Вы тут

На што звяртаць увагу бацькам, каб іх дзеці не сталі парушальнікамі закону?


Пытанне бяспекі дзяцей становіцца асабліва вострым у летні перыяд. Дарослым мала паклапаціцца аб стварэнні камфортных умоў для баўлення часу сваіх нашчадкаў, патлумачыць ім, у чым небяспечнасць непадкантрольнага знаходжання каля вадаёмаў і да чаго могуць прывесці гульні з агнём. Неабходна падумаць і аб прававым боку летняга адпачынку дзяцей. Злачынцы рэгулярна ўцягваюць у свае супрацьпраўныя дзеянні непаўналетніх: заманьваюць вялікімі заробкамі і іншымі выдуманымі дабротамі. Будучы найбольш неабароненай часткай грамадства, дзеці з лёгкасцю пагаджаюцца на шэрыя схемы, часта нават не ўсведамляючы таго, якімі наступствамі гэта можа абярнуцца.


Фота: pixabay.com

Лёгкі заробак — 10 гадоў зняволення

Як расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па ахове правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Мялешка, сярод падлеткаў пераважаюць такія злачынствы, як крадзяжы, хуліганства, незаконны абарот наркатычных сродкаў і махлярства. «Улічваючы, што ў цяперашні час непаўналетнія ў асноўным паглыблены ў інтэрнэт, гэта дазваляе правапарушальнікам выкарыстоўваць новыя формы і метады для ўцягнення дзяцей у супрацьпраўную дзейнасць», — звяртае ўвагу ён.

Адзін з новых відаў злачынстваў — продаж падлеткамі рэквізітаў банкаўскіх картак трэцяй асобе. Як гэта выглядае? Непаўналетні, якому не менш за 16 гадоў, адкрывае ў банку на сваё імя рахунак, затым знаходзіць у інтэрнэце трэцюю асобу, якая гатова набыць гэтую самую банкаўскую картку або рахунак. Прычым не заўсёды ёсць усведамленне таго, што рэалізацыя рэквізітаў банкаўскага рахунку з'яўляецца злачынствам. Такі від правапарушэння прадугледжвае пазбаўленне волі да 10 гадоў.

Пачасціліся і выпадкі здзяйснення непаўналетнімі махлярскіх дзеянняў на падставе фінансавай дапамогі сваяку, які быццам бы стаў віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння. «У такі від злачынства падлеткаў уцягваюць у асноўным у якасці кур'ераў, — адзначае Дзмітрый Мялешка. — Арганізатар схемы звязваецца з падлеткам з дапамогай тэлеграм-канала і дае заданне для наведвання выбранай асобы ў якасці ахвяры. Падлетак прыязджае па ўказаным адрасе, забірае грошы і перадае іх свайму куратару. Гэты від злачыннай дзейнасці з'яўляецца махлярствам, здзейсненым арганізаванай групай, і прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі».

Даўно не сакрэт, што некаторыя падлеткі кураць. Апошнім часам з гэтай мэтай стала модна выкарыстоўваць электронныя парагенератары. Аднак не ўсе могуць дазволіць сабе купіць гэтую даволі нятанную рэч. У выніку некаторыя ідуць на злачынства. Замаўляюць парагенератар у інтэрнэце, дамаўляюцца аб сустрэчы, затым выхопліваюць электронную цыгарэту з рук прадаўца і ўцякаюць. Пры гэтым многія падлеткі не задумваюцца, што за такое «свавольства» можна пазбавіцца волі.

Быць у курсе спраў сваіх дзяцей

Непаўналетнія павінны ведаць і аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У пачатку года супрацоўнікамі міліцыі была спынена спроба незаконнай дзейнасці, запланаванай удзельнікамі маладзёжнага руху «Рэдан». Субкультура ўзнікла ў якасці пераймання японскай мультыплікацыі аб злачыннай групоўцы і адзначаецца магчымым удзелам яе прыхільнікаў у масавых бойках у гандлёвых цэнтрах. У адрозненне ад некаторых краін, беларускія праваахоўнікі своечасова адрэагавалі на спробу масавага збору і падобнага не дапусцілі.

«За ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, што цягне накладанне штрафу ў сто базавых велічынь, — звяртае ўвагу намеснік начальніка ўпраўлення па ахове правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама. — Калі ў адносінах да грамадзян была прыменена фізічная сіла або здзейснены пэўныя хуліганскія дзеянні — уступае ў сілу Крымінальны кодэкс».

