ён. — Мы гэтага не хочам. Ні мы, ні вы ад гэтага нічога не атрымаем, а вы толькі страціце. Але як толькі магчыма (у жыцці шмат ёсць магчымасцяў), мы павінны глядзець у гэты бок — разам. Эканоміка нас да гэтага штурхае».

Па словах кіраўніка дзяржавы, нельга страціць той рынак, які ўжо ёсць. На іншыя рынкі краінам постсавецкай прасторы прабіцца складана — яны ўжо занятыя. «Нават у Афрыку прабіцца складана, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Усё там не проста. Там сутыкнуліся інтарэсы Кітая, Злучаных Штатаў Амерыкі, Еўрасаюза. Я не кажу, што не трэба працаваць на рынку Еўрасаюза, Злучаных Штатаў Амерыкі, Блізкага, Далёкага Усходу, індыйскіх, амерыканскіх і іншых рынках. Не, трэба працаваць. Але нам нельга страціць сваё, бо ў выніку мы сыдзем і страцім адзін аднаго».

У гэтай сувязі беларускі лідар не можа спакойна глядзець на тое, што на прасторы АДКБ узнікаюць канфлікты, а тым больш узброеныя. «І азербайджанцы, і армяне — гэта родныя, як два пальцы на адной руцэ, — адзначыў Прэзідэнт. — Трэба разабрацца ў гэтай сітуацыі». Унесці адпаведныя прапановы па ўрэгуляванні канфлікту Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу сакратарам саветаў бяспекі краін АДКБ. «Вы — не староннія назіральнікі ў гэтай сітуацыі, вы — галоўныя нашы памочнікі па пытаннях абароны і бяспекі, — падкрэсліў ён. — Ваша слова вельмі важнае ў краінах. Вас чуюць. На вас рэагуюць».

«Спакойна жыць не дадуць»

Уразлівым элементам сістэмы міжнароднай бяспекі, на думку беларускага лідара, стала інфармацыйная сфера. І тут Прэзідэнт зноў звярнуўся да прыкладу Украіны. «Вы, напэўна, здагадваецеся, хто ўзарваў Кахоўскую ГЭС? — задаў ён пытанне прысутным. — Кажуць, на злодзеі і шапка гарыць. Хто першым аб гэтым закрычаў? Зразумела, што ўкраінскаму боку трэба было схаваць гэтыя тры дні „контрнаступу“, дзе амаль дзве сотні бронемашын было знішчана і больш за дзве тысячы чалавек загінулі». 

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, якую асцярожную пазіцыю занялі Злучаныя Штаты Амерыкі. «Трэба аддаць ім належнае: яны адразу сказалі, што не могуць сказаць, хто гэта зрабіў, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Яны павінны разабрацца. З чаго б гэта?»

Прэзідэнт расказаў, што беларускі бок вельмі сур’ёзна займаецца пытаннямі інфармацыйна-псіхалагічных аперацый і супрацьдзеяння ім. Гэтым вопытам мы можам падзяліцца з нашымі партнёрамі па АДКБ, бо менавіта гэтыя краіны, па словах беларускага лідара, непасрэдна знаходзяцца пад прыцэлам гэтага ціску, небяспечнай інфармацыйнай зброі, якая ўвесь час стварае праблемы.

У гэтай сувязі Прэзідэнт узгадаў нядаўнія падзеі ў Кыргызстане, дзе была здзейснена спроба разхістаць абстаноўку ўнутры краіны. Не атрымалася — улады зрэагавалі своечасова. Высокую ацэнку гэтым мерапрыемствам даў Аляксандр Лукашэнка: «Малайцы, хлопцы, справіліся. У зародку справіліся, не дазволілі гэтай „заразе“ распаўсюдзіцца — значыць высновы зроблены з гісторыі. Проста малайцы!» 

Кіраўнік дзяржавы параіў некаторым адчапіццца ад Кыргызстана. «Яны пачалі падымацца з кален, — удакладніў ён. — Няхай развіваецца краіна, каму яна праблемы стварае? Нікому! Тым не менш, хістаюць. Думаеце, проста так? Не. Каб падабрацца праз Кыргызстан да Казахстана, як праз Расію да Кітая». Прэзідэнт параіў звярнуць на гэта ўвагу асабліва ў Казахстане. «Спакойна жыць не дадуць», — перакананы ён. 

«Выбудаваць план, каб быць самадастатковымі»

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу спецслужбам і праваахоўным органам да канца выбудаваць працэс і ўдасканаліць сістэму крызіснага рэагавання. «Кіраўніцтва апаратаў саветаў бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ адыгрывае ў гэтым пытанні вельмі важную каардынуючую ролю, — заўважыў ён. — Больш скажу — гэта ваша работа, гэта ваша сфера адказнасці. Таму дамаўляйцеся, прымайце рашэнні, уносьце прапановы на зацвярджэнне кіраўнікоў дзяржаў. Не думаю, што тут будзе пэўнае тармажэнне». 

