Вершамі паэта з Салігорска Хведара ГУРЫНОВІЧА адкрываецца сёлетні чэрвеньскі нумар часопіса «Полымя». Шэсць твораў увабрала паэтычная падборка прызнанага майстра вершаскладання: «Сонца ўзыходзіць», «Дуплет», «Першы снег» (зімовы пейзажны твор мае і прысвячэнне: «Алесю Марціновічу»), «Балада пра ваўка», «Плугі», «На сенакосе». «Бярозы — як пустыя церамы,/ Як воблакі з’інелыя — на ўзбочынах./ І ціхі поступ ранняе зімы/ У царства чорна-белае сарочае./ Усе галіны ў срэбранай красе — / У гэткім ззянні, што вачам не вынесці./ На кожную былінку снег асеў, / Нібыта цукар, што падмок ад сырасці...» («Першы снег»). Прырода, чалавек у зносінах з лесам, лугамі, рэкамі, азёрамі — традыцыйныя матывы ў паэзіі Хв. Гурыновіча. І гэтым яго вершы і паэмы заўсёды прыцягальныя.
З вершамі ў чэрвеньскім нумары «Полымя» выступаюць таксама Іна ФРАЛОВА, Змітрок МАРОЗАЎ, Валянціна ПАЛІКАНІНА (яна піша на рускай мове, а яе творы для часопіса пераклала Надзея МОМЛІК).
З празаікаў часопіс прадстаўляе Алеся КАЖАДУБА (друкуецца заканчэнне яго рамана «Партрэт»), Віктара ВАРАНЦА (змешчана апавяданне з вострым дэтэктыўным сюжэтам — «Лета для настаўніка»), Міледзій КУКУЦЬ (жанр свайго празаічнага твора «Пацалунак мядзведзіцы» аўтар вызначыў як «Быль»).
У раздзеле «Навуковыя публікацыі» — артыкул кандыдата філалагічных навук Уладзіміра ЧАРОТЫ «Пра дасведчанасць Максіма Танка ў італьянскай літаратуры», кандыдата філалагічных навук Ганны НАВАСЕЛЬЦАВАЙ «Мастацкае ўзнаўленне змястоўнай формы гатычнага рамана і рамана-хорару ў сучаснай беларускай прозе». У полі зроку Г. Навасельцавай — творчасць Л. Рублеўскай і А. Хацкевіча.
Пачынае «Полымя» ў раздзеле «Памяць» публікацыю гістарычнай хронікі Віктара ЕРМАЛОВІЧА «Трагічны 41-ы год». Змешчана ў часопісе і прыпавесць Уладзіміра ЛІПСКАГА «Вочы яго душы...» (пра знакамітага беларускага фотажурналіста Юрыя Іванова). Пра дароўныя надпісы Уладзіміра Караткевіча, адрасаваныя Янку Брылю, — у артыкуле вядомага караткевічазнаўцы Пятра ЖАЎНЯРОВІЧА («Ад нястомнага вандроўніка і працаўніка — нястомнаму вандроўніку і працаўніку»).
Дарэчы, яшчэ доўжыцца падпіска на газетную і часопісную перыёдыку на другое паўгоддзе. Не позна падпісацца і на «Полымя».
Кастусь ЛЕШНІЦА
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.