Вы тут

Турыстычны цэнтр на месцы піўзавода прыме наведвальнікаў налета


Паўгода таму пачалася рэканструкцыя аднаго з самых буйных гістарычных аб’ектаў Гродна. Доўгі час комплекс будынкаў у самым цэнтры горада пуставаў і паступова разбураўся. І хоць былі спробы яго аднавіць, але справа не краналася з месца. Некалькі гадоў таму прыватная кампанія ў рамках СЭЗ «Гроднаінвест» прыступіла да маштабнай работы. Пасля таго як праект быў зацверджаны, сюды прыйшлі будаўнікі.


Чым ён знакаміты?

Па праўдзе сказаць, аб’ект даволі доўга мазоліў вочы сваім выглядам. Яго амаль немагчыма абмінуць — кожны, хто праязджае па Старым мосце праз Нёман, бачыць гэтыя абшарпаныя будынкі, часткова схаваныя пад сеткамі і тэнтамі. Здавалася, такому відовішчу не будзе канца. Далей — яшчэ больш. Пасля няўдалых аўкцыёнаў тут адбыўся пажар — згарэў дах самага старажытнага аб’екта — былога палаца. Праўда, дах гарадскія ўлады аднавілі, але жадаючых набыць аб’ект не знайшлося.

А між тым, комплекс сапраўды ўнікальны. Як расказаў загадчык аддзела навейшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч, былы піўзавод уваходзіць у дзясятку самых старых будынкаў горада, да таго ж аб’ядноўвае два розныя па сваім прызначэнні аб’екты — некалі велічны палац і прамысловы бровар.

У аснове комплексу знаходзіцца былы палац Сапегаў і Агінскіх, будаўніцтва якога адносіцца да 80-х гадоў XVІІ стагоддзя. Такім чынам цэнтральнаму аб’екту больш за 340 гадоў. Ёсць меркаванне, што гэта быў велічны па сваёй архітэктуры палац у стылі барока. Праўда, дасканала першапачатковы выгляд не ўдалося ўстанавіць, бо ніякіх інвентарных дакументаў ці апісанняў не захавалася. А першы малюнак дайшоў з XVІІІ стагоддзя, калі палац значна змяніўся.

— Гісторыя дадзенага аб’екта звязаная з падзеямі канца XVІІ стагоддзя, калі ў Гродне пачалі праходзіць каралеўскія сеймы, а магнаты — будаваць свае палацы. Іх было даволі шмат. Захаваліся некаторыя часткі тых будынкаў у даволі перабудаваным выглядзе. Нямала такіх палацаў знаходзілася на так званым Падоле, забудове на берагах Нёмана, у тым ліку і палац Агінскіх, які таксама перабудоўваўся, — паведаміў Андрэй Вашкевіч.

А перабудаваў гэты комплекс у 70-х гадах ХІХ стагоддзя аўстрыйскі прамысловец, прафесійны бровар Юзаф Кунц. Ён разгарнуў тут даволі буйную вытворчасць піва. На тэрыторыі комплексу была ўстаноўлена паравая машына, абсталяваны памяшканні, з’явілася артэзіянская свідравіна з якаснай вадой. Запуск завода адбыўся ў 1877 годзе. Дарэчы, гэтую дата і сёння відаць на галоўным будынку. У савецкі час тут таксама была вытворчасць піва, але з-за нізкай рэнтабельнасці завод закрылі.

— Гродзенскі піўзавод аб’яўлены аб’ектам прамысловай спадчыны і ахоўваецца дзяржавай. У Гродне такіх будынкаў некалькі. Гэта былая кафлярня, а таксама тытунёвая і пальчаткавая фабрыкі, якія дзейнічаюць і сёння, — удакладняе навуковец.

Як ідзе рэканструкцыя?

У 2020 годзе былы піўзавод нарэшце быў прададзены сумеснай кампаніі за 1,3 мільёна рублёў. Больш за год ішлі даследчая работа і ўзгадненне праекта. І леташняй восенню нарэшце распачалі рэканструкцыю.

Дырэктар будаўнічай арганізацыі Валерый Хутко ўспамінае, што яго вельмі ўразіў размах работ на аб’екце, а таксама заняпад старажытнага комплексу. Між тым абследаванне будынкаў давала надзею на іх аднаўленне. Быў зроблены аналіз сцен. Аказалася, яны даволі трывалыя, таўшчыня іх дасягае паўтара метра. Такія сцены, па словах будаўніка, мала дзе можна ўбачыць, хоць у арганізацыі ёсць вопыт работы на гістарычных аб’ектах.

Цяпер тут актыўна ідуць работы. На месцы аварыйнай пабудовы ўзводзіцца аналагічны будынак, пад якім захаваўся старажытны падвал, ён таксама будзе задзейнічаны пасля рэканструкцыі. Своеасаблівы кампраміс паміж старым і новым.

Дырэктар будаўнічай кампаніі лічыць, што 20 працэнтаў работ ужо праведзена. Завяршаецца дэмантаж тых канструкцый, якія не маюць гістарычнай каштоўнасці. Прыводзяцца ў парадак фасады. Найбольш працаёмкай лічыцца рэканструкцыя старажытнага палаца. Будынак часта мяняў прызначэнне. Выкарыстоўваўся як склад і нават як жылыя памяшканні. Работы тут вядуцца з выкарыстаннем аўтэнтычных матэрыялаў.

