Вы тут

Нашчадкі пераможцаў расказалі аб сваіх продках-ветэранах


Эпіцэнтрам святкавання Дня Незалежнасці стаў мемарыяльны комплекс «Курган Славы». Каля падножжа велічнага манумента, які сімвалізуе незалежнасць беларусаў і непераможнасць савецкага народа, сабраліся сапраўдныя патрыёты сваёй Айчыны, якія свята берагуць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і перадаюць яе падрастаючаму пакаленню. Каб пабываць на гэтым легендарным месцы, дзе ў пачатку ліпеня 1944-га года разгарнуліся жорсткія баі за вызваленне беларускай сталіцы, а таксама далучыцца да памятных мерапрыемстваў, да Кургана Славы прыйшлі і юныя беларусы, а таксама іх равеснікі з іншых краін, дзе таксама шануюць традыцыі народа-пераможцы.


Моладзь памятае, моладзь шануе

Сярод іх — удзельнікі патрыятычнага культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці», які напярэдадні 3 Ліпеня спыніўся ў Мінску. Школьнікі з Беларусі і Расіі, Арменіі і Кыргызстана, якія ўжо праехалі большасць расійскіх і беларускіх гарадоў, уважліва слухалі прамову Прэзідэнта нашай краіны і ўбіралі кожнае слова — асабліва тое, якое было адрасавана моладзі.

Юлія Ялугіна, якой пашчасціла ехаць у Цягніку Памяці, жыве ў Чабаксарах. У Беларусі школьніца ўпершыню. «Мне вельмі спадабаліся ваша цудоўная краіна, менталітэт беларускага народа, мова, на якой ён размаўляе, — прызналася яна. — Я абавязкова хачу прыехаць сюды яшчэ раз і, напэўна, не адзін. Брэсцкая крэпасць — тое месца, якое мала наведаць толькі аднойчы».

Па словах удзельніцы праекта «Цягнік Памяці», падручнікі гісторыі не настолькі поўна і падрабязна, як хацелася б сучаснай моладзі, раскрываюць тэму Вялікай Айчыннай вайны. «Падарожнічаючы на цягніку па памятных месцах нашай некалі агульнай краіны, мы значна пашырылі свой кругагляд, — падзялілася Юлія. — Такія праекты павінны ахопліваць як мага большую колькасць маладых людзей, якія не дазволяць перапісаць нашу гісторыю».

З дзяўчынай пагаджаецца і Багдан Ушал, удзельнік праекта «Цягнік Памяці» з беларускага боку. «Мяне вельмі ўразіў горад Валгаград, — расказаў малады чалавек. — Сваймі пейзажамі, алеяй, шматлікімі помнікамі. Моцныя ўражанні пакінула скульптура „Радзіма-маці кліча!“ на Мамаевым кургане. Дзякуючы праекту „Цягнік Памяці“, мы даведаліся не толькі больш пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, а і пасябравалі са сваімі равеснікамі з іншых краін. Безумоўна, гэты праект яднае народы, скіроўвае маладое пакаленне на тое, каб мы шанавалі і не забывалі нашу агульную гісторыю».

Па словах навучэнца Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Пятра РАКІЦКАГА, трэба вывучаць гісторыю краіны: кожны павінен ведаць, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны адбывалася на тэрыторыі нашай краіны і да чаго гэта ў выніку прывяло. «У сувораўскім вучылішчы вельмі шмат увагі ўдзяляецца гісторыі, асабліва гісторыі ваеннага часу, — расказаў юнак. — Акрамя насычанай навучальнай праграмы, якая дае поўнае ўяўленне аб тых падзеях, мы рэгулярна наведваем помнікі, музеі». 

