Вы тут

Больш як 450 работ былі прадстаўлены на «Арт-Мінску — 2023»


Гэтым разам мы павінны былі гаварыць пра вынікі фестывалю «АртМінск», якія арганізатары планавалі падвесці 18 чэрвеня. Здавалася б, выстаўка на галоўнай пляцоўцы доўжыўцца больш за месяц, фармат работы Палаца мастацтва, які штогод прымае фэст, цалкам скіраваны на актыўнага наведвальніка — без выхадных. Да таго ж «Арт-Мінск» падразумяваў актыўнасці падчас «Ночы музеяў» і экскурсіі, якія таксама прыцягвалі вялікую колькасць аматараў мастацтва, ахвотных да тлумачэнняў і каментарыяў да твораў сучасных беларускіх аўтараў. І вось навіна — апошні дзень работы фествалю — 25 чэрвеня. Таму пакуль нам застаецца толькі разважаць пра асаблівасці маштабнай выстаўкі і думаць-гадаць аб сімпатыях гледачоў, часам плацежаздольных: на некаторых этыкетках пазначана, што работа куплена ці забраніравана.


Алеся Скарабагатая «Хрустальны туфлік», 2023 г.

200 мастакоў Беларусі, вядомых і пачаткоўцаў, прадставілі свае работы на «Арт-Мінску — 2023». Сёлета на фестываль паступіла больш за тысячу заявак і тры тысячы работ, з якіх журы адабрала больш як 450 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дыкаратыўна-прыкладнога мастацтва... Традыцыйна некаторыя аўтары атрымаюць дыпломы і прызы партнёраў праекта па выніках галасавання гледачоў. У арганізатараў ёсць спадзяванні, што публіка гэтым разам ацэніць у тым ліку творы маладых мастакоў, а таксама пачаткоўцаў, якіх на выстаўцы ў Палацы мастацтва вельмі шмат. Аднак, калі не ведаць аўтараў асабіста і не мець інфармацыі пра іх узрост, зрабіць гэта вельмі складана. Хто возьмецца сцвярджаць, што Юлія Цярэшка, якая працуе ў складанай тэхніцы, яшчэ толькі ў пачатку творчага шляху? Ці лёгка ўгадаць, як хутка звярнула на сябе ўвагу маладая акварэлістка Марыя Сыракваш? Хто здольны вызначыць узрост Усевалада Швайбы, магутнасць думак якога здзіўляе і захапляе? А колькі гадоў дагэтуль незнаёмай многім Зоі Літвінавай, якая на працягу дзесяцігоддзяў здольная ўражваць выдатнымі ідэямі і майстэрствам іх ажыццяўлення? З гэтага вынікае пэўная амбівалентнасць. З аднаго боку, арганізатары надзвычай уважлівыя да моладзі і яе памкненняў (апроч іншага, пра гэта гаворыць арганізацыя выставачнай прасторы), з іншага — адчуваецца іх імкненне заблытаць гледача, прадэманстраваць, на што здольны мастак незалежана ад узросту, адцягнуць увагу ад творчага вопыту таго ці іншага аўтара.

Куратарам «Арт-Мінска», арганізаванага Беларускім саюзам мастакоў пры падтрымцы «Белгазпрамбанка», выступае Аляксандр Зінкевіч. Ён стаў адным з тых, хто пракладваў персанальныя маршруты па залах выстаўкі падчас экскурсій. Абмінуць увагай яго заўвагі, каментарыі, а таксама, натуральна, прыхільнасці немагчыма і няправільна. 

Аляксандр Барташкевіч «Марская дарога», 2023 г.

Персанальную экскурсію Аляксандр Зінкевіч пачынае з творчасці Зоі Літвінавай, якой сёлета споўніцца 85 гадоў. У экспазіцыі змешчана некалькі яе бездакорных кампазіцый. Найбольш актуальнымі падаюцца «Міратворыца» (2019) і «Абуджэнне» (2022), якія валодаюць надзвычайнай жыццядайнай сілай, што вабіць і прымушае адмовіцца ад усяго непатрэбнага, небяспечнага, злога. 

Ад аднаго класіка Аляксандр Зінкевіч пераходзіць да другога — Валянціна Губарава. У экспазіцыі ёсць толькі адна работа славутага творцы — «Які цудоўны гэты свет, паглядзі!» (2023), аўтапартрэт (далей мы робім здагадку) з жонкай. Назва, верагодна, адсылае да знакамітай савецкай песні. «Гэта ўнікальны мастак, — расказвае куратар „Арт-Мінска“. — Кожная дэталь работы — паказчык яго светаадчування. Пра кампазіцыйныя рашэнні мастак думае ў апошнюю чаргу. Перакананы, калі б такой мадэлі творчасці прытрымліваўся іншы мастак, сучасны або тагачасны крытык ад яго каменя на камені не пакінуў бы. Але калі карціна напоўнена эмацыянальным зместам, калі аўтар — цэльная асоба, тады яго творы не меней прыцягальныя, чым у такога дасканалага жывапісца, як Зоя Васільеўна». 