Як адзначае Дзмітрый Мялешка, нярэдка правапарушэнні, ажыццёўленыя дзецьмі, адбываюцца ў кватэрах, якія непаўналетнія называюць флэтамі. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Нядаўна кампанія падлеткаў ад 11 да 13 гадоў сабралася ў адной з кватэр, дзе распівала спіртныя напоі. У выніку ўсе дзеці апынуліся ва ўстановах аховы здароўя з дыягназам «алкагольная інтаксікацыя».

Міліцыянеры рэкамендуюць нагадваць дзецям і аб правілах бяспекі на дарогах. Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, варта расказаць сваім нашчадкам, нават калі яны старэйшага школьнага ўзросту, як сябе паводзіць на праезднай частцы.

Яшчэ адзін важны момант, на які бацькам варта звярнуць увагу. Сёлета адзначаецца рост колькасці дзяцей, якія сталі ахвярамі сексуальнага гвалту. Праваахоўнікі рэкамендуюць дарослым не ігнараваць нават самыя малыя змяненні ў паводзінах сваіх дзяцей. Вы павінны ведаць, чым вашы дзеці займаюцца ў інтэрнэт-прасторы, з кім перапісваюцца, якія сайты наведваюць.

Наркотыкі — табу!

Не страчвае актуальнасці і праблема, звязаная з прыцягненнем падлеткаў у незаконны абарот наркатычных сродкаў. У 2021 годзе толькі ў Мінску былі затрыманы 33 непаўналетнія. Імі здзейснены 33 злачынствы, 28 з якіх — збыт наркотыкаў цяжкіх і асабліва цяжкіх саставаў.

— Спажыўцамі наркотыкаў усё часцей становяцца сацыяльна адаптаваныя і дастаткова паспяховыя падлеткі, маладыя людзі з сем'яў з высокім узроўнем дастатку, — акцэнтуе ўвагу начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Кірыл Бяркозаў. — Аднак прычыны наркаманіі ляжаць не толькі ў эканамічнай плоскасці. Садзейнічае ўцягненню ў незаконны абарот наркотыкаў так званы пераход ад дзяцінства да даросласці, які суправаджаецца вялікай колькасцю вольнага часу, шматлікімі формамі яго правядзення (наведванне начных клубаў, дыскатэк). Уплываюць і тыя кампаніі, у якіх знаходзіцца непаўналетні. Ёсць толькі адзін спосаб пераадолець гэтую небяспеку — выхаваць у дзіцяці гатоўнасць у любы момант сказаць «не» любой праяве, звязанай з наркотыкамі.

Як адзначаюць праваахоўнікі, асноўным рэсурсам для распаўсюджвання наркотыкаў стаў інтэрнэт. Уцягваюцца непаўналетнія шляхам рассылання паведамленняў у шматлікіх месенджарах і сацыяльных сетках з прапановай аб уладкаванні на работу ў краму па раскладцы тавараў. Некаторыя інтэрнэт-крамы не ўтойваюць, што трэба будзе раскладваць забаронены тавар, іншыя завяраюць, што ўсё легальна. Непаўналетнія, як правіла, пагаджаюцца — ім абяцаюць немалыя грошы. На жаль, многія не ведаюць, што сярэдняя працягласць іх працаўладкавання — два-тры месяцы. Органы ўнутраных спраў хутка выходзяць на наркакур'ераў. Крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў наступае з 14 гадоў. Санкцыі артыкула прадугледжваюць ад 3 да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Па словах Кірыла Бяркозава, інтэрнэт і гаджэты не толькі садзейнічаюць развіццю дзіцяці, але і нясуць сур'ёзную пагрозу яго бяспецы. «Спрабуючы не парушыць асабістую прастору падлетка, не звяртаючы ўвагу на тое, з кім ён мае зносіны ў сацсетках, не ўнікаючы ў лад жыцця, тата і мама, на жаль, даведваюцца аб наступствах вельмі позна, — канстатуе ён. — Гэта не азначае, што дарослым трэба поўнасцю пазбавіць дзіця інтэрнэту (наўрад ці гэта атрымаецца). Варта знайсці час на элементарныя размовы з непаўналетнім, у ходзе якіх трэба звярнуць увагу на тое, з кім ён мае зносіны ў сацсетках, якія сайты наведвае. Найлепшае вырашэнне праблемы — яе папярэджанне. Таму не шкадуйце ўвагі на сваіх дзяцей! Калі яны будуць уцягнуты ў незаконны абарот наркотыкаў, спатрэбіцца нашмат больш часу, каб гэтую праблему вырашыць».

Такім чынам, у першую чаргу адказнасць за дзяцей нясуць іх бацькі. Як вы падрыхтуеце іх да лета, арганізуеце занятасць і праведзяце з імі дадатковую прафілактычную работу, будзе залежыць, ці паспяхова пройдуць канікулы і ці застануцца ў памяці толькі добрыя ўспаміны.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».