Вы тут

У пошуках пакуль не страчанага. Што ляжыць у бабуліным серванце


За свае амаль сто шэсць гадоў існавання «Звязда» неаднойчы дапамагала людзям знаходзіць адно аднаго. Варта пагартаць падшыўкі, каб у гэтым пераканацца. Знаходзіліся дзеці, згубленыя ў мітусні эвакуацыі, знаходзіліся ветэраны-аднапалчане, знаходзіліся браты і сёстры, раскіданыя па розных дзіцячых дамах. Знаходзіліся — ужо ў 90-х, сваякі за мяжой (ваша пакорная слуга сама дапамагла знайсці бабулі з Быхава сына ў далёкай Канадзе, але гэта асобная і зусім невясёлая гісторыя). Знаходзіліся пары — на працягу многіх гадоў «Звязда» друкавала аб'явы ў рубрыцы «Жадаю пазнаёміцца». Адны з яе герояў, якія дзякуючы газеце пабраліся шлюбам, запрасілі журналістаў у госці ў далёкую палескую вёску Дзівін, і тое была адна з самых цікавых і запамінальных камандзіровак у жыцці.


Пра ўсё гэта з адценнем трохі нават шкадавання пішу ў прошлым часе, бо цяпер, калі ўсюды пануюць яго вялікасць інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, у газеты амаль няма шанцаў стаць платформай для такіх пошукаў і знаходак. «Амаль», бо літаральна ў мінулыя выхадныя пачула гісторыю, да якой прычынілася найперш газета. Выпадак на сёння рэдкі, таму тым больш каштоўны. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што тут не абышлося без сацыяльных сетак, куды ж без іх? Але каб не фота на першай паласе...

Памятаеце, у першы дзень лета мы на першай старонцы змясцілі фота дзяцей з вёскі Грабаўка, што ў Гомельскім раёне (там яшчэ дзяўчаткі вельмі кранальна трымаюць малое качаня). Аўтар гэтага фота Андрэй Феакцістаў размясціў яго на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках са спасылкай: маўляў, выйшла ў «Звяздзе». Маці аднаго з герояў фота здымак перапосціла ў сябе на старонцы. Пад ім пачалі пакідаць каментарыі. Андрэй як зацікаўлены аўтар гэтыя каментарыі чытаў, і адзін з іх натхніў яго зайсці «ў госці» да чалавека, які каментарый напісаў. «І вось, уяўляеце, — захоплена расказваў мне Андрэй, — гляджу я яго фотагалерэю і бачу здымак, які ёсць і ў мяне. Здымак адметны, стары, зроблены дзесьці перад Першай сусветнай вайной, на ім два ваенныя. Адзін з іх — стрыечны брат майго дзеда, таму ў нас у сямейным архіве гэтае фота і захавалася. Я напісаў гаспадару старонкі: маўляў, адкуль у вас здымак? Аказалася, што той жа самы ваенны — яго родны дзед! Карацей, мы сваякі, у нас агульны прапрадзед! Вось такая гісторыя здарылася дзякуючы «Звяздзе» — знайшоў яшчэ шмат радні, пра якую нічога не ведаў!»

Для Андрэя гэта сапраўды каштоўная знаходка — ён вельмі цікавіцца гісторыяй свайго роду. Сёння, калі тэлефанавала яму ўдакладніць дэталі, расказваў мне падрабязнасці біяграфіі таго ваеннага на фота, якія даведаўся ўжо ад яго ўнука (яны сталі перапісвацца, сазваніліся і нават дамовіліся аб сустрэчы). Падчас вайны быў паранены, ляжаў у шпіталі ў Маскве. Шпіталь наведвала імператрыца. З таго часу ў сям'і захоўваецца яе падарунак — срэбная лыжка з адмысловым вензелем... Наш гомельскі калега пра сваіх шматлікіх далёкіх і блізкіх сваякоў і продкаў можа расказваць бясконца. Хтосьці, уцякаючы ад вайны, апынуўся ў расійскай глыбінцы, ды там і застаўся. Хтосьці праз усе нягоды вярнуўся на родную Гомельшчыну і працаваў на роднай зямлі — на будаўніцтве гуты ў Касцюкоўцы, напрыклад прадпрыемства, якое сёння вядомае ва ўсім свеце як «Гомельшкло»... Шмат пра каго ўдалося даведацца, але яшчэ столькі застаецца невядомага — раней сем'і былі вялікія, у некаторых па дзесяцёра дзяцей, і ў кожнага свой лёс, і ад кожнага — новая галінка на вялікім радавым дрэве.

