Штогод у Беларусі заключаецца 4-4,5 тысячы шлюбных дагавораў, і вельмі часта галоўным пунктам у іх становіцца маёмасць, у прыватнасці, сумесна нажытая ў шлюбе. Прадметам дагавора можа быць не толькі нерухомасць, але і транспартныя сродкі, правы на інтэлектуальную і аўтарскую ўласнасць. Тэматыкай дзясяткаў шлюбных дагавораў становяцца льготныя крэдыты на набыццё маёмасці для шматдзетных сямей. Што можна прапісаць у шлюбным дагаворы ці пагадненні аб падзеле маёмасці і якія практычныя моманты варта ўлічваць сем’ям у гэтых дакументах, расказалі натарыусы і адвакаты.
Шлюбны дагавор — дакладна зразумелыя абавязкі сужэнцаў, якія абазначаны пры наступленні пэўных умоў. Пары найчасцей заключаюць яго яшчэ да ўступлення ў шлюб ці ўжо жанатыя. Пры з’яўленні дзяцей такая прававая канструкцыя дазваляе акрэсліць максімальна шырокае кола праваадносін, у тым ліку па ўтрыманні і выхаванні дзяцей, нават пасля скасавання шлюбу, расказала Наталля Барысенка, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты:
— У межах шлюбнага дагавора вызначаецца адказнае стаўленне да маёмасці, нажытай у сям’і, і цывілізаванае разуменне таго, як захаваць і яе, і сям’ю, а таксама вытрымаць прыярытэты, якія абазначаны ў сям’і, асабліва калі ў ёй з’яўляюцца дзеці. Сёлета да нас па складанне шлюбнага дагавора звярнулася ўжо каля дзвюх тысяч пар, і мы робім усё магчымае, каб зберагчы іх ад спрэчак і захаваць паміж імі нармальныя чалавечыя стасункі. Пры гэтым статыстыка аспрэчвання не такая вялікая — каля 30 дагавораў з чатырох тысяч дайшлі да суда, і толькі некалькі з іх былі прызнаныя (цалкам ці часткова нядзейснымі).
Нерухомасць часта з’яўляецца прадметам шлюбных дагавораў і спадчынных спраў. Пры гэтым нярэдка такая маёмасць набываецца за кошт сродкаў сямейнага капіталу, таму вельмі важна разумець, як яна падзеліцца паміж сужэнцамі: будзе гэта лічыцца сумесна нажытай маёмасцю мужа і жонкі або трапіць у разрад долевай уласнасці ўсіх членаў сям’і (менавіта на такі варыянт праваадносін скіраваны натарыусы). Сёння ў прававой плоскасці дакладна не вызначана, які від маёмасных адносін пры гэтым узнікае, аднак судовая практыка паказвае, што ў такіх сітуацыях павінны ўлічвацца інтарэсы не толькі бацькоў, але і дзяцей, тым больш што ў сям’і могуць з’явіцца яшчэ і іншыя дзеці, а можа змяніцца хтосьці з бацькоў.
— Згодна са статыстыкай, ужо больш як 70 тысяч сем’яў у Беларусі патрацілі (або збіраюцца) гэтыя сродкі на набыццё нерухомасці. Нюансаў шмат, таму так важна, каб натарыусы і адвакаты ўзаемадзейнічалі паміж сабой, — пераканана старшыня БНП. — Мы прымяняем заканадаўства, а судовая практыка падпраўляе нашу сферу, таму немагчыма казаць аб правільным правапрымяненні без аналізу судовых рашэнняў.
Сямейнае жыццё няпростае, і, калі праходзіць каханне і сужэнцы пачынаюць дзяліць маёмасць, гэта становіцца найбольш складанай катэгорыяй спраў адвакацкай практыкі, бо датычыцца правоў і дзяцей, і дарослых. І падобных спраў у судзе разглядаецца вельмі шмат, заўважыў Аляксей Швакаў, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў:
— Наяўнасць шлюбнага дагавора пэўным чынам дазваляе паменшыць колькасць спраў па падзеле маёмасці, якія разглядаюцца ў судзе. Уласна кажучы, для гэтага падобная прававая структура і задумвалася, каб загадзя ўрэгуляваць маёмасныя стасункі, якія ўзнікаюць паміж сужэнцамі падчас шлюбу. Калі ж шлюбнага дагавора няма, кожны стараецца прэтэндаваць на большае.