Шчаслівы дзень

Як падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, з кожным годам такое свята, як Дзень Незалежнасці, становіцца больш каштоўным для сучаснага пакалення. «Абсалютна правільна сказаў Аляксандр Рыгоравіч: тая вайна нас, беларусаў, навучыла цаніць мір, — звярнула ўвагу спікер верхняй палаты парламента. — Хочацца павіншаваць нашых дарагіх беларусаў, усіх гасцей нашай краіны з гэтым цудоўным святам. Нашай краіне пажадаць — міру і росквіту. Мы аддаём даніну павагі тым, хто загінуў, вызваляючы нашу Беларусь. Тым, хто сёння разам з намі жыве і радуе нас. Тым, хто з’яўляецца для нас прыкладам гераічнага подзвігу і любові да свайго народа і краіны».

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, адзначыў: «Дзень Незалежнасці, які мы святкуем, — гэта вынік шматвяковага шляху станаўлення беларускай дзяржаўнасці. І вельмі важна, што гэтае свята прымеркаванае да 3 ліпеня — дня вызвалення Мінска. Мы перажылі страшную вайну, нашы продкі, нашы бацькі... І вядома ж, мы ганарымся і памятаем іх подзвіг. У сённяшні дзень важна, каб мы працягвалі гэтыя добрыя традыцыі, каб мы захоўвалі мір, жылі сваім розумам на сваёй зямлі. Такая сутнасць беларускай дзяржаўнасці».

Па словах першага сакратара ЦК БРСМ Аляксандра Лук’янава, такія месцы, як Курган Славы, неабходна наведваць сем’ямі — каб у чарговы раз зразумець, якая цана ў мірнага неба, чаго ў гэты няпросты час нашай дзяржаве каштуе выкананне ўсіх сацыяльных гарантый насельніцтву. «Сёння як ніколі грамадзяне Беларусі аб’яднаныя, — перакананы ён. — Агульныя выклікі і пагрозы, з якімі сутыкаецца наша краіна, прымушаюць нас быць разам. Толькі разам наша народ пераадольваў нават самыя складаныя ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці выклікі. Сёння нам усім варта задумацца: як жыць такім чынам, каб Дзень Незалежнасці заўсёды быў для нас святам — усенародным, усёабдымным, што трэба зрабіць, каб перадаць нашым дзецям пачуццё вечнай удзячнасці продкам».

Адказы на гэтыя пытанні ёсць у рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі». Як расказаў яго старшыня Мікалай Зарубіцкі, традыцыйна «Патрыёты Беларусі» прымаюць самы актыўны ўдзел у памятных мерапрыемствах па ўсёй краіне, наведваюць святыя для кожнага беларуса мясціны. У гэтыя моманты ён заўсёды ўзгадвае сваіх дзядоў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайны. «Адзін мой дзед прайшоў яшчэ ад фінскай да блакады Ленінграда, атрымаў медаль „За абарону Ленінграда“, ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, дайшоў да Германіі, — расказвае аб героях уласнай сям’і Мікалай Зарубіцкі. — Другі мой дзед быў партызанам, ваяваў у атрадзе Леонава пад Наваполацкам. Мне пашчасціла, што я застаў абодвух дзядоў. Помню, як адзін з іх 9 Мая галіўся, прасаваў адзенне, начышчаў боты і сыходзіў да сваіх аднапалчан. І ён прыходзіў дамоў такім шчаслівым, што гэтага немагчыма было не заўважыць. Памятаю, як пытаўся ў яго, чаму ён менавіта на 9 Мая такі шчаслівы. А ён казаў, што Дзень Перамогі — самае галоўнае для яго свята, самае святое, што ў яго ёсць».

«Захаваць мір — галоўная задача»

Пашчасціла застаць свайго дзеда-ветэрана і Аляксею Талаю, заснавальніку аднайменнага дабрачыннага фонду. Ён падзяліўся, што памятае кожнае слова героя сваёй сям’і. Дарэчы, Аляксея Талая назвалі менавіта ў гонар свайго дзеда, які быў партызанам. «Дзякуючы яму я цяпер жыву, — падкрэсліў заснавальнік фонду. — І не толькі таму, што ён змагаўся за нашу Радзіму. А і дзякуючы яго жыццёваму вопыту, усяму таму, што ён змог перадаць падрастаючаму пакаленню: мне, праз мяне — ужо сваім унукам, праўнукам. Гэт сувязь пакаленняў як залатая нітка, якой мы звязаныя светлай памяццю аб нашых героях. Яна і зможа, звязаўшы нас, захаваць нашаму народу магчымасць жыць на планеце Зямля». 

