Акцыя «Прававы экспрэс» па бясплатным кансультаванні грамадзян, прымеркаваная да Дня Незалежнасці, сёлета прайшла ў незвычайным фармаце. Юрысты ладзілі сустрэчы з грамадзянамі на вакзалах абласных цэнтраў, а таксама кансультавалі ўсіх жадаючых прама ў вагоне «прававога экспрэса». Выправіўшыся ў шлях 25 чэрвеня са сталічнага чыгуначнага вакзала, цягнік з натарыусамі аб’ехаў усе вобласці і прывёз прававую дапамогу жыхарам, якія з 10:00 да 13:00 прыходзілі на абласныя вакзалы. Завяршылася акцыя сёння, 1 ліпеня на Кургане Славы, дзе юрысты выпусцілі ў неба галубоў у памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны.
Акцыя вельмі правільная і своечасовая, бо юрыдычных пытанняў у людзей заўжды ўзнікае вельмі шмат, а гэта той выпадак, калі юрыст прыязджае да цябе, лічы што дадому, адзначылі арганізатары мерапрыемства. У зладжанай па ініцыятыве Беларускай натарыяльнай палаты акцыі ўзялі ўдзел таксама члены суполкі Беларускі саюз жанчын Міністэрства юстыцыі.
14 натарыусаў у спецыяльным вагоне-купэ, які перачаплялі да адпаведных цягнікоў, што рухаліся па маршруце Мінск-Віцебск-Гомель-Магілёў-Гродна-Брэст-Мінск, змяняючы адзін аднаго, прымалі ўсіх жадаючых не толькі на абласных вакзалах, а і прама ў вагоне. Такі адкрыты прыём грамадзян, калі яны могуць свабодна падыйсці да натарыуса абсалютна з любым пытаннем, калі не трэба шукаць адпаведнага спецыяліста і запісвацца на прыём, а проста разам у адным вагоне сабрана шмат юрыстаў розных накірункаў работы, ладзіцца ўпершыню.
— Прававая асвета — важная функцыя Містэрства юстыцыі, якую яно ажыццяўляе сумесна з іншымі дзяржорганамі. Па сутнасці, гэта паняцце ўключае ў сябе прававую культуру нашага насельніцтва, фарміраванне прававой свядомасці, — заўважыла Наталля Філіпава, першы намеснік міністра юстыцыі. — Мы ўсе разумеем: чым больш будзем ведаць норм права, тым лепш будуць вызначаны правапаслухмяныя паводзіны. Калі я ведаю, як правільна паводзіць сябе ў пэўнай сітуацыі, я не буду дапускаць няправільных дзеянняў, а стану следаваць нормам права і закона.
Асноўная задача натарыусаў — забяспечваць абарону інтарэсаў і правоў грамадзян і юрыдычных асоб, а забяспечваць, значыць прадухіляць, то-бок расказваць пра тыя нормы права, з якімі грамадзяне могуць сутыкнуцца ў нашай дзяржаве ў сваім звычайным грамадскім жыцці, пракаменціравала Наталля Барысенка, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты:
— Людзям патрэбна правільнае разуменне і тлумачэнне норм права, таму мы вырашылі, што акцыя ў падобнай форме дапаможа ў рэалізацыі гэтай задачы. Мы рэальна рухаемся насустрач нашым людзям.
Паколькі акцыя прымеркавана да Дня Незалежнасці Беларусі, падчас паездкі натарыусы наведвалі знакавыя мясціны, каб падтрымліваць адзінства насельніцтва і ўшаноўваць памяць загінуўшых, дзеля чаго і стваралася мерапрыемства.
Традыцыйныя пытанні, з якімі прыходзілі людзі да натарыусаў падчас іх паездкі па краіне, — афармленне спадчынных правоў, акалічнасці шлюбных дагавораў і пагаднення аб дзецях, аб выплаце аліментаў, сведчанні даверанасцяў. Пачаліся і сезонныя пытанні накшталт парадку выезду дзяцей за мяжу.
— Колькі б мы ні гаварылі пра прававыя моманты, кожная сітуацыя выключная і асабістая, таму ў рамках прававой акцыі мы стараемся даваць тлумачэнні прымяняльна да канкрэтнага выпадку сям’і: тлумачым, як атрымаць спадчыну, як яе аформіць, як скласці тэстамент, каб пасля не было сварак, што можна прапісаць у шлюбным дагаворы, як дамовіцца пра стасункі з дзецьмі.
Натарыусы сімвалічна завяршылі акцыю на Кургане Славы, усклаўшы кветкі і вянок, перавіты ільняным рушніком з нацыянальным арнаментам даўжынёй больш як пяць метраў. Гэты рушнік, які натарыусы «спляталі», пакуль перамяшчаліся па краіне, сімвалізуе сабой яднанне ўсіх рэгіёнаў Беларусі.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.