07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Выпускны — свята для дзяцей або для бацькоў? Псіхолаг расказвае пра новыя тэндэнцыі


Нядаўна прайшлі выпускныя вечары ў школах. Як да іх рыхтаваліся выпускнікі і іх бацькі, распавялі людзі розных пакаленняў, а псіхолаг пракаментавала тэндэнцыі, якія намеціліся апошнім часам.


Хачу — іду...

— Кожны месяц давала «на ўнучку» 50 рублёў — такі штомесячны ўзнос на выпускны вызначыў бацькоўскі камітэт, — кажа 59-гадовая Наталля Вячаславаўна. — Гэтыя грошы прызначаны на кветкі настаўнікам і святочную праграму — вядучага, артыстаў, феерверк, фатографа, упрыгожванне залы, стол. Дачка ж выдаткавала грошы ёй на сукенку, туфлі і стыліста. Ведаеце, што абурае? У класе, дзе вучыцца ўнучка, 27 чалавек, з іх пяць задавольваюцца толькі ўрачыстай часткай. Яны здалі грошы на кветкі — і ўсё на гэтым. Маўляў, іх дзеці не жадаюць ніякіх адзначэнняў, ім гэта не трэба і не цікава. І гэта забяспечаныя сем'і. Але з-за іх нам трэба дадаць грошы, бо фірме, якая робіць свята «пад ключ», усё роўна, колькі чалавек будзе назіраць той жа феерверк. У мой час хоць жылі бядней, ніхто не дазваляў сабе так адкалвацца ад калектыву, а цяпер — хачу — іду, хачу — не. Ніякай адказнасці перад большасцю.

Кірмаш ганарыстасці

— Ад выпускнога свята дачка адмовілася, — кажа 44-гадовы Барыс. — Бо калектыву, сяброўства ў іх класе не склалася. Маша кажа, што дзяўчынкі толькі і абмяркоўваюць, хто бярэ сукенку напракат, хто купляе фірменную, а хто шукае ў сэкандах. Дзяўчаты збіраюцца рабіць стрымы з салонаў прыгажосці. Увогуле, атрымліваецца нейкі кірмаш ганарыстасці, у якім дачка не жадае прымаць удзел. Фінансавых праблем у сям'і няма, так што гэта яе свядомы выбар.

Па сабе магу сказаць, што відэакасету з майго выпускнога не пераглядаў ні разу. У мяне ёсць адзін сябар са школьнага часу, але пра той час амаль і не ўспамінаем.

Усе ўткнуцца ў смартфоны

— Сын заявіў, што не пойдзе на неафіцыйную частку выпускнога, — наракае Ніна Уладзіміраўна. — Калі шчыра, дык дорага ўсё гэта каштуе, але неяк бы выкруціліся. А сын кажа: «Мама, забудзься, што на выпускным танцуюць. Нашы ўсе ўткнуцца ў смартфоны і будуць сябрам слаць сэлфі. Моладзь ужо развучылася размаўляць, толькі ў месенджары пішуць».

Бацькоўскі камітэт цісне на ўсіх, хто адмовіўся ад неафіцыйнай праграмы. Старшыня кажа: маўляў, дрэнна выхоўваеце дзяцей, калі яны самі вырашаюць, ісці на выпускны ці не.

У нас не пытаюцца

— З пачатку навучальнага года ў нашым класе ўсе бацькі стаялі «на вушах» з-за выпускнога. Але ведаеце, у чым праблема? Яны нават не пытаюцца: а што нам цікава? Праўда, мае бацькі, як і яшчэ трох аднакласнікаў, — выключэнне, — кажа выпускніца школы Каця. — Мама расказвала, што многія хацелі зладзіць дзецям гламурнае свята з лімузінамі, фотазонамі і іншымі прыбамбасамі. А навошта лімузіны? Для перамяшчэння ў кафэ ў крокавай даступнасці ад школы? Увогуле, гламурную праграму не падтрымалі. Пакінулі вядучага, кавер-групу і пачастунак у школьнай сталовай — вырашылі наняць кейтэрынг, каб не мамы з бутэрбродамі бегалі.

Сукенку я знайшла сабе напракат, прычым усяго толькі за 55 рублёў. Да яе мая хросная дала вельмі прыгожы камплект біжутэрыі. А вось туфлі — бэжавыя лодачкі за 150 рублёў вырашылі купіць, яны мне і пазней спатрэбяцца. Манікюр буду рабіць у звычайнай цырульні каля дома. Не разумею дзяўчынак, для якіх прынцыпова наведаць дарагі салон. Не магу сказаць, што ў нашай сям'і мэта эканоміць на праграме вечара ці маім знешнім выглядзе, проста мы падышлі да гэтага пытання рацыянальна.

Змяніць звыклы фармат

— Тое, што бацькі складаюць праграму выпускнога, я б сказала, заканамерны і чаканы вынік. Як рэальна праходзіць працэс навучання? На працягу ўсіх 11 гадоў бацькі самі сябе абавязваюць вучыцца разам з дзіцем, — кажа сямейны псіхолаг Таццяна Шаранда. — Таму ні пра якую самастойнасць не можа быць і гаворкі. Такі клопат фарміруе ў падрастаючага школьніка стан вывучанай бездапаможнасці — няздольнасць самастойна вырашаць нават тыя задачы, якія лёгка паддаюцца рашэнню.

Што да «кірмашу ганарыстасці», то спецыяліст адзначае: хочам мы таго ці не, але працэс параўнання заўсёды суправаджае наша жыццё. У падлеткаў ён носіць у нейкай ступені празмерны характар, і гэтую празмернасць можна аднесці да ўзроставай нормы. Навучыць падлетка ў адно імгненне не рэагаваць на «адрознасць» немагчыма і нават шкодна. Аднак бацькам трэба з ранняга дзяцінства ставіць перад дзецьмі тыя каштоўнасныя арыенціры, якія ў далейшым дапамогуць ім спакойна пражываць такія «кірмашы».

— Ад тых ці іншых мерапрыемстваў мы і самі адмаўляемся, калі нам нецікава, калі дакладна разумеем, што гэта проста страчаны час, — працягвае Таццяна Шаранда. — Яшчэ адна сур'ёзная прычына: аднакласнікі могуць выклікаць дыскамфорт і раздражненне.

Адмовы ад нефармальнай часткі выпускнога, як правіла, няма там, дзе сфарміраваны станоўчы псіхалагічны клімат у класе, які выклікае ў падлетка неабыякавасць як да працэсу вучобы, так і да зносін. Цікава выпускнікам будзе тады, калі неафіцыйная частка зменіць свой звыклы фармат, стане крэатыўнай, насычанай, калі выпускнікі самі распрацуюць новы падыход і новае бачанне апошняга школьнага вечара.

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.