Вы тут

Таццяна Купрыянец: «Тэма вайны чырвонай ніткай праходзіць праз маю творчасць»


Каб адчуць, да якой будучыні ідзе Беларусь, трэба глядзець на яе моладзь: што яе цікавіць, якія каштоўнасці для яе істотныя? Бо самая яркая і рамантычная пара жыцця шмат у чым закладвае арыенціры і прынцыпы, зыходзячы з якіх чалавек будзе будаваць свой лёс і вызначаць шлях краіны. Сённяшняя суразмоўніца Таццяна Купрыянец — дзяўчына надзвычай неардынарная. Напэўна, такіх адзінкі. Але з такіх адзінак утвараюцца дзясяткі ці сотні, калі ўзяць пад увагу актыўнасць Таццяны ў рабоце з аднагодкамі ды дзецьмі. Таму цікава зразумець: што яна носіць у душы? Пераможца рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных конкурсаў, уладальніца прэміі «БелБрэнд-2016» у намінацыі «Паэзія» па выніках конкурсу «Таленты Беларусі»... А яшчэ яна была лаўрэатам прэміі міністра абароны Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва ў намінацыі «Творы прозы і паэзіі» (за 2018 і 2019 гады)... Усё гэта дзіўна, асабліва таму, што скончыла Таццяна фізічны факультэт БДУ... Як фізік спалучаецца з лірыкам у адной асобе?


— Яшчэ ў школе я спрабавала нешта пісаць, але не надавала сур'ёзнага значэння таму, што атрымлівалася. А калі вучылася на чацвёртым курсе, выпадкова ўбачыла аб'яву аб конкурсе «Славянскі калейдаскоп». Вырашыла паўдзельнічаць. У мяне было некалькі вершаў, якія не сорамна даслаць на конкурс. І раптам мяне запрасілі на цырымонію ўзнагароджання... А калі пры Фундаментальнай бібліятэцы БДУ стварыўся Клуб аматараў мастацкага слова «КЛУмБа», я там, можна сказаць, прапісалася. Успрымаю гэтых людзей як сваю другую сям'ю. Мы праводзілі літаратурныя мерапрыемствы і дзяліліся адзін з адным сваімі вершамі, досведам. Многія ўдзельнікі сталі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. І мяне заўважылі: неўзабаве Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення, прапанаваў стаць сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Падштурхнулі выдаць першы зборнік, у якім каля 40 вершаў, ён называўся «Водгукі памяці». Так пачалося маё літаратурнае жыццё, нягледзячы на тое, што вучылася я на фізфаку БДУ.

— А ў жыцці вы рэалізаваліся ў якасці фізіка ці ў якасці лірыка?

— З аднаго боку, мне падабаецца мая спецыяльнасць — фізіка, матэматыка. Але я цяпер з ёй не звязаная. А называць сябе паэтам, з майго боку, было б даволі смела. Хутчэй, я проста гэтым жыву. Але ў мяне ёсць яшчэ адно захапленне — ваенная справа. Так атрымалася, што ў 2021 годзе я паехала на фестываль «Александрыя збірае сяброў». Палатка Саюза пісьменнікаў Беларусі стаяла побач з палаткай клуба «Будзем памятаць». Мы пазнаёміліся, а праз некаторы час я прыйшла ў клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, на базе якога ўзнікла гісторыка-патрыятычнае грамадскае аб'яднанне «Будзем памятаць». Я адносна нядаўна ўлілася ў гэтую сферу, летась упершыню брала ўдзел у рэканструкцыі — быў шквал эмоцый. Усім вельмі раю адчуць сябе на месцы байцоў, якія баранілі нашу зямлю. Я бяру актыўны ўдзел у розных праектах аб'яднання, у асноўным па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Праводжу так званыя паэтычныя ўрокі мужнасці ў школах, бібліятэках. Не толькі чытаю свае вершы, але імкнуся гутарыць з дзецьмі аб тым, што было падчас Вялікай Айчыннай. У мяне ёсць ваенная форма тых часоў, і калі прыходжу ў ёй да дзяцей, дык зусім іншае ўспрыманне. У іх у памяці застанецца гэтая выява, і, можа быць, яны задумаюцца аб чымсьці.

