Вы тут

Як сямейная дынастыя фермераў мяняе да лепшага жыццё ў сваёй вёсцы


У Дзешчанцы, што на Уздзеншчыне, я апошнім часам была ў камандзіроўках па зваротах чытачоў двойчы. І абодва разы ад розных людзей чула адно і тое ж прозвішча — Лойка. Пра гэту сямейную дынастыю ўсе адгукаліся з павагай і ўдзячнасцю. І нядзіўна, бо мясцовыя фермеры не толькі думаюць пра ўласны дабрабыт, але і ўкладваюць нямала сіл, часу і грошай у развіццё малой радзімы. І плён навідавоку: сюды пераязджае жыць моладзь не толькі з Узды, але і з Мінска.

Сярод апошніх добрых спраў Лойкаў — прыборка стыхійнай звалкі і закладанне на яе месцы сквера з паркам камянёў, устаноўка сучаснага мемарыяла ў гонар спаленай фашыстамі вёскі Старына, памятных знакаў хлебу ды бульбе. Ідэйным куратарам гэтых праектаў быў у свае 80 з хвосцікам асабіста Вадзім Вікенцьевіч Лойка. На жаль, сустрэцца з ганаровым грамадзянінам Уздзеншчыны, неабыякавым да лёсу сваёй вёскі, я не змагла, бо ў той дзень, калі прыязджала, ён крыху прыхварэў. Але «вы не перажывайце, — супакоіў па тэлефоне, — сын і ўнук зараз падыдуць да помніка бульбе, яны пра яго і пра мяне ўсё ведаюць».


Звон, як у Хатыні

Перад тым, як пазнаёміцца з сынам і ўнукам Вадзіма Вікенцьевіча, старшыня Дзешчанскага сельвыканкама звазіў мяне на месца, дзе раней знаходзілася вёска Старына. Яна была цалкам спаленая фашыстамі разам з 47 мірнымі жыхарамі ў пачатку студзеня 1942 года. Пасля вайны так і не адрадзілася. Паводле слоў Уладзіміра Балцянкова, у памяць аб той страшнай трагедыі да нядаўняга часу стаяў стары, непрыглядны помнік. Два гады таму пры фінансавай і ідэйнай падтрымцы сям'і Лойкаў на яго месцы з'явіўся 26-тонны валун-абеліск. А побач з ім — мемарыяльны звон, трывожныя гукі якога нагадваюць, наколькі важна захаваць мір. Падобны, толькі большы, вісіць у Хатыні. «Дарэчы, маляўнічы валун Вадзім Вікенцьевіч сам адшукаў у лесе за некалькі кіламетраў адсюль. Ён амаль цалкам быў пад зямлёй, толькі верхавіна тырчала». Валун адкапалі, даставілі на месца сённяшняга мемарыяла і прымацавалі таблічку з памятным надпісам. Па перыметры ў якасці агароджы паставілі некалькі дзясяткаў адшліфаваных камянёў, а паміж імі высадзілі 90 елачак. Акрамя таго, насупраць мемарыяла заклалі ліпавую алею, як сімвал вечнага жыцця. Дарэчы, цяпер побач з гэтым месцам актыўна разрастаецца вёска Валодзькі.

Юрый і Ілья Лойкі з кнігай Вадзіма Вікенцьевіча «След на зямлі»  побач з адным з такіх «слядоў» — памятным знакам бульбе.

Тры святыні ў беларусаў: хлеб, соль, бульба на абрусах

І вось мы пад'язджаем да памятнага знака бульбе. У яго аснове таксама валун. Сімвалічна, што сам камень знайшлі на полі, дзе доўгі час вырошчвалася бульба.

«Дзешчанку называюць бульбяной сталіцай нашай краіны, — кажа сын Вадзіма Вікенцьевіча Юрый. — І тое не выпадкова, бо на тэрыторыі сучаснага аграгарадка доўгі час была славутая эксперыментальная база саўгаса імя Суворава, дзе вырошчвалася насенне для новых элітных сартоў бульбы. Тата кіраваў гэтай гаспадаркай амаль 30 гадоў. І ўжо на пенсіі заўважыў, што ў нашай краіне не аддадзена належная пашана бульбе, дзякуючы якой выжылі пасляваенныя пакаленні. Ён не па чутках ведае і часта згадвае, як вяскоўцы збіралі гнілыя, мёрзлыя «пышкі» на полі і тым самым ратаваліся ад голаду. Некалькі гадоў таму падчас чарговай хвалі настальгіі тата прапанаваў: «А давай насупраць школы (дзе, дарэчы, знаходзіцца адзіны ў нашай краіне Музей бульбы, рэпартаж з якога чытайце ў найбліжэйшых нумарах «Звязды». — Аўт.) усталюем памятны знак бульбе. Падабралі са старшынёй сельсавета годнае месца, выраўнялі пляцоўку і пачалі думаць, як ён мог бы выглядаць...»

