Вы тут

Выступленне Андрэйчанкі на закрыцці дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання


Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на закрыцці дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.


Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Завяршаецца дзявятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Яна была асаблівай як па працягласці, так і па ступені адказнасці прынятых рашэнняў — супраць нашай краіны вядзецца гібрыдная вайна, мэтай якой з’яўляецца разбурэнне дзяржаўнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці. Задзейнічаны ўвесь арсенал сродкаў — ад інфармацыйнага ціску да эканамічнага ўдушэння.

З улікам абноўленай Канстытуцыі сесійны перыяд доўжыўся больш за дзевяць месяцаў. Гэта дазволіла дэпутацкаму корпусу аператыўна вырашаць пытанні, якія закранаюць інтарэсы кожнага беларуса, — ад канстытуцыйнай рэформы да наспелых навацый у сферах адукацыі і медыцыны. Намі прынята больш як сто новых і перапрацаваных заканадаўчых актаў.

Якія б законапраекты ні абмяркоўваліся ў Авальнай зале, яны заўсёды разглядаліся з пункту гледжання забеспячэння суверэнітэту, мірнай стваральнай працы і сацыяльнай справядлівасці — дэмакратычных каштоўнасцяў, якія, паводле слоў Прэзідэнта, складаюць аснову нашай нацыянальнай ідэі.

Праведзена сапраўды вялікая, карпатлівая работа. У ёй узялі ўдзел усе структуры ўлады і грамадзянскай супольнасці. Прынцыпова важна, што ў парламенцкай практыцы глыбока ўкаранілася традыцыя народнай заканатворчасці. Значныя для будучыні краіны дакументы абмеркаваны на дыялогавых пляцоўках, выязных семінарах-нарадах, у працоўных калектывах.

Галоўным вынікам сесіі стала прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Асноўныя задачы выкананы. На ўзроўні закона ўрэгуляваны пытанні дзейнасці Усебеларускага народнага сходу. Скарэкціраваны паўнамоцтвы ключавых дзяржаўных органаў. Створаны новая архітэктура палітычнай сістэмы і неабходныя ўмовы для правядзення выбараў, якія павінны адбыцца.

Разам з тым работу над законамі, запланаванымі да прыняцця ў развіццё палажэнняў Канстытуцыі (а іх засталося каля дзесяці), трэба завяршаць у найбліжэйшы час. Такую задачу парламентарыям паставіў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівая ўвага на сесіі была аддадзена забеспячэнню нацыянальнай бяспекі ва ўсіх яе аспектах — палітычным, абаронным, эканамічным, сацыяльным. Заканадаўчае замацаванне атрымала павышэнне статусу і ролі органаў дзяржаўнай бяспекі. Узмоцнена крымінальная адказнасць за ўчыненне злачынстваў экстрэмісцкай і тэрарыстычнай накіраванасці. Прыняты Закон аб народным апалчэнні, які дазваляе павысіць абараназдольнасць дзяржавы ў гэты няпросты для нашай Радзімы час.

Аб актуальнасці прынятых рашэнняў гавораць і нядаўнія падзеі ў Расійскай Федэрацыі. Так, дзякуючы вытрымцы лідараў Беларусі і Расіі, бясспрэчнаму аўтарытэту нашага Прэзідэнта ўдалося не дапусціць негатыўнага развіцця падзей. Але гэта яшчэ раз падкрэслівае значнасць народнага адзінства, наяўнасці дадатковых ваенна-палітычных механізмаў, здольных супрацьстаяць разнастайным спробам дэстабілізаваць сітуацыю і ўвесці краіны ў хаос грамадзянскай вайны.

Самую жорсткую пазіцыю дэпутаты занялі ў пытаннях адстойвання гістарычнай праўды, захавання пераемнасці пакаленняў, нацыянальнай ідэнтычнасці і традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў.

