«Бульба смажаная, адварная, пюрэ, бульба фры, бульба пай, бульбяныя піражкі з мясам, грыбамі, бульбяныя аладкі, бульбяны рулет, запяканка, бульба тушаная з чарнаслівам, бульба тушаная з лаўровым лістом і з перцам, бульба маладая адварная з кропам, шандзі...» Спіс страў з другога хлеба, якія агучыла ў фільме «Дзяўчаты» Тося, можна смела працягнуць у аграгарадку Дзешчанка, дзе знаходзіцца пакуль што адзіны ў Беларусі музей бульбы.
Чаму Дзешчанку называюць бульбяной сталіцай? Што яднае Ван Гога і дзешчанцаў? З якога сорту бульбы атрымліваюцца самыя смачныя дранікі? На гэтыя пытанні я знайшла адказы ў мясцовай школе, дзе больш як дзесяць гадоў таму прапісаўся незвычайны музей. Менавіта там я даведалася шмат новага пра бульбу і занатавала новы рэцэпт салаты з яе. Дарэчы, у Дзешчанцы другі хлеб любяць настолькі, што вырашылі адным музеем не абмяжоўвацца. З нядаўняга часу тут раз на год ладзяць «Бульба-фэст» і нават адкрылі памятны знак любімай гародніне.
Уявіць беларуса без бульбы, пагадзіцеся, складана. І кожны вясковец ці дачнік хоць раз у жыцці задаваўся пытаннем: «Які сорт бульбы пасадзіць?»
Я таксама ў будучыні хацела б разбавіць «Скарб», які расце на маім участку, нейкім іншым, больш раннім. Якім, пакуль не ведаю. Таму першай справай пацікавілася, які сорт у фаварытах жыхароў бульбяной сталіцы. Як высветлілася, у легендарнага старажыла Дзешчанкі Вадзіма Лойкі, дзякуючы якому насупраць школы з’явіўся памятны знак бульбе, любімы сорт «Скарб». «А які сорт бульбы падабаецца вам? — запыталася я ў кіраўніка музея бульбы настаўніцы рускай мовы і літаратуры Людмілы Жандармавай.
— Усё залежыць ад таго, што вы хочаце прыгатаваць, — усміхаецца Людміла Пятроўна. — Розныя сарты падыходзяць для прыгатавання розных страў. «Скарб», напрыклад, лідар па ўтрыманні крухмалу. Ён ідэальны для прыгатавання дранікаў, яны атрымліваюцца ну вельмі смачныя. Сорт «Брыз» падыходзіць для ўсімі любімай бульбы-фры. У нашай вёсцы, у тым ліку і ў мяне, самы папулярны сорт «Каралева Ганна», ён вельмі смачны ў вараным выглядзе. Гэта бульба літаральна растае ў роце. У ёй суадносіны бялку і крухмалу самыя аптымальныя, і нават калі доўга варыць, яна не развальваецца. Яшчэ мне вельмі спадабаўся ў адварным выглядзе сорт «Каломба», летась упершыню купіла яго на пробу ў мясцовых фермераў. Дарэчы, восенню ў Дзешчанцы пройдзе традыцыйны «Бульба-фэст», дзе пры жаданні можна не толькі атрымаць кансультацыю, але і купіць бульбу як на насенне, так і для ежы.
Многія дзяўчаты, ведаю, адмыслова выключаюць бульбу са свайго рацыёну, бо лічаць, што яна не спрыяе пахудзенню. Але, аказваецца, гэта не зусім так. І правільна прыгатаваная бульба можа стаць нават фітнес-прадуктам.
— Мы неяк рыхтавалі свята на гэту тэму, так і назвалі яго «Фітнес-бульба», — працягвае Людміла Жандармава. — Справа ў тым, што калі бульбу недаварваць, то яна валодае эфектам пахудзення. Раю паспрабаваць зрабіць салату з дадаваннем сырой бульбы. Гатуецца вельмі проста. Бульба шаткуецца дробнай саломкай, кладзецца на друшляк і абдаецца кіпнем. Няхай пастаіць так некалькі хвілін, а затым дадайце да яе спецыі па смаку, каўбасу ці мяса, перчык, памідорку, агурок. Гэта вельмі смачна. Крухмал у такой салаце арганізмам засвойваецца лягчэй, чым калі б вы елі вараную ці бульбу-фры.
Бульбяныя ачысткі, аказваецца, таксама не варта выкідаць. Яны з’яўляюцца цудоўным угнаеннем для многіх раслін, у прыватнасці парэчак, малін і ажын. Гэтыя кусты любяць крухмал і глюкозу, якімі багатая лупіна бульбы. Такое ўгнаенне зробіць ягады больш буйнымі і сакавітымі. А яшчэ муж маёй знаёмай вычытаў, што бульбяныя лупіны добра кідаць у кацёл — пры спальванні яны ачышчаюць комін ад сажы.
— Не сакрэт, што нашы продкі выкарыстоўвалі бульбачку для інгаляцый пры прастудзе, загортвалі ў анучку і прыкладалі да грудзей пры моцным кашлі, — дадае кіраўнік музея. — Але, думаю, не ўсе ведаюць пра карысць бульбяных масак. Яны пазбаўляюць скуру ад пігментацыі, ацёкаў і сінякоў пад вачыма. Таму націрайце бульбу на дробнай тарцы і прыкладайце да твару. І ніякія дарагія патчы не спатрэбяцца.
