Вы тут

Выстаўка «Калекцыя графікі» працуе ў галерэі «Лабірынт» у НББ


Выстаўка «Калекцыя графікі» працуе ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Па словах арганізатараў, экспазіцыя дае панараму сучаснага беларускага мастацтва, аб’яднанага высокім узроўнем прафесійнага майстэрства аўтараў. Прадстаўленыя творы адлюстроўваюць актуальны зрэз сучасных графічных прыёмаў, жанраў, тэм і аўтарскіх вынаходак, падкрэсліваюць значную ролю фарміравання калекцый графікі ў беларускай культуры і развіцці выяўленчага мастацтва. Убачыць праект можна да 17 верасня.


Уладзіслаў Квартальны «Каардынаты прыгод», 2014 г.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка, мастацтвазнаўца, арт-крытык, член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў Ларыса Фінкельштэйн, мастак, друкар «Мастацкага камбіната», сябра Беларускага саюза мастакоў Віктар Саўчанка, графік, член Беларускага саюза мастакоў, старшы выкладчык кафедры «Малюнак, акварэль і скульптура» архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольга Крупянкова.

— Нацыянальная бібліятэка вядзе актыўную сацыякультурную дзейнасць, мы пазіцыянуем сябе як найбуйнейшую галерэйна-выставачную пляцоўку, — заявіў у прывітальным слове Віктар Пшыбытка і падзяліўся наступнымі звесткамі: — Штогод мы праводзім каля 25 мастацкіх выставак і некалькі маштабных мультыпраектаў. Выстаўка графікі — працяг нашай работы ў гэтым кірунку. Сімвалічна, што праект «Калекцыя графікі» праходзіць менавіта ў Нацыянальнай бібліятэцы. Па-першае, калекцыяніраванне ляжыць у аснове дзейнасці амаль любой бібліятэкі. Так, Нацыянальная бібліятэка за болей чым 100 гадоў назапасіла каля 10,5 мільёна экзэмпляраў дакументаў. Да таго ж валодаем вялікай калекцыяй выяўленчых дакументаў — больш чым 150 тысяч экзэмпляраў: гэта паштоўкі, карты, эстампы, гравюры і многае іншае. Па-другое, істотнае прысвячэнне менавіта кніжнай графіцы: тыя ж эстампы і экслібрысы вельмі важныя для кніжніцы. Нарэшце, самі сюжэты, прадстаўленыя ў экспазіцыі, знаёмяць з мастацкай літаратурай.

Ларыса Фінкельштэйн падчас адкрыцця.

Выстаўка «Калекцыя графікі» дэманструе работы мастакоў розных пакаленняў, рознахарактарных, адораных і здольных. Напрыклад, Генадзь Вяль даўно вядомы сярод калекцыянераў з усяго свету, а маладыя мастачкі Таісія Барысава і Валерыя Жылінская толькі-толькі скончылі Акадэмію мастацтваў, але ўжо актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і выстаўках. У ліку аўтараў, якія далучыліся да праекта «Калекцыя графікі», — Уладзіслаў Квартальны, Вольга і Юрый Крупянковы, Марына Мароз, Сафія Піскун, Віктар Саўчанка, Глеб Сідарэнка, Яўгенія Цімашэнка, Фёдар Шурмялёў.

Яўгенія Цімашэнка «Царэўна-Лебедзь», 2022г.

— У Нацыянальнай бібліятэцы я заўсёды з асаблівым задавальненнем і арганізоўваю выстаўкі, і прадстаўляю іх, і выступаю як запрошаны госць, — расказала Ларыса Фінкельштэйн і падзялілася ўражаннямі ад новага праекта:  — Мне вельмі падабаецца гэтая група мастакоў. Яны ўжо не ўпершыню выстаўляюцца разам, плюс-мінус тым жа складам. Наогул, гэта цудоўны касцяк маладых беларускіх графікаў. Нефармальна яго ўзначальвае Віктар Саўчанка, з якім мы шмат гадоў супрацоўнічаем як з графікам, жывапісцам, надзейным пленэршчыкам… З ім вельмі добра працаваць, таму я разумею, чаму маладыя так трывала трымаюцца вакол гэтага творцы. У экспазіцыі ў асноўным эстампная графіка, афорты і літаграфіі, — сюжэты літаратурныя, міфалагічныя, гістарычныя…  Сёння графіка гаворыць аб тым, што яна як была адным з вядучых відаў мастацтва — беларускага класічнага мастацтва для тады ўсесаюзных выставак, — так і застаецца — ужо на міжнароднай арэне: нашы аўтары часта выстаўляюцца на сур’ёзных міжнародных выстаўках, прымаюць удзел у важных конкурсах, пленэрах, і гэта заўсёды мае вялікі рэзананс. Думаю, што «Калекцыя графікі» пра многае скажа гледачу. Высокая культура падачы і выканання, вялікая палітра тэм і вобразаў — наведвальнік атрымае задавальненне.

Марына Мароз «Схаваныя кнігі», 2016 г.

Літаграфіі, прысвечаныя «Алісе ў Краіне цудаў» Льюіса Кэрала, афорты, якія перадаюць рэлігійна-біблейскія сюжэты і старажытнагрэчаскія міфы, — аснова выстаўкі. Сустрэне глядач і Дона Кіхота Мігеля дэ Сервантэса, герояў рускіх і еўрапейскіх казак, сярод якіх — «Чырвоны Капялюшык»,  «Царэўна-Лебедзь», «Бітва мышэй і цацак». Цікавая частка экспазіцыі — экслібрысы ў розных тэхніках, прысвечаныя калекцыянерам, значным асобам беларускай і сусветнай культуры.

Вольга Крупянкова «Танец», 2016 г.

Дарэчы, неаднойчы падчас адкрыцця выставачнага праекта ўспаміналі знакамітага беларускага калекцыянера Алега Судлянкова і яго ўнёсак у развіццё і папулярызацыю айчыннай графікі. Яго веды, эрудыцыя, прыязныя адносіны паспрыялі творчым памкненням многіх мастакоў-пачаткоўцаў. Дзякуючы гэтаму апантанаму сваёй справай чалавеку, работы вялікай колькасці беларускіх графікаў убачылі за мяжой.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?