Стадыю першага чытання прайшоў праект Кодэкса грамадзянскага судаводства. Трэба аператыўна завяршаць яго падрыхтоўку да другога чытання, бо празрыстая і справядлівая сістэма правасуддзя — адна з важных умоў захавання грамадскай стабільнасці і бяспекі.

Аднак бяспека — гэта перш за ўсё эканоміка, гібкая, устойлівая, самадастатковая. У сувязі з гэтым парламентарыямі прыняты меры па забеспячэнні збалансаванасці і дынамічнага развіцця нацыянальнай эканомікі, мінімізацыі ўплыву санкцый на паўсядзённае жыццё нашых грамадзян. Асаблівы акцэнт зроблены на падтрымцы нацыянальнага бізнесу і абароне працоўных калектываў.

Але і тут у нас яшчэ застаецца шэраг сур’ёзных пазіцый — абнаўленне Грамадзянскага кодэкса, карэкціроўка законаў па пытаннях прадпрымальніцтва, дзяржаўных закупак. Трэба максімальна актывізаваць работу па іх прыняцці. У роўнай ступені гэта адносіцца і да падрыхтоўкі пакета бюджэтна-падатковых дакументаў на 2024 год.

Удумліва неабходна падысці да законапраекта аб інвестыцыйнай дзейнасці, прааналізаваць, як прапанаваныя навацыі дапамогуць палепшыць дзелавы клімат у краіне. Так жа старанна трэба адпрацаваць законапраекты па пытаннях аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання.

У цэлым далейшая заканатворчая дзейнасць павінна будавацца ў адпаведнасці з Канцэпцыяй прававой палітыкі, зацверджанай кіраўніком дзяржавы 28 чэрвеня гэтага года. Заканадаўства павінна аператыўна рэагаваць на існуючую сітуацыю і папярэджваць магчымыя выклікі і пагрозы.

У такім жа ключы неабходна падыходзіць і да ажыццяўлення праграм міжпарламенцкай дзейнасці. Наша асноўная задача — садзейнічаць рэалізацыі міралюбівага знешнепалітычнага курсу краіны, прасоўванню мірнага, аб’яднальнага парадку. Імідж Беларусі як надзейнага і адказнага партнёра павінен пастаянна пацвярджацца канкрэтнымі справамі і прыносіць у канчатковым выніку эканамічную аддачу.

У перыяд сесіі ажыццёўлены паспяховыя візіты беларускіх дэлегацый у Азербайджан, Турцыю і Кітай. Павысіць узровень узаемадзеяння з намі да міжпарламенцкіх камісій маюць намер кітайскі і кубінскі парламенты. Праведзены прадукцыйныя перагаворы з калегамі з Венесуэлы, Інданезіі, Ірана, Калумбіі, Лаоса, Мексікі. Трэба рухацца далей для рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцяў.

Інтэнсіўнасць кантактаў, геаграфія супрацоўніцтва і гатоўнасць большасці краін свету развіваць узаемавыгадныя адносіны красамоўна гавораць аб тым, што планы Захаду ізаляваць нас ад сусветнай супольнасці праваліліся. Больш за тое, міжнародныя пазіцыі Беларусі нават умацаваліся. Адным з яркіх пацвярджэнняў гэтаму стане атрыманне Рэспублікай Беларусь статусу паўнапраўнага члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Паколькі гэта найбуйнейшы рэгіянальны блок, ініцыятыва аб фарміраванні яго парламенцкага вымярэння вельмі актуальная. І нам трэба аказаць ёй усебаковую падтрымку.

Першачарговая ўвага падчас сесіі была ўдзелена дзейнасці ў рамках інтэграцыйных аб’яднанняў. Галоўнымі кірункамі праведзенай работы з’яўляліся заканадаўчае суправаджэнне і кантроль за рэалізацыяй 28 саюзных праграм. Цяпер з поўнай упэўненасцю можна казаць, што дзякуючы прынятым мерам, у тым ліку і па лініі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, саюзнае будаўніцтва выходзіць на якасна новы ўзровень.

