Вы тут

Госці з Варонежа прывезлі ў Мінск балеты ў сучаснай харэаграфіі


Фестываль «Балетнае лета ў Вялікім» сёлета пачала трупа Варонежскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета — яна ўпершыню прыехала ў Беларусь. Пры тым, што сувязі паміж тэатрамі ішлі праз асоб даволі даўно. Напрыклад, Канстанцін Мулер, народны артыст Беларусі, у мінулым наш танцоўшчык і балетмайстар, быў галоўным балетмастрам Варонежскага тэатра. Рэжысёр Сямён Штэйн, творчасцю якога мы ганарымся, амаль 10 гадоў працаваў у Варонежскім тэатры. А наш легендарны дырыжор Яраслаў Вашчак калісьці фактычна стварыў той тэатр, які любяць варонежскія гледачы. Але цяпер у беларускага гледача была магчымасць пабачыць адметныя спектаклі, якіх няма ў рэпертуары нашага тэатра.


— Для Варонежскага тэатра вялікі гонар выступаць на сцэне гэтага легендарнага тэатра. Вялікаму тэатру Беларусі ёсць чым ганарыцца, ёсць чым даражыць. Уражваюць калоны, фае і тое, што выстаўлены музейныя экспанаты. Тут ёсць вялікая каманда, якая любіць свой тэатр, якая ім ганарыцца. І тым, як публіка наведвае балет, як наведвае оперу, бачна – тут ёсць, што цаніць. Мы спадзяёмся: наша маладая і невядомая для Беларусі трупа здольная вас парадаваць, — адзначыў Аляксандр Ліцягін, мастацкі кіраўнік Варонежскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, які прадставіў сучасныя балеты. — У рэпертуары кожнага тэатра ёсць спектаклі, якіх няма ў рэпертуары іншых. Адпаведна, «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Жызэль» мы можам вазіць бясконца. Але больш мэтазгодна было прывесці спектаклі, якіх няма ў рэпертуары мінскага тэатра. У дадзеным выпадку «Прадавец цацак», што пастаўлены не так даўно вялікім чалавекам Андрэем Барысавічам Пятровым, якога не так даўно не стала на зямлі. Спектакль, што спачатку ставіўся для Варонежа, а потым ужо прыйшоў на сцэну «Крамлёўскага балета» — для мяне гэта вялікі гонар. Што тычыцца сучаснай харэаграфіі, то я разважаў: што мы можам паказаць такога, чаго ў Мінску яшчэ не бачылі? У Варонежы адбываецца фестываль «RE: Форма танца». Мне падабаецца, калі акрамя класічнай спадчыны нашы артысты набіраюцца досведу танцаваць сучасную харэаграфію. На мой погляд, гэта нядрэнныя спектаклі, якія паставіла харэограф Соф’я Гайдукова. Мне хацелася б, каб наша трупа паказалася разнапланава і рознабакова.

Вось што цікава было даведацца — дык пра фестываль «RE: Форма танца», які нарадзіўся чатыры гады таму. Праект, які шмат дзе палічылі б надта рызыкоўным, насамрэч пакрысе набірае абароты. Гэта лабараторыя, дзе могуць паказаць сябе маладыя харэографы-эксперыментатары. Але Аляксандр Ліцягін прыняў рашэнне, што больш чым 9 харэографаў адначасова ставіць не могуць. І перш, чым узяцца за працу, кожны з іх павінен разумець: усе спектаклі вынесуць на сцэну акадэмічнага тэатра оперы і балета. Адпаведна, ёсць пэўныя патрабаванні, гэта павінна быць харэаграфія, на якой і трупа, і гледачы змогуць расці інтэлектуальна і эстэтычна. Гэта павінна быць прыгожа. І павінны нарадзіцца спектаклі, якія тэатр зможа захаваць у рэпертуары і пракатваць на іншых сцэнах. І калі на першым фестывалі было каля 200-300 чалавек (на тысячную зала), то на наступны год у зале прысутнічалі ўжо 500-600 чалавек. А зусім нядаўна прайшла трэцяя «RE: Форма танца», і абсалютна на ўсе спектаклі квіткі распрадалі з аншлагам: гледачы хочуць бачыць жывую працу трупы і харэографаў. Фестываль стаў іміджавай візітнай карткай Варонежскага тэатра оперы і балета. У Мінску гледачы адчулі гэта, вельмі цёпла прыняўшы балеты «Арлекінада.NEW» і «Кармэн.NEW». 

