Вы тут

Адкрыўся амбулаторны цэнтр 432-га галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра


У сучаснай установе аховы здароўя створаны ўсе ўмовы — як для медыцынскага персаналу, так і для пацыентаў. Ваеннаслужачыя, а таксама члены іх сем'яў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл атрымалі магчымасць у адным месцы прайсці дыягностыку па шырокім спектры захворванняў, пракансультавацца ў высокакваліфікаваных спецыялістаў, скарыстацца комплексам працэдур і паклапаціцца аб прафілактыцы тых ці іншых захворванняў. Дарэчы, усе паслугі цэнтра даступныя і для грамадзянскага насельніцтва, праўда, на платнай аснове.


Фота: БелТА.

Як адзначыў падчас урачыстага адкрыцця цэнтра намеснік міністра абароны па тыле — начальнік тылу Узброеных Сіл генерал-маёр Андрэй Бурдыка, у нашай дзяржаве здароўю насельніцтва (і ваеннаслужачыя — не выключэнне) удзяляецца вялікая ўвага. «Самае галоўнае — вы павінны разумець, што не пацыент вам нешта павінен, а вы — пацыенту, — звяртаючыся да медыцынскага персаналу цэнтра, заўважыў ён. — Да пацыентаў патрэбна асаблівая ўвага».

Намеснік міністра пажадаў супрацоўнікам плёну ў паўсядзённай дзейнасці, а таксама падтрымання высокага ўзроўню медыцынскага забеспячэння, якім славіцца 432-і галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл.

Амбулаторны цэнтр, рэканструкцыя якога ажыццяўлялася на працягу двух гадоў, — гэта шматпрофільны комплекс, які мае 15 аддзяленняў і 11 спецыялізаваных кабінетаў, прызначаных для аказання медыцынскай дапамогі. Цэнтр абсталяваны самым сучасным медыцынскім абсталяваннем, якое дазваляе праводзіць рэнтгенаўскія, ультрагукавыя, эндаскапічныя і іншыя даследаванні. Усё абсталяванне поўнасцю новае.

Як расказала начальнік амбулаторнага цэнтра 432-га галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл палкоўнік медыцынскай службы Вольга Лаўрэцкая, у цэнтры з'явіўся такі ўнікальны апарат, як дэнсітометр, які дазваляе вымяраць шчыльнасць касцей. Гэтае абсталяванне, па яе словах, вельмі неабходнае ў дыягностыцы астэапарозу. «Рэнтген-аддзяленне абсталявана шасцю навейшымі апаратамі, у тым ліку айчыннай вытворчасці, з вельмі высокай адрознівальнай здольнасцю», — адзначыла начальнік амбулаторнага цэнтра.

Што датычыцца кадраў, медыцынскае падраздзяленне практычна поўнасцю ўкамплектавана. Згодна са штатным раскладам, у цэнтры працуе 165 чалавек, сярод іх — сем ваеннаслужачых і 158 асоб грамадзянскага персаналу. Праўда, як адзначыла кіраўнік установы, маюцца і вакантныя пасады: у прыватнасці, урачоў і сярэдняга медперсаналу.

— У Беларусі ёсць добрая традыцыя — адкрываць знакавыя сацыяльныя аб'екты перад святамі, — звярнуў увагу начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны палкоўнік медыцынскай службы Аляксандр Малюх. — Гэта сведчыць аб сацыяльнай палітыцы нашай дзяржавы, накіраванай у тым ліку і на клопат аб здароўі нашых грамадзян. Амбулаторны цэнтр не саступае многім шматпрофільным цэнтрам краіны. Eн з'яўляецца адным з асноўных падраздзяленняў 432-га галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл. Ваенны шпіталь, як у народзе называюць 432-гі цэнтр (быў адкрыты ў жніўні 1805 года. — «Зв».), з'яўляецца найстарэйшай медыцынскай установай краіны. З уводам у эксплуатацыю амбулаторнага цэнтра рэканструкцыя шпіталя поўнасцю завершана.

Нягледзячы на функцыянаванне амбулаторнага цэнтра ў новым рэжыме, сюды звяртаецца да тысячы чалавек у суткі. Варта заўважыць, што сяміпавярховы будынак цэнтр дзеліць разам з кафедрай ваенна-палявой тэрапіі, аддзяленнем лабараторнай дыягностыкі і цэнтральнай ваенна-ўрачэбнай камісіяй.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.