Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Лячэнне шопінгам»


Лячэнне шопінгам

Таццяна — мая суседка — змалку зведала, пачым фунт ліха, але ж перад ім ніколі не пасавала, не здавалася: атрымала вышэйшую адукацыю і праз гады — якую-ніякую пасаду, двойчы схадзіла замуж і двойчы развялася, што цікава, — не страціўшы пры гэтым добрых адносін ні з адным, ні з другім мужам, ні з адной, ні з другой свякроўю... Таму дочкі Таццяны — ад розных шлюбаў — ніколі не маглі сказаць, што раслі без бацькі, без увагі бабуль і дзядоў.


Фота: pixabay.com

Іншымі словамі, і радні, і блізкіх людзей у суседкі шмат, але найбліжэйшая — мусіць, сястра. Яны з ёй — як дзве кроплі вады. І не толькі знешне. У абедзвюх, як той казаў, па шылу ў вядомым месцы: абедзвюм трэба ўсюды паспець і ўсё парабіць — дома, на рабоце, на дачах...

Ведаючы гэта, дзеці падрыхтавалі ім падарунак: адправілі ў санаторый, каб маглі адпачыць. Далей — са слоў Таццяны.

— Спачатку ўсё было па распарадку: мора, пляж, працэдуры, экскурсіі, вечарам — танцы.

Можа б, вось так і далей, але нам з сястрой стала сумна, бо гэта ж з глузду з'едзеш, калі нічога не рабіць!

«Тут блізка, — пачулі ад жанчын, — цэлая вуліца крамаў... І чаго ў іх толькі няма... Прычым — настолькі таннага ды патрэбнага!..»

Назаўтра ж мы пайшлі паглядзець, а ўбачыўшы, забыліся на ўсё: на экскурсіі, кіно, танцы... Лежакоў на пляжы больш не бралі, кавы не пілі, на прысмаках эканомілі... Кожны дзень хадзілі на шопінг: нешта выбіралі ды прыглядаліся-таргаваліся; кожны дзень вярталіся бадзёрымі і шчаслівымі, з поўнымі пакетамі рознай драбязы — для кухні, для дачы, для радні, для сяброў, для сваіх любімых коцікаў...

Праз нейкі тыдзень побач з нашымі чамаданамі з'явіліся чатыры (бо танныя і «дзве ў падарунак»!) паласатыя «чаўнакоўскія» сумкі. Праз два тыдні — яны сталі поўнымі, прычым усе.

З нумара мы з сястрой выцягвалі іх з рогатам, да месца збору падносілі па «схеме»: я пільную — Іра валачэ, потым мяняемся...

У аўтобус і цягнік наш багаж грузілі двое дужых мужчын.

...А ў Мінску сустракаў адзін — Віталь, муж Ірыны — з кветкамі, але, як выглядала, без радасці, асабліва потым, бо з вагона мы выходзілі самымі апошнімі, і ён (ведама, начальнік!) знерваваўся чакаць, а ўжо глядзець на нашы «торбы»...

Не дзіва, што, выгружаючы, ён адну з іх стукнуў. Маланка — па швах (якія грошы, такая і якасць), наша дабро — на асфальт і ўроссып...

У беднага Віталя аж твар перакасіўся! Уручыў Ірыне букет (нам толькі яго не хапала!), даў грошай на таксі (сказаў, каб нанялі грузавое) і знік...

Але ж нам з сястрой не да крыўдаў было: пазбіралі з асфальту рэчы (добра, што пад цягнік лазіць не прыйшлося!), узялі таксі з самым вялікім багажнікам і паехалі да мяне — разгрузіліся.

Змесціва сумак разбіралі пазней: Ірына нешта раздавала дзецям, нешта адвозіла на дачу, дамоў... Факт, што яе Віталь да сёння думае, што гэта я такая барахольшчыца, што гэта мне ўсяго так трэба было.