— Сучасная харэаграфія пастаўлена як жывая гісторыя, яна разлічана на звычайных людзей: тут каханне і не-каханне, — патлумачыў Іван Нягробаў, прэм’ер балетнай трупы Варонежскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета". — Сепектаклі, якія мы прывезлі, розныя, у адным больш класічная харэаграфія, у другім — сучасная. Але гэтыя спектаклі падабаюцца гледачу розных пакаленняў.

Дарэчы, балет «Прадавец цацак» — таксама гісторыя пра сучасных людзей. У яе аснову легла кніга Віктара Дабрасоцкага, які вельмі імкнуўся ў Мінск, каб асабіста пабачыць свой твор, увасоблены на балетнай сцэне. Але спачатку па кнізе быў зняты фільм з П’ерам Рышарам. І толькі потым кампазітар Шалыгін напісаў музыку — гэты працэс ішоў некалькі гадоў. І калі гэтая музыка патрапіла да харэографа Андрэя Пятрова, быў пастаўлены балет. Але сам факт: балет па творы сучаснага пісьменніка, прыгожая гісторыя, з інтрыгай вакол спадчыны, што захоўвалася ў Санкт-Пецярбургу і парыжскай Ейфелевай вежай. Харэаграфія у класічным духу тут працуе на сучасную казку... 

Сёлета фестываль «Балетнае лета ў Вялікім» незвычайны тым, што ўпершыню ў праграме адразу два гастрольныя калектывы. У айчыннай публікі наперадзе яшчэ сустрэчы з Башкірскім тэатрам оперы і балета.

— Мы шмат ведаем пра мастацтва Масквы і Пецярбурга. Але нічога не ведаем пра іншыя рэгіёны Расійскай Федэрацыі. Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі прыдумала праект, які будзе больш умацоўваць сувязі з іншымі тэатрамі, калі і яны будуць прадстаўляць сваё музычна-харэаграфічнае мастацтва. Тое, што панарама расійскага балета будзе прадстаўлена ў нашых фестывалях — даволі каштоўна, — лічыць мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Валянцін Елізар’еў, які паспеў пабываць на некаторых паказах беларускага балета падчас гастроляў па гарадах Расійскай Фэдэрацыі. 

Гэтыя гастролі сталі магчымыя, дзякуючы Айдару Шайдуліну, генеральнаму дырэктару прадзюсарскай кампаніі «Глобус прамоушэн», які прыехаў у Мінск на адкрыццё «Балетнага лета-2023» і патлумачыў:

— Гэтыя гастролі пачаліся ў межах 36-га міжнароднага фестывалю класічнага балета імя Рудольфа Нурэева ў горадзе Казань. Фестываль штогадовы, ён прымае лепшыя тэатры свету, у ліку якіх мы бачым і Вялікі тэатр Рэспублікі Беларусь. Таму мы запрасілі ваш тэатр узяць удзел у фестывалі з двума спектаклямі: «Дон Кіхот» ў харэаграфіі Валянціна Елізар’ева і «Ганна Карэніна» у харэаграфіі Вольгі Костэль — я лічу, гэта паспяховае прачытанне твора Талстога, вельмі цікавая харэаграфія, цудоўная трупа. Які горад ні вазьмі, паўсюль былі аншлагі, вельмі цёпла прымала публіка. Таму што, шчыра вам скажу, у Расійскай Федэрацыі даўно не бачылі спектаклі Вялікага тэатра Беларусі. Спадзяюся, нашы ўзаемаадносіны працягнуцца, наперадзе ёсць планы па сумеснай дзейнасці.

А пакуль на айчыннай сцэне выступаюць госці, мы чакаем вяртання з гастроляў беларускай трупы — пабачым новае, што створана за сезон у Мінску.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».