Вы тут

Атрымаць добры і вялікі ўраджай. Як прышчыпваць агуркі


Пры вырошчванні агуркоў многія агароднікі выкарыстоўваюць такі прыём, як прышчыпванне. Дадзеная працэдура вызначаецца немалой важнасцю, дазваляючы атрымліваць добрыя ўраджаі і падтрымліваць расліны ў акуратным стане.


Справа ў тым, што на асноўным агурочным сцябле падчас цвіцення ўтвараюцца, як правіла, кветкі мужчынскага полу — пустацвет. Жаночыя ж кветкі распускаюцца ў вялікай колькасці на бакавых атожылках. Галоўнай задачай агароднікаў з'яўляецца спрыянне галінаванню, але тое магчыма зрабіць толькі тады, калі рост асноўнага сцябла будзе задушаны. Менавіта для гэтай мэты і служыць працэдура прышчыпвання.

Прышчыпванне дабратворна адбіваецца не толькі на колькасці ўраджаю, але і на смакавых якасцях агуркоў. Часта бывае так, што вялікая колькасць парасткаў мужчынскага полу спрыяе з'яўленню ў плодзе горкага прысмаку. Каб ураджай быў не толькі шчодры, але і смачны, варта выдаляць як мінімум 80 % мужчынскіх агурочных сцёблаў.

Яшчэ адной прычынай, з якой трэба прышчыпваць агуркі, з'яўляецца правільнае фарміраванне куста. Напрыклад, калі вы вырошчваеце агуркі ў цяпліцы, вельмі важна своечасова прарэджваць лістоту і сцёблы, каб парасткі атрымлівалі дастаткова святла і паветра. Аднак важна ведаць меру і не абразаць лішняга, паколькі лістота — асноўная крыніца харчавання культур.

Каб адрозніць кветкі жаночага і мужчынскага полу, трэба ведаць, што кветкі мужчынскага полу распускаюцца на кароценькіх тонкіх ножках, тады як жаночыя маюць маленькую, але прыкметную завязь агурочка. Мужчынскія кветкі размешчаны не паасобку, а групамі з 5-7 штук, а вось жаночыя суквецці, як правіла, распускаюцца асобна адно ад аднаго або збіраюцца ў групы па 2-3 кветкі. Толькі правільна вызначыўшы тып кветак, можна абразаць менавіта тыя сцёблы, якія з'яўляюцца лішнімі.

Правілы прышчыпвання непасрэдна залежаць ад сорту, а таксама ад таго, дзе растуць расліны: у адкрытым ці ў закрытым грунце.

Прышчыпванне насякомаапыляльных агуркоў

Насякомаапыляльныя сарты — тыя, якія даюць ураджай толькі ў выпадку іх апылення. Галоўная асаблівасць дадзеных відаў складаецца ў тым, што плады, як правіла, утвараюцца на бакавых сцёблах. На галоўным сцябле расце пераважна пустацвет.

Насякомаапыляльныя сарты пачынаюць працэс галінавання досыць позна, менавіта таму прышчыпванне лічыцца асноўным спосабам стымулявання росту бакавых парасткаў.

Працэдуру пачынаюць праводзіць пасля з'яўлення 5-6 лістоў.

Прышчыпванне партэнакарпічных сартоў

Партэнакарпічныя разнавіднасці культуры маюць адну асаблівасць: у працэсе росту яны ўтвараюць вялікую колькасць жаночых суквеццяў і могуць даваць завязі без апылення. Вырошчваюць такую культуру пераважна ў цяпліцах, паколькі ў адкрытай глебе плады атрымліваюцца дробнымі і крывымі. Дадзеныя сарты прынята вырошчваць у адно сцябло.

Як прышчыпваць агуркі ў адкрытым грунце

Тут меркаванні агароднікаў часта разыходзяцца. Некаторыя спецыялісты лічаць, што дадзеную працэдуру праводзіць проста неабходна, іншыя ж сыходзяцца на думцы, што сучасныя віды можна пакінуць расці прыродным спосабам. Варта адзначыць, што сучасныя сарты агуркоў часта сапраўды выдатна абыходзяцца без прышчыпвання. Некаторыя з гібрыдаў выпускаюць кветкі жаночага полу не толькі на бакавых парастках, але і на асноўным сцябле.

Калі вы не ведаеце, ці варта прышчыпваць агуркі на градцы, вызначыце тое па іх вонкавым выглядзе. Агледзьце кусты і палічыце колькасць лісця. Калі на сцёблах вырасла па 7-8 лісточкаў, а бакавыя атожылкі не з'явіліся, прышчыпванне зрабіць неабходна. Ну а ў тым выпадку, калі агуркі выпусцілі шмат бакавых галінак, можна абысціся і без дадзенай працэдуры.

Асаблівасці прышчыпвання агуркоў у цяпліцы

Негібрыдныя агуркі выпускаюць кветкі з завязямі пераважна на бакавых сцёблах, у той час як асноўны ўсеяны пустацветам. Адпаведна, для атрымання добрых ураджаяў культуру варта прышчыпваць. Робіцца гэта пасля таго, як на галоўным сцябле з'явіцца пяць лісцікаў.

Бакавыя парасткі таксама трэба своечасова даглядаць. Не давайце ім моцна разрастацца і блытацца паміж сабой.

Бывае, што пустацвет утвараецца ў вялікай колькасці і на бакавых галінках. Каб справіцца з такой праблемай, паспрабуйце для пачатку прасушыць грунт. Калі эфекту не будзе, тады зрабіце прышчыпванне гэтых сцёблаў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.