Вы тут

Камбайны, селекцыйныя куры і беспілотнікі. Што пабачыць на «Белагра-2023»


Гэтымі днямі на базе выставачнага цэнтра Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» праходзіць міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Белагра-2023». Тут свае экспазіцыйныя блокі дэманструюць вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі, авіяцыйныя кампаніі, фермы і агракамбінаты, а галоўным нумарам стаў Эксперыментальны завод акадэміі навук. Мы пахадзілі і паглядзелі...


Калі да цукру падыходзяць з розумам

Упершыню ў Беларусі зроблены буртаўкладачны комплекс, які неабходны для прыёмкі цукровых буракоў на айчынных цукровых заводах. Распрацавалі гэты комплекс на «Эксперыментальным заводзе» пад эгідай навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. Прадстаўляў гэты комплекс яго дырэктар Аляксандр Блізнюк. Па словах дырэктара, сёння з цукровымі буракамі працуюць састарэлыя імпартныя комплексы, якія часта ламаюцца і маюць слабую прадукцыйнасць. А прадукцыйнасць айчыннай супермашыны — 150 тон клубняў цукровых буракоў за гадзіну. Менавіта таму эксперты эксперыментальнага завода распрацавалі гэты комплекс практычна з нуля. Першы такі апарат ужо прададзены на Жабінкоўскі цукровы завод.

Аляксандр Блізнюк разлічвае, што яго завод будзе выпускаць да 10 гэтых грандыёзных, а галоўнае — карысных для нашых аграрыяў, комплексаў. Дырэктар завода разлічвае атрымаць мноства заказаў у «залаты» агратыдзень. І гэта не проста бравада, бо ў Расіі некалькі соцень цукровых заводаў і кожнаму не хапае нашага комплексу. А мы адкрытыя для супрацоўніцтва.

Больш за 6 тысяч тон збожжа на машыну

Збожжаўборачны камбайн GS2124 з'яўляецца флагманам прадпрыемства «Гомсельмаш». Менавіта гэтая машына дазволіла дасягнуць рэкорду па намалоце летась, калі за сезон удалося сабраць 6 тысяч 60 тон збожжа, адзначыў вядучы інжынер прадпрыемства Віктар Шах. Дадзены вынік з'яўляецца сімбіёзам дзейнасці адразу некалькіх сістэм (электроніка, аграпілот, магутнае святлодыёднае асвятленне рабочай зоны), сілавая ўстаноўка магутнасцю 530 конскіх сіл, якая дазваляе пілоту апрацоўваць да 40 гектараў за змену. Сам камбайн мае прадукцыйнасць да 24 тон прадукцыі за гадзіну.

Характэрна, што менавіта гэты камбайн можа працаваць на высокіх хуткасцях (да 10 кіламетраў за гадзіну), у цёмны час сутак, на схілах і камяністых палях.

Спецыяліст адзначыў, што для вытворчасці большай колькасці прадукцыі з мінімальнымі выдаткамі ў гэтым камбайне прадугледжаны электронныя сістэмы дакладнага земляробства. Выкарыстанне гэтых сістэм дазваляе эканоміць сродкі вытворчасці, а таксама працоўны час тэхнікі і персаналу, павялічыць прыбытак сельгасарганізацый за кошт зніжэння выдаткаў вытворчасці.

Віктар Шах заўважыў, што на выстаўцы прадстаўлена ўся лінейка вырабленых на прадпрыемстве збожжаўборачных і кормаўборачных машын. Камбайны прадаюцца як у нашай краіне, так і за яе межамі. А самага папулярнага камбайна было прададзена звыш 22 тысяч адзінак. На думку спецыяліста, кіраўніцтва холдынга разлічвае прадаваць больш сваіх машын у Расію і ў іншыя краіны блізкага замежжа.

Апошнім часам тэхніка холдынга «Гомсельмаш» стала прадавацца ў Аргенціну і краіны Афрыкі.

Лідская тэхніка ўжо «бегае» па палях Кеніі і Зімбабвэ

Начальнік упраўлення продажаў акцыянернага таварыства «Лідаграпраммаш» Мікалай Пішчык паказаў нам адну, падобную на касмічную тэхніку, вельмі незвычайную машыну. Гэта апырсквальнік самаходны, незвычайнасць якога ў тым, што ў яго ў рост чалавека колы, якія вузкія і размешчаны далёка адзін ад аднаго. Гэтая машына апырсквае тэрыторыю па шырыні захопу роўнай 24 метры. Гэты механізм выкарыстоўваецца для ўнясення хімічных сродкаў абароны раслін і іх падкормкі. Характэрна, што на ўнутраным рынку апырсквальнік ведаюць ужо даўно і актыўна купляюць. А замежным пакупнікам прапануюць яго ўпершыню.

Спецыялізаванае прадпрыемства па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі з Ліды прапаноўвае на выстаўцы розныя сеялкі, тэхніку для нарыхтоўкі кармоў і бульбаўборачныя камбайны. Сёння лідскія машыны паступаюць не толькі айчынным спажыўцам, але і пакупнікам з Расіі і блізкага замежжа. Апошнім часам вялікія заказы нашай тэхнікі паступілі з Афрыкі — з такіх краін, як Кенія і Зімбабвэ. Напрыклад, у Зімбабвэ ўжо прададзена каля 220 сеялак кукурузы. Наша тэхніка зарэкамендавала сябе на выдатна. З Афрыкі на выстаўку прыехалі таксама прадстаўнікі Конга і Нігерыі.

Наша курачка эпідэмій не баіцца

На прадпрыемстве бяруць інкубацыйнае яйка, інкубуюць яго і атрымліваюць бацькоўскія формы. Затым з «найчысцейшых» бацькоўскіх курэй бяруць аплодненае яйка, і ў інкубатары выводзіцца сутачны маладняк, які далей ідзе на адкорм, растлумачыла заатэхнік-селекцыянер філіяла «Мінскі» агракамбіната «Дзяржынскі» Лілія Садоўская.

Паводле яе слоў, пакупнікам прапаноўваецца бройлерны маладняк і гатовыя тушкі. Тут ёсць куры розных парод: венгерскія, брытанскія — аж да каліфарнійскай стракатай, але нам спадабалася менавіта цёмна-чырвоная. Гэта мілыя курачкі беларускай селекцыі. Шкарлупіна яек у іх як карычневая, так і белая. Генафондная гаспадарка гэтай птушкі знаходзіцца ў Заслаўі, дзе займаюцца захаваннем чыста беларускай птушкі. Курачка айчыннай селекцыі адрозніваецца цягавітасцю, непераборлівасцю да корму і досыць устойлівая да розных захворванняў. Калі, напрыклад, будзе эпідэмія птушынага грыпу, дадзеную птушку яна не закране.

На жаль, у айчыннай пароды трохі ніжэйшая прадукцыйнасць і па мясе, і па яйках. Цяпер актыўна працуе селекцыя ў гэтым кірунку.

«Ястраб» пакарае паветра

Начальнік аддзела прадпрыемства «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы» Кітайска-Беларускага закрытага акцыянернага таварыства Аляксандр Куўшынаў паказаў нам самы маленькі верталёт. Называецца гэты механізм аўтажыр «Ястраб». Гэта цалкам айчынная распрацоўка. Складаныя вузлы з электронікі, а дапрацоўка рухавіка ажыццяўляецца з тэхнічнай дапамогай нашых кітайскіх калег.

Дадзеная лятальная машына з'яўляецца двухмеснай і прызначана для палётаў па экалагічным маніторынгу, падчас разведкі лядовай і паводкавай абстаноўкі, а таксама патрулявання лясных масіваў, сельскагаспадарчых і паляўнічых угоддзяў. Акрамя таго, яго можна выкарыстоўваць пры пошуку пацярпелых службамі МНС, праводзіць кантроль стану нафтагазаправодаў і электраперадач высокага напружання. Пры жаданні з дапамогай аўтажыра можна ажыццяўляць маніторынгі аўтамабільных і чыгуначных магістраляў, выкарыстоўваць для навучальных і экскурсійных палётаў.

Непасрэдна ў сельскай гаспадарцы можна прымяняць яго ў якасці апырсквальніка невялікіх плошчаў. Але неабходна дадатковая ўстаноўка спецыяльнага абсталявання. Тады магчыма апрацоўваць да 400—500 гектараў за змену.

Гэты верталёт, у тым ліку, лётае на малых вышынях — аж да 1 метра над верхавінамі дрэў. Лічыцца самай бяспечнай машынай верталётнага тыпу. Можа прызямліцца без удзелу рухавіка. Пры пасадцы не патрабуе спецыяльнай паласы — дастаткова толькі ўмоўна роўная паверхня.

Гэты «Ястраб» — самы эканамічны верталёт сярод авіяцыйных сістэм. Пілот абаронены цалкам ад умоў надвор'я і нават пры абмежаванай бачнасці можа выкарыстоўваць пілатажна-авіяцыйнае абсталяванне.

Паказаў Аляксандр Куўшынаў даволі буйнога дрона. Гэта таксама айчынная распрацоўка (за выключэннем рухавіка і профілю складаных вінтоў). На гэтыя беспілотныя лятальныя апараты можна прымацоўваць мноства дадатковага абсталявання: звычайныя і спектральныя камеры абследавання тэрыторый для вывядзення індэкса расліннасці. Гэты індэкс паказвае, у якіх участках поля было ўнесена недастаткова ўгнаенняў.

У планах прадпрыемства — распрацоўка дронаў для місіі МНС. Менавіта з боку гэтага ведамства авіятары атрымалі першыя заказы. Спадзяюцца распрацоўшчыкі на буйныя заказы на дроны з Расійскай Федэрацыі. Пакуль што магутнасці прадпрыемства абмежаваныя вытворчасцю да 100 беспілотнікаў у год.

Сыр заўсёды смачнейшы з уласнага малака

Маркетолаг акцыянернага таварыства «Верхнядзвінскі масласырзавод» Віктар Крупенька распавёў, што на іх прадпрыемстве перапрацоўваецца 240 тон малака за суткі, пасля чаго атрымліваецца 24 тоны сыру. Ужо даўно гэты завод вырабляе да 50 відаў сыру рознай тлустасці і тэрмінаў паспявання.

Лінейка элітных сыроў прадстаўлена гандлёвай маркай «Князь Альгерд», а традыцыйных сыроў па еўрапейскіх тэхналогіях — у гандлёвай марцы «Ян Сырадзел». Апошняя марка стала класікай нацыянальнай беларускай кухні. На выстаўцы прадстаўляецца сыр «Джугас», зроблены па літоўскай тэхналогіі. Гэты сыр, тыпу пармезана, мае працяглыя тэрміны паспявання (больш за год).

Акрамя таго, на прадпрыемстве сёлета распрацавалі новы сорт выключна беларускага сыру «Ільняны густ», які вельмі карысны для стрававання. Тут, як заўсёды, чакаюць свайго роднага пакупніка, а таксама гасцей з-за мяжы, у асноўным з Расіі.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Віктара ІВАНЬЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?