Вы тут

«Прыгажосць і традыцыі народнага касцюма»


Палюбавацца прыгажосцю і арыгінальнасцю традыцыйных касцюмаў Беларусі, Арменіі і жыхароў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі запрашае Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У атрыуме другога паверха размясціўся беларуска-расійскі выставачны праект «Прыгажосць і традыцыі народнага касцюма». Наведаць выстаўку можна да 14 студзеня наступнага года.


Увазе гледачоў прадстаўлены шэсць аўтэнтычных беларускіх святочных дзявочых строяў канца ХІХ—пачатку ХХ стст. розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў краіны, сфарміраваных з музейных калекцый аддзела старажытнабеларускай культуры «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Выявы Хакаскага, Мардоўскага, Чувашскага, Усцюжскага, Саратаўскага, Архангельскага, Варонежскага, Марыйскага і іншых рэгіёнаў Расіі, а таксама дзве выявы беларускага і армянскага народных касцюмаў — 30 строяў створаны выхаванцамі дзіцячых дамоў. Акрамя прадстаўленай на манекенах калекцыі «Народны касцюм» выстаўку дапаўняе калекцыя «Вобраз шытай лялькі» — 26 лялек з тканіны, апранутыя ў традыцыйныя касцюмы. Адны лялькі з’яўляюцца паменшанай копіяй адзення на манекене, другія прадстаўляюць мясцовасць у адзіным экзэмпляры. Пабачыць можна і калекцыю выцінанак, аўтарам якіх з’яўляецца Вольга Налівайка — майстар Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Экспанаванне праекта суправаджаецца відэаматэрыяламі з аповедам пра працэс стварэння беларускіх і рускіх касцюмаў, прысутнічаюць к’юар-коды з аўдыягідамі.

Цікавасць выстаўкі ў тым, што да стварэння расійскіх і беларускага нацыянальных касцюмаў, а таксама калекцыі лялек «прыклалі руку» выхаванцы дзіцячых дамоў, якія знаходзяцца пад патранажам Дабрачынага фонду «Місія» і яго кіроўцы Марыі Бурак.

Як паведаміла нам Вікторыя Харытонава, загадчыца сектара мастацкіх выставак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, праца над стварэннем адзення вялася на працягу 4 гадоў, хаця ідэя праэкта значна старэйшая. Элементы кожнага з касцюмаў ствараліся паслядоўна: спачатку кашуля, пасля спадніца, сарафан, андарак, галаўныя ўборы, паясы, фартухі і г.д. Распрацоўкай ідэі, эскізаў і стварэннем саміх касцюмаў займаліся дзеці розных узростаў, якія выхоўваліся ў дзіцячых дамах прадстаўленых на выставе рэгіёнаў. Вынік пленнай працы можна пабачыць зараз.

— Праект шматузроўневы і раскрывае адразу некалькі падтэм. Па-першае, ён прыцягвае ўвагу да вывучэння такога яркага і важнага элемента культуры, як народны касцюм. Па-другое, ён асвятляе праблему сіроцтва, акцэнтуе ўвагу на значны этап сацыялізацыі выхаванцаў дзіцячых дамоў праз прыцягненне да вывучэння нацыянальнай культуры. Такім дзецям неабходна зразумець повязь пакаленняў, моц роду, асэнсаваць, хто быў да іх, пабачыць сябе ў кантэксце смены пакаленняў. Таму праект быў прымеркаваны да Года міру і стваральнай працы ў Беларусі і Году педагога і настаўніка ў Расіі, — растлумачыла Вікторыя Аляксандраўна.

Арганізатары ўпэўнены, што кожны зможа знайсці на выстаўке цікавае для сябе: некага прывабіць яркая разнастайнасць нацыянальных касцюмаў, некага — іх стваральнікі з няпростым лёсам, а некаторых можа захапіць мноства тэматычных выданняў з фонда бібліятэкі і багацце тэм, якія аўтары падымаюць у сваім праекце.

Арганізатарамі праекта выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, маскоўскі Дабрачынны фонд «Місія», Цэнтр культуры «Віцебск», «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Кацярына КУРДО, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.