Я слухала захоплены аповед зацікаўленага чалавека, радавалася за тое, што «Звяздзе» ўдалося дапамагчы яму ў яго пошуках. Але думала яшчэ і пра іншае. Пра тое, наколькі мы, сённяшняе дарослае пакаленне, не кажучы пра нашых дзяцей і ўнукаў, ведаем гісторыю сваёй сям'і далей, чым дзед і бабуля? Калі справа датычыцца ветэранаў Вялікай Айчыннай — тут яшчэ не так праблемна, і немалую ролю іграе ў тым школа, у якой абавязкова вучня спытаюць пра наяўнасць гераічных продкаў. А што робім мы самі, каб памяць тую захаваць? У нашых сучасных гарадскіх кватэрах і нават у вясковых дамах з новымі пластыкавымі вокнамі ўжо не вісяць, як раней, партрэты прадзедаў і прабабуль у вясельных строях, ваенных з пагонамі або з «лычкамі». І калі яшчэ ў 1980-х, дэкламуючы верш: «Гляньце, паглядзіце на партрэт. Хто гэта ў будзёнаўцы? Гэта ж дзед!», вучні малодшых класаў вельмі нават выразна ўяўлялі, пра што яны чытаюць, дык сёння нават сямнаццацігадовыя хіба перапытаюць, што такое «будзёнаўка». Старыя фотаальбомы з пажоўклымі ад часу здымкамі — дакументальныя сведчанні гісторыі сям'і і краіны, захоўваюцца ў сервантах нашых бабуль. Пакуль бабулі жывыя. Калі ж яны паміраюць — альбомы разам з сервантам за непатрэбнасцю аказваюцца на сметніцы (ведаю некалькі такіх выпадкаў асабіста). А непатрэбныя — бо невядомыя. Ці бабулі не паклапаціліся расказаць і паказаць, ці ўнукі не спяшаліся пацікавіцца — якая розніца? Вынік адзін: каму патрэбныя «фоткі» нейкіх незнаёмых (чытай: чужых) людзей?

Гаворачы пра гістарычную памяць, пра гісторыю малой радзімы, якая першапачатак гісторыі Радзімы вялікай, мы шмат робім для захавання ўсяго гэтага надзвычай важнага. Робім у многім арганізавана, дзякуючы таму, што пра гэта клапоцяцца дзяржаўныя інстытуты. А вось калі ўсё выходзіць на асабісты, прыватны ўзровень — тут нам не да таго, няма часу, каму гэта цікава, ёсць жа інтэрнэт... і ўсё такое. У выніку нішчыцца і сыходзіць у нябыт самае каштоўнае, як бывае заўсёды, калі носьбітаў інфармацыі зусім няшмат. Гісторыя сям'і, роду. Прападае тое самае дрэва, на якім мы і нашы нашчадкі — усяго толькі некалькі асобных галінак. Але ж ці доўга пратрымаюцца галінкі, ні на чым не мацуючыся?

Шукайце сваіх блізкіх і далёкіх продкаў і родзічаў. Сёння для гэтага ёсць вялікія магчымасці — адкрытыя архівы, бязмежныя сацыяльныя сеткі. Паказвайце дзецям старыя фота, расказвайце, хто на іх. Цікаўцеся самі, што ляжыць у бабуліным серванце, пакуль бабуля жывая і можа расказаць...

Навошта? Па-першае, гэта цікава. Па-другое... Зрэшты, тут кожны павінен дадумаць сам.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Даўгі на карысць. Ці выгадна браць крэдыты?

Стаўкі па крэдытах змяняцца не будуць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?