Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» паназірала за падрыхтоўкай да свята ў Александрыі


Яшчэ на падыходах да месца дзейства было відаць, як кіпіць работа. І першае, што кідаецца ў вочы — гэта высачэзная купальская сцэна, з якой да прысутных звернецца Прэзідэнт краіны і дзе адбудзецца галоўнае купальскае дзейства, за якім будуць назіраць тысячы чалавек. Білеты на яго, дарэчы, былі раскупленыя ўжо месяц таму. Наколькі маштабным і багатым на спецэфекты будзе прадстаўленне, можна меркаваць па тых канструкцыях, якія манціруюць рабочыя. На вялікіх скрынях пазначана — Blackout — назва вядомага арганізатара ўсіх грандыёзных канцэртаў у Беларусі.


Гадзіна язды ад Магілёва да Копысі — і я ўжо на месцы. У звычайныя дні народу на станцыі садзіцца няшмат, але Купалле — выключэнне. Касір маленькай вясковай станцыі прызнаецца, што ў дзень свята прыходзіцца працаваць у напружаным рэжыме, бо колькасць пасажыраў узрастае ў разы. Чыгуначным транспартам вельмі зручна дабірацца і з боку Оршы, а таксама Магілёва і Шклова. Да купальскай пляцоўкі ад станцыі ўсяго 15 хвілін хады. Яе добра відаць ужо з вокнаў цягніка. У суботу тут будзе святочна і шматлюдна. А ў аўторак можна было паназіраць, як ствараюцца ўмовы для свята.

Грукат малаткоў, роў піл і над усім гэтым пах дрэва. Гэта Магілёўскі лясгас варожыць над стварэннем сакральнай пляцоўкі з абярэгам міру і саюзнага адзінства. Тут будуць спяваць і запрашаць у свае карагоды фальклорныя калектывы. Пасярод пляцоўкі памерам 25 на 50 метраў дзесяцімятровы слуп, на якім размесціцца гняздо бусла. А ад гнязда працягнуцца рознакаляровыя стужкі да слупкоў па перыметры. Тут жа рыхтуецца і глядзельная зала для аматараў аўтэнтыкі і этнаграфіі. Лясгас — аўтар і іншых цікавых арт-аб'ектаў купальскага гарадка. Непадалёк ад галоўнай сцэны размешчана сімпатычная хатка Бабы Ягі.

— Будзем яшчэ ўязныя вароты з дубу рабіць, — удакладняе галоўны ляснічы Аляксандр Дыдышка, які каардынуе гэты працэс.

А вунь кладуць насцілы і ўзводзяць гандлёвы павільён і кавярню пад адкрытым небам будаўнікі ААТ «Александрыйскае». Малады хлопец, які тут шчыруе, прызнаецца, што толькі вярнуўся са збораў і першы працоўны дзень пачынае на ўзвядзенні купальскага аб'екта. Яўген — чалавек вопытны, у падрыхтоўчых да Купалля работах удзельнічае не ўпершыню. Як і Дзмітрый, які з захапленнем расказвае, які прыгожы будзе іх павільён. Замест столікаў — бочкі, каб перадаць дух даўніны, а па перыметры пляцоўкі — пляцень з лазы зрабілі, каб стварыць адпаведны настрой.

— Манціраваць міні-гарадок пачалі яшчэ на мінулым тыдні, — расказвае намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Давыдовіч. — Справа будзе размешчаны гандаль, злева — аб'екты культуры — сцэны, рады рамеснікаў і майстроў, забаўляльныя аб'екты. Далей — спартыўная лакацыя і маладзёжная, дзе адбудуцца фінальныя спаборніцтвы рэспубліканскага праекта «Уладар сяла». І на самым канцы купальскай лугавіны — цырк.

У падрыхтоўцы задзейнічаныя не толькі шклоўскія арганізацыі — гэта ж рэспубліканскі ўзровень. Працуюць усе: камунальныя службы, прадстаўнікі ад культуры, адукацыі, спорту, сельгасарганізацый, электрыкі, леснікі. Плошча купальскага гарадка стала сёлета яшчэ большая за кошт павялічэння месцаў культурнага адпачынку і гастранамічных аб'ектаў.

Рамеснымі радамі займаецца «Магілёўдрэў». Толькі для прадстаўнікоў Магілёўшчыны ўзводзіцца два вялікія драўляныя навесы па 12 метраў. Галоўны інжынер прадпрыемства Генадзь Маркоўскі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўкі да свята прымае ўпершыню і ацэньвае яго арганізацыю на высокім узроўні.

