Вы тут

Каранік вызначыў прыярытэтныя будаўнічыя аб’екты Гродзенскага рэгіёна


Вялікая ўвага ўдзяляецца сацыяльнаму будаўніцтву, дарогам і жыллю. Некаторыя аб’екты ў стадыі завяршэння, іншыя — у найбліжэйшай перспектыве. Важнай падзеяй для жыхароў вобласці стане ўвядзенне напрыканцы чэрвеня радыелагічнага корпуса анкадыспансера.


Пацыенты атрымаюць дапамогу

Па словах губернатара Гродзенскай вобласці, у новым радыелагічным корпусе будуць і новыя ўстаноўкі, якіх дагэтуль не было. Сярод іх — лінейныя паскаральнікі, якія дазваляюць забяспечыць высокадакладную прамянёвую тэрапію. Раней пацыентам прыходзілася ехаць у Мінск ці Брэст, каб атрымаць адпаведнае лячэнне. Паколькі раней у Гродне не было свайго анкадыспансера, на дапамогу гродзенцам прыедуць сталічныя спецыялісты. У сваю чаргу, гродзенцы праходзяць навучанне ў рэспубліканскім анкалагічным цэнтры.

Усяго рэканструкцыя будынкаў гарадской клінічнай бальніцы пад абласны анкадыспансер прадугледжвае пяць этапаў. Цяпер завершаны першы этап.

На гэты год на рэканструкцыю ў рамках абласной інвестпраграмы закладзена каля 3 мільёнаў рублёў. Найбольш значная частка сродкаў будзе асвойвацца на рэканструкцыі хірургічнага корпуса на 312 ложкаў з рэанімацыйна-аперацыйным блокам, лабараторна-дыягнастычным корпусам, гаспадарчымі будынкамі. На працягу 2023–2024 гадоў будзе весціся рэканструкцыя былой паліклінікі пад амбулаторна-анкалагічнае аддзяленне. Новы будынак з’явіцца для вучэбнай кафедры. Усе работы мяркуецца завершыць да 2025 года.

Для заняткаў і адпачынку

Літаральна праз два месяцы ў новым мікрараёне абласнога цэнтра Грандзічы расчыніць дзверы новая школа, дзе будуць займацца 2 тысячы школьнікаў. Плануецца, што школа прыме амаль 400 першакласнікаў у 18 класах. Па словах Уладзіміра Караніка, ужо вядуцца фасадныя і ўнутраныя аддзелачныя работы, мантаж інжынерных сістэм.

У наступным годзе ў Гродне плануецца пачаць будаўніцтва шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу. Асноўная зала на 2 тысячы чалавек разлічана на гульнявыя віды спорту: валейбол, гандбол, баскетбол, міні-футбол, індархакей. Акрамя гэтага, прадугледжана і трэніровачная зала з трыбунамі на 500 чалавек. Будзе басейн на 50 м, які дазволіць праводзіць міжнародныя спаборніцтвы.

— Спарткомплекс будзе аснашчаны ўсёй інфраструктурай для арганізацыі трэніровачнага працэсу, а таксама стане месцам адпачынку гараджан. У прыватнасці, тут размесцяцца саўна, зоны для спа-працэдур, масажныя пакоі, трэнажорныя і фітнес-залы ды многае іншае, — паведаміў Уладзімір Каранік.

Праз два гады павінен запрацаваць папулярны ў гродзенцаў басейн «Блакітны». Доўгі час ён прастойваў, хаця і быў прададзены новым уласнікам. Паколькі работы там не вяліся, дагавор куплі-продажу быў скасаваны, а сам аб’ект вернуты ў гарадскую ўласнасць. Цяпер гэтай справай зоймуцца гарадскія ўлады, якія вядуць перадпраектныя работы па рэканструкцыі басейна.

Ці будзе пяты мост?

Завяршаецца рэканструкцыя аднаго з буйных турыстычных комплексаў «Свяцк». Аб’ект — гэта былы палац князёў Валовічаў, размешчаны ў зоне Аўгустоўскага канала. Тут будзе гасцініца на 64 спальныя месцы, спа-цэнтр, кафэ. Па словах Уладзіміра Караніка, цяпер вядзецца набор персаналу. Цэнтр часткова ўступіць у дзеянне гэтым летам, а цяпер турысты могуць размясціцца ў флігелі былога палаца.

У цэнтральнай частцы з’явіцца вялікая зала для правядзення прыёмаў, канферэнцый, выставак.

Будаўніцтва яшчэ аднаго моста ў Гродне па-ранейшаму ў полі зроку абласных уладаў. На сёння праз Нёман дзейнічае чатыры масты, усе яны прайшлі капітальны рамонт, нядаўна быў уведзены ў строй так званы Усходні мост. Разам з тым тэма будаўніцтва яшчэ аднаго моста не здымаецца з парадку дня. Па словах Уладзіміра Караніка, у найбліжэйшы час плануецца вынесці гэта пытанне на грамадскае абмеркаванне. Як зазначыў кіраўнік рэгіёна, на генеральных планах горада папярэдніх гадоў такі мост прысутнічаў, прычым кожны раз у новых месцах. І такіх варыянтаў было некалькі. Які з праектаў будзе прыняты для разгляду, пакуль невядома. Магчыма, гэта вырашаць жыхары горада падчас усеагульнага абмеркавання.

Адным з прыярытэтных кірункаў будаўніцтва стане арэнднае жыллё. Яго плануецца ўвесці каля 14 тысяч квадратных метраў, у тым ліку для маладых спецыялістаў. Арэндныя кватэры будуюцца ў многіх раённых цэнтрах і гарадах вобласці, у тым ліку і Гродне. Вядзецца работа па пераводзе існуючых жылых памяшканняў у разрад арэндных кватэр.


У тэму

Як паведамілі ў абласным камітэце архітэктуры і будаўніцтва, амаль 200 мільёнаў рублёў накіравана сёлета на фінансаванне аб’ектаў абласной інвестыцыйнай праграмы. Палова гэтых сродкаў пойдзе на будаўніцтва жылля — як шматпавярховікаў, так і на развіццё раёнаў індывідуальнай забудовы. Каля 44 мільёнаў рублёў выдаткавана на капітальныя рамонты аб’ектаў дарожнай інфраструктуры. У інвестпраграму закладзена 500 тысяч рублёў на фінансаванне работ па рэстаўрацыі Старога замка.

Маргарыта УШКЕВІЧ

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.