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што з улікам маштабнай трансфармацыі пагроз ужо цяпер мэтазгодна падумаць над канцэпцыяй новай Стратэгіі калектыўнай бяспекі Арганізацыі на перыяд да 2035 года. Існуючы дакумент прыняты ў 2016 годзе і разлічаны да 2025 года. «Камітэту сакратароў саветаў бяспекі і ў цэлым АДКБ неабходна пачаць працу над узгадненнем падыходаў і выпрацоўкай адпаведных прапаноў адносна будучай архітэктуры бяспекі еўразійскага кантынента — гэта найважнейшае пытанне», — перакананы Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці рэвізію таго, што ёсць у АДКБ. Гэта, па яго словах, адносіцца і да ЕАЭС, і да Саюзнай дзяржавы. «Трэба паглядзець, што нам трэба, а што не трэба, — паставіў задачу беларускі лідар. — Трэба адкінуць тое, што мы прапрацавалі і панапісалі — можа, яно ўжо і не будзе ніколі працаваць. І застануцца асноўныя кірункі. Трэба вярнуцца да асноватворных дакументаў. Усё прапісаць жалезабетонна і дамовіцца, што ў выпадку такім характар канфлікту такі — рэагаванне такое. З улікам рэалій трэба ўсё прапісаць, жалезна дамовіцца, што ў такім та выпадку мы дзейнічаем так і так». 

Такая рэвізія, на думку Прэзідэнта, неабходная. Многія рашэнні, па яго словах, ужо не працуюць і працаваць не будуць. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваім намеры прапанаваць Прэзідэнту Расіі выпрацаваць праграму дзеянняў. І тут беларускі лідар нагадаў вопыт Савецкага Саюза, калі многія дзяржавы былі пад гнётам. «Нас спрабавалі ўдушыць, але мы ў пэўных адносінах замкнёныя ў сваіх межах цудоўна працавалі, — узгадаў ён. — Мы былі самадастатковымі».

Гэтую прастору, на думку Аляксандра Лукашэнкі, патрэбна адбудаваць. «Ввыбудаваць план, каб мы маглі быць самадастатковымі, — канкрэтызаваў ён. — Каб нас праз долар або яшчэ якую валюту не ставілі пастаянна на калені. Нам трэба выпрацаваць план унутранага развіцця нашай прасторы — перш за ўсё, Расіі і Беларусі, раз мы апынуліся ў адной лодцы. А то нешта робім і аглядаемся — то на Усход, то на Захад, як нам жыць далей. Трэба выкарыстоўваць вопыт мінулага, каб забяспечыць нармальнае жыццё ў будучыні нашай прасторы, бо ў нас адзіны эканамічны рынак і на сёння адзіная абаронная прастора». 

Менавіта гэтымі прынцыпамі і кіраваўся беларускі бок падчас падрыхтоўкі прыярытэтаў беларускага старшынства ў АДКБ. «Нас пачуюць, калі мы разам, адзіным фронтам выступім з міралюбівым і справядлівым парадкам дня ў нашым еўразійскім рэгіёне і падключым да гэтага працэсу, калі гэтага хочуць, ШАС і БРІКС, тым больш што многія краіны і там, і там удзельнічаюць, — заўважыў Прэзідэнт. — Беларусь як старшыня АДКБ гатова прыкласці максімум намаганняў для ўмацавання нашай Арганізацыі і калектыўнай бяспекі ў зоне яе адказнасці».

Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў: «Калі камусьці з дзяржаў-членаў АДКБ трэба выкарыстаць беларускае старшынства, каб данесці да кіраўнікоў дзяржаў і абмеркаваць найважнейшыя пытанні нашай бяспекі, выкарыстоўвайце. Мы да гэтага гатовы. Трэба разумець, што народная мудрасць наша гаворыць: адзін у полі не воін. І толькі адзінства робіць нас мацнейшымі. Упэўнены, дэвіз нашага старшынства „Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі“ адпавядае інтарэсам усіх нашых дзяржаў, і не толькі нашых».


Камітэт сакратароў саветаў бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы з’яўляецца кансультатыўным і выканаўчым органам па пытаннях каардынацыі ўзаемадзеяння дзяржаў-членаў АДКБ у галіне забеспячэння іх нацыянальнай бяспекі. Абмен інфармацыяй аб пагрозах і крызісных сітуацыях у рэгіёне і за яго межамі, сумеснае супрацьдзеянне пагрозам нацыянальнай, рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы, вырашэнне аператыўных пытанняў супрацоўніцтва — гэта яшчэ далёка не ўсе функцыі, ускладзеныя на Камітэт.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?