— Адразу відаць, што ідзе падрыхтоўка да маштабнага свята, — кажа ён.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка апошнія тыдні перад святам наогул жыве паміж Магілёвам і Шкловам. Вось і гэтым разам прыехаў абмеркаваць на месцы арганізацыйныя моманты разам са спецыялістамі.

— Праграма александрыйскага свята вельмі складаная для арганізатараў, але вельмі цікавая для тых, хто прыйдзе сюды адпачываць, — прызнаецца ён. — Мы рыхтуемся доўга, расстаўляем пункты, размяркоўваем лакацыі. За месяц тут былі ўжо ўбітыя калкі, і кожны ведаў сваё месца. Трэба, каб суседства было гарманічнае і адна пляцоўка плаўна перацякала ў другую. У кожнага свята — свой настрой, свой сімвал. Мы паглыбляемся ў аўтэнтыку, якая ідзе з глыбіні вякоў, у нашу мову, культуру, абрады, абярэг, які сілкуе нас. Тут і лялькі з тварам і без, і паясы, і арнаменты, і наш галоўны абярэг бусел — сімвал міру і стваральнай працы, які раскрые крылы над галоўнай фальклорнай пляцоўкай. Яшчэ 20 рэгіёнаў Расіі прывязуць свае абярэгі. Будуць гучаць агульныя славянскія песні. Дняпро аб'ядноўвае нашы народы і гэтай сувязі ніхто не зможа разарваць. Госці адчуюць на сабе подых розных культур і эпох.

Міні-планёрка з удзелам Валерыя Малашкі.

Вялікія відэаэкраны манціруюцца так, каб гледачам было зручна назіраць канцэртныя нумары з любога месца купальскага поля. Сёлета тут будзе яшчэ і сцэнічная пляцоўка ад Саюзнай дзяржавы.

— Гэта дапамога неацэнная, — удакладніў Валерый Малашка. — Дзмітрый Мезенцаў доўга прыглядаўся да нас, прыязджаў сюды, яшчэ будучы паслом Расійскай Федэрацыі. Цяпер у якасці дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы ён падтрымаў наша мерапрыемства. Гэта будзе асобная сцэнічная прастора. Канцэрт зорак Саюзнай дзяржавы пачнецца ў 18.00.

Летась купальскае свята наведалі 70 тысяч гасцей, сёлета чакаюць яшчэ больш. У тым ліку і афіцыйных. Валерый Малашка адзначае, што па колькасці дзяржаўных асоб Купалле сёлета мала чым будзе саступаць Форуму рэгіёнаў.

— На аўторак ужо шэсць губернатараў расійскіх рэгіёнаў пацвердзілі свой асабісты ўдзел у свяце, плюс палітычныя дэлегацыі шэрагу рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і 20 рэгіёнаў прысылаюць сваіх майстроў, якія прадстаўляюць усю палітру культуры расійскага народа на працягу тысячагоддзяў, — удакладніў суразмоўца. — Важна, што мы зможам весці тут і эканамічныя дыялогі. Фармат народнай дыпламатыі самы дзейсны і ўплывовы. Ён пракладзе шлях да вялікай дыпламатыі, вялікіх палітыкаў, заклікае да міру на зямлі і ў нашых душах.

У сераду александрыйскую пляцоўку наведала кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар'яна Шчоткіна. Каб на месцы ацаніць, як будзе выглядаць сцэнічная пляцоўка Саюзнай дзяржавы і тыя ўмовы, якія прапануюць топавым гасцям.

Дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Святлана Ефімук расказала, што артысты рыхтуюць цікавую канцэртную праграму.

— Асобны сцэнічны комплекс ад Саюзнай дзяржавы парадуе вялікімі экранамі, лазерным шоу, спецэфектамі. Усе тэхнічныя магчымасці накіраваныя на тое, каб паказаць высокі клас, — паведаміла яна. — У вялікім канцэрце «Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі» артысты расійскай і беларускай эстрады ў адным творчым парыве праспяваюць вядомыя і многімі любімыя песні.

Чатырнаццаты год запар прадпрыемства «Дамачай» радуе наведвальнікаў смачнай кухняй і гастранамічнымі сюрпрызамі.