У Беларусі насамрэч сур'ёзная ваенная гісторыя, можна пра розныя войны расказваць. Мы гаворым і аб Першай сусветнай вайне, спрабуем акунуцца ў тую эпоху. Таму што Вялікая Айчынная ў нейкай ступені стала працягам Першай сусветнай, калі ішоў перадзел свету. У нас розныя праекты. Да нас у аб'яднанне прыходзяць і дзеці, якія хочуць больш даведацца пра гісторыю. Мы ездзім па школах з прэзентацыямі ад аб'яднання, дзе выступаюць яго кіраўнікі, а я чытаю вершы. Адзін з іх прысвечаны спаленым вёскам Беларусі.

— У нашай краіне складана знайсці сям'ю, якая не пацярпела б падчас вайны...

— Сярод маіх сваякоў, на шчасце, не было такога, каб кагосьці мы страцілі беззваротна. Але мой дзядуля па татавай лініі прайшоў усю вайну, яго батарэя базіравалася пад Ленінградам і ўступіла ў бой на сёмы дзень вайны. Зенітчыкі прыкрывалі Паўночную чыгуначную магістраль. Гэта адзіная магістраль, якая забяспечвала Дарогу жыцця, па ёй падвозілі жыццёва важныя грузы. Дзядуля дайшоў да Берліна, там сустрэў Перамогу.

— Звычайна дзяўчаты пішуць пра каханне, прыроду, прыгажосць. Як вы вырашылі, пра што будзеце пісаць?

— Вершы і пра каханне, і прыроду ў мяне таксама ёсць. Але менавіта тэма вайны чырвонай ніткай праходзіць праз маю творчасць. Я з дзяцінства цікавілася ёй. У нас вельмі багатая і драматычная гісторыя, якая ўва мне адгукаецца. Я нібыта адчуваю, што адбывалася ў тыя часы. Мне цікава, чым жылі людзі да нас — 50, 80, 100 гадоў таму і яшчэ раней. Мне падаецца, што важна гэта разумець. А калі пачала займацца вайсковай рэканструкцыяй, то зразумела, наколькі мы насамрэч мала ведаем нават пра тое, што было, калі нарадзіліся, а тым больш пра тое, што адбывалася тут у папярэднія эпохі. Напрыклад, падзеі Вялікай Айчыннай былі не недзе там, а на нашай зямлі. І я лічу, што любы чалавек, які пра гэта задумваўся, адчувае сябе часткай прасторы, дзе мінулае нібыта звязваецца з сучаснасцю.

Мой першы асэнсаваны верш пра вайну — «Я пайду». Менавіта з ім я стала лаўрэатам конкурсу. Натхнялася творчасцю іншых людзей: шмат чытала пра вайну, у тым ліку паэзію, слухала музыку.

— Раней казалі, што найбольш моцна пра вайну пішуць тыя, хто праз яе прайшоў...

— Я не лічу ганебным, калі людзі, якія не ўдзельнічалі ў войнах, выказваюць сваё меркаванне і сваё стаўленне да тых падзей. Ці будзе яно праўдзівым? Стараюся імкнуцца да дакладнасці, каб у вершах не было гістарычных ляпаў, як, напрыклад, гэта бывае ў шматлікіх фільмах. Іншымі словамі, каб пісаць пра вайну, трэба як мінімум ведаць матчастку: гісторыю, падзеі, якія адбываліся.

Зразумела, што час ідзе, і пра Вялікую Айчынную ўжо хутка не будзе каму з відавочцаў, на жаль, расказаць. А як гэта далей перадаваць, калі ніхто не будзе пісаць, зыходзячы з той устаноўкі, што мы ж не ваявалі?.. Мы можам проста страціць памяць.