На калідоры, насупраць увахода ў музей бульбы, можна палюбавацца на рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў бульбяной тэматыкі. Гэтую міні-выстаўку так і назвалі — «Мастацтва са смакам бульбы». На большасці з іх — звыклыя для любой вясковай беларускай сям’і сюжэты: пасадка бульбы і ўборка ўраджаю. Самая знакамітая карціна з тых, што я там убачыла, — «Едакі бульбы» нідэрландскага мастака Вінсента Ван Гога. Памятаеце людзей, якія сядзяць за сталом у цьмяным святле газавай лямпы? Перад імі страва з печанай бульбай і кубак ячменнай кавы — адзіная «раскоша», якую маглі сабе дазволіць сяляне.
— Калі рыхтавалі выстаўку, даведаліся, што, аказваецца, у Ван Гога больш за 200 работ прысвечана бульбе, — распавядае Людміла Пятроўна. — І наогул, у мастакоў ХІХ стагоддзя абавязкова ў партфоліа павінны былі быць карціны на тэму бульбы. Для мяне гэты факт аказаўся вельмі нечаканым. Што датычыцца непасрэдна «Едакоў бульбы», то карціна доўгі час не давалася мастаку. Вядома, што было створана не менш за 12 эцюдаў да яе, якія аўтар бязлітасна знішчыў. Кожны дзень мастак наведваў дом дэ Гроатаў, калі ўсё сямейства садзілася за стол, і спрабаваў «схапіць» саму атмасферу сялянскай беднай вячэры. Галоўнай задачай Ван Гога было «перадаць пару ад бульбы», стварыць атмасферу цяжкага сялянскага побыту і працы. Сямейства дэ Гроат у адзін з вечароў, бачачы, што мастаку ніяк не ўдаецца праца, скончыўшы вячэру, не разыходзіліся, а працягвалі, нягледзячы на стомленасць, пазіраваць яшчэ дзве гадзіны. Карціна ў выніку была скончана за адну ноч. На наступны дзень мастак пакінуў вёску назаўжды, узяўшы з сабой адну з самых удалых сваіх прац.
Дзешчанскі школьны музей адкрыўся ў 2010 годзе. Ідэя прысвяціць яго менавіта бульбе ўзнікла невыпадкова.
— Справа ў тым, што Дзешчанская школа знаходзілася на тэрыторыі эксперыментальнай базы імя Суворава, работнікі якой займаліся вырошчваннем насеннага матэрыялу новых сартоў бульбы беларускай селекцыі. Вось мы і падумалі: а чаму б бульбе не быць галоўнай гераіняй нашага музея?! І актыўна пачалі збіраць экспанаты.
Сёння іх налічваецца 150. У асноўным гэта кнігі, фотаздымкі і дакументы. Самыя каштоўныя з іх два. Першы — кніга выдатнага беларускага вучонага-селекцыянера, які стварыў 30 сартоў бульбы, Пятра Альсміка «Селекцыя картофеля в Белорусии» з імянным аўтографам аўтара. Другі — фармуляр на юбілейны 10-мільённы трактар «Беларусь» МТЗ-80, які ўручылі ў Маскве на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі Рэгіне Казіміраўне Сярко — першай жанчыне-трактарыстцы ў раёне, галоўным заняткам якой было вырошчванне бульбы.
У музеі для наведвальнікаў распрацаваны тры сур’ёзныя экскурсіі. Праводзяць іх школьнікі. Акрамя таго, у музейных сценах перыядычна праходзяць урокі літаратуры і біялогіі, пазакласныя мерапрыемствы, сустрэчы з вучонымі.
— Мы ўжо шмат год супрацоўнічаем з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве. З яго дапамогай праводзіліся такія выстаўкі, як «Раннія сарты бульбы», «Дэкаратыўныя сарты», «Каляровая мякаць гібрыдаў бульбы», «Бульба з прабіркі». Падчас апошняй вучоныя падарылі музею штатыў, які наглядна дэманструе, як развіваюцца зародкі бульбы ў спецыяльным растворы. Гэта вельмі цікава. Асабіста мяне ўразіла, як людзі, працуючы ў Навукова-практычным цэнтры, трапятліва ставяцца да бульбы, бы да дзіцяці. Яшчэ нашы вучні вельмі любяць разам з настаўніцай біялогіі і хіміі праводзіць доследы — вызначаць утрыманне бялку, крухмалу, амінакіслот і вітамінаў у розных сартах бульбы. Ад іх суадносін залежыць смак і ўласцівасці другога хлеба. Кожны год наш музей бульбы ладзіць восеньскія святы з дабрачыннымі кірмашамі: «Пад небам адзіным» дзеці дэманстравалі стравы з бульбы народаў свету, падчас «Дранік Unusual» праходзіў конкурс на самы незвычайны рэцэпт драніка, а падчас «Бульбянога раю» ставіліся міні-спектаклі пра любімую гародніну беларусаў.
А некалькі гадоў таму ўсе класы атрымалі заданне праявіць свае «Бульбяныя фантазіі». У выніку дзеці разам з бацькамі выраблялі макет будучаму помніку бульбе з разнастайных матэрыялаў. Усе вырабы на тэму і ў выглядзе бульбы сталі экспанатамі музея. Чаго там толькі няма: бульба каваная, драўляная, саламяная, плюшавая, вязаная, капронавая, паралонавая, з пап’е-машэ і нават з будаўнічага блока!.. З вокнаў музея, дарэчы, відаць памятны знак беларускай бульбе ў выглядзе поўнага кошыка «земляных яблыкаў» на бронзавым ручніку. Кажуць, калі пацерці яго, то на стале заўсёды будуць хлеб, соль і, вядома, бульба.
А вы ведалі, што…
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота аўтара
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.