Наш прыклад даказвае, што паспяхова супрацьстаяць сучасным пагрозам можна толькі разам. Менавіта аб гэтым ішла гаворка на пасяджэнні Савета Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, якое прайшло ў маі гэтага года ў Мінску. Адным з яго практычных вынікаў стала прыняцце ініцыяванай беларускім бокам заявы ПА АДКБ аб прадухіленні спажывання наркотыкаў сярод дзяцей і моладзі.

Мірныя ініцыятывы беларускай дзяржавы знаходзяць пазітыўны водгук. Усё больш дзяржаў дэманструюць гатоўнасць удзельнічаць у стварэнні светапарадку, заснаванага на павазе суверэнітэтаў, культурна-гістарычнай разнастайнасці, даверы і эфектыўным эканамічным супрацоўніцтве. Не выклікае сумнення, што мадэль свету, заснаванага на заходніх правілах, дзе ключавым з’яўляецца прынцып уласнай перавагі, павінна трансфармавацца ў свет роўных магчымасцяў і ўзаемнай павагі. Але пабудаваць такі свет можна толькі пры ўліку інтарэсаў усіх бакоў. Гэтую ідэю нам трэба настойліва прасоўваць на ўсіх узроўнях і ва ўсіх фарматах міжпарламенцкага дыялогу.

З такіх жа пазіцый трэба падыходзіць і да падрыхтоўкі мерапрыемстваў, запланаваных на найбліжэйшы час. Так, у жніўні нам трэба будзе прыняць удзел у 44-й Генасамблеі Міжпарламенцкай Асамблеі АСЕАН у Інданезіі. У пачатку верасня ў Беларусі пройдзе Каардынацыйная нарада старшыняў профільных камісій па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы парламентаў дзяржаў — членаў АДКБ.

У ліпені беларускія парламентарыі прымуць удзел у назіранні за пазачарговымі выбарамі Прэзідэнта Узбекістана. Гэта ўяўляе асаблівую цікавасць у тым плане, што ў найбліжэйшыя два гады нам трэба будзе правесці вельмі адказныя выбарчыя кампаніі.

У прынцыпе, мы ўжо абмяркоўвалі гэтую тэматыку з калегамі па СНД у рамках міжнароднай канферэнцыі «Тэорыя і практыка выбарчага працэсу». Аднак, удзельнічаючы ў назіральных місіях, мы можам яшчэ раз крытычна зірнуць на праведзеную намі работу, асабліва з пункту гледжання забеспячэння электаральнага суверэнітэту.

Выбары, якія маюць адбыцца, у многім вызначаюць асноўныя прыярытэты работы ў выбарчых акругах. Перш за ўсё нельга зніжаць увагу да работы са зваротамі грамадзян. Кіраўніком дзяржавы абноўлена Дырэктыва «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва». У ёй дакладна вызначана, што менавіта работа з насельніцтвам з’яўляецца адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці дзяржаўных органаў, у тым ліку нашай з вамі работы, паважаныя калегі.

Трэба працягваць адкрыты грамадскі дыялог. Людзі павінны з першых вуснаў атрымліваць інфармацыю аб мерах, якія прымаюцца ў краіне для захавання суверэнітэту, гарантавання бяспекі і паступальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Асаблівы акцэнт трэба зрабіць на пытаннях падрыхтоўкі да правядзення Усебеларускага народнага сходу і абмеркавання праекта Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.

Вялікі патэнцыял у плане падтрымання народнага адзінства змяшчаюць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках Года міру і стваральнай працы. Важна развіваць сістэму патрыятычнага выхавання моладзі, садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці, культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі.

Паважаныя калегі! Зусім хутка краіна адзначыць галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці. Гэты дзень мае сакральны сэнс для ўсіх, хто прысвяціў сваё жыццё служэнню Радзіме. Дазвольце мне напярэдадні надыходзячай урачыстасці сардэчна павіншаваць вас і ўсіх прысутных у Авальнай зале, пажадаць шчасця, здароўя і поспехаў у дзейнасці на карысць Айчыны.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.