Вы тут

Беларускія спартсмены перамагалі не толькі на спаборніцтвах


У 1930-я ў маладой Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы віравала спартыўнае жыццё. Праводзіліся спаборніцтвы, адкрываліся спартыўныя арганізацыі, добраахвотна- спартыўныя таварыствы, у якіх займаліся больш за 90 тысяч чалавек. Да 1941 года ў Беларусі было створана 3295 фізкультурных калектываў, у якіх падрыхтавана 154,4 тысячы фізкультурнікаў, у тым ліку 90 тысяч значкістаў «ГПА» і 8 тысяч спартсменаў-разраднікаў. Была створана добрая  матэрыяльна-тэхнічная база. Працавала звыш 1200 спецыялістаў. Гэтыя лічбы, безумоўна, павялічваліся б,  калі б не здарылася самае страшнае, што можа быць, — вайна…


Вялікая Айчынная перавярнула звыклы ўклад жыцця, разбурыла ўсё, што было створана, перакрэсліла планы і імкненні тысяч людзей. Але самі людзі з гэтым мірыцца не сталі. «Усё для фронту, усё для перамогі» — стала дэвізам усіх партыйных, дзяржаўных, грамадскіх арганізацый. Ваенная рэальнасць паўплывала і на дзейнасць фізкультурнікаў. Цяпер іх асноўнай задачай стала падрыхтоўка рэзерваў для Чырвонай Арміі, масавая ваенна-фізічная падрыхтоўка насельніцтва, выхаванне ў людзей вынослівасці і сілы. З першых дзён вайны фізкультурныя арганізацыі Савецкага Саюза далі спецыялістаў, спартыўныя базы, інвентар і абсталяванне для вядзення заняткаў у
ваенна-навучальных пунктах.

Уладзімір Коган.

У гады акупацыі спартыўнае жыццё ў Беларусі спынілася. Былі спалены спартыўныя збудаванні, інвентар знішчаны і разрабаваны. Беларускія спартсмены сталі змагацца не на стадыёнах, а на фронце ці ў партызанскіх атрадах. На жаль, многія паядынак з лёсам прайгралі.

Уладзімір Парфідораў шмат гадоў узначальваў вучэбна-спартыўны аддзел рэспубліканскага савета фізкультуры і спорту. У перадваенныя гады загадваў вучэбнай часткай Беларускага інстытута фізкультуры. Загінуў у пачатку вайны. Адольф Гольдзберг у жыцці паспеў зрабіць вельмі шмат, нягледзячы на тое, што там было шмат войн. Адольф Якаўлевіч удзельнічаў у грамадзянскай вайне. Пасля арганізоўваў першыя гурткі па боксе і лыжах, быў дырэктарам мінскага стадыёна «Дынама», старшынёй спартыўнага таварыства КІМ. З батальёнам спартсменаў-лыжнікаў ваяваў на фінскім фронце, адкуль вярнуўся з медалём «За адвагу». З Вялікай Айчыннай вайны ён не вярнуўся... Магілёўскі лёгкаатлет Мікалай Янчэўскі, аўтар даваенных рэкордаў БССР у бегу на 200 метраў і 400 метраў, а таксама ў скачках у даўжыню. На стометроўцы першым з беларусаў «выбег» з 11-ці
секунд, паказаў вынік у 10.8 секунды.

У яго вызначана магла б скласціся выдатная спартыўная кар'ера. Калі б яго жыццё не перапыніла вайна. Устойлівасць, смеласць і майстэрства ў баях праявіў чэмпіён БССР па стэндавай стральбе Мікалай Ішуцін. Пад шквальным агнём ворага ў складзе наступаючых савецкіх войскаў адным з першых фарсіраваў Дняпро. За гэты подзвіг яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Віктар Лівенцаў.

Ні кулі, ні міны не бяруць...

