Вы тут

«Жаночая сіла: змяняць, ствараючы». Кацярына Старавойтава: З дзецьмі развіваешся рознабакова


Ёй цікава, чым займаюцца яе дзеці, што адчуваюць. Не кантраляваць іх па дробязях, а выбудоўваць такія адносіны, каб нашчадкі самі захацелі падзяліцца сваімі хваляваннямі і радасцямі — правіла Кацярыны Старавойтавай, пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2022» у намінацыі «Мацярынская слава».


Наша гутарка з Кацярынай Васільеўнай адбылася ў парку Горкага ў Мінску, дзе праходзіла свята, прымеркаванае да Дню абароны дзяцей. Малодшыя Старавойтавы, Арыяна і Арцём, весяліліся, елі марожанае, каталіся на атракцыёнах, — атрымлівалі асалоду ад летняга дня, калі ўсё цудоўна і мама побач. Гледзячы на сваіх гарэзаў, Кацярына Васільеўна шчасліва ўсміхалася. 

«Быць сябрамі сваім дзецям»

У сям’і Старавойтавых пануе атмасфера цеплыні і даверу. Усе дзеці добра ладзяць паміж сабой, а старэйшыя дапамагаюць выхоўваць малодшых. 

— Лічу, бацькі павінны быць сябрамі сваім дзецям, але пры гэтым не губляць аўтарытэту, — дзеліцца сваімі педагагічнымі прынцыпамі Кацярына Васільеўна. 

Старэйшая дачка, Ганна, скончыла Інстытут бізнесу БДУ, атрымала прафесію менеджара-эканаміста. Антон хутка скончыць навучанне ў БДУФК па спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць». 

— Гатаваць смачныя стравы, прыдумваць новыя рэцэпты — яго захапленне, — расказвае маці. — Цяпер сын атрымлівае добрую практыку, працуючы поварам у школьнай сталовай. 

Сярэдняя дачка, Ангеліна, яшчэ шукае сябе. Ёй падабаюцца танцы, ігра на гітары. Зараз дзяўчына трэніруецца ў секцыі каратэ і цікавіцца культурай папулярнага сучаснага танцавальнага напрамку K-POP. 

— Іван у нас самы кампанейскі, душа калектыву, з адкрытым сэрцам, — усміхаецца Кацярына Васільеўна. — Я нават трошкі хвалююся за такую яго даверлівасць. Вельмі актыўны, займаецца тайскім боксам, любіць гуляць у футбол.

Другакласніца Арыяна таксама часу дарма не губляе. Дзень у здольнай, крыху сарамлівай дзяўчынкі распісаны: урокі, наведванне лагапеда, танцы, дадатковыя заняткі па чытанні, басейн. 

— Самы маленькі — жэўжык Арцём. Пакуль ён застанецца ў садку. Лічу, псіхалагічны ўзрост дзіцяці павінен адпавядаць школе. Дзяцінства пры магчымасці трэба працягнуць, бо цёплыя ўспаміны пра яго вельмі важныя ў далейшым жыцці, — тлумачыць шматдзетная маці. 

«Заўсёды адчуваю сябе маладой»

— У юнацтве не думала, што ў мяне будзе вялікая сям’я, — дзеліцца Кацярына Васільеўна. — Марыла стаць дыпламатам, кар’ера была на першым месцы. 

Аднак аднойчы на трэніроўцы яна сустрэла сваё каханне. З таго часу яны з Віталём разам. Ажаніліся ў 22 гады. Неўзабаве ў сям’і з’явілася Ганна. 

— А вось Антон нарадзіўся ў цяжкім стане, нават ляжаў у рэанімацыі. Некаторы час пасля гэтага баялася заводзіць дзяцей. Але лёс склаўся так, што ў нас з’явілася Ангеліна. Мацярынства ў 22 гады і пасля 30 адрозніваецца кардынальна! Спакайней ставішся да многага, набіраешся вопыту. Таму пазней мы ўжо вельмі хацелі вялікую сям’ю. Сярод плюсаў шматдзетнасці — ты пастаянна развіваешся рознабакова. Я, напрыклад, заўсёды адчуваю сябе маладой. 

Аб чым марыць Кацярына Старавойтава? Каб яе дзеці былі прыстасаваныя да жыцця і знайшлі ў ім сваё месца. 

— Я люблю іх і заўжды ім дапамагу, але і пра сябе забываць жанчына ў вялікай сям’і не павінна, — кажа шматдзетная маці. 

«Без любімай працы сябе не ўяўляю»

У парку да Кацярыны Васільеўны часта падыходзілі жанчыны, віталіся. 

— Ведаю ўсіх маці ў нашай арганізацыі, цікаўлюся іх жыццём, дапамагаю, — тлумачыць яна. 