Без кваліфікаванага спецыяліста тэма падзелу маёмасці паміж сужэнцамі можа стаць яшчэ больш балючай і фінансава стратнай, што ў выніку прывядзе да яшчэ большага канфлікту, а не вырашыць яго. Усе сямейныя пагадненні заключаюцца ў пісьмовай форме і павінны быць натарыяльна засведчаны, а калі яны ў іх ёсць умовы датычна нерухомасці — такія дакументы падлягаюць яшчэ і дзяржрэгістрацыі, расказала Лідзія ГРЭКАВА, натарыус Гомельскай натарыяльнай акругі:
— Шлюбны дагавор можна заключыць да шлюбу і падчас яго, а пагадненне аб падзеле маёмасці — пасля разводу ці падчас сямейнага жыцця. Прадметныя ўмовы шлюбнага дагавора ўрэгуляваны артыкулам 13 Кодэкса аб шлюбе і сям’і. Яны могуць датычыцца правоў і абавязкаў сужэнцаў па ўзаемным утрыманні (нават пасля разводу), а таксама парадку падзелу маёмасці, якая нажытая за час шлюбу і з’яўляецца сумеснай. Можна акрэсліць, якая маёмасць будзе перададзена кожнаму з сужэнцаў у выпадку скасавання шлюбу ці змянення рэжыму сумеснай уласнасці, вызначанага заканадаўчымі актамі, на ўласнасць аднаго з сужэнцаў (або вызначэнне долевай уласнасці ў маёмасці, якая з’яўляецца сумесна нажытай). Можна прапісаць таксама ўмовы немагчымасці прызнання маёмасці кожнага з сужэнцаў сумеснай уласнасцю, калі гэтая маёмасць у шлюбе будзе значна палепшана (за кошт агульнай маёмасці ці асабістай маёмасці другой паловы).
У шлюбным дагаворы можна акрэсліць таксама адносіны паміж мужам і жонкай ці бацькамі і дзецьмі. Напрыклад, пытанні аліментаў, вызначэння месцажыхарства, парадку выезду за мяжу, нясення сямейных расходаў.
Калі вынікам шлюбнага дагавора можа стаць пераход ці спыненне правоў на нерухомую маёмасць, дакументы падлягаюць дзяржрэгістрацыі, падкрэсліла натарыус і патлумачыла:
— Калі ў шлюбным дагаворы ўказана інфармацыя пра маёмасць, якая ўжо зарэгістравана на момант заключэння гэтага дакумента, то дагавор падлягае дзяржрэгістрацыі пасля яго натарыяльнага сведчання. А вось калі ў шлюбным дагаворы ёсць умовы адносна нерухомасці, якую сужэнцы нажывуць сумесна пасля заключэння шлюбнага дагавора, то такі дакумент падлягае дзяржрэгістрацыі адначасова ці пасля набыцця такой нерухомасці.
Пры гэтым шлюбны дагавор неабходна прад’яўляць штораз пры дзяржрэгістрацыі новай нерухомасці ці падчас дзяржрэгістрацыі ўзнікнення ўмоў пераходу або спынення правоў на набытую нерухомасць. Часам з-за невыканання гэтых умоў узнікаюць сітуацыі, калі шлюбны дагавор у дачыненні дакладнай маёмасці, набытай падчас шлюбу, не ўнесены ў рэгістр нерухомай маёмасці, звярнула ўвагу Лідзія Грэкава.
У пагадненні аб падзеле маёмасці можна, напрыклад, акрэсліць, што адзін від маёмасці будзе падзелены ў долях, а іншы — у натуры, а таксама вызначыць умовы і спосаб падзелу агульных даўгоў сужэнцаў.
Варта памятаць, што пагадненне аб падзеле маёмасці рэгулюе толькі маёмасныя адносіны сужэнцаў, а ў шлюбным дагаворы можна акрэсліць значна больш акалічнасцяў сямейнага жыцця. Пры гэтым у шлюбным дагаворы раней быў пункт, што гэты дакумент не павінен ставіць аднаго з сужэнцаў у надта нявыгаднае становішча. З 1 студзеня 2023-га, згодна з новай пастановай пленума Вярхоўнага Суда, былая фармулёўка заменена на новую, што ўмовы шлюбнага дагавора не могуць супярэчыць заканадаўству, не могуць абмяжоўваць правы і здольнасці сужэнцаў, у тым ліку права на судовую абарону, закранула натарыус яшчэ адзін з практычных момантаў судовай практыкі.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.