Легендай партызан і падпольшчыкаў быў Леанід Паўлавіч Мамат, які да вайны працаваў выкладчыкам у Беларускім інстытуце фізкультуры і сам выступаў на спаборніцтвах па плаванні. У басейне Дома афіцэраў устанавіў рэкорд СССР у ваенізаваным плаванні на 50 метраў з гранатай у руцэ і ў адзенні (былі і такія спаборніцтвы). Леанід Мамат валодаў магутнай сілай, выдатна ведаў прыёмы самба і дзюдо. Па ўспамінах таварышаў, на важнае партызанскае заданне адпраўляўся са словамі: «Мяне не заб'юць. Вось выганім фашыстаў, даю слова — зраблю рэкорд. А вас усіх запрашаю ў балельшчыкі».

Вясной 1943 года партызаны вялі бой з немцамі на рацэ Гайна. Сілы былі няроўныя і не на карысць партызан. Для таго, каб выратавацца, трэба было перапраўляцца на іншы бераг ракі. Але рака толькі пачала вызваляцца ад лёду і выйшла з берагоў. Тых, хто не ўмеў плаваць, Леанід цягнуў на сабе. Ён некалькі разоў пераплываў раку, перацягваючы людзей. Усё ішло добра. Але калі ўжо паказаліся немцы, на тым беразе заставаліся двое партызан, якія не ўмелі плаваць. Ім пагражаў палон ці смерць. Леанід кінуўся ў ваду і паплыў туды да немцаў. Нібы буксір пад градам фашысцкіх куль, ён цягнуў таварышаў да берага. Партызаны былі выратаваны.

На немцаў Мамат наводзіў жах. Яны баяліся і арганізоўвалі на яго паляванне. Эсэсаўцы падсылалі ў атрад сваіх агентаў з заданнем забіць Мамата, але ўсе іх намаганні былі марныя. І ўсё ж вывесці са строю баявога камандзіра ім удалося. 31 снежня 1943 года ў зямлянцы, дзе жылі Мамат і яго таварыш Міхаіл Зубко, сувязная атрада, завербаваная немцамі, пакінула міну з гадзіннікавым механізмам. Выбух раздаўся дакладна ў час. У шпіталі Леанід жартаваў, што нямецкія кулі і міны яго не бяруць. Праўда, яго рука была перабітая.

Увесну 1944 года Леаніда Мамата збіраліся эвакуіраваць у тыл. Існуе тры версіі, чаму было прынята такое рашэнне. Першая — раненне. Другая — у 1943 годзе ў Маскве пачалі праводзіць чэмпіянат СССР па плаванні, трэба было паказаць, што ў краіне засталіся моцныя спартсмены. Трэцяя — на партызанскага героя палявалі немцы і яго жыццё трэба было ратаваць. Раненых, у тым ліку і Мамата на санках, павезлі на Ушацкі аэрадром. Было холадна, Леанід сышоў з саней і пабег за імі. Затым стаў ззаду на палазы. І ў гэты час раздаўся выбух міны, які выкінуў з саней параненых. Адарваны кавалак полаза ўпіўся ў горла Мамата. Калі да яго падбеглі, ён быў ужо мёртвы. Яму было ўсяго 27 гадоў.

Перамаглі ворага — адродзім спорт

Пасля вызвалення Беларусі зноў сталі праводзіцца Усебеларускія спартакіяды, былі сфарміраваны зборныя каманды БССР. Аднавілі работу тэхнікум і інстытут фізкультуры ў Мінску, добраахвотныя спартыўныя таварыствы. Моладзь актыўна ўзялася за аднаўленне стадыёнаў, спартыўных пляцовак.

Рыгор Такуеў.

Многія героі вайны, вярнуўшыся з фронту, партызанскіх лясоў і падполля, узяліся на аднаўленне спартыўнага жыцця ў Беларусі. Рыгор Такуеў з 1941 года ваяваў на фронце, з чэрвеня 1942 года ў партызанах, быў камандзірам дыверсійнага атрада 125-й Капаткевіцкай партызанскай брыгады. Асабіста пусціў пад адхон 19 эшалонаў саперніка. Рыгору Аркадзьевічу Такуеву прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Адразу пасля вызвалення Мінска яго накіравалі на працу ў апарат Беларускага рэспубліканскага савета таварыства «Спартак», дзе ён працаваў да сыходу на пенсію ў 1969 годзе.