Вадзім Лойка з сынам Юрыем.

«Мы з Вадзімам Вікенцьевічам вырашылі зрабіць аснову з валуна, бо помнікі з часам разбураюцца, а камень будзе стаяць вечна, — кажа старшыня сельвыканкама Уладзімір Балцянкоў. — Мала таго, што догляд яго мінімальны, дык і глядзіцца ён вельмі каларытна. А зверху на валун усталявалі кошык з бульбай, адліты з бронзы. Варыянты памятнаму знаку прапаноўвалі мясцовыя жыхары. Сярод іх і гіганцкі клубень, і дабрак-бульбаш у саламяным капелюшы. Але ў выніку большасць прагаласавала за поўны кошык бульбы, бо ён сімвалізуе дастатак у доме. А каб не згубіць гэты дастатак — падклалі пад яго ручнік з металу. У маім дзяцінстве хлеб заўсёды наразалі на ручніку, бо, не дай бог, крошка ўпадзе на падлогу! Гэта ж грэх. А бульба ж — наш другі хлеб. Хочам яшчэ ўдасканаліць гэты памятны знак, бо якая ж бульба без каларадскага жука (усміхаецца). Таму ў перспектыве, магчыма, адальём яго з металу і «пасадзім» дзесьці збоку на валун».

Пасля адкрыцця ўнікальнага памятнага знака ў Дзешчанцы пачалі штогод па восені ладзіць «Бульба-фэсты». І неяк сама сабой з'явілася мясцовая прыкмета. Кажуць, што калі пацерці бронзавы ручнік, то на стале заўсёды будуць хлеб, соль і, само сабой, бульба. «Прыедзьце ў Піцер, напрыклад, дык там усе падобныя помнікі зацёртыя на шчасце да бляску турыстамі, — кажа Уладзімір Балцянкоў. — Паколькі апошніх у нас пакуль не так шмат, трэба рабіць стаўку на сваіх людзей. Я ўжо казаў дзяўчатам з нашага цэнтра вольнага часу, што трэба не толькі для маладажонаў, але і для школьнікаў прыдумаць легенду: накшталт, калі 1 верасня пацерці ручнік, то год будзе багаты на добрыя адзнакі».

Менавіта па ініцыятыве Вадзіма Вікенцьевіча побач з памятным знакам бульбе сёлета пасадзілі яркія кветкі. Ён сам асабіста сочыць, каб іх пастаянна палівалі ды праполвалі, бо вельмі любіць парадак ва ўсім. І не праміне магчымасці праехаць на машыне па вёсцы. Яго любімая фраза: «Добры араты не той, хто арэ, а той, хто пасля любуецца сваёй працай». У гэтай народнай мудрасці закладзены глыбокі сэнс. Бо любавацца вынікам сваёй працы можна толькі тады, калі ўсё ад пачатку да канца зроблена дасканала, на сумленне.

«Тата якраз з кагорты такіх людзей, — усміхаецца Юрый. — Кажа, «еду па Дзешчанцы — цешуся тым, да чаго прыклаў руку, — і адчуваю сябе значна лепш». Гэта яго сакрэт энергічнасці і бадзёрасці духу». Калі заўважае, што нешта недароблена, адразу ж тэлефануе старшыні сельсавета (у іх склаўся добры тандэм і ўзаемаразуменне), каб падказаць, дзе яшчэ трэба навесці прыгажосць. І не проста падказвае, але і ахвотна дапамагае працоўнай сілай, тэхнікай і фінансава. Бо перакананы, што моцная гаспадарка павінна спрыяць якаснаму жыццю на вёсцы, паказваючы прыклад іншым. «Тата заўсёды, колькі сябе памятаю, — дадае Юрый Лойка, — задаваў сабе пытанне: «Чым я магу быць карысны людзям?» І нас, сваіх дзяцей і ўнукаў, гэтаму вучыць».

Формула шчасця

Помнікі, пра якія я распавяла, — толькі апошнія добрыя справы сям'і Лойкаў на карысць вёскі. Мясцовыя ж жыхары згадваюць, як у 1970-х гадах Вадзім Вікенцьевіч прыйшоў у Дзешчанку працаваць старшынёй саўгаса імя Суворава. Гаспадарка ў той час была адстаючай. Але Вадзім Лойка здолеў за лічаныя гады падняць яе да перадавых паказчыкаў. Пры ім эксперыментальная база імя Суворава грымела на ўвесь Савецкі Саюз, саўгасу быў прысвоены ганаровы статус «Гаспадарка высокай культуры земляробства». Па элітнае насенне бульбы і каб пераняць досвед, сюды прыязджалі нават з-за мяжы.