Па словах Аляксея Талая, Дзень Незалежнасці, як і Дзень Перамогі, — свята са слязамі на вачах. «За вызваленне Беларусі аддалі свае жыцці сотні тысяч герояў — нашы дзяды і прадзеды, — нагадаў ён. — Мы гэта памятаем. Мы бласлаўлёныя тым, што бачылі іх жывымі, чулі з іх вуснаў гісторыю аб тым, як яны змагаліся за Радзіму, і для нас гэта святое».

У дырэктара сярэдняй школы № 2 горада Дзяржынска Ірыны Каспорскай у Вялікай Айчыннай вайне ўдзельнічалі абодва дзядулі. «Прычым ваявалі за адным кулямётам, дайшлі да Берліна і сустрэліся ўжо пасля вайны, калі ажаніліся дзеці, — расказвае гісторыю сваёй сям’і жанчына. — Адна бабуля набліжала Перамогу ў тыле: яна працавала на Ульянаўскім заводзе, дзе вырабляла снарады, міны, іншыя боепрыпасы». Па словах дырэктара школы, незалежная сёння Рэспубліка Беларусь перажыла столькі ўсяго, прайшла праз нягоды, каб стаць такой. «Наша задача — паказаць маладому пакаленню, што Беларусь — гэта самая лепшая і прыгожая краіна, — адзначыла яна. — Яе трэба любіць і шанаваць, цаніць тое, што ў нас ёсць, і перадаваць гэта з пакалення ў пакаленне». 

Як падкрэсліў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, Дзень Незалежнасці з’яўляецца галоўным святам беларускай дзяржаўнасці, незалежнасці і суверэнітэту, а таксама тых самых галоўных каштоўнасцяў, якія закладзены і ў Канстытуцыю, і ў праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. «Захаваць мір, бяспеку — гэта самая галоўная сёння задача для сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі», — акцэнтаваў увагу дзяржсакратар. Па яго словах, захаванне гістарычнай памяці і заваёў ветэранаў, якія цаной уласнага жыцця зрабілі ўсё магчымае і не толькі для свабоды сваёй Радзімы, з’яўляецца вельмі важным. «Захаваць тое, што яны змаглі дасягнуць, — галоўная задача для любога грамадзяніна Беларусі: ад Прэзідэнта да першакласніка», — заўважыў Аляксандр Вальфовіч.

Ён звярнуў увагу на абвостраную ваенна-палітычную абстаноўку. «Уся архітэктура міжнароднай, рэгіянальнай бяспекі абрынулася раптоўна, — канкрэтызаваў ён. — Сёння амерыканцы, калектыўны Захад не лічацца ні з чым: палітыка, санкцыі, ваенны складнік, агрэсіўнасць якога сёння прасочваецца на заходніх межах, мілітарызацыя... Вядома, гэта не можа нас не турбаваць. Але самае галоўнае, развязана інфармацыйная вайна —барацьба за розумы людзей».

І ў гэтым плане, па меркаванні Аляксандра Вальфовіча, вельмі важна захоўваць гістарычную памяць. «Калі ў нас будзе правільны дух, той дух і тая крэпасць, вернасць, якая была ў нашых дзядоў і прадзедаў, наш народ будзе непераможны, — лічыць ён. — А кожнаму на сваім месцы трэба выконваць свае задачы. Гэтым мы кожны па крупінках уносім свой уклад у забеспячэнне бяспекі нашай краіны. Самае дарагое сёння — гэта мір. Мы яго абавязаны ўсе разам захаваць».

А інакш нашчадкі пераможцаў, жыхары краіны, якая найбольш пацярпела ў той жудаснай вайне, дзе загінуў кожны трэці яе жыхар, паступіць і не могуць — проста не маюць на гэта маральнага права.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?