— Падрыхтоўку пачынаем з пачатку года, — удакладняе генеральны дырэктар ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай» Вольга Цімафеенка. — Распрацоўваем канцэпцыю і дэталі нашага ўдзелу ў свяце. Мы прадстаўлены тут некалькімі дзясяткамі павільёнаў.

Дарэчы, кампанія корміць не толькі гасцей свята, але і артыстаў. Алена Ланская, у прыватнасці, аддае перавагу салатам з гародніны і фруктам, а Руслан Аляхно ў захапленні ад рыбных страў.

Попытам карыстаецца беларускі круцень ад «Дамачая», які ў заходніх краінах ведаюць як трдзельнік. Гэта цеста ручной работы, якое выпякаецца на вуглях і пасыпаецца цукрам і карыцай. Аказваецца, гэта таксама наша традыцыйная страва. Сёлета «Дамачай» прапануе новы від квасу з хрэнам. Ну і вядома, будзе шмат пірагоў з рознымі начынкамі, у тым ліку гіганцкіх — вагой да 40 кілаграмаў! Кампанія запрашае на сваю пляцоўку «Мір. Хлеб. Стваральная праца».

Да свята рыхтуецца, здаецца, уся Александрыя. Затрымліваюся каля сімпатычнага двухпавярховіка — дома сямейнага тыпу Алены і Аляксея Цвятковых, якія выхоўваюць пяцярых дзяцей. Ён якраз на маршруце ад прыпынку грамадскага транспарту да купальскага гарадка. Летась госці свята вельмі актыўна фатаграфаваліся на фоне ўстаноўленага сямействам арт-аб'екта — веласіпеда. Сёння Цвятковы размахнуліся на цэлую кампазіцыю. Нават зрабілі сажалку з мастком і пасадзілі шмат кветак. Іх у Цвятковых на любы густ: гартэнзіі, петуніі, лілеі, сукуленты...

— Мы так чакаем гэтае свята — словамі не перадаць, — прызнаецца Алена. — Летась цэлы дзень гулялі, вечарам шашлыкі рабілі — радасці не было канца.

Цалкам гатовая да сустрэчы гасцей тутэйшая сярэдняя школа. Дырэктар Кацярына Пятроўская прызнаецца, што Купалле — вельмі радасная падзея для аграгарадка. Гэта і гісторыя, і традыцыі. Шмат хто прыходзіць сюды ў музей — цікава ж убачыць, дзе вучыўся першы беларускі Прэзідэнт. Сёлета тут сваю экспазіцыю, прысвечаную тэматыцы свята, размесціць яшчэ і абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава. У суботу школа будзе працаваць у рэжыме адкрытых дзвярэй з 10.00 да 21.00. Менавіта ў гэты час адбываецца наплыў наведвальнікаў. Сюды ідуць і афіцыйныя дэлегацыі, і ўдзельнікі мерапрыемстваў, і звычайныя турысты. У школе традыцыйна размяшчаюцца грымёркі беларускіх і расійскіх зорак эстрады. Тут будуць рыхтавацца да выступленняў Надзея Кадышава, Зара, Анатоль Ярмоленка і іншыя. У школе знаходзіцца і прэс-цэнтр купальскага свята, які ўстанова рыхтуе сумесна з «Белтэлекамам».

Што датычыцца пражывання ў мясцовай гасцініцы, то трэба мець на ўвазе, што ўсе 70 нумароў былі забраніраваныя задоўга да пачатку Купалля. Хаця які там сон у купальскую ноч? Наконт пошуку папараць кветкі ў праграме нічога не заяўлена, затое дыскатэка да трох раніцы нядзелі запланаваная.

Арганізатары нагадваюць, што на свяце вітаецца стыль адзення кэжуал, жанчынам лепш устрымацца ад абутку на абцасах, а мужчынам — ад гальштукаў. Не лішнім будзе прыхапіць капелюшы, а адчувальным да сонца — яшчэ і парасоны. А вось напоі і марожанае можна з сабой не везці — тут гэтага будзе досыць і на любы густ. Запрашаюць з разуменнем ставіцца да правіл бяспекі і цяжкія клункі пакідаць у камерах захоўвання, якія тут будуць як на тэрыторыі пляцоўкі, так і за яе межамі. Не трэба турбавацца наконт санітарнай зоны. Цэлы квартал прыбіральняў тут стаяў ужо ў аўторак.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Шклоўскі раён

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.