Вы тут

Прыйшла і кажу. Думаць нельга спыніцца


Жанчыны вельмі шмат думаюць. Я б сказала, яны думаюць пастаянна. Напэўна, іх мозг змаўкае толькі тады, калі яны кладуцца спаць. І тое — не факт. У сне яны падарожнічаюць па салодкіх мроях або дрыжаць ад таемных страхаў. Але варта ім расплюшчыць вочы, і ў галаве пачынаецца ўраган з сумненняў, планаў, здагадак, разваг і пакут.


«Заткніся! — кажу я сабе кожны дзень. — Проста расслабся, хай усё ідзе, як ідзе. Навошта табе лішнія перажыванні?»

Гэта я дзялюся з вамі сваім унутраным дыялогам. Спойлер — вынік нулявы. Не дапамагае.

Мой мужчына (з якім мы спрабуем пабудаваць адносіны) кажа, што ў жанчын у галаве каша ці фаршмак. Мяне гэта крыўдзіць і злуе адначасова — магчыма таму, што ён часткова мае рацыю. Ён у прынцыпе вельмі катэгарычны і мысліць тэзісамі, якія сфарміраваў, зыходзячы са свайго жыццёвага — негатыўнага — досведу. У адказ я кажу, што ўсе жанчыны розныя, і ўсяляк спрабую заступіцца за прадстаўніц прыгожага полу. Хоць і разумею: менавіта ў гэтым мужчына не так ужо моцна памыляецца.

«Чорт, не паспяваю посуд памыць, трэба паспець здаць туфлі ў рамонт — зламаўся абцас, дачцэ касцюм купіць на выступленне, у мяне ж сёння дзве сустрэчы, здымкі, а яшчэ трэба паспець напісаць праграму і здаць калонку ў газету. Вой, забылася! У кошкі корм скончыўся, зноў я не заплаціла за электрычнасць, трэба абавязкова памяняць „гуму“ — ужо чэрвень! Ці добра я выглядаю? Ці падыходзіць гэтая сумачка да вобразу? Якога чорта ён не адказаў на маё апошняе паведамленне, ну вось, субота зноў працоўная... Што ў мяне ў халадзільніку з прадуктаў, трэба маме патэлефанаваць, мне здаецца, гэтая памада ўсё-ткі старыць мяне, цікава, чаму начальнік так дзіўна глядзеў на мяне на нарадзе...»

І гэта за нейкія паўгадзіны (ці нават дзесяць хвілін). Але! Адразу скажу ў сваю абарону — усё з вышэйпералічанага я паспяваю паспяхова планаваць і выконваць у тэрмін. І пры гэтым яшчэ атрымліваць асалоду ад жыцця.

А мужчыны... Яны адназадачныя. Калі вываліць на іх увесь вышэйпералічаны паток інфармацыі, у іх можа здарыцца інфаркт, дэпрэсія. Альбо ён проста заткне вушы і ўцячэ праз хвіліну. Мужчыны, за рэдкім выключэннем, не ставяць перад сабой адначасова столькі задач. Яны нават штодзённік толкам не вядуць. Я бачыла іх блакноты са спісам спраў на дзень — там хаос: кветачкі, зорачкі ў кутках старонак і адно-два словы, аб сэнсе якіх ён забудзе, як толькі выйдзе з нарады. У жанчын жа — ідэальны спіс правільным почыркам. Выкананыя задачы абведзены кружочкамі. Пры гэтым мы можам выконваць некалькі адначасна. Вось, напрыклад, як я цяпер: пішу матэрыял, паралельна адказваю на званкі, думаю аб тэксце і яшчэ аб трох-пяці пытаннях. А таксама перыядычна пазіраю на гадзіннік, паколькі павінна паспець за паўгадзіны дапісаць матэрыял і бегчы ў абед на трэніроўку, таму што вечарам на яе хадзіць не атрымліваецца.

Цудоўныя мае, а зараз — увага! Я знайшла некалькі спосабаў заткнуць свой мозг хоць бы ненадоўга. Магчыма, яны не дапамогуць вам, але паспрабаваць варта. Такім чынам…

  • Сон. Я сплю 5,5-6 гадзін у будныя дні. У выхадныя — 7-8 гадзін. Малавата, ведаю, тут з мяне прыклад браць не трэба. Але ў той момант, калі я вечарам у ідэальнай цішыні кладу галаву на падушку і заплюшчваю вочы — я ні пра што не думаю і нічога не адчуваю.
  • Масаж. Я хаджу на яго кожную суботу. Гэта стала адным з любімых маіх спосабаў расслабляцца і целам, і душой. Як толькі залатыя рукі Анечкі (так завуць маю чараўніцу-масажыстку) дакранаюцца да майго твару — я пачынаю мурлыкаць, вочы заплюшчваюцца і мозг заціхае. Калі яна масажуе цела, я драмлю або соладка пахрапваю ў яе на кушэтцы (гэта адбываецца часцей за ўсё).
  • Спорт. Два разы на тыдзень я хаджу ў трэнажорную залу. Для мяне гэта ў нейкай ступені адпачынак, магчымасць пераключыцца ад інтэлектуальнай часткі работы. Усё, пра што я думаю на трэніроўцы, — гэта боль. Часам праносяцца думкі — навошта мне ўсё гэта. Зрэшты, тут я пажартавала — насамрэч канцэнтрую ўвагу на практыкаваннях і забываю пра ўсё. Тым больш, што мой любімы трэнер, па сумяшчальніцтве найлепшая сяброўка, не дае мне думаць ні пра што, акрамя практыкаванняў.

Спосабаў пераключыцца шмат. Кожны выбірае для сябе сам. Абавязковая ўмова — з камфортам і любоўю да сябе. Хтосьці коціцца на веласіпедзе, рассякаючы летняе паветра; хтосьці плыве ў басейне, а нехта проста гуляе па духмяным парку. Яшчэ ведаю, што выдатна дапамагаюць медытацыі, — але гэта праца. Сур’ёзна! Навучыцца расслабляцца і знаходзіць сваю нірвану — штодзённая нялёгкая работа, але вынік варты таго.

Мы ўсё роўна будзем думаць і адчуваць. Так ужо мы створаныя. І гэта цудоўна! Толькі ўявіце сабе, калі б жанчыны былі, як мужчыны: нешматслоўныя, скупыя на эмоцыі, адназадачныя, і праблемы вырашалі ціха адны ў кутку балкона. Не ўжо... Лепш мы будзем лапатаць, перабіваючы адна адну, выплюхваць эмоцыі, кожныя дзве хвіліны крычаць ад захаплення і плакаць па прычыне і без. Без крыўдаў, мужчыны! Я ўпэўнена, што менавіта жаночы смех і галасы расфарбоўваюць гэты часам такі змрочны і жорсткі свет.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?