Ну і няхай. Затое ў доме сястры — цішыня і спакой. Да таго ж — якая эканомія! Пасля паездкі ў санаторый мы з Ірынай надоўга забыліся дарогу ў гаспадарчыя крамы (нам нічога не трэба!), не шукалі і падарункаў-сувеніраў — яны былі «ў загашніку»! Ды што там — мы дагэтуль карыстаемся рэчамі, якія некалі, гадоў пятнаццаць таму, падбіралі з асфальту.

Л. МІХАЛЮК

г. Мінск


Яшчэ раз пра каханне і... свінства

Свой чарговы дзень нараджэння Валя, мая прыяцелька, вырашыла адзначыць на лецішчы, бо, па-першае, сяброў там не менш, чым у горадзе, а па-другое, — наперадзе некалькі выхадных. Дык чаму б не правесці іх на прыродзе — і самім, і блізкім... Я, ва ўсякім разе, ехала туды з радасцю і — пахвалюся — з адмысловым падарункам: везла з сабой веселуна-гарманіста, значыць, будзе сапраўднае свята.

Госці на яго паз'язджаліся загадзя. Сын гаспадыні тупаў каля мангала, сама яна ды іншыя жанчыны нешта раскладвалі па талерках ды зносілі на стол, а мужчыны — недзе сышлі і, што называецца, след прастыў.

— Лёня, сынок, патэлефануй бацьку, — папрасіла імянінніца. — Скажы, каб хутчэй вяртаўся...

— А на гэты раз ён паслухае? — засумняваўся чамусьці Лёня.

— Павінен, — засмяялася маці ды стала расказваць, як некалі даўно прывезла гэтага сынка з радзільні, як на першым месяцы жыцця яго даймалі колікі і малы заходзіўся плачам. А разам з ім — і маці... «Гэта пройдзе — перарасце. Ты меней з ім насіся», — раіў бацька. Яна ж лічыла, што дзіця трэба звазіць да доктара.

— Вечарам мы пагаварылі вось так, — успамінала Валя, — а раніцай Лёнічак зноў плача. Я за тэлефон і давай набіраць мужа (ён ужо пры пасадзе быў), каб па нас машыну прыслаў. Гудкі пачула, слухаўку побач з Лёнем кінула і кудысьці адвярнулася: трэба ж збіраць малога да доктара, апранацца самой, а машыны — усё няма і няма... «Ну чаму так доўга?!» — пытаюся ў мужа, калі той аб'явіўся... Кажа: «Раней — не мог: вельмі важная нарада. А пасля яе ў кабінет вярнуўся, — на стале запіска ляжыць: «Звонил ваш сын»... Адчуваеце — з першых тыдняў жыцця!

...Але ж на яго званкі бацька адгукнуўся не адразу: і тады, і цяпер: напіткі на стале ўжо трохі сагрэліся, калі ён (ды кампанія) урэшце з'явіліся, прычым — з вялікім пакункам. «Сюрпрыз», — папярэдзіў гаспадар.

І потым — ужо з шампанскім у руках — расказаў, як некалі не прыйшоў на Валіны 25, як яна пакрыўдзілася і некалькі месяцаў не размаўляла з ім... Аж пакуль не прызнаўся ў каханні і свінстве, не паклікаў дзяўчыну замуж і не падарыў ёй... сімпатычнае ружовае парася.

— Паглядзі, як яно падрасло! — выгукнуў гаспадар.

Мужчыны тут жа разгарнулі пакунак, і мы ўсе ахнулі, бо там быў ці не твор мастацтва — выразаны з дрэва... кабан.

— Калі ласка, прымі яго, — папрасіў імянінніцу муж. — Прымі — разам з маімі прабачэннямі за ўсе грахі, разам з удзячнасцю за
пражытыя разам гады, разам з прызнаннем, што я кахаю цябе па-ранейшаму...

Вось такім нечаканым і прыгожым быў першы тост і многія наступныя. Мы вельмі хораша пасядзелі, прычым настолькі, што (не без таго), паўдня адпрацаваўшы, грошай з мяне гарманіст не ўзяў.