Разам з саўгасам развівалася і сама вёска. Раней яна ўяўляла сабой адну вуліцу і купку сціплых хат. Пры Вадзіме Вікенцьевічу ў чыстым полі выраслі сотні дыхтоўных дамоў для маладых спецыялістаў, сем'яў рабочых і сельскай інтэлігенцыі. З цэнтральным газаправодам, водаправодам, каналізацыяй, асфальтаванымі вуліцамі. Была пабудавана школа, дзіцячы садок, амбулаторыя, спартыўны комплекс і клуб, каб моладзі было дзе бавіць вольны час. І нават... гандлёвы цэнтр, бо раней у вёсцы працавала адна крама, унутр якой маглі зайсці 3-4 чалавекі. Астатнім даводзілася стаяць у чарзе на вуліцы пры любым надвор'і.

Абноўлены два гады таму на сродкі мясцовых фермераў Лойкаў  помнік спаленай у вайну вёсцы Старына.

Вадзім Вікенцьевіч часта ездзіў у камандзіроўкі за мяжу. Усё цікавае, унікальнае, што бачыў, стараўся рэалізаваць у Дзешчанцы. У прыватнасці, праект школы з прасторным фае ды шыкоўнай лесвіцай на другі паверх прывёз з Прыбалтыкі. Прынамсі, я ўпершыню бачыла, каб у школьнай спартзале быў балкон для гледачоў.

«Вадзім Вікенцьевіч запрасіў у Дзешчанку архітэктара з Літвы, які намаляваў яму праект вёскі, — удакладняе Уладзімір Балцянкоў. — Менавіта згодна з гэтым праектам і будавалі вуліцы, камунікацыі. Усё ад пачатку было вельмі скрупулёзна прадумана. Таму цяпер толькі бяры і ўдасканальвай. Вадзім Вікенцьевіч хацеў зрабіць нашу вёску адной з узорных у рэспубліцы. І гэта яму ўдалося. Нядзіўна, што Дзешчанка — адна з першых у краіне атрымала статус аграгарадка».

...Вадзім Лойка не з тых, хто можа доўга сядзець без справы. Таму, калі выйшаў на пенсію, разам з сынам, які якраз у той час скончыў аграрны ўніверсітэт, вырашыў заняцца фермерствам, якое тады толькі зараджалася (Вадзім Вікенцьевіч і цяпер, у свае 84 гады, галоўны дарадца ў сямейным бізнесе. — Аўт.). Пачыналі са 100 гектараў зямлі — сёння ж фермерская гаспадарка «Алімп-Агра» вырошчвае пшаніцу, бульбу, моркву, буракі, капусту, цыбулю на 400 гектарах. Паколькі ўраджайнасць тут высокая, то і заробкі належныя, таму мясцовыя жыхары ахвотна ўладкоўваюцца да фермераў на працу. А якасная «алімпійская» гародніна карыстаецца вялікім попытам. Па яе, кажуць, на традыцыйных восеньскіх кірмашах стаяць чэргі машын. Ахвотныя купіць экалагічную і недарагую бульбу прыязджаюць у Дзешчанку з Мінска і з суседніх раёнаў. А яшчэ фермерская гаспадарка бясплатна забяспечвае гароднінай мясцовую школу і дзіцячы садок.

Самым галоўным дасягненнем Вадзіма Лойкі лічу тое, што яму ўдалося прывіць любоў да родных мясцін і цікавасць да працы на зямлі не толькі свайму сыну Юрыю, але і ўнуку Ільі. Пасля заканчэння біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта малады чалавек вярнуўся ў родную Дзешчанку, захапіўся аграноміяй і ахвотна працягвае сямейную справу, працуе ў фермерскай гаспадарцы таты.

Юрый і Ілья прыйшлі на сустрэчу са мной не з пустымі рукамі — прынеслі кнігу «След на зямлі», якую напісаў Вадзім Вікенцьевіч. «Тата любіць паўтараць, што для яго заўсёды было вельмі важным пакінуць светлы след на зямлі. Гэта яго формула шчасця, якую ён перадаў, як эстафетную палачку, спачатку мне, а потым і майму сыну. Ён не толькі прывіў разуменне, што трэба мяняць да лепшага месца, дзе жывеш, але і заклаў у нас «струнку», што справа, распачатая кімсьці, не павінна патухнуць».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Уздзенскі раён.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».