— Усюды была сучасная тынкоўка, яе збілі, расчысцілі фасады, яна будзе класціся нанава, але знадворны фасад былога палаца застанецца ў старым цагляным выглядзе з гістарычнымі аркамі, — каментуе Валерый Хутко. — Хутка пачнём мантаж, будзем рабіць перакрыцці, таксама ў гістарычным выглядзе, з бэлькамі, столямі, каб максімальна паўтарыць атмасферу, якая была ў той час. Унутры таксама застануцца фрагменты старажытнай кладкі. Цагліны старыя, ручной фармоўкі, на некаторых відаць адбіткі пальцаў работнікаў. І кожную цагліну мы чысцім і запускаем у работу. Імкнёмся максімальна захаваць гістарычнае аблічча, таму пры аднаўленні кожная цаглінка кладзецца адпаведна з патрабаваннямі Міністэрства культуры, якое курыруе рэканструкцыю аб’екта.

У ходзе работ быў знойдзены падвал, які не значыўся ў праекце. Гэтае старажытнае памяшканне было замуравана ў савецкі час. Праўда, нічога каштоўнага ў гістарычным сэнсе там не знайшлі, тым не менш, само памяшканне будзе задзейнічана ў будучым комплексе.

Усе падвалы будуць прыстасаваны пад новыя патрэбы. Іх агульная плошча складае прыкладна 800 «квадратаў». Некаторыя засталіся яшчэ з ХVІІ стагоддзя і маюць столь вышынёй 5-6 метраў.

Звяртаюць на сябе ўвагу высокія цагляныя трубы. Па словах кіраўніка будаўнічай арганізацыі, яны прыведзены ў парадак, ачышчаны, а вось металічны флюгер на адной з іх будзе мяняцца. Ён будзе зроблены па аналогіі з тым, што быў устаноўлены ў часы бровара Кунца.

На аб’екце працуюць тры будаўнічыя арганізацыі, якія павінны выканаць усе работы — ад пачатку і да канца. Магчыма, будоўля ішла б хутчэй, калі б не дэфіцыт кваліфікаваных рабочых. Ва ўсякім выпадку, мяркуецца, што комплекс пачне дзейнічаць налета.

Чым здзівяць наведвальнікаў?

Як сведчыць шыльда, рэканструкцыя будынкаў па вуліцы Заводскай, 2, былога броварнага завода вядзецца пад шматфункцыянальны комплекс.

Контуры будучага аб’екта вызначаны, усе тры будынкі задзейнічаны ў рэканструкцыі.

Па словах намесніка дырэктара кампаніі ТАА «МБА Інвестмент» Аляксандра Заглубоцкага, гэта будзе вялікі гастранамічны корт. Мяркуецца размясціць тут 12-15 аб’ектаў харчавання рознага кірунку. Для дзяцей прадугледжана гульнявая пляцоўка. Асаблівая ўвага будзе аддавацца культурнай прасторы. У памяшканнях і падвалах можна будзе пазнаёміцца з рознымі музейнымі экспазіцыямі, у тым ліку гісторыяй Гродна і развіццём броварства ў рэгіёне. Акцэнт робіцца на аўтэнтычныя экспанаты, знойдзеныя пры будаўнічых работах альбо якія захаваліся ў прыватных калекцыях.

Усе тры карпусы будуць злучаны паміж сабой пераходамі і галерэямі. Па словах інвестараў, задача — даволі складаная, бо на працягу стагоддзяў тут пастаянна штосьці перабудоўвалі. І цяпер важна максімальна захаваць гістарычную частку і дабудаваць аварыйныя будынкі такім чынам, каб можна было іх рацыянальна выкарыстоўваць. Прадугледжана і вялікая паркоўка.

Мяркуецца, што комплекс пачне прымаць наведвальнікаў у наступным турыстычным сезоне. Тэрыторыя яго даволі значная — каля шасці тысяч квадратных метраў. Будзе абсталяваны спуск да Нёмана, з’явяцца праходы да палацаў на Замкавай гары. Такім чынам, новы аб’ект будзе ўключаны ў адзіную гістарычную гарадскую прастору. Пазней пачнецца будаўніцтва гасцініцы.

— Тое, што цяпер адбываецца з аб’ектам, — гэта спроба спалучыць у сучасным прачытанні яго палацавы змест ХVІІ стагоддзя і броварны завод з яго прамысловай архітэктурай, — адзначыў навуковец Андрэй Вашкевіч.

Дарэчы, непадалёку ад карпусоў старажытнага завода мяркуецца аднавіць яшчэ некалькі гістарычных аб’ектаў, праўда, поўнасцю страчаных. Дзеля гэтага два ўчасткі выкуплены інвестарамі каля харальнай сінагогі. Днямі прададзены былы Дом афіцэраў, аб’ект у стылі канструктывізму ў цэнтры горада. Вядуцца работы па аднаўленні будынка першай у Беларусі медыцынскай акадэміі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.