Вы тут

Сенатары пра падрабязнасці форума рэгіёнаў


Валерый Бельскі: «Пераадолець перашкоды, парогі турбулентнасці мы можам толькі разам»

Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі — аб асаблівасцях Х Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў канцы чэрвеня адбудзецца ва Уфе

Завяршаецца падрыхтоўка да юбілейнага, дзясятага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які сёлета прымае сталіца Рэспублікі Башкартастан. На некалькі дзён (з 26 да 28 чэрвеня) Уфа пераўтворыцца ў дзелавую пляцоўку, на якой дзве братэрскія краіны яшчэ раз замацуюць сваё праверанае гадамі сяброўства шматлікімі кантрактамі і пагадненнямі.


У сумесным пасяджэнні расійскага і беларускага аргкамітэтаў форуму ў фармаце відэаканферэнцыі Валерый Бельскі ўдзельнічаў з Уфы, дзе разам з беларускай дэлегацыяй і расійскімі калегамі азнаёміўся з ходам падрыхтоўкі да форуму.

Чаго чакаць ад пакуль самага далёкага форуму і чым ён будзе ўнікальны? Аб гэтым «Звяздзе» расказаў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Х Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Валерый БЕЛЬСКІ.

— Валерый Іванавіч, якія адметнасці ў юбілейнага форуму?

— Па-першае, ён выніковы. Мы яго так і назвалі — «Вынікі і перспектывы». Паспрабуем падвесці вынікі работы, якая праводзілася. Коратка спынімся на ўсіх тэмах, якія абмяркоўваліся ў рамках форумаў як самастойныя. Гэта і прамысловая палітыка, і аграпрамысловы комплекс, і гуманітарнае супрацоўніцтва, і інш. Форумы праводзіліся па спецыяльных тэмах, якія цяпер разглядаюцца ў сціснутым фармаце, але максімальна шырока. Па-другое, гэта самы далёкі форум. Мы ідзём на Усход, рухаемся далей, і гэта знакавая падзея. Формула правядзення форуму склалася. Яна выпрацавана, паказала сваю эфектыўнасць. Праводзяцца секцыйныя пасяджэнні, Савет дзелавога супрацоўніцтва, выстаўка дасягненняў, сустрэча старшыняў Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі з кіраўнікамі рэгіёнаў, пленарнае пасяджэнне, што з'яўляецца асноўным мерапрыемствам форуму. Па выніках пленарнага пасяджэння, якое абапіраецца на рашэнні, прынятыя на секцыях і іншых мерапрыемствах форуму, рыхтуецца выніковы дакумент.

— Што ўяўляе сабой беларуская дэлегацыя, якая паедзе ва Уфу?

— Афіцыйная дэлегацыя — 42 чалавекі. Гэта ўстаноўлены фармат. Усяго ў афіцыйных мерапрыемствах, якія ўваходзяць у праграму форуму, удзельнічае каля 300 чалавек з Беларусі. Вядома, гэта толькі тыя людзі, якія бяруць удзел у секцыях, пленарным пасяджэнні і іншых мерапрыемствах форуму. Запланавана і культурная праграма, і «Вуліца дружбы», і выставачная праграма. Таму колькасць удзельнікаў дастаткова вялікая. У сукупнасці з нашага боку ва Уфу паедзе не менш за 500 чалавек.

— Мяркуючы па папярэдніх дамоўленасцях, якія кантракты і на якую суму плануецца заключыць?

— Ва Уфе плануецца падпісаць больш чым 70 праектаў — шматлікіх дагавораў, пагадненняў, камюніке. Тыя пагадненні, у якіх ёсць камерцыйны складнік, ахопяць мінімум 90 мільярдаў расійскіх рублёў. Плануецца заключыць і пагадненні некамерцыйнага характару. Яны датычацца супрацоўніцтва ў гуманітарнай і сацыяльнай сферах, у сферы абмену інфармацыяй. Такіх пагадненняў дастаткова шмат. І гэтая база працягвае папаўняцца.

— Кажучы аб кантрактах эканамічнага блока, па якіх кірунках будзе развівацца супрацоўніцтва Беларусі і Расіі?

— Будаўніцтва, транспарт, арганізацыя сумесных вытворчасцяў, пастаўка прадукцыі. Самае буйное пагадненне, што плануецца падпісаць, датычыцца сферы будаўніцтва. Акрамя таго, у Башкірыі запускаецца вытворчасць «Амкадора». Людзі працуюць 24/7, каб вывесці на запуск гэтае прадпрыемства. Акурат да форуму паскораны ўсе працэсы, уключаючы пастаўку абсталявання і іншае.

— Калі канкрэтна, то ў якіх таварах беларускай вытворчасці маюць патрэбу нашы партнёры? І, наадварот, у чым мы залежым ад расіян?

— Усё, што вырабляе Рэспубліка Беларусь, цяпер запатрабавана. Мы выпускаем сотні тысяч тавараў. У Расійскай Федэрацыі карыстаюцца попытам транспартнае і дарожнае абсталяванні, абсталяванне для будаўніцтва і рамонту, машыны для сельскай гаспадаркі. Усё гэта запатрабавана, і самае галоўнае — мы знайшлі спосабы ўзмацнення ўзаемнай кааперацыі. Неаднаразова кіраўнік дзяржавы казаў аб тым, што няма чыста беларускага і чыста расійскага. Большасць тавараў, якія ствараюцца ў нашых краінах, маюць узаемны складнік. Тыя ж трактары: каля паловы з ліку масавых мадыфікацый мае расійскія карані. Таму гэта наш сумесны трактар, хоць і называецца «Беларус».

— Апошнім часам на рэгіёны робіцца стаўка, асабліва гэта характэрна для эканамічнага супрацоўніцтва. На ваш погляд, форумы рэгіёнаў садзейнічалі гэтаму?

— Ворагамі нашых краін і Саюзнай дзяржавы рабілася стаўка на тое, каб пасеяць разлад у нашым супрацоўніцтве. Вышукваліся шматлікія абставіны, якім надавалася негатыўная афарбоўка. У тым ліку неаднойчы прамым кантактам паміж кіраўніцтвам рэгіёнаў Беларусі і Расіі надавалася негатыўнае адценне, супрацоўніцтва падвяргалася крытыцы. Але, нягледзячы на гэта, цікавасць кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў (некаторыя з іх па плошчы, а асобныя і па патэнцыяле, большыя, чым Рэспубліка Беларусь) да нашай краіны расце. Адно з дасягненняў Форуму рэгіёнаў — гэта «легітымізацыя» такога супрацоўніцтва. Фактычна ў нашай свядомасці і практыцы мы «ўзаконілі» такія кантакты. Яны і раней былі, але яшчэ раз падкрэслю, што ворагамі нашага ўзаемнага развіцця гэтаму элементу надавалася негатыўнае значэнне. Калі дзесяць гадоў таму пачаў працаваць Форум рэгіёнаў, то гэтая сітуацыя ў корані змянілася. Ужо нават дэструктыўныя сілы ў інфармацыйным супрацьстаянні не выкарыстоўваюць такія элементы. Усё дазволена, дапушчальна, эфектыўна і на карысць. І ўжо бессэнсоўна ставіць палкі ў колы.

— Ці будуць на пляцоўках форуму заключаны пагадненні, якія рэгулююць пытанне імпартазамяшчэння?

— Будуць. Прычым як для Расійскай Федэрацыі, так і для Рэспублікі Беларусь. У тым ліку на аснове кааперацыі. Той праект, які рэалізоўвае наш «Амкадор», і ёсць імпартазамяшчальны. Ён прадугледжвае вытворчасць на расійскай тэрыторыі абсталявання, неабходнага для перапрацоўкі збожжа. Мы ведаем, што патэнцыял і аб'ёмы вытворчасці збожжа ў Расіі пастаянна растуць. Яно патрабуе перапрацоўкі, захавання, давядзення да таварных партый — усе гэтыя кампетэнцыі сёння ёсць у нашых прадпрыемстваў. Такая вытворчасць, арганізаваная на тэрыторыі Башкартастана, будзе працаваць на Перадуралле, Алтай, Арэнбургскую вобласць (зерневыя рэгіёны Расійскай Федэрацыі) і даваць магчымасць развіваць уласны эканамічны патэнцыял рэгіёна, але ў кааперацыі з Рэспублікай Беларусь, мы атрымаем сваю дабаўленую вартасць, пастаўляючы камплектуючыя на прадпрыемства. Гэта вельмі выгадна. Некаторыя могуць казаць, што мы ствараем сабе канкурэнтаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, але гэта не так. Да прыкладу, працуе «Брансксельмаш», стварае камбайны, што адбываецца дзякуючы кааперацыі з беларускімі прадпрыемствамі. Роўна як і беларускія камбайны ствараюцца на тэрыторыі нашай краіны ў кааперацыі з расійскімі прадпрыемствамі.

— Якія рэгіёны краіны-партнёра традыцыйна ўдзельнічаюць у форуме? Магчыма, хтосьці будзе прадстаўлены ўпершыню?

— Мы разлічваем на самы шырокі ўдзел. Асобнае мерапрыемства будзе прысвечана ўзаемадзеянню Масквы і Рэспублікі Беларусь. Гэта важна і знакава. Ёсць інтарэс і эканамічны, і фінансавы. Што датычыцца нашых рэгіёнаў, то ўсе ўдзельнічаюць на ўзроўні іх кіраўнікоў: старшыняў абласных выканаўчых камітэтаў, прадстаўнічых органаў — абласных, мінскага Саветаў дэпутатаў. Беларусь традыцыйна прадстаўлена сваім топ-рэгіянальным складам. Варта заўважыць, што значная частка сустрэч на пляцоўках форуму, асабліва паміж кіраўнікамі арганізацый, міністэрстваў і кіраўнікамі рэгіянальнага ўзроўню, агаворваецца загадзя. У такім выпадку разглядаюцца праекты часцей з двухбаковым удзелам. Аднак спрацоўвае эфект інтэлектуальнага і перагаворнага хаба: на форуме ёсць магчымасць выхапіць тыя ідэі, якія могуць выкарыстоўвацца некалькімі ўдзельнікамі для прасоўвання больш буйных праектаў. Безумоўна, двухбаковае супрацоўніцтва пераважае, але старты, калі тыя ці іншыя праекты могуць атрымаць падтрымку некалькіх рэгіёнаў, на самай справе раскрываюць унікальныя магчымасці для такой пляцоўкі. Гэта бібліятэчны эфект. Калі людзі прыходзяць у бібліятэку, там лунае думка аб іншым духу, адчуванні. Менавіта настрой узаемнага прыцягнення стварае Форум рэгіёнаў, дае магчымасць устанавіць ці развіць кантакты. Часцей за ўсё, гэта сустрэчы даўніх сяброў.

— Мяркуючы па папярэдніх дамоўленасцях, ці можна сказаць, які беларускі рэгіён будзе найбольш актыўным на юбілейным форуме?

— У кожнага рэгіёна — свой патэнцыял. Аднак большасць беларуска-расійскіх праектаў завязана на Мінску. Сталіца — цэнтр прыцягнення, месца прыняцця рашэнняў, фінансавы цэнтр нашай краіны. Найбуйнейшыя інвестыцыйныя прапановы атрымлівае менавіта Мінск або Мінскі рэгіён. Але кожны рэгіён у меру сваёй спецыялізацыі, накіраванасці мае кантакты з расійскімі рэгіёнамі. Цяпер вельмі актыўна ідзе Віцебск, Гродна, Гомель і іншыя. Нельга сказаць, што гэта звязана толькі з новымі намаганнямі. Раней дасягнутыя дамоўленасці далі эфект цяпер. Усе рэгіёны ідуць па гэтым шляху. Мы памятаем, што мы — Саюзная дзяржава, што будуем безбар'ернае асяроддзе ў сферы руху капіталу, тавараў, працоўнай сілы. Прычым гэта характэрна не толькі для Саюзнай дзяржавы, але і для Еўразійскага эканамічнага саюза. Вядома, у Саюзнай дзяржаве атрымліваецца нашмат лепш. Ужо з паўслова мы разумеем адзін аднаго. І Беларусь, і Расія знаходзяцца пад санкцыямі. Нам не трэба ні на каго азірацца, бо мы ў адной лодцы. І пераадолець гэтыя перашкоды, парогі турбулентнасці мы можам толькі разам.


Міхаіл РУСЫ: «Форум рэгіёнаў дае сур'ёзны штуршок у развіцці нашых адносін»

Член Прэзідыума Савета Рэспублікі — аб выніках мінулагодняга Форуму рэгіёнаў і чаканнях ад будучага

За дзесяць гадоў свайго існавання Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў добрай пляцоўкай умацавання супрацоўніцтва паміж двума братэрскімі народамі, паглыблення інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым сведчаць тысячы кантрактаў і пагадненняў, падпісаных за гэты час. У перыяд правядзення папярэдняга Форуму рэгіёнаў, які праходзіў у Гродне, была заключана рэкордная колькасць дакументаў на не менш рэкордную суму.

Падчас леташняга форуму ў Гродне. Міхаіл Русы (справа) і намеснік старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Юрый Вараб’ёў.

Чым яшчэ быў адметны мінулагодні форум, які прымала беларуская зямля, карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ, які адказваў за правядзенне ІX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Падзяліўся сенатар і асаблівасцямі цяперашніх інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы, актуальных кірунках узаемавыгаднага развіцця абедзвюх краін.

— Міхаіл Іванавіч, наколькі прадстаўнічая дэлегацыя летась прысутнічала на форуме ў Гродне?

— Устаноўлена такое правіла, што ў форуме бярэ ўдзел прыкладна па 250 чалавек з кожнага боку. Але штогод цікавасць да гэтага мерапрыемства ўзрастае. У мінулым годзе мы разлічвалі прыняць да 400 чалавек з Расійскай Федэрацыі (з улікам выстаўкі і іншых мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў рамках форуму). Аднак, калі меркаваць толькі па гасцінічным фондзе, які быў выкарыстаны нашымі расійскімі калегамі, у Гродне прысутнічала каля 1200 дэлегатаў з Расійскай Федэрацыі. Гэта кіраўнікі рэгіёнаў, пэўных структурных падраздзяленняў, прадстаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, спецыялісты.

— Сума кантрактаў, падпісаная на папярэднім форуме, была заяўлена як рэкордная. Якія прагнозы на ўфімскую пляцоўку?

— Летась мы падпісалі звыш 60 розных пагадненняў. Сёлета 72 дакументы ўжо ў рабоце. Частка пагадненняў падпісваецца цяпер, напярэдадні форуму. Напрыклад, у рамках Форуму рэгіёнаў Віцебская і Смаленская вобласці правялі свой форум, падпісалі дзясяткі кантрактаў, пагадненняў. Калі ў грашовым эквіваленце, у мінулым годзе ў рамках форуму было падпісана кантрактаў на суму 60 мільярдаў расійскіх рублёў. Сёлета плануем атрымаць каля 90 мільярдаў расійскіх рублёў адназначна. Ёсць вельмі буйныя кантракты, якія будуць падпісвацца: і на 12 мільярдаў, і на 10 мільярдаў расійскіх рублёў. Калі больш канкрэтна, сёлета наш «Амкадор» пачне выпускаць сваю прадукцыю ў Башкірыі. Форум рэгіёнаў дае сур'ёзны штуршок у развіцці нашых адносін. Пачынаючы з 1996 года, наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пабудаваў палітыку павелічэння гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва менавіта праз работу з рэгіёнамі. Аб'ём эканомікі, напрацовак штогод прырастае, бо менавіта на рэгіянальным зрэзе аператыўна вырашаецца тая ці іншая праблема. Задача ўрадаў і, у крайнім выпадку, кіраўнікоў дзяржаў — здымаць перашкоды, якія замінаюць сумеснаму развіццю. Прэзідэнт Беларусі абраў менавіта гэты падыход. Кожны год як мінімум 25—30 расійскіх дэлегацый пад кіраўніцтвам губернатараў наведваюць нашу краіну. Летась і сёлета Аляксандр Лукашэнка аб'ехаў самыя крайнія пункты Расійскай Федэрацыі. Менавіта праз рэгіянальнае супрацоўніцтва мы ўмацоўваем нашу эканоміку.

— У якой сферы супрацоўніцтва Беларусі і Расіі з'яўляецца найбольш паспяховым?

— Такіх сфер нямала. Узяць хоць бы будаўніцтва. Кіраўнік дзяржавы ўвесь час кажа, што будаўнічыя паслугі павінны развівацца. У нас створана добрая будаўнічая база, ёсць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Беларускія будаўнікі ўжо трэці год запар працуюць у Варонежскай вобласці. Наша супрацоўніцтва пачалося менавіта на форуме рэгіёнаў, які праходзіў у Магілёве. Спачатку ў Варонежскай вобласці мы пабудавалі маленькую школу з дзіцячым садком — на 580 дзетак. Затым узвялі яшчэ адну школу. Сёлета ў гэтым расійскім рэгіёне здаецца мегашкола, дзе будзе вучыцца 2886 чалавек, хутка там з'явіцца і дзіцячы садок. Нядаўна ў Мінск з камандай прыязджаў віцэ-губернатар Варонежскай вобласці. У першую чаргу, іх цікавіла, як у цэнтры такога мегаполіса, як Мінск, ажыццявілі рэканструкцыю стадыёна (размова ідзе пра наша «Дынама»). Яны былі ўражаны. З гэтага года пачнецца рэканструкцыя стадыёна прафсаюзаў у самім Варонежы. Потым ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю. У планах — пабудаваць і беларускі квартал са шклоўскіх домікаў. У найбліжэйшы час першыя дзесяць дамоў будуць закладзены. Такая работа дае загрузку ўсім. Адсюль расце тавараабарот, ідзе імпартазамяшчэнне, экспартны патэнцыял.

— А ў якіх паслугах ці таварах расійскай вытворчасці зацікаўлены мы, беларусы?

— Прывяду просты прыклад. Гэта датычыцца мінулагодніх даных па Гомельскай вобласці. Спецыялісты палічылі, што для таго, каб забяспечыць сацыяльна-эканамічную праграму рэгіёна, 980 імпартных пазіцый ім трэба набываць у Расійскай Федэрацыі. У той жа час 580 пазіцый таго, што ствараюць гамяльчане, спажывае Расія. Мы зацікаўлены адзін у адным. Не трэба нікуды ні бегаць, ні хадзіць: адзіны рубель, адзіная сістэма, няма граніц, адзіная мытная прастора. Сістэма выбудавана, а далей трэба падумаць, чаго ў нас няма і што мы можам зрабіць самі. Што датычыцца сельскай гаспадаркі, і мы, і Расійская Федэрацыя пабудавалі малочнатаварныя фермы. У даільных залах стаяць робаты, функцыянуе сістэма электроннага ўліку кіравання статкамі і іншае. Раней электроніка была імпартная. Цяпер і ў нас, і ў расіян такія напрацоўкі, што мы можам гэта ўсё сабраць і ствараць у сябе, пры гэтым не чакаючы, калі ўвядуць санкцыі. Цяпер, напрыклад, ільвіную долю камплектуючых «Гомсельмаш» пастаўляе для «Ростсельмаша», што даўно трэба было зрабіць. Гэта і ёсць адзіная прамысловая палітыка, аб чым наш Прэзідэнт не раз казаў. Тое, што можам рабіць разам, трэба рабіць, каб не залежаць ад трэціх краін. Працавалі б па гэтым прынцыпе раней — меней выдаткаў было б цяпер. Мы ўсё можам. Прымаючы рашэнне, трэба дзейнічаць жорстка і цвёрда. Дамовіліся — зрабілі. Арэал работы вялікі. А гэта працоўныя месцы, паступленні ў бюджэт, заработная плата. Наша задача, як кажа кіраўнік дзяржавы, — даць эканоміку. У тым ліку праз работу па шматлікіх кірунках з рэгіёнамі і на пляцоўцы Форуму рэгіёнаў.

— Найважнейшыя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва абмяркоўваюцца на секцыях...

— Калі летась на пляцоўцы форуму працавала пяць секцый, то сёлета іх будзе дзевяць. Расіяне папрасілі пашырыць іх колькасць. Тэмы цікавыя. Кожная секцыя працуе па сваім кірунку. Мы патрануем аграпрамысловы комплекс, аўтамабільны транспарт. На секцыях будзе даволі высокае прадстаўніцтва віцэ-прэм'ераў, міністраў рэспублік, кіраўнікі рэгіёнаў — кожны хоча давесці да прысутных свае магчымасці і агучыць тое, што перашкаджае працаваць. Менавіта на секцыях здымаем тыя вузкія пытанні, якія перашкаджаюць нам развівацца. У прыватнасці, будзем узнімаць тэму зняцця перашкод у біясферы, выбудуем сістэму па кармавых дабаўках, незаменных амінакіслотах. Мы стварылі сучаснае прадпрыемства — «Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю», якое дазваляе забяспечыць незаменнымі амінакіслотамі Беларусь, Расійскую Федэрацыю, краіны Еўразійскага эканамічнага саюза. Аднак трэба глядзець далей: амінакіслоты ёсць, не хапае вітаміннай групы. У гэтым напрамку мы напрамую залежым ад Захаду і іншых рэгіёнаў. Таму трэба рабіць сумесны крок у гэтым кірунку — вось гэта развіццё. Менавіта праз рэгіянальнае супрацоўніцтва вырашаюцца ўсе эканамічныя пытанні. Форум рэгіёнаў — тая пляцоўка, на якой як нідзе відаць перашкоды, якія патрэбна аператыўна здымаць.

— У якіх секцыях прыме ўдзел Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні?

— Сёлета ў нас будуць працаваць дзве секцыі: «Адзіная аграпрамысловая палітыка» і «Рэгіёны і бізнес». Адна з секцый будзе праведзена ў Башкірскім дзяржаўным аграрным універсітэце. На гэтай пляцоўцы абмяркуем пытанні забеспячэння кадравым патэнцыялам, выхаду на адзіную праграму падрыхтоўкі аграрыяў, абмену вопытам. Некалькі праблемнымі для нас з'яўляюцца пытанні развіцця племянной справы і селекцыі насенняводства. Будуць агучаны шэраг дакладаў, выпрацаваны рэкамендацыі, ёсць даручэнні прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Гэта вельмі тонкая і педантычная тэма, у якой трэба трымаць руку на пульсе. Не будзе высокапрадукцыйных парод жывёлы — малака не атрымаем. Калі Беларусь за ўсе гады суверэннасці вырашыла гэтую праблему і ўпэўнена працуе, то ў рамках Саюзнай дзяржавы праблематыка ёсць. Сваімі напрацоўкамі ў птушкагадоўлі і свінагадоўлі падзеляцца і калегі з Расіі. Мы павінны аб'яднацца ў адно цэлае і стварыць свае цэнтры. Яны ёсць, але пакуль разрозненыя. Трэба сысці ад залежнасці. Мы ўсё ўмеем рабіць самі — мы гэта можам. У нас цудоўныя сарты пшаніцы, жыта, рапсу. Нашы сарты пшаніцы на палях даюць ураджай па сто цэнтнераў з гектара. У нас паўмільёна гектараў засеяна рапсам. Дзве трэці — наша селекцыя. Гэта дарагога варта.

— Наколькі шчыльнае ўзаемадзеянне паміж органамі ўлады і бізнес-супольнасцю? Мяркуючы па назве секцыі, ёсць цікавасць і да гэтага пытання.

— Усё ўзаемазвязана. Бізнес і дзяржава — адно цэлае. Мы не можам існаваць асобна адзін ад аднаго. Дзяржава складаецца з многіх элементаў. Нам няважна, бізнесмен дзяржаўны ці прыватны. Самае галоўнае, каб ён выконваў заканадаўства і забяспечваў эфектыўную работу, быў добрасумленным падаткаплацельшчыкам і патрыётам сваёй краіны.

— Ці выконваюцца ўсе дамоўленасці, прынятыя на пляцоўках форумаў рэгіёнаў?

— Рэалізоўваецца ўсё і нават некалькі больш, чым меркавалася. Форум кароткі, а жыццё ідзе далей. Народ працуе кожны дзень, а таму падпісваюцца новыя кантракты, пагадненні. Самае галоўнае, што асноўныя пытанні, якія мы разглядаем падчас форуму, заўсёды ўзятыя на кантроль. У гэтым плане мы пачалі працаваць у новым фармаце. Звычайна ў перыяд форуму працавала міжпарламенцкая камісія, дзе праводзіўся аналіз зробленага. Прынята рашэнне ўзняць ролю гэтай камісіі. І неабавязкова, каб яна збіралася падчас правядзення форуму. Два разы ў год — на тэрыторыі Беларусі і ў Расіі — мы будзем разглядаць ход выканання раней прынятых рашэнняў. Першае пасяджэнне ўжо адбылося ў Маскве, наступны раз абмяркуем рэалізацыю канкрэтных праектаў у Беларусі.

Гутарыла Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.