— А як вы зразумелі, што можаце пісаць вершы?

— У мяне ўсё здарылася само сабой. Мусіць, прыходзіць часам нейкае натхненне, калі разумееш, што трэба тэрмінова запісаць радкі, у якія складаюцца думкі. І калі ўжо ўцягваюся ў гэты працэс, то нараджаюцца вершы.

— Наколькі важна для пачаткоўца, каб быў нехта збоку, хто дапаможа ацаніць верш?

— Я сама збольшага магу ацаніць верш, які атрымаўся. У мяне ёсць каханы чалавек, якому я ў першую чаргу перасылаю вершы, каб ён даў ацэнку з боку. Шмат у чым мне дапамог удзел у клубе аматараў мастацкага слова «КЛУмБа». Мы выдаём студэнцкі літаратурна-мастацкі альманах «аБДУмана», ужо выйшлі тры выпускі, два з іх рэдагавала я. Мне падабаецца працаваць з таленавітай моладдзю. Дарэчы, дасылаюць свае творы прадстаўнікі розных факультэтаў, не толькі гуманітарных — эканамічнага, прыкладной матэматыкі, хімічнага, будучыя эколагі... Мы стараемся друкаваць найлепшае. Наогул для мяне галоўнае — сэнс. І ў вершах, якія дасылаюць, і ў сваіх. На людзі імкнуся выносіць толькі добрыя вершы.

— На якой мове пішаце?

— Ёсць некалькі вершаў на беларускай мове. Натхненне прыходзіць звычайна па-руску. Але па-беларуску таксама свабодна магу размаўляць. Складана бывае з тэрміналогіяй...

— А вы ў вершах тэрміналогію выкарыстоўваеце?

— Мне нават казалі, што для абывацеля, які можа чытаць мае вершы, у мяне тэрмінаў зашмат. У маім другім зборніку «Дом з белай цэглы» ёсць такія вершы. У ім чатыры раздзелы: вершы, прысвечаныя дзіцячым успамінам, грамадзянская і філасофская лірыка. Вершы на ваенную тэму — самы шырокі раздзел. Калі пішу на гэту тэму, то не ўяўляю, як абысціся без тэрмінаў. Але вершы на ваенную тэму бываюць розныя: ёсць пра памяць, а ёсць сітуатыўныя — што адбываецца з байцом, з лётчыкам, з танкістам, які трапіў на вайну. Ёсць у мяне верш, калі расповед ідзе ад імя танка, — я сябе не абмяжоўваю. Вядома, выкарыстоўваюцца тэрміны, таму даводзіцца нават рабіць зноскі. Лічу, што, калі чалавек будзе чытаць верш, ён можа дадаткова пра нешта даведацца.

Бывала такое, што я ў плыні натхнення шукаю патрэбнае слова і звяртаюся па дапамогу да каханага чалавека, які ў зброі разбіраецца значна лепш, чым я: «Якая ёсць дэталь танка ў тры склады з націскам на другі?»... Тады думаем разам.

— Паэзія цяпер вельмі розная. Ці сочыце вы за сучасным паэтычным светам — яго формамі, стылямі? Як працуеце над сабой?

— Я пішу як пішацца. Хутчэй душою. Але думаю, каб гэта было прыгожа. Каб верш чапляў. А каб спецыяльна вывучаць дзеля гэтага тэорыю літаратуры, такога не было. Ну і калі мне нешта трэба, я магу, як і ўсе, спытаць у гугла. Я ж не стаўлю за мэту стварыць верш пра зброю з тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі, калі пішу пра байца, які страляе з вінтоўкі. Але зразумела, што трэба ўяўляць, як робіцца стрэл з гэтай самай вінтоўкі...

— А штосьці для душы?

— Я не моцна схільная да рэфлексіі, таму філасофскай лірыкі ў мяне няшмат. Але мяне хвалюе наша будучыня: якія людзі прыйдуць пасля нас? Хочацца, каб гэты свет быў добры і чысты.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.