Вы тут

Карэспандэнцкая вера Захара Хацрэвіна


У верасні 2023 года — 120 гадоў з дня нараджэння франтавога карэспандэнта, ураджэнца Віцебска Захара Хацрэвіна (1903 — 1941).


Захар Хацрэвін (злева) і Барыс Лапін. 1941 г.

«Погиб репортер в многодневном бою/ От Буга в пути к Приднепровью, / Послав перед смертью в газету свою/ Статью, обагренную кровью./ Суровый редактор статью прочитал,/ Позвал он сотрудницу Зину,/ Подумал, за ухом пером почесал,/ И вымолвил: — Бросьте в корзину!/ Наутро уборщицы вымыли пол,/ Чернильные пятна замыли./ А очерк его на растопку пошел,/ И все репортера забыли./ Один только тихий старик метранпаж,/ Качнув головою, заметил:/ — Я помню, остёр был его карандаш,/ И честно он смерть свою встретил...» 

Вядомасць у гэтай франтавой песні, якую напісалі Барыс Лапін, Захар Хацрэвін, Міша Сувінскі, шмат меншая, чым у легендарнай «Песенькі ваенных карэспандэнтаў» (памятаеце: " От Москвы до Бреста/ Нет такого места,/ Где бы ни скитались мы в пыли,/ С «лейкой» и с блокнотом,/А то и с пулемётом/ Сквозь огонь и стужу мы прошли«?..), словы да якой напісаў Канстанцін Сіманаў. І ўсё ж вага песні — і франтавая, і журналісцкая, і грамадзянская — ні ў якім разе не меншая... 

Усе яны — аўтары песні «Пра загінуўшага рэпарцёра» — Міхаіл Давыдавіч Сувінскі, Барыс Мацвеевіч Лапін і Захар Львовіч Хацрэвін загінулі ўвосень 1941 года...

Захар Хацрэвін — наш зямляк. Нарадзіўся 5 верасня 1903 года ў Віцебску. Бацькі — Леў Саламонавіч Хацрэвін і Рэвека Веніямінаўна Хацрэвіна. Што цікава, стрыечнай сястрою франтавога журналіста з’яўляецца пісьменніца Алена Маісееўна Ржэўская (1919 — 2017), якая нарадзілася ў Гомелі. А другая стрыечная сястра Захара Львовіча — актрыса Валянціна Рыгораўна Вагрына (1906 — 1987), якая нарадзілася ў Віцебску. 

Пісаць Захар Хацрэвін пачаў яшчэ ў 1922 годзе. Ураджэнец Віцебска экстэрнам закончыў Ленінградскі інстытут жывых усходніх моў (1925) па спецыяльнасці «іраністыка». Працаваў у Тэгеране. Але маладога чалавека ў большай ступені захапіла жывое жыццё. Свае веды ён скіраваў на тое, каб яны служылі яму ў працы публіцыста, празаіка. З самага пачатку 1930-х гадоў прыходзяць да чытача яго кнігі падарожных нарысаў і апавяданняў: «Персіянка» (1928), «Амерыка мяжуе з намі» (1932), «Сталінабадскі архіў» (1932), «Тэгеран» (1933), «Падарожжа» (1937) і іншыя. Некаторыя кнігі ён стварае супольна з Барысам Лапіным... 

Пра сяброўства — і па жыцці, і творчае — Лапіна і Хацрэвіна захавалася даволі шмат сведчанняў у тых, хто прайшоў праз пекла Вялікай Айчыннай вайны і застаўся жывым... Вось што напісаў, у прыватнасці, ваенны журналіст Леў Славін: «...У жніўні 1941 г. рэдакцыя адклікала адусюль сваіх ваенных карэспандэнтаў на некалькі дзён у Маскву, каб даць ім новыя інструкцыі. З-пад Кіева прыімчаліся на пятністай «эмцы» Лапін і Хацрэвін. У ноч перад вяртаннем на фронт Хацрэвін кідаўся ў соракаградуснай гарачцы. Да яго звычайнага нядуга (эпілепсія — К.Х.) дадалася дызінтэрыя. Ён забараніў нам паведамляць рэдактару пра яго хваробу. На наступную раніцу ніхто не сказаў бы, што ён хворы. Ён быў, як заўсёды, вясёлы, ясны, бадзёры, ён дасканала сыграў здаровага. І яны паехалі на сваёй пятністай «эмцы» назад пад Кіеў. 

<...>У кастрычніку прыляцеў адзін знаёмы лётчык. Ён расказаў, што Лапін і Хацрэвін загінулі ў баях пад Кіевам. 

Афіцэр, які бачыў іх апошнім, расказваў; на ахапках сена ля дарогі ляжаў Хацрэвін. Ён быў акрываўлены. Лапін схіліўся над ім, у салдацкім шынялі, згорблены, з вінтоўкай за спінаю. Яны спрачаліся. Хацрэвін патрабаваў, каб Лапін сыходзіў без яго. Лапін адказваў, хаваючы пяшчоту і журбу пад маскаю раздражнёнасці: «Ну, ладна, хопіць гаварыць глупства, я Вас не пакіну...» І яшчэ — з успаміну ваеннага карэспандэнта і пісьменніка, сцэнарыста Льва Славіна: „«Чаму іх жыццё мне падаецца такім прыкметным? Нічога як быццам і асаблівага: праца, блуканні, вандроўкі, вайна. 

Але дабрыня, талент, натуральная і дзейсная высакароднасць, мужнасць, сціпласць, рассыпаныя па многіх людзях, злучаліся ў кожным з іх зліткам вышэйшай пробы. 

„Хлопчыкі забітыя!“ — гэтая вестка горка зачапіла ўсіх сяброў. <...> іх называлі „хлопчыкамі“ (хаця старэйшаму з іх споўнілася трыццаць сем), — верагодна за тое сіянне чысціні, што рабіла іх такімі маладымі». 

А яшчэ іх аб’ядноўвала высокая вера ў верхавенства справядлівасці, якую яны атаясамлялі з сваёй краінай, сваёй Радзімай. 9 жніўня 1941 года іх нарыс «Калі ідзе бой», надрукаваны ў «Красной звезде», завяршаўся такімі словамі: «... немцы зарываюцца ў зямлю, згінаюць галаву пад агнём нашых контратак, нясуць велізарныя страты. Як ўсё гэта не падобна на задуманы імі імклівы паход з музыкай і парадамі!»

... У журналісцкай біяграфіі Хацрэвіна і таксама яго паплечніка Лапіна быў яшчэ і Халхін-Гол... Вынікам стала кніга З. Хацрэвіна «Лета ў Манголіі» (1939), а таксама напісаны імі сумесна сцэнарый «Яго клічуць Сухэ-Батар» (фільм, праўда, знялі ўжо ў 1942 годзе...). 

Кастусь ХАДЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».