Вы тут

Спартсмены баксёры сталі гасцямі сустрэчы з падлеткамі на Гомельшчыне


У аздараўленчых лагерах Беларусі набірае абароты новы сезон рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху». Гэтым летам яна пройдзе ў больш чым 140 установах. На матывацыйных сустрэчах выступяць звыш ста спікераў: вядомыя журналісты, блогеры, спартсмены, вучоныя, ваенныя, артысты і іншыя беларусы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Карэспандэнт «Звязды» прыняла ўдзел у акцыі ў адной са здраўніц Гомельшчыны: паслухала, як падлеткі літаральна засыпаюць пытаннямі выступоўцаў і не жадаюць адпускаць цікавых гасцей.


У спартыўна-аздараўленчым лагеры «Кіравец», што ў Гомельскім раёне, у прызначаны час юнакі, дзяўчаты і іх выхавальнікі чакалі гасцей на пляцоўцы для культурна-масавых мерапрыемстваў. Здраўніца вядома ў рэгіёне тым, што спецыялізуецца на падрыхтоўцы юнацкага спартыўнага рэзерву — з году ў год на аздараўленне сюды прыязджаюць навучэнцы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Таму натуральна, што для падлеткаў вырашылі арганізаваць матывацыйную сустрэчу з маладымі, але ўжо знакамітымі беларускімі спартсменамі. Гасцямі сустрэчы сталі члены Нацыянальнай зборнай Беларусі па боксе — Юлія Апанасовіч і Мікіта Нагорны.

На пляцоўцы гасцей размясцілі такім чынам, каб кожны мог бачыць і задаваць пытанні запрошаным, чуць іх адказы. У такіх нефармальных абставінах госці распачалі сустрэчу з асабістых гісторый на шляху да поспеху.

У сакавіку гэтага года ў сталіцы Індыі Нью-Дэлі прайшоў чэмпіянат свету па боксе сярод жанчын. У паўфінальных паядынках прадстаўніца Беларусі Юлія Апанасовіч, якая выступае ў вазе да 52 кг, змагалася за выхад у фінал і выступала супраць кітаянкі Ву Ю. Юлія стала ўладальніцай бронзавага медаля чэмпіянату свету. Па ходзе спаборніцтваў у Нью-Дэлі беларуска паслядоўна перамагла спартсменак з Румыніі, Узбекістана, Непала.

Так пра свае крокі да поспеху ў спорце расказала майстар спорту міжнароднага класа, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па боксе, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы па боксе сярод жанчын 2019 года, чэмпіёнка Беларусі па боксе, шматразовая пераможца і прызёр міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў Юлія Апанасовіч. 26-гадовая спартсменка родам з Брэсцкай вобласці, але цяпер жыве і трэніруецца ў Гомелі.

«Як спраўляцца з хваляваннем перад боем? Ці ёсць пэўныя рытуалы ў баксёраў? Ці слухаюць музыку перад выхадам на рынг?» — пыталіся падлеткі ў Юліі і баксёра Мікіты Нагорнага. Задавалі шмат і жыццёвых пытанняў.

Якая ў цябе любімая музыка? Што самае незвычайнае з ежы ўдалося паспрабаваць на спаборніцтвах за мяжой? Як адпачываеш пасля збораў? Падлеткі звярталіся да гасцей як да роўных. Задавалі пытанні пра хатніх гадаванцаў, пра спартыўныя траўмы і аднаўленні пасля іх, пра асабістыя рахункі накдаўнаў і накаўтаў.

— Вельмі крута, што дзецям цікава і ў іх ёсць пытанні, — падзялілася Юлія Апанасовіч.

Мікіта Нагорны, аказалася, у юнацтве летам часта аздараўляўся і трэніраваўся менавіта ў спартыўна-аздараўленчым лагеры «Кіравец».

— У бокс прыйшоў толькі ў 16 гадоў, — расказаў 20-гадовы спартсмен. — Цяпер усё больш і больш звяртаецца юнакоў. Дзялюся інфармацыяй, дзе можна знайсці трэнера, каб вызначыць, ці ёсць здольнасці да бокса. Буду рады, калі пасля падобных сустрэч падлеткі натхняцца маім прыкладам. З задавальненнем падзялюся патрэбнымі кантактамі і дам парады ў плане трэніровак.

Мікіта актыўнае спартыўнае жыццё сумяшчае з вучобай. Малады чалавек — студэнт трэцяга курса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, а таксама прадстаўляе Гомельскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу прафсаюзаў «Алімп-2015».

У мінулым годзе гомельскі баксёр заваяваў бронзавы медаль маладзёжнага чэмпіянату Еўропы, які праходзіў у Чарнагорыі. У гэтым годзе падчас фінальнага этапу Адкрытага турніру па боксе ў гонар Дня Перамогі ў Гомелі Мікіта Нагорны быў узнагароджаны спецыяльным прызам «Кубак за волю да перамогі». Узнагароду малады чалавек атрымаў з рук Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барыса Грызлова.

Госці паказалі дзецям узнагароды, якімі асабліва ганарацца, расказалі, на якіх стартах іх заваявалі. Асабліва кранальнай часткай сустрэчы стала фатаграфаванне з гасцямі. Хлопчыкі, дзяўчынкі і іх педагогі дзяліліся ўражаннямі і фота, якія ўжо мараць паказаць на старонках у сацыяльных сетках.

— Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў мерапрыемстве ў такім жывым фармаце сустрэчы з дзецьмі. У нашым дзяцінстве нічога падобнага не праводзілі. Прыемна, што ўсім сапраўды было цікава, — падсумавалі спартсмены.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».