Вы тут

Старасты-пераможцы спаборніцтва пра справы на карысць населеных пунктаў


Нядаўна на Брэстчыне ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу сярод сельскіх, гарадскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання вобласці па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Адзначылі таксама найлепшых старастаў. Карэспандэнт МС пагутарыла са старастамі вёсак, якія занялі прызавыя месцы ў спаборніцтве. Дзве з іх працуюць у вялікіх населеных пунктах, адна — у сярэднім. Кожная з жанчын, паводле меркавання кіраўнікоў мясцовай улады, карыстаецца павагай і аўтарытэтам у асяродку аднавяскоўцаў, шмат робіць для паляпшэння свайго населенага пункта.


Кожны вольны куток зямлі ў Клепачах засаджваецца кветкамі.

Любоў Гугнюк, стараста вёскі Клепачы Пружанскага раёна:

— Мой канёк у рабоце — гэта добраўпарадкаванне і ўпрыгажэнне кветкамі вуліц, двароў, агульных тэрыторый, якіх у нашым аграгарадку даволі многа. Некалі, у сярэдзіне 1970-х, у Клепачах вырас цэлы пасёлак як цэнтральная сядзіба былога саўгаса «Савецкі». За паўстагоддзя населены пункт прырос новымі вуліцамі, атрымаў развіццё. Цэнтральная плошча аграгарадка з Домам культуры, адміністрацыйным будынкам гаспадаркі, гандлёвым цэнтрам уяўляе сабой закончаны архітэктурны ансамбль. Застаецца падтрымліваць усё ў належным стане, клапаціцца пра эстэтыку дваровых тэрыторый, вуліц.

Да выхаду на пенсію я ўзначальвала мясцовы ўчастак камунальнай гаспадаркі і займалася ўсім названым прафесійна. Цяпер засталася на сваім прадпрыемстве ў якасці работніка зелянгаса і займаюся выключна кветкамі. А ў якасці старасты стараюся арганізоўваць аднавяскоўцаў на справу навядзення і падтрымання прыгажосці.

Пачынаючы з вясны мы пасадзілі шмат кветак, добраўпарадкавалі шэраг клумбаў. Адно засмучае: ва ўсім названым знайсці падтрымку ўдаецца пераважна ў людзей майго ўзросту. Маладыя жыхары не вельмі ахвотна падключаюцца да прыборкі тэрыторыі, агульных суботнікаў. У вольны час яны аддаюць перавагу гаджэтам, а на вуліцы, як вядома, віртуальныя кветкі не вырастуць.

Таццяна Брыштэн, стараста вёскі Павіцце Кобрынскага раёна:

— Старастай мяне абралі амаль тры гады таму. І першай маёй справай у гэтай якасці была агітацыйная работа сярод аднавяскоўцаў, каб давесці да ладу агароджу могілак. Рэч у тым, што могілкі даўно закрытыя, але ж яны знаходзяцца фактычна ў вёсцы, што вымагае адпаведнага догляду аб'екта. Жыллёва-камунальная гаспадарка, на чыім балансе могілкі, некалькі гадоў таму абнесла агароджай палову іх. Камунальнікі зрабілі столькі, колькі было выдзелена грошай. А мы ўсёй грамадой вырашылі давесці справу на канца, зрабіць другую палову агароджы. Каб сабраць грошы, давялося пахадзіць па хатах, пагутарыць з людзьмі, пабываць і ў працоўных калектывах. Але патрэбную суму сабралі, і агароджу паставілі.

Потым узяліся за дзіцячую пляцоўку. Асноўныя сродкі на набыццё абсталявання выдзелілі спонсары, работу па ўзвядзенні пляцоўкі арганізоўваў сельвыканкам. Але ж, як заўсёды, каб давесці да поўнага парадку любую справу, патрабуюцца дробязі. Ну, напрыклад, каля пляцоўкі трэба, каб была лаўка пасядзець дарослым, абавязкова патрэбная сметніца, побач някепска пасадзіць клумбу. Вось гэта мы абмеркавалі з актывістамі і рушылі па хатах збіраць грошы. А калі сабралі і зрабілі ўсё як след, самім прыемна стала. І цяпер на нашай дзіцячай пляцоўцы адпачываюць сем'і з дзецьмі. Летам яна асабліва запатрабаваная.

