Вы тут

Ва Уздзенскім раёне праходзіць комплекснае вучэнне МНС


Ратавальнікі ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады адпрацавалі дзеянні па ліквідацыі надзвычайных сітуацый і правядзенні мерапрыемстваў па абароне насельніцтва ад надзвычайных сітуацый у мірны час.


Згодна з легендай першага практычнага этапа, у выніку моцнага дажджу адбыўся падмыў плаціны на Лашанскім вадасховішчы з частковым яе разбурэннем. У зоне затаплення маглі апынуцца 103 домаўладанні ў садовым таварыстве «Сасна». Падчас прарыву вады на дамбе недалёка ад берага перавярнулася лодка з рыбаком. Аператыўна было праведзена выязное пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях. Насельніцтва апавясцілі аб той сітуацыі, што ўзнікла. 

Рыбака, які цярпеў бедства на вадзе, выратавалі работнікі Лашанскага выратавальнага паста Таварыства ратавання на водах, а дапамагалі ім ратавальнікі. Эвакуацыйная камісія пры Уздзенскім райвыканкаме пачала работы па часовым адсяленні насельніцтва з зоны магчымага катастрафічнага затаплення ў пункты прыёму, мерапрыемствы па ахове домаўладанняў і маёмасці часова адселенага насельніцтва. Разбураныя месцы дамбы былі адноўлены з выкарыстаннем аб’ектавага рэзерву матэрыяльных рэсурсаў.

Падчас другога практычнага этапа ратавальнікі разам з супрацоўнікамі ўнутраных спраў прымалі ўдзел у ліквідацыі дарожна-транспартнага здарэння, да якога прывяло падзенне дрэў. У ДТЗ трапілі аўтобус і легкавы аўтамабіль. Дзевяць чалавек, якія знаходзіліся ў аўтобусе, уключаючы вадзіцеля, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У легкавым аўто пацярпелы знаходзіўся без прытомнасці. Утварыўся затор, з-за якога спыніўся рух аўтатранспарту ў абодвух напрамках.

Прадстаўнікі службаў, задзейнічаных у ліквідацыі наступстваў ДТЗ, адрэгулявалі дарожны рух, вызначылі аб’язныя маршруты. Усім пацярпелым была аказана неадкладная медыцынская дапамога, арганізавана іх транспарціроўка ў лячэбныя ўстановы. Кіроўцу легкавога аўто дэблакіравалі і таксама накіравалі ва ўстанову аховы здароўя. Аператыўна была праведзена расчыстка дарожнага палатна ад паваленых дрэў.

На практычным этапе пад нумарам тры адпрацоўвалася ліквідацыя ляснога і тарфянога пажараў. Па легендзе, у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Уздзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ад грамадзяніна, які праязджаў, паступіла паведамленне аб гарэнні некалькімі ачагамі сухой расліннасці ў раёне аграгарадка Слабада плошчай каля 0,5 га. Існавала пагроза распаўсюджвання пажару на тарфянішчы і размешчаныя побач лясны масіў і населены пункт. Сітуацыю ўскладняў моцны вецер: адбывалася распаўсюджванне гарэння на вялікія плошчы, прагназавалася зацяжное тушэнне торфамасіву.

У самыя кароткія тэрміны былі прыцягнуты сілы і сродкі ААТ «Асілак», РСУП «Саўгас «Гарадок», Уздзенскага лясгаса і Уздзенскага раённага аддзела па НС, іншых аварыйных службаў, арганізавана работа службы гандлю і харчавання. Лясны і тарфяны пажары былі аператыўна ліквідаваны.

Праявілі свой прафесіяналізм ратавальнікі ва ўзаемадзеянні з іншымі службамі і падчас аднаўлення даху малочнатаварнай фермы і лініі электраперадач, пашкоджаных дрэвам, якое ўпала. А пры ўмоўным выяўленні пры правядзенні земляных работ невядомага жывёламагільніка быў адпрацаваны алгарытм дзеянняў пры супрацьэпізаатычных, супрацьэпідэмічных і каранцінных мерапрыемствах.

Падчас другога дня комплекснага вучэння па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароне ратавальнікі разам з іншымі кампетэнтнымі службамі аднавілі водазабеспячэнне, без якога на некаторы перыяд засталася Узда, а таксама ліквідавалі пашкоджаны газаправод. Акрамя таго, супрацоўнікі МНС ва ўзаемадзеянні з іншымі спецыялістамі наладзілі лініі сувязі цэнтра аператыўнага ўпраўлення Уздзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія былі пашкоджаны ў выніку крызіснай сітуацыі. 

Згодна легендзе яшчэ аднаго практычнага этапа, пры разгрузцы паштовых адпраўленняў у будынку Уздзенскага ўчастка паштовай сувязі, размешчаным у горадзе Узда, быў знойдзены канверт з невядомым сыпкім рэчывам. Неўзабаве ў супрацоўнікаў участка пагоршылася самаадчуванне, з’явіліся ванітавыя рэфлексы. Пасля экстранага абвяшчэння насельніцтва аб прэвентыўных мерах бяспекі былі праведзены адпаведныя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Спецыялісты Уздзенскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі забяспечылі аператыўнае рэагаванне на наяўную сітуацыю і папярэдзілі магчымыя негатыўныя наступствы для насельніцтва.

Падчас вучэння ратавальнікі, а таксама іншыя службы ў каторы раз прадэманстравалі свой прафесіяналізм. Вядома, лепш, каб надзвычайныя сітуацыі ўвогуле не ўзнікалі, але калі такое і адбудзеца, то можна быць упэўненымі ў тым, што ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях годна вытрымае экзамен на трываласць.

Вераніка КАНЮТА

Фота: прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.