Вы тут

Гульні Hockey5s будуць добрай дапамагой пры падрыхтоўцы да вялікага хакея


У новым фармаце і з багатымі традыцыямі — спаборніцтвы па хакеі на траве ў рамках ІІ Гульняў краін СНД абяцаюць падарыць гледачам сапраўднае спартыўнае шоу. У Беларусі гэты від спорту папулярнасці не губляе, а толькі набывае. Асабліва сярод маладых людзей. Можна не сумнявацца: падчас Гульняў будзе цікава.


Як расказаў старшыня Беларускай федэрацыі хакея на траве Аляксандр Якіменка, свой удзел у ІІ Гульнях краін СНД ужо пацвердзілі зборныя Узбексітана, Казахстана, Расіі, Арменіі. Збіраецца прыехаць у Беларусь і каманда Ірана. «Падрыхтоўка кіпіць. Я ўпэўнены, што будзе цікава. Спаборніцтвы будуць праходзіць па новай праграме хакея на траве — Hockey5s. Гэтая разнавіднасць хакея на траве прадстаўлена на чэмпіянатах Еўропы, Hockey5s уключаны ў праграму юнацкіх Алімпійскіх гульняў. Упэўнены, што гэты від прынясе шмат карысці гульцам. Для гэтага віда хакея на траве спартсмен павінен мець добрую фізічную форму і тэхнічную падрыхтоўку. Гульні ў фармаце Hockey5s будуць добрай дапамагой пры падрыхтоўцы да вялікага хакея», — адзначае Аляксандр Якіменка. 

Фармат Hockey5s лічыцца больш прывабным і цікавым для гледачоў. У традыцыйным хакеі на траве ў адной камандзе выступае 11 чалавек. Пры фармаце Hockey5s у каманду можна заявіць 10 чалавек: 5 для гульні на полі і 5 запасных. Адпачыць на лаўцы запасных не атрымаецца, гульня вельмі інтэнсіўная, з частымі заменамі. Падчас матча фармата Hockey5s забіваецца больш галоў, што, зразумела, цікавей. Гульні праходзяць на пляцоўцы меншага памеру, чым у класічным хакеі, — 40×23,7 метраў, з-за чаго павышаецца інтэнсіўнасць гульні.

Спаборніцтвы ў фармаце Hockey5s праводзяцца з 2016 года, першыя турніры праводзіліся сярод юніёраў. На чэмпіянаце Еўропы юнацкая зборная Беларусі (да 16 гадоў) заняла чацвёртае месца. Першы дарослы чэмпіянат Еўропы па гэтым відзе хакея прайшоў толькі ў мінулым годзе. На жаль, беларусы з-за міжнароднага бану не змаглі на ім выступіць.

Турнір па хакеі на траве ў рамках ІІ Гульняў краін СНД прыме Гродна. Гульні пройдуць на полі абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерва. Стадыён разлічаны на 1200 месцаў і мае штучнае асвятленне. Гэта адна з нешматлікіх арэн, дзе можна праводзіць гульні і ў вячэрні час. 

«Наша задача — развіваць хакей на траве ў рэгіёнах. І тое, што спаборніцтвы пройдуць у Гродна, — выдатна. У гэтым горадзе добрыя традыцыі хакея на траве, класны стадыён. Але хачу заўважыць, што такія спаборніцтвы маглі б прыняць і Брэст, і Баранавічы, там умовы не горшыя,бо мы актыўна развіваем інфраструктуру для хакея на траве», — заўважыў Аляксандр Якіменка. 

У рамках падрыхтоўкі да ІІ Гульняў краін СНД беларускія зборныя ўжо адпрацавалі некалькі вучэбна-трэніровачных збораў. На другую палову чэрвеня запланаваны Кубак краіны ў фармаце 5×5 сярод мужчынскіх і жаночых каманд. У ліпені — яшчэ адзін вучэбна-трэніровачны збор.

З 25 па 30 ліпеня ў Мінску адбудзецца Кубак Дружбы з удзелам расійскіх спартсменаў, але ў вялікім хакеі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?