Уладзімір Коган — неаднаразовы чэмпіён БССР і «Дынама», чэмпіён СССР і заслужаны трэнер СССР па боксе. Падчас вайны Уладзімір Коган быў стралком бамбардзіроўшчыкаў Іл-4 і Ту-2. Яго жонка Вера засталася ў акупаваным Мінску, уваходзіла ў адну з груп Мінскага падполля. На рынг Уладзімір Коган вярнуўся ўжо ў 1945 годзе — на спаборніцтвах у Маскве заняў першае месца. А на наступны дзень з'ехаў у свой полк. Вайну Уладзімір Коган скончыў у небе над Берлінам. Вярнуўся ў Мінск і цалкам прысвяціў сябе любімаму боксу. У 1949 годзе ён стаў чэмпіёнам СССР. Пасля Перамогі Уладзімір Коган адраджаў любімы бокс, будучы адначасова трэнерам і спартсменам. Стварыў беларускую школу бокса.

Адзін з заснавальнікаў беларускай акрабатыкі Міхаіл Цэйцін удзельнічаў у фінскай кампаніі, пасля ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. На вайне ледзь не страціў абедзве нагі. Міхаіл Цэйцін быў начальнікам парашутна-дэсантнай службы, камандаваў жаночай ротай паветраных радыстаў. Пасля вайны пяць разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі па акрабатыцы (1949—1953).
У 1949—1952 гадах быў прызёрам першынства СССР па акрабатыцы. Міхаіл Цэйцін быў дацэнтам кафедры гімнастыкі Беларускага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Даводзілася пераадольваць звышмарафонскія дыстанцыі

Вайна скончылася, а беларусы працягнулі паказваць сваю мужнасць і гераізм, на шчасце, ужо не на полі бою, а на спаборніцтвах. А тыя, хто спачатку прынёс краіне перамогу ў вайне, дапамагалі маладому пакаленню прыносіць краіне спартыўныя перамогі.

Віктар Лівенцаў пачаў вайну палітруком, а скончыў у званні палкоўніка, з зоркай Героя Савецкага Саюза. Пораху Віктар Ільіч панюхаў яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны — у 1939 годзе ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. З першага дня Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з ворагам на тэрыторыі сучасных Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Затым апынуўся ў акупаваным Бабруйску, дзе стварыў падпольную групу. Калі падпольшчыкі зразумелі, што вораг можа іх раскрыць, — сышлі ў лес. Гэта быў чэрвень 1941-га. Атрад спачатку налічваў некалькі дзясяткаў чалавек, потым — сотняў. А праз два гады Віктар Лівенцаў ужо камандаваў брыгадай у паўтары тысячы байцоў. «У хлопцаў маіх спартыўная падрыхтоўка была што трэба, інакш не вытрываць бы ім найцяжэйшых баёў, марш-кідкоў. Часам, каб вырвацца з акружэння, трэба было здзейсніць начны рэйд, даводзілася пераадольваць ледзь не звышмарафонскія дыстанцыі па некалькі дзясяткаў кіламетраў. Вельмі многія трапна стралялі. Бо да вайны атрымаць значок ГПА або «Варашылаўскі стралок» было ўсё роўна, што медаля ўдастоіцца», — распавядаў Віктар Ільіч у інтэрв'ю «Фізкультурніку Беларусі».

У 1958 годзе Лівенцаў узначаліў Камітэт па фізічнай культуры і спорце пры Савеце Міністраў БССР. Працу пачаў з будаўніцтва спортаб'ектаў вялікіх і малых. Прыцягнуў на працу кваліфікаваныя кадры, бо пасля вайны ў Беларусі іх засталося вельмі мала. Пры Віктару Ільічу Лівенцаву былі пабудаваны Палац спорту, алімпійскія базы «Стайкі» і «Раўбічы», рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат, лёгкаатлетычны комплекс ва Уруччы, Палац тэніса і шмат іншых аб'ектаў.

Усё гэта стала выдатнай падмогай для развіцця спорту. А прыклад фізкультурнікаў ваеннага пакалення — прыкладам і матывацыяй для будучых пакаленняў спартсменаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.