А. ВАСІЛЬЕВА

г. Гомель


Шура і гібіскус, альбо Не сілай, дык спосабам

Пра мезальянс (няроўны шлюб) гэтым дваім казалі адразу — і ў вочы, і за вочы. А яны — калгасны трактарыст Шура і настаўніца біялогіі Фаіна — хіба слухалі ды пасмейваліся, бо пажаніліся ды жылі ў любові і згодзе... Не без таго — было: часам трохі спрачаліся. І ў асноўным — з-за расліннасці, якую Фаіна, згодна са сваёй прафдзейнасцю і душэўнай схільнасцю, развяла ў такіх аб'ёмах, што пакоі ў доме сталі нагадваць аранжарэю, а пасля і зусім — трапічны зараснік. Гаспадара больш за ўсе хларафітумы чапляў вялізны кактус — з пляскатымі лістамі і доўгімі белымі валасінамі-калючкамі, на якія натыкаўся ў вітальні... Да таго дайшло, што неяк раз цярпенне лопнула: у гарачцы заявіў, што збярэ свае рэчы і сыдзе ў лес. Маўляў, умовы там прыкладна тыя ж, а калоцца прыйдзецца менш...

Фаіна ў інстытуце вывучала псіхалогію і таму пайшла на кампраміс: добрую частку вазонаў перавезла да сябе ў школу. Але ж і тых, што засталіся, лічыць — не злічыць!

...Гэта была перадгісторыя, а вось яе саму трэба пачаць з таго, што Фаіне ў час летніх канікулаў прапанавалі пуцёўку ў санаторый, і яна — жанчына маладая ды статная, але ж не дужа здаровая — захацела паехаць. Муж — па характары досыць раўнівы — з гэткай жа сілай не хацеў яе адпускаць: пад гудзенне матора ў яго беднай галаве маляваліся такія карціны, што не чуў ну ніякіх довадаў!

Убачыўшы тое, Фаіна яшчэ раз пайшла на кампраміс: частку грошай, якія збіралі на новы спальны гарнітур, паабяцала аддаць мужу — на палатку і новыя вудачкі.

Рыбак у Шуравай душы аказаўся мацнейшы за раўніўца, і апошні адступіў: «Едзь, калі табе так трэба!»

— Але ў мяне ўмова: ты будзеш паліваць гібіскус, — перад ад'ездам сказала Фаіна. — Ён вельмі дарагі. Не дай бог прападзе — ніякіх палатак ды вудачак.

— Добра, палью... Няцяжка, — адмахнуўся Шура, не разумеючы, якую дапусціў памылку.

...Баршчу ды катлет-галубцоў на час сваёй адсутнасці Фаіна нагатавала, дзяцей адвезла да бабулі. Шуру заставалася карміць свіней і курэй, даіць дзвюх коз ды паліваць гэты самы... Ну як яго? Бі-гік-ус? А дзе ён? Каторы з вазонаў і як выглядае?

Пра інтэрнэт тады Шура не ведаў. На рабоце пра такую расліну ніхто не чуў, бо Шура, па-першае, няправільна прамаўляў назву, а па-другое, у вёсцы гэтае дрэўца называлася куды прасцей — кітайская ружа.

Мара пра палатку магла накрыцца тазікам і тады...

Спрацавала жончына тактыка: Шура праз дзень-другі стаў прыносіць у хату два вядры вады і — у «пошуках» гібіскусу — добрасумленна паліваць усіх зялёных гадаванцаў, за выключэннем хіба альвасу, які памятаў з дзяцінства (ён рос у бабулі ў алюмініевым гаршчку) і злашчаснага кактуса. Аднак за іх Фаіна не хвалявалася: для «мексіканцаў» два тыдні без вады — нават на карысць.

...Незабыўны дзядуля Крылоў пісаў: «Где силой взять нельзя, там надобна ухватка». Нашы продкі тую ж думку выказалі карацей: «Не сілай, дык спосабам».

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».