Потым былі яшчэ сквер у цэнтральнай частцы вёскі, рэканструкцыя брацкіх магіл на могілках, дзе патрабаваліся не толькі сродкі, але і актыўны ўдзел добраахвотнікаў. Бо паднесці, прыбраць, пафарбаваць — частка любой работы па добраўпарадкаванні. І на гэта трэба арганізоўваць людзей.

З апошніх нашых агульных спраў — уладкаванне новага крыжа, аднаго з пяці, дарэчы, якія ўстаноўлены ў Павіцці. Гэты зусім састарэў, мы вырашылі яго замяніць. Сабралі грошы, купілі матэрыял. Са зваркай і ўстаноўкай дапамагло сельгаспрадпрыемства, цяпер крыж устаноўлены.

Галіна Сянюта, стараста вёскі Вартыцк Іванаўскага раёна:

— Сваю вёску вельмі люблю, тут нарадзілася і вырасла, тут пражыла амаль усё жыццё. Старастай аднавяскоўцы абралі мяне 11 гадоў таму. Да выхаду на пенсію працавала настаўніцай, таму работу з людзьмі ведаю, заўсёды камунікавала з вучнямі, іх бацькамі, на маіх вачах вырасла не адно пакаленне жыхароў вёскі.

Першай нашай значнай справай пасля майго абрання старастай было навядзенне парадку на могілках. Памятаю, знеслі за сезон 127 дрэў, прыбралі лішнюю расліннасць, усё вычышчалі, фарбавалі. На суботнікі выходзіла да сарака чалавек у дзень, усяго ў Вартыцку пражывае крыху больш за 180 жыхароў. Тады я зразумела, наколькі нашы людзі чулыя, свядомыя, іх можна арганізаваць на любую добрую справу.

За гады работы ў мяне сфарміраваўся касцяк актывістаў-памочнікаў, каля дзясятка чалавек, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу, арганізуюць суседзяў. Так было, калі мы, напрыклад, добраўпарадкавалі капліцу. Гэта агульная справа вясковай грамады, якой вёска можа ганарыцца. Рэч у тым, што ёсць у нас асаблівая мясцінка. Некалі, яшчэ ў часы майго юнацтва, тут была танцпляцоўка, вечарамі збіралася моладзь. Мы самі кожную вясну ачышчалі пляц, наводзілі і падтрымлівалі парадак. Потым некаму прыйшла ў галаву ідэя пасадзіць тут дрэвы. Ідэя хутка знайшла водгук. І кожны выпуск нашай школы садзіў сваю невялікую алею. Напрыклад, мой клас садзіў бярозы. І вось гадоў 15 таму нейкім чынам тут завялася акацыя, якая стала ўсё заплятаць і выцясняць культурную расліннасць. Мы вырашылі ачысціць сквер ад акацыі. Для гэтага давялося правесці шэраг суботнікаў. Паступова, за некалькі гадоў, навялі поўны парадак, побач з'явілася лаўка, вымалявалася месца адпачынку. А насельніцтва старэе, не раз даводзілася чуць ад сталых жыхароў, што добра было б сваю капліцу мець — да царквы ў Опаль дабірацца восем кіламетраў. І тут, насупраць вось гэтага сквера, стаў пуставаць дыхтоўны дом. Гаспадары памерлі, дзеці-вяскоўцы маюць свае дамы. Можна сказаць, дзеці і прапанавалі пераабсталяваць дом пад капліцу, што мы і зрабілі. Цяпер два разы на месяц да нас прыязджае святар, асабліва рады гэтаму пажылыя людзі.

Агульным клопатам стала падтрыманне парадку вакол помніка аднавяскоўцам, якія загінулі ад рук фашыстаў. Вартыцк у 1942-м спалілі карнікі, загінула тады 82 жыхары, згарэла больш за сто дамоў. Вёска адрадзілася. Сваім святым абавязкам лічым даглядаць памятны знак. Робім гэта разам са школьнікамі. Расказваем дзецям па трагічныя падзеі, нагадваем пра жахі вайны. Гэтай вясной таксама прывялі ў парадак тэрыторыю, пасадзілі кветкі. Жыве памяць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?