Дзякуючы навуковым прарывам у свеце біятэхналогій за апошняе дзесяцігоддзе яны па інвестыцыйнай прыцягальнасці даганяюць ІТ-індустрыю. Прадукцыя, якая атрымліваецца з дапамогай прамысловых біятэхналогій, мае выхад практычна ва ўсе галіны. У энергетыцы гэта розныя віды біяпаліва. У медыцыне — сыравіна для фармацэўтычнай прамысловасці і біяфармацэўтычныя тэхналогіі, у сельскай гаспадарцы — сродкі аховы раслін і жывёл, мікробныя ўгнаенні, кармавыя дабаўкі, у харчовай прамысловасці — ферментныя прэпараты, харчовыя дабаўкі з лячэбна-прафілактычнымі ўласцівасцямі, вугляродна-энергетычныя сумесі, заменнікі цукру і г. д. Тэмпы росту біятэхналогій у свеце неверагодна хуткія. Калі ў 2020 годзе сусветны рынак біятэхналогій ацэньваўся ў 670 мільярдаў долараў, то да 2025 года, як чакаецца, ён вырасце да 2,3 трыльёна долараў. Толькі аб'ёмы вытворчасці дыягнастычных набораў для вызначэння COVІD-19 вырастуць да 2026 года да 8 мільярдаў
долараў.
У Беларусі біятэхналагічная галіна таксама інтэнсіўна развіваецца. Пра гэта расказала журналістам на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» Эмілія Каламец.
— Аб'ём вытворчасці біятэхналагічнай прадукцыі ў Беларусі ў 2021 годзе складаў 393 мільёны рублёў, а ў 2022 годзе — ужо 626 мільёнаў. Тэмп росту — 159 працэнтаў! Вялікі ўклад у гэтыя лічбы ўнесла Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. Біятэхналогіі аднесены ў нашай краіне да прыярытэтных напрамкаў даследаванняў. Дзяржава аказвае ўсялякую падтрымку, — падкрэсліла Эмілія Каламіец. — У нас ёсць навукова-вытворчы, кадравы патэнцыял, база для падрыхтоўкі спецыялістаў, навуковыя праграмы. Ствараюцца новыя формы арганізацыі і кіравання біятэхналагічнай галіной: навукова-вытворчыя цэнтры, аб'яднанні, асацыяцыі, кластарныя структуры. ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» — адзін з прыкладаў. Такія новыя формы забяспечваюць большае ўзаемадзеянне навукі і вытворчасці.
Па словах спецыяліста, біятэхналогіі знаходзяць самае шырокае прымяненне, у тым ліку ў хімічнай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, харчовай прамысловасці, вытворчасці лекавых прэпаратаў, распрацоўцы вакцын, тэст-сістэм, метадаў лячэння, у абароне і ўзнаўленні лясных генетычных рэсурсаў, у прыродаахоўнай сферы і біяінфарматыцы.
Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі валодае цэлым шэрагам апрабаваных навукова-тэхнічных распрацовак для сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя, медыцыны, якія характарызуюцца высокай ступенню навізны, эфектыўнасцю і гатовыя да прамысловага ўкаранення.
Дырэктар Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Аляксандр Шэпшэлеў расказаў журналістам аб некаторых распрацоўках інстытута: «У галіне мікробных угнаенняў нашымі вучонымі быў створаны прэпарат, накіраваны на аднаўленне і падтрыманне зялёных насаджэнняў уздоўж дарог, якія апрацоўваюцца процігалалёднымі рэагентамі. Ён вельмі добра сябе зарэкамендаваў. Выпрабаванні, праведзеныя ў Першамайскім раёне сталіцы, паказалі яго эфектыўнасць. Яшчэ адна з апошніх распрацовак, якой мы ганарымся, накіравана на стварэнне кератыназы — ферменту, які расшчапляе пер'е ў птушкагадоўлі або выкарыстоўваецца ў касметалогіі для стварэння тых ці іншых касметычных сродкаў.