Вельмі шмат увагі Аляксандр Зінкевіч аддаў тэме рознабаковасці маладых мастакоў, іх смеласці, адкрытасці новым кірункам, стылям, матэрыялам. У ліку прыведзеных прыкладаў — творчасць Ганны Дыдышкі, якая займалася мастацкім тэкстылем, пазней перайшла да скульптуры, а цяпер спрабуе сябе ў жывапісе. Сярод прадстаўленых ёй работ — «Водар успамінаў» (2023), «Поўдзень» (2023), «Позняя раніца» (2023). Усё гэта надзвычай яркія работы, насычаныя сакавітымі колерамі. Такіх фарбаў патрабавалі самі кампазіцыі — кветкі, ягады, выяўленыя даволі нясціпла, маштабна, здаецца, нічым, акрамя самой сакавітасці, не дзеляцца. Аднак такая знарочыстая дэкаратыўнасць выклікае цікавасць і, як ні дзіўна, прымушае задумвацца: а як жа аўтар працуе без гэтага колеру ў скульптуры, чым вылучаецца тэкстыль Ганны Дыдышкі? 

Антон Шапо «Love, death, tattoo 2», 2022–2023 гг.

Такія вялікія фестывалі, як «АртМінск», заўсёды суправаджаюць дыскусіі, у тым ліку знаўцаў — куратараў, галерэйшчыкаў, выкладчыкаў, наконт мастацкага ўзроўню некаторых работ. Так, для кагосьці нашумелы праект з запрашэннем у «пакой роздумаў», які нечым здзівіў безліч гледачоў, многім падасца абсалютна бессэнсоўным. Што ўжо казаць пра даволі трывіяльныя пейзажы, з аднаго боку, мілыя, натуральныя, пазнавальныя, з іншага — нудныя і незапамінальныя; без іх, здаецца, нікуды. Не чапляюць шырокую аўдыторыю і разнастайныя запазычанні і адсылкі, часам нават дасціпныя. Хапае на выстаўцы твораў, якія не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі — гэта проста прыемныя карцінкі; яркі прыклад — серыя «Каляды» (2022) Андрэя Бялова. Пра неабходнасць той ці іншай работы, а значыць, пра выбар куратараў, разважае Аляксандр Зінкевіч: «Задача мастацтва — выклікаць эмоцыі, дыяпазон якіх вельмі шырокі. Поруч з захапленнем класічным жывапісам ідзе неразуменне абстрактнай работы. А разам з імі — замілаванне ад несур’ёзных твораў. Такім чынам, чалавек, які наведаў выстаўку, атрымлівае безліч эмоцый. Іншая справа, што эмацыянальнага сфера кожнага чалавека значна адрозніваецца». 

Валянцін Губараў «Які цудоўны гэты свет, паглядзі!», 2023 г.

Падчас экскурсіі ішло абмеркаванне творчасці шматлікіх жывапісцаў і графікаў, пераважна тых, хто сёння на слыху: Валерый Славук, Фёдар Шурмялёў, Алесь Багданаў, Фёдар Бажын, Аляксандр Барташэвіч... Скончылася вандроўка па «Арт-Мінску» чуллівым расповедам — Аляксандр Зінкевіч выказаўся наконт творчасці свайго бацькі Уладзіміра Зінкевіча, знакамітага жывапісца. Аднак галоўная цікавостка экскурсіі — гутарка пра галоўную зорку сталічных фестываляў — Алесю Скарабагатую. Куратар са спагадай адзначае: «Гэта шчаслівы і адначасова няшчасны чалавек. Яна задала такую планку, што з тэхнічнага пункта гледжання гэтай маладой мастачцы расці складана. Ад майстэрства, філіграннасці, ілюзорнасці ёй варта пераходзіць да зместу і гульні з гледачом, ствараць для гледача гісторыі і расстаўляць пасткі. Дапаможа ў гэтым пераход да складаных кампазіцый. Ёй давядзецца запасціся вялікай колькасцю сюжэтаў». 

Сёння сказана дастаткова шмат ухвальнага і кампліментарнага пра аўтараў і арганізатараў феставалю «АртМінск», які, трэба заўважыць, чакаюць і на які ўскладаюць надзеі. Часам дарэмна — абмяркоўваць, ставіць пад сумненне, крытыкаваць ёсць што. Магчыма, нагода зрабіць гэта з’явіцца наступным разам, калі будуць абвешчаны вынікі «Арт-Мінска — 2023». 

Уладзімір Зінкевіч «Хваля I», 2023 г.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.