Першамайская раённая арганізацыя г. Мінска ГА «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў», якую ўзначальвае Кацярына Старавойтава, таксама падрыхтавала падарункі дзецям да Дню абароны дзяцей. 

— Падарункі ў нас не толькі ў святочныя дні, — расказвае Кацярына Васільеўна. — Дапамагаем тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Дорым кнігі, адзенне, іншыя рэчы. Напрыклад, камусьці тэрмінова спатрэбілася каляска — шукаем. 

Шматдзетныя маці з арганізацыі сустракаюцца і за кубачкам гарбаты. Абмяркоўваюць прынцыпы выхавання дзяцей, псіхалогію падлеткаў, іншыя тэмы. Ды і проста разам адпачываюць. 

— Мне вельмі падабаецца размаўляць з людзьмі, дапамагаць ім, — дзеліцца Кацярына Старавойтава. — Не магу сядзець на адным месцы, мне абавязкова трэба штосьці рабіць. Рада, што магу сумяшчаць любімую працу і сям’ю. 

У Першамайскую раённую арганізацыю Кацярыну Васільеўну запрасіла жанчына — шматдзетная маці, па прафесіі маляр; яна рабіла рамонт у кватэры Старавойтавых. 

— Пасля нараджэння Ангеліны вырашыла паспрабаваць і прыйшла. Праз некалькі месяцаў мне прапанавалі стаць старшынёй арганізацыі. Спачатку сумнявалася, ці здолею, але ўрэшце пагадзілася. З таго часу прайшло 12 гадоў. Без любімай працы сябе не ўяўляю, — рэзюмуе Кацярына Васільеўна, якая гарманічна спалучае важную для грамадства справу і мацярынства з яго нястомнымі клопатамі. 

«Маю перамогу святкавалі ўсёй сям’ёй»

— Узнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2022» праходзіла ў Мінску, у храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, — успамінае Кацярына Васільеўна. — Гэта неверагоднае месца: перад урачыстай цырымоніяй для нас арганізавалі экскурсію, ад якой я была ў захапленні. Абавязкова прыеду яшчэ раз туды разам з дзецьмі! Я была вельмі шчаслівая, калі аб’явілі маё прозвішча! Перамогу святкавалі ўсёй сям’ёй. Я спякла торт «Напалеон». Вельмі ганаруся сабой! 

Сёлета да Дню маці арганізацыя шматдзетных бацькоў плануе правесці творчы конкурс для жанчын, якія захапляюцца маляваннем, умеюць шыць, вязаць. Амаль усе шматдзетныя маці — выдатныя рукадзельніцы. І наша гераіня не выключэнне. «Абавязкова буду ўдзельнічаць у конкурсе!» — усміхаецца Кацярына Старавойтава. 

Дом, у якім усім цёпла і ўтульна

Арыяна з Арцёмам хочуць пакатацца на каруселі. Кацярына Васільеўна правярае, каб дзеці былі добра прышпіленыя. Колькі захаплення ў іх вачах! 

— Мама, можна, мы вунь там пабегаем? — пасля атракцыёна запытваецца ў маці Шустрык (так у сям’і ласкава называюць Арцёма). 

Кацярына Васільеўна дазваляе: дзяцінства павінна быць шчодрым на забавы і радасці. 

— Мне 47 гадоў, а я і зараз з цеплынёй успамінаю тыя гады: лета ў вёсцы, гульні на свежым паветры, бабуліну ласку. 

Калісьці менавіта бабуля навучыла яе гатаваць, вязаць, спраўляцца з ніткай і іголкай. 

— Дзеці часта прыводзяць да нас сваіх сяброў. Я цудоўна пяку: піцу, розныя пірагі, печыва. Вельмі люблю прымаць гасцей! 

Акрамя рукадзелля і гатавання смачных страў, шматдзетная маці захапляецца вырошчваннем кветак. Адных півоняў у яе больш за 35 сартоў! Летам ў яе абавязковай «праграме» — агарод і кветкі.

Неад’емная частка раскладу дня — клопат пра хатніх гадаванцаў. У Старавойтавых ёсць сабака, дзве кошкі з кацянятамі і кот.

Разам сям’я любіць ездзіць у вёску, гатаваць шашлыкі, хадзіць на рыбалку. А яшчэ — гуляць у настольныя гульні. 

— Калі вечарам усе збіраюцца разам, у доме не сціхае «мама-мама», — з пяшчотай кажа Кацярына Васільеўна. 

А ўвогуле, кожны дзень у гэтай шчаслівай сям’і праходзіць па-рознаму і незабыўна!

Юлія РАМАНЬКОВА


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.