Вы тут

Выстаўка Вольгі Гайдукевіч «Floral art» у галерэі «Арт Фабрыка»


Святкаванне, якое аб’яднала аматараў мастацтва прыгажосці і творчасці, нагадала купальскае: быццам знайсці сваю папараць-кветку сярод мноства іншых. Такой стала выстаўка Вольгі Гайдукевіч з назвай «Floral art» у галерэі «Арт Фабрыка».


Фрагмент часовай экспазіцыі.

На шматлікіх фотаздымках, што экспанаваліся ў галерэі, — каля трыццаці жаночых вобразаў, створаных куцюр’е кветкавай моды Вольгай Гайдукевіч. Гэта выглядала сапраўдным цудам, ад якога нельга было адвесці вачэй. Прыгожыя постаці адбіваюцца і застаюцца ў зрокавай памяці, як сапраўдныя шэдэўры. Зачараваная, падоўгу стаяла насупраць кожнага партрэта. Прыгажосць — гэта сіла, якая можа стрымаць агрэсію і нейтралізаваць злосць.

Вольга Гайдукевіч, фларыст міжнароднага класа, заснавальніца школы «Rozaazora», умее здзіўляць. Насамрэч нікому іншаму не падалося б магчымым зрабіць сукенку з... капусты. Ці з засохлага лісця хосты. Альбо капялюш — з восеньскіх кветак, якія ў наступную ноч загінулі б ад марозу. Ці футра з галля сасны. Не кажучы пра святочныя кветачныя строі для балю або подыуму высокай моды з руж, гваздзікоў, гіпсафілаў. Але ж калі паразважаць рацыянальна: навошта рабіць сукенку з кветак ці раслін? Хіба можна ў ёй хадзіць, якая б прыгожая яна ні была? І ці будзе яна насіцца? Ці не глупства гэта — рабіць адзенне, у якім нельга нават варухнуцца? На гэтае пытанне адказала майстрыца:

— Сёння мы выходзім з ценю. Існуе мастацтва з назвай флорал-арт. І яго паважаюць ва ўсім свеце. Але нас мала, адзінкі. Бо адзінкі здольны ахвяраваць сваім спакоем, энергіяй, сродкамі і часам дзеля твора, які потым знікае на вачах. На першы погляд, гэта вар’яцтва: рабіць тое, што жыве самае найбольшае — суткі. Кветкі вянуць, гэта ведае кожны. Таму працаваць трэба вельмі хутка, і аднаму чалавеку гэта не пад сілу. Мы працуем разам з майстрамі з маёй школы фларыстыкі, і гэта не толькі марафон на час, але і асалода. Вобраз павінен спачатку нарадзіцца ва ўяўленні. Але не толькі вобраз, але і тое, як яго ажывіць. Фларыст-куцюр’е перад пачаткам працы павінен бачыць ва ўяўленні ўсё: і якая гэта будзе мадэль, і візаж твару, і позу мадэлі, і фасон адзення, і якія спатрэбяцца кветкі, і дзе іх узяць, і тое, як гэта трэба сфатаграфаваць. Таму ў адным творы-вобразе — напружаная праца цэлага калеткыву. І ўсё дзеля аднаго фотаздымка! А інакш прыгажосць не захаваць. Мы робім фотасесію, і вельмі цяжка бывае выбраць толькі адзін кадр для выстаўкі ці для друку.

Пад кожным партрэтам напісана, які выкарыстаны матэрыял. «Спаржа, ружа, півоні, бэз, хоста, рамонкі, гладыёлусы, вяргіні, лісце пальмы...» Вось маленькая балерынка з тварам, нібы з палотнаў Рафаэля, у пачцы з кветак. Вось дзяўчына, на галаве якой — сапраўдны нацюрморт. А вось прыгажуня ў белай кашулі і беларускай намітцы на галаве з белых і ружовых кветак. Надта ўражвае вобраз лясной дзевы з поглядам дзікункі ў футры з дзівоснай сівой сасны. Збіральныя вобразы іспанкі ў танцы, азіяцкая жаночая прыгажосць, мода з каталогаў французскіх куцюр’е, нечаканыя рашэнні з той самай сукенкай з капусты ці слязьмі... А капялюш з лісця эўкаліпта? А каралі з кукурузы, што нагадваюць бурштынавыя?! Ёсць міжнародная і міжсардэчная мова кветак, і ніякая іншая не дапаможа перажыць тыя пачуцці, якія ўзнікаюць ад гэтай выстаўкі. Дарэчы, Вольга ведае пяць моў. Але мова кветак — шостая: гэта міжнароднае кветкавае эсперанта будзе зразумела і ў Афрыцы, і ў Антарктыдзе. Недарэмна сімвалам экспазіцыі стала прыгажуня мулатка з ружай у вуснах. Цікава, што гэтая мадэль — беларускамоўная дзяўчына. Вольга Гайдукевіч распавяла пра ўсіх мадэлей — удзельніц выстаўкі. Тут ёсць і спявачка, і журналістка, і балерына, і танцорка фламенка, і студэнтка, і візажыстка, і фларыстка…

Вольга памятае, адкуль у яе з’яўлялася кожная кветка! Яна распавяла пра бабулю, у агародзе якой шмат гэтага багацця ў любы сезон, пра тое, як шкадавала выкінуць галіны навагодняй сасны, пра ссохлае лісце хосты ў двары матулі, якое прыхапіў мароз, — яно выглядала так крэатыўна, што давялося хутка шукаць мадэль і фатографа, каб зберагчы ў кадры неверагодную сукенку ў стылі 1950-х «ад Дыёр». А потым гэтае фота ўпрыгожыла вокладку міжнароднага часопіса. Наведвальнікі выстаўкі даведаліся пра тое, што зімовая шэра-карычневая гартэнзія, якую не паспелі зрэзаць увосень, можа быць сапраўднай знаходкай і выглядаць проста неверагодна...

Таццяна ДАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.