Як ні сумна, узрост часта ўбаўляе фарбаў на твары і дадае маршчын. Хтосьці з жанчын у пагоні за маладосцю гатовы звярнуцца да паслуг пластычнай хірургіі. Але калі такія радыкальныя меры не для вас, можна паспрабаваць «намаляваць тварык». Як з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі завуаліраваць узроставыя недахопы, падкрэсліць прыгожыя рысы, дамагчыся таго, каб адлюстраванне ў люстэрку ўсяляла аптымізм, а не псавала настрой? Пра сучасныя тэндэнцыі макіяжу для сталых жанчын распавяла візажыст Вераніка ХАНДОГА.
Дэкаратыўную касметыку наносяць на папярэдне ачышчаную, увільготненую, падсілкаваную скуру. Базавай асновай, ад якой залежыць стойкасць, фіксацыя макіяжу, можа служыць праймер. «База» і танальны сродак павінны супадаць па тэкстуры: быць альбо на воднай, альбо на алеістай аснове.
Танальны крэм падбіраецца па колеры скуры на мяжы паміж тварам і шыяй. Пры адсутнасці пігментацыі і куперозу (расшырэння дробных капіляраў, так званых «сасудзістых зорачак» — заўв. аўтара) падыдуць касметычныя сродкі лёгкай тэкстуры, якія наносяцца тонкім пластом. Узроставыя дэфекты затушоўваюць танальным крэмам шчыльнай тэкстуры, але без утрымання пудры, якая падкрэслівае маршчынкі. Калі тлустага бляску на твары няма, цалкам можна абысціся без пудры. Пры неабходнасці лёгкую дробнадысперсную рассыпістую пудру раяць наносіць на «зоны негатыўнага бляску»: лоб, зоны над губой, пад крыламі носа, падбародак. Яна дапамагае фіксаваць касметыку і пры гэтым не стварае візуальнага эфекту маскі. Пудру з сацінавым эфектам можна выкарыстоўваць пад вачыма: яна не забівае маршчынкі і прыгожа «падсвечвае» скуру.
Блашынг — гэта зрокавая карэкцыя твару з дапамогай румян, якія наносяць уздоўж лініі росту валасоў, на скроневыя зоны, скулы, падбародак, кончык носа. Пры сухой скуры лепш выбіраць крэмавыя, пры тлустай — сухія румяны. Для сталых жанчын звычайна выкарыстоўваю румяны цёплых (каралавых, персікавых) адценняў, каб надаць скуры здаровы, свежы выгляд.
Такога ж эфекту можна дасягнуць з дапамогай хайлайтару. Гэты касметычны сродак прызначаны для «падсвечвання» частак твару, якія выступаюць: спінкі носа, падбародка, ілба, зон над скуламі. Скульптар прымяняецца для карэкцыі скул, надання большай выразнасці рысам твару. Калі нос велікаваты, то яго можна зрокава паменшыць, зацямніўшы кончык румянамі або скульптарам. Шырокі нос візуальна звузіцца, калі дадаць румяны або скульптар на яго крылы. Каб зрокава «падцягнуць» контур твару, трэба наносіць касметыку па дыяганальна-вертыкальных лініях. «Сінякі» пад вачыма хаваюць кансілерам персікавых або аранжавых тонаў, пачырваненні — зялёным карэктарам. Пігментацыю рэкамендуюць нейтралізаваць танальным крэмам з дабаўленнем фіялетавага карэктара.
Сучасная тэндэнцыя — бровы максімальна натуральнай шырыні, без выразных межаў, гарманічна спалучаюцца з астатнімі рысамі твару.
Для цёмнавалосых жанчын выбіраем сродкі (гель, аловак, фарбу, хну) на тон-паўтара святлейшыя за іх уласны колер броваў, для светлавалосых — наадварот, на тон-паўтара цямнейшыя. На графічныя, рэзка прачэрчаныя бровы варта забыцца — яны прыкметна дадаюць узросту і робяць выраз твару агрэсіўным.
З гадамі нашы павекі ўсё больш навісаюць над вачыма, ад чаго позірк становіцца больш цяжкім. Візуальна «прыпадняць» іх дапамогуць правільна падабраныя цені. Каб самастойна ўдала выбраць іх гаму, варта пазнаёміцца з правіламі каларыстыкі, разабрацца, якія колеры адзін аднаго ўзмацняюць, якія — дапаўняюць. Зону пад брывом і ва ўнутраным куточку вока варта рабіць святлейшай з дапамогай белых, бэжавых, малочна-крэмавых ценяў. А на астатнюю частку павекаў нанесці цені больш яркіх колераў: ружовыя, блакітныя, зялёныя. Навіслае павека зрокава прыўзнімаецца і за кошт падфарбаваных, падоўжаных і павялічаных у аб’ёме павек. Верхнія павекі можна падкрэсліць з дапамогай мяккіх стрэлак, выкананых контурным алоўкам, або растушаваных ценяў. А вось ніжнія павекі лепш не «абцяжарваць» графічнымі лініямі.
З узростам з губ пігмент нярэдка знікае, яны становяцца бледнымі, страчваюць контур, «расплываюцца». Памада ў гэтых выпадках — сапраўдная «выручалачка», здольная вярнуць выразную форму і колер. Сёння ў трэндзе — мяккі контур губ, у колер асноўнай памады. Пры выбары яе ўлічваецца і колер зубоў. Калі яны белыя, то падыдуць памады любых тонаў. А вось калі зубы з жаўцізной, варта выбіраць памаду больш халодных тонаў. Як правіла, для жанчын 45+ выкарыстоўваю памады матавых (больш стойкіх) тэкстур і дадаю бляск, растлумачыла візажыст.
— Сёння захоўваецца ўстойлівы трэнд на натуральную знешнасць, — падкрэслівае Вераніка Хандога. — Часцей за ўсё сталыя кліенткі просяць дадаць свежасці і ззяння скуры твару. Многім брунеткам гэтага дастаткова, каб яны на вачах памаладзелі і папрыгажэлі. Бландзінкам з узростам трэба, як правіла, яшчэ падфарбаваць бровы, зрабіць больш выразнымі вочы і вусны. Але ў любым выпадку важна не перагружаць твар макіяжам. А для таго, каб ён аказаўся стойкім і пратрымаўся на працягу дня, нельга прапускаць этапы нанясення дэкаратыўнай касметыкі. У канцы дня, перад адыходам да сну, усю касметыку абавязкова трэба старанна зняць з твару, максімальна глыбока ачысціўшы скуру.
Дзённы макіяж павінен валодаць максімальнай стойкасцю, быць лёгкім і натуральным.
Вячэрні макіяж можна зрабіць больш яркім, дадаць шымерныя (ззяючыя, мігатлівыя, бліскучыя) цені на павекі.
Перманентны макіяж вельмі выручае жанчын, якія вядуць напружаны рытм жыцця, але пры гэтым імкнуцца выглядаць максімальна свежа і дагледжана.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.