Дырэктар Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі Гардзей Гусакоў паведаміў, што ў інстытута ёсць планы па стварэнні цэлай лінейкі біялагічна актыўных дабавак: «Мы цяпер вядзём актыўную работу з прадпрыемствам «Акадэмфарм». Прапрацоўваюцца розныя параметры нашых субстанцый, каб іх можна было акрэсліць як біялагічна актыўныя дабаўкі. Можа быць, яны будуць у сухім выглядзе, а можа, і ў вадкім».
Ён адзначыў, што біятэхналогіі актыўна прымяняюцца ў аграрнай сферы. Нацыянальная акадэмія навук праводзіць поўны спектр навуковых даследаванняў ва ўсім аграпрамысловым комплексе: пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, атрымання сыравіны, заканчваючы яе перапрацоўкай і давядзеннем прадукцыі да канчатковага спажыўца. «Наш інстытут прапануе харчовай прамысловасці новыя віды перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. У нас ёсць біятэхналагічны аддзел, які мае ў падпарадкаванні цэлую вытворчасць. Вырабляюцца закваскі для малочнай прамысловасці. У інстытуце ёсць нацыянальная калекцыя, якая ўключае каля 2,5 тысячы штамаў мікраарганізмаў і каля 300 бактэрыяфагаў. На аснове гэтай калекцыі адбываецца адбор, далей праводзяцца генетычныя, мікрабіялагічныя і біяхімічныя даследаванні. Мы маем магчымасць атрымліваць такія віды прадукцыі, як смятана, тварог, сыры, ёгурты. Працуем практычна з усімі малочнымі прадпрыемствамі, таксама пастаўляем нашу прадукцыю на экспарт, пераважна ў Расію. У нас ужо ёсць тры контрагенты, і доля экспарту пастаянна расце. Мы бачым вялікія перспектывы на расійскім рынку», — адзначыў дырэктар інстытута.
Акрамя таго, многія віды прадукцыі ўстановы прайшлі клінічныя выпрабаванні. Заяўленыя распрацоўшчыкамі ўнікальныя медыцынскія або прафілактычныя ўласцівасці знайшлі сваё практычнае пацвярджэнне.
Апроч іншага, малочнакіслыя мікраарганізмы знайшлі прымяненне ў сельскай гаспадарцы пры нарыхтоўцы кармоў. Яны дапамагаюць стрымліваць распаўсюджванне цвілі. «Біякансервант для сіласавання набірае папулярнасць, мы нарошчваем вытворчасць. Сёлета ў нас будуць рэкордныя продажы», — падкрэсліў Гардзей Гусакоў.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца харчаванню беларускіх палярнікаў — удзельнікаў антарктычных экспедыцый. Для суровых умоў Антарктыды распрацоўваецца адмысловы рацыён. «Мы даём ім з сабой нашу закваску, яны бяруць сухое малако, сухія вяршкі і могуць вырабляць у тых умовах ёгурты, смятану, тварог і іншыя ферментаваныя малочныя прадукты», — дадаў Гардзей Гусакоў.
Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Андрэй Ганчароў расказаў аб распрацоўках у галіне клетачных тэхналогій і прымяненні ствалавых клетак.
Пад клетачнымі тэхналогіямі маецца на ўвазе выкарыстанне клетак чалавека для лячэння розных захворванняў. Сёння навукоўцы з усяго свету робяць стаўку ў тэрапіі на біямедыцынскі клетачны прадукт. Гэтым напрамкам інстытут і яго супрацоўнікі займаюцца з 2004 года. Ужо ў 2008 годзе былі арганізаваны першыя клінічныя выпрабаванні дэндрытных клетак для лячэння гепатыту В. На сёння інстытутам распрацавана больш за 20 метадаў лячэння розных цяжкіх захворванняў, распрацаваны і зарэгістраваны сем біямедыцынскіх клетачных прадуктаў (усяго ў краіне іх 14). «Так што можна сказаць, што наш інстытут адназначна займае ў гэтым напрамку лідзіруючыя пазіцыі», — падкрэсліў Андрэй Ганчароў.
Мезенхімальныя ствалавыя клеткі выкарыстоўваюцца пры лячэнні трафічных язваў, апёкаў скуры, аўтаімунных захворванняў (напрыклад сістэмнай чырвонай ваўчанкі), ковідных пнеўманій, стэнозаў трахеі і гартані. А дэндрытныя клеткі актыўна прымяняюцца для лячэння анказахворванняў. «На сёння ў большасці нашых пацыентаў зафіксаваны добры клінічны эфект. Найбольшая іх колькасць (75 чалавек) мела рак падстраўнікавай залозы. Мы ўжо можам пралічыць трох-пяцігадовую выжывальнасць такіх пацыентаў, і яна ўдвая вышэйшая, чым у тых, каго лячылі стандартнымі метадамі. Аднак для шырокага ўкаранення, уключэння клетачнай тэрапіі ў пратаколы лячэння, гэтага пакуль недастаткова, мы набіраем яшчэ больш пацыентаў. І пры атрыманні такіх жа даных на вялікай выбарцы будзем адназначна рэкамендаваць Міністэрству аховы здароўя ўключыць нашы метады лячэння ў пратаколы», — падзяліўся планамі Андрэй Ганчароў.
Інстытут не стаіць на месцы, і цяпер сумесна з арганізацыямі аховы здароўя праводзяцца 11 клінічных выпрабаванняў. «Гэта самыя новыя клетачныя прадукты, у тым ліку і зусім унікальныя не толькі для краіны, але і для свету. Яны прызначаны для лячэння самага шырокага спектра захворванняў, у тым ліку анкалагічных (раку нырак, мачавога пузыра, тоўстага кішэчніка), захворванняў сятчаткі, аўтаімунных захворванняў (цукровага дыябету першага тыпу, сістэмнага склерозу), алапецыі, — адзначыў кіраўнік інстытута. — У нас маецца сваё амбулаторнае аддзяленне клетачнай тэрапіі, дзе спецыялісты могуць лячыць пацыентаў, ёсць ліцэнзія на медыцынскую дзейнасць па самых розных напрамках».
Новы надзвычай важны напрамак — вірусалогія і распрацоўка вакцын супраць актуальных інфекцыйных захворванняў. У адпаведнасці з распараджэннем кіраўніка дзяржавы на працягу апошніх паўтара года праводзілася рэканструкцыя Цэнтра вірусалогіі, яго аснашчэнне абсталяваннем. На сёння ўсе работы завершаны, цэнтр гатовы да адкрыцця, якое адбудзецца ў найбліжэйшы час. Яго дзейнасць будзе накіравана, у першую чаргу, на распрацоўку метадаў дыягностыкі, лячэння і стварэнне самых розных вакцын. Над гэтым будзе працаваць міждысцыплінарны навуковы калектыў: спецыялісты ў вірусалогіі, імуналогіі, біятэхналогіях і біяхіміі.
Андрэй Ганчароў падкрэсліў: «Пандэмія COVІD-19, якая прайшла, — далёка не самы горшы варыянт. Існуе велізарная колькасць іншых вірусаў, якія здольныя нанесці яшчэ большую шкоду. Вірусы трэба даследаваць і ствараць супраць іх сродкі для прафілактыкі. Толькі маючы ў краіне такі цэнтр, які ў самыя кароткія тэрміны здольны распрацаваць вакцыну супраць любой інфекцыі, можна забяспечыць інфекцыйную бяспеку краіны».
Надзея НІКАЛАЕВА
Ваенны карэспандэнт павінен быць гатовы да ўсяго!
Камарын: аб чым маўчыць Днепр.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?