Вы тут

Ветэраны спецпадраздзяленняў МУС паказалі высокія маральныя якасці


У тым, што спецназаўцаў былых не бывае, карэспандэнты «Звязды» пераканаліся днямі. Падчас дзесяцідзённага вучэбнага збору, арганізаванага для ветэранаў АМАПа і спецыяльных падраздзяленняў камандаваннем унутраных войскаў МУС, вайскоўцы і афіцэры запасу прадэманстравалі выдатныя фізічныя здольнасці і маральную загартоўку. Вынослівасць, дысцыплінаванасць і камандны дух — гэтыя якасці былым ваеннаслужачым і супрацоўнікам органаў унутраных спраў уласцівыя дагэтуль. Здаецца, хоць сёння яны гатовы стаць у строй і выконваць пастаўленыя задачы.


У нагу з часам

У вызначаны дзень на тэрыторыю дзвюх воінскіх часцей унутраных войскаў прыбылі звыш 250 афіцэраў і сяржантаў, якія ў свой час праходзілі службу ў падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння МУС. Кожны атрымаў форменнае абмундзіраванне, а таксама спецыяльныя сродкі і сродкі абароны.

На працягу дзесяці дзён удзельнікі вучэбнага збору ўдасканальвалі навыкі па тактычнай, агнявой, фізічнай і медыцынскай падрыхтоўцы. Дапамагалі ім у гэтым вопытныя інструктары са Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання, Спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» і Атрада міліцыі асобага прызначэння (АМАПа). Было чаму сяржантам і афіцэрам запасу і павучыцца ў сваіх маладых калег. Напрыклад, асвоіць новыя ўзоры зброі, якая знаходзіцца на ўзбраенні ўнутраных войскаў і спецыяльных падраздзяленняў. Акрамя таго, удзельнікі навучальнага збору адпрацавалі абноўленую тактыку дзеянняў, прайшлі інжынерна-тактычную падрыхтоўку і авалодалі навыкамі кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Шматлікія змадэляваныя сітуацыі дазволілі адпрацаваць алгарытм дзеянняў пры розных абставінах, што можа спатрэбіцца пры выкананні любых пастаўленых задач.

Разам са сваімі былымі саслужыўцамі ў зборы ўдзельнічаў і старшыня ветэранскай арганізацыі Атрада міліцыі асобага прызначэння Аляксандр Кашталанаў. Палкоўнік міліцыі запасу расказаў, што ніхто іх не прымушаў прайсці адпаведную падрыхтоўку. Наадварот, ініцыятыва сустрэцца са сваімі паслядоўнікамі і абмяняцца вопытам сