Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі міліцыі праінспектавалі месцы адпачынку


Калі для адных лета — бесклапотны перыяд, час адпачыць і, як у народзе кажуць, перавесці дух, то для іншых гэта напружаная і вельмі адказная пара. Ва ўзмоцненым рэжыме нясуць службу супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Павышанай увагі патрабуюць месцы масавага адпачынку.


Кожны дзень міліцыянеры патрулююць паркі, скверы, пляжы, іншыя тэрыторыі, дзе масава збіраюцца людзі. У адзін з вечароў да нарадаў патрульна-паставой службы далучыліся карэспандэнты «Звязды» і разам з імі паназіралі за абстаноўкай у найбольш папулярных сярод мінчан і гасцей сталіцы месцах адпачынку.

І пешшу, і на аўто, і на катары

Наш рэйд пачаўся на набярэжнай Камсамольскага возера. Адна з любімых лакацый гараджан у летні перыяд. Тут заўсёды шматлюдна: адны купаюцца, іншыя прымаюць сонечныя ванны, нехта проста гуляе, хтосьці з кнігай у руках схаваўся ў цяньку. У спякотныя дні тут яблыку няма дзе ўпасці. І гэта зразумела: Камсамольскае возера — адно з трох месцаў на тэрыторыі Мінска, дзе дазволена купацца.

— Купальны сезон стартаваў 15 мая, але ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы пачаліся яшчэ ў лютым, — расказвае старшы інспектар па асобых даручэннях галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Мухо. — Мясцовыя органы ўлады вызначалі месцы масавага адпачынку, затым спецыяльная камісія даследавала іх на прадмет адпаведнасці патрабаванням аховы людзей на водах. Калі пэўныя недахопы выяўляліся, то яны аператыўна ліквідаваліся.

Пачынаючы з 15 мая нарады па ўсёй краіне заступілі на дзяжурства для аховы грамадскага правапарадку ў месцах масавага адпачынку. Служба нясецца штодзённа — на ўсіх вызначаных мясцовымі органамі ўлады месцах. Фактычна на ўсіх пляжах, буйных парках, зонах адпачынку — там, дзе збіраецца і адпачывае значная колькасць людзей. Правапарадак забяспечваюць супрацоўнікі патрульна-паставой службы, участковыя інспектары, міліцыянеры атрада асобага прызначэння, ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў. Пры неабходнасці прыцягваюцца і супрацоўнікі іншых падраздзяленняў, курсанты Акадэміі МУС.

— Тэрыторыя Камсамольскага возера і зона, якая да яго прылягае, вялікая, — заўважае намеснік камандзіра роты па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Цэнтральнага РУУС Мінска падпалкоўнік міліцыі Мікалай Молчан. — Невыпадкова нясём службу не толькі ў пешых разліках, але і ў складзе аўтапатрулявання. Акрамя таго, арганізавана сумеснае патруляванне на катарах, дзе супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і органаў унутраных спраў сочаць за тым, каб людзі не купаліся ў непрызначаных для гэтага месцах, не заплывалі за абмежавальныя буйкі.

Пры выяўленні парушальнікаў устаноўленых правілаў такія грамадзяне выцягваюцца з вады, пасля чаго дастаўляюцца ў органы ўнутраных спраў. Перш чым заплываць за буйкі і купацца там, дзе гэта забаронена, аматарам экстрыму варта падрыхтаваць суму ў эквіваленце ад адной да трох базавых велічынь — менавіта такі штраф прадугледжаны за купанне ва неўстаноўленым месцы.

Як заўважаюць праваахоўнікі, большая частка ўказаных правапарушэнняў здзяйсняецца людзьмі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення. Менавіта аматары спіртнога з'яўляюцца парушальнікамі правапарадку і на сушы.

— Для большасці нашых грамадзян дастаткова вуснай заўвагі, правядзення прафілактычнай гутаркі, — і распіццё алкаголю ў грамадскім месцы спыняецца, — кажа міліцыянер роты патрульна-паставой службы міліцыі Цэнтральнага РУУС Мінска Ігар Круглікаў. — У любым выпадку ўстанаўліваецца асоба правапарушальніка. Калі ён ніколі не прыцягваўся да адказнасці, выносіцца вуснае папярэджанне. Але ёсць і тыя, для каго словы супрацоўніка міліцыі абсалютна нічога не значаць. Такіх грамадзян затрымліваем, дастаўляем у органы ўнутраных спраў. Калі неабходна, для выцверажэння адпраўляем у ізалятар Першамайскага РУУС, прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці.

Некаторыя нядобрасумленныя грамадзяне спрабуюць хітрыць: наліваюць напоі з градусам у бутэлькі з сокам ці нават у тэрмас. Іншыя, калі бачаць людзей у пагонах, проста хаваюць спіртное. Аднак кампетэнтныя органы не падманеш. У дапамогу пешаму нараду міліцыі выстаўляецца адзін або два супрацоўнікі ў грамадзянскім адзенні. Міліцыянеры ходзяць па пляжы (па знешнім выглядзе нагадваюць звычайных адпачывальнікаў) і назіраюць, як сябе паводзяць людзі. Калі яны бачаць, што хтосьці, напрыклад, распівае тыя ж спіртныя напоі, то па радыёстанцыі перадаюць інфармацыю сваім калегам у форме. У працэсе разбору супрацоўнік у цывільным з'яўляецца сведкам правапарушэння, і пазбегнуць адказнасці людзям «пад мухай» ужо не атрымаецца.

Па апошнім слове тэхнікі

Разабрацца ў спрэчных сітуацыях, калі правапарушальнік адмаўляе сваю віну, стала прасцей, чым гэта было яшчэ год таму. Кожны з супрацоўнікаў міліцыі, які ажыццяўляе патруляванне тэрыторыі, у абавязковым парадку экіпіраваны відэарэгістратарам: гэты зусім не вялікі прыбор фіксуе кожную размову праваахоўніка з грамадзянамі. Пры неабходнасці інфармацыя, запісаная на відэарэгістратар, перадаецца ў суд.

Дарэчы, сёлета, па ініцыятыве органаў унутраных спраў, ва ўсіх месцах масавага адпачынку ўстаноўлены сістэмы відэаназірання, якія стымулююць грамадзян на прыстойныя паводзіны, а таксама дапамагаюць праваахоўнікам у раскрыцці злачынстваў, спыненні правапарушэнняў. Яшчэ адно ноу-хау, якое міліцыянерамі будзе актыўна прымяняцца пры забеспячэнні правапарадку ў месцах масавага адпачынку, — беспілотныя лятальныя апараты. У кожным рэгіёне вызначаны лакацыі, дзе плануюць выкарыстоўваць і такую тэхніку.

«Беспілотнікі будуць прымяняцца на найбольш буйных пляжах або тэрыторыях, якія цяжка прайсці пешшу або гэта зойме працяглы час, — удакладняе Аляксандр Мухо. — Іх выкарыстанне будзе садзейнічаць больш аператыўнаму рэагаванню на правапарушэнні і злачынствы. Пасля атрымання адпаведнай інфармацыі супрацоўнікі органаў унутраных спраў выбываюць туды, дзе неабходна іх прысутнасць. У цяперашні час праводзіцца эксперымент. Калі яго вынікі будуць станоўчымі, беспілотныя лятальныя апараты стануць прымяняцца ва ўсіх райаддзелах нашай краіны».

Дзеля мабільнасці і аператыўнасці

Пачынаючы з мінулага года, для выканання пэўных задач супрацоўнікамі органаў унутраных спраў стаў актыўна прымяняцца мота-, вела- і электратранспарт. Гэта і веласіпеды, і электрасамакаты, і сігвеі. Менавіта з дапамогай сігвеяў, якія, па новых Правілах дарожнага руху, з'яўляюцца сродкам персанальнай мабільнасці, супрацоўнікі міліцыі нясуць патруляванне ў парку Чалюскінцаў. У летні перыяд сталічны парк культуры і адпачынку лідзіруе па колькасці наведвальнікаў — адначасова тут праводзіць час некалькі тысяч чалавек.

Парк Чалюскінцаў з'яўляецца яшчэ не толькі самым папулярным для наведвання, але і самым вялікім па плошчы. Абысці яго ўздоўж і ўпоперак, каб пракантраляваць правапарадак, патрэбен не адзін нарад міліцыі. Аднак дзякуючы электратранспарту, гэтае пытанне вырашаецца меншымі сіламі — у максімальна кароткія тэрміны на сігвеях міліцыянеры могуць дабрацца туды, дзе неабходная дапамога людзей у форме.

— Асвоіць электратранспарт было нескладана: з гэтым паспяхова справіліся ўсе байцы падраздзялення, якое нясе службу ў парку, — заўважае намеснік камандзіра роты па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Першамайскага РУУС Мінска старшы лейтэнант міліцыі Яўген Чарнобылец. — Па парку міліцыянеры рухаюцца з хуткасцю пяць кіламетраў за гадзіну. Максімальная хуткасць, якую могуць развіваць сігвеі, — да 30 кіламетраў за гадзіну. Зараду хапае на ўсю змену. Новыя тэхналогіі зрабілі нашу службу лягчэйшай. Мы сталі больш мабільнымі, хутчэй дабіраемся да месца правапарушэння. Нарад абслугоўвае нашмат большую тэрыторыю, чым хлопцы хадзілі б пешшу. Гэта дае магчымасць выставіць людзей у іншае месца.

Вяртаюць рэчы і... дзяцей

Як адзначае міліцыянер роты патрульна-паставой службы міліцыі Першамайскага РУУС Сяргей Хартановіч, нягледзячы на свой маштаб, парк Чалюскінцаў — месца некрымінагеннае. «Нават адміністрацыйныя правапарушэнні тут здзяйсняюцца вельмі рэдка, — канкрэтызуе ён. — Працуюць атракцыёны, арганізавана танцавальная пляцоўка — у парку бавяць час людзі ўсіх узростаў. Народ збіраецца, але мы кантралюем сітуацыю».

Па словах міліцыянера, асноўнае правапарушэнне, якое, хоць і зрэдку, але фіксуюць праваахоўнікі, — распіванне спіртных напояў. «Калі мы падыходзім і робім заўвагу, людзі просяць прабачэння, кажуць, што не ведалі, — удакладняе Сяргей Хартановіч. — Дарэчы, нямногія праінфармаваны і аб тым, што ў парку Чалюскінцаў забаронены выгул сабак, нельга катацца на веласіпедах. Парк з'яўляецца свабоднай зонай ад курэння. Мы тлумачым людзям правілы, яны з разуменнем ставяцца да іх».

Здараецца, што грамадзяне пакідаюць на лаўках свае рэчы. Загаварыўшыся, забываюцца сумкі, тэлефоны, банкаўскія карткі, студэнцкія білеты. Дзякуючы ўзаемадзеянню міліцыі з супрацоўнікамі парку, уладальнікі забытых рэчаў хутка знаходзяцца.

— Што датычыцца крадзяжоў, то летась за ўвесь купальны сезон намі былі зафіксаваны толькі тры выпадкі па ўсёй краіне, — звяртае ўвагу Аляксандр Мухо. — Можна меркаваць, што свой плён дае прысутнасць у месцах масавага адпачынку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, усюды размешчаны прафілактычныя лістоўкі. Рэгулярна праводзім з адпачывальнікамі гутаркі, каб яны не пакідалі на адкрытых месцах кашалькі, сумкі, іншыя каштоўныя рэчы. Акрамя таго, ходзім па паркоўках, правяраем, каб былі зачынены вокны, дзверы аўтамабіляў. Калі нешта адчынена, тэлефануем уладальніку аўто, чым таксама прадухіляем крадзяжы.

Рэгулярна да супрацоўнікаў міліцыі, якія дзяжураць у парку, звяртаюцца з пытаннямі, просьбамі. Мы сталі сведкамі таго, як жанчыны пыталіся ў праваахоўнікаў, як прайсці ў Цэнтральны батанічны сад. Звычайна цікавяцца, дзе метро, пляцоўка з атракцыёнамі, цэнтральная алея. Аднак бываюць і неардынарныя просьбы. Днямі, напрыклад, да нарада міліцыі, у склад якога ўваходзіў і Сяргей Хартановіч, звярнулася жанчына. Прасіла дапамагчы знайсці шасцігадовага сына, які згубіўся, пакуль яна ў касе набывала білеты на чарговы атракцыён.

— Жанчына паказала фотаздымак сына, зроблены тут жа, мы яго перазнялі і перадалі нашым калегам, якія дзяжурылі побач з паркам, — згадвае міліцыянер. — Да пошуку падключылася і моладзь на самакатах, і былыя пагранічнікі, якія адпачывалі ў парку. Адміністрацыя давала аб'яву аб згубленым дзіцяці па гучнай сувязі. Падключыліся і супрацоўнікі метро, якія звярталі ўвагу на дзяцей, падобных на хлопчыка, якога мы шукалі. У выніку ён быў знойдзены праз некалькі гадзін недалёка ад парку. Як высветлілася, пацярпелым аказаўся грамадзянін Расіі, які ў Мінску быў усяго другі раз. Выпусціўшы з віду маму, ён не ведаў, куды ісці. На шчасце, усё скончылася добра.

Дарэчы, найбольш смелыя юныя наведвальнікі парку Чалюскінцаў просяць у супрацоўнікаў міліцыі пакатацца на сігвеях — сведкамі гэтаму сталі і карэспандэнты газеты. Праваахоўнікі не адмаўляюць. Часта выкарыстоўваюць гэты час для правядзення прафілактычнай гутаркі: расказваюць малым лайфхакі, як не трапіць у бяду і не стаць правапарушальнікам. Тыя, у сваю чаргу, цікавяцца, дзе можна атрымаць прафесію міліцыянера, каб ужо праз некалькі гадоў, напрыклад, прыходзіць у гэты ж самы парк, але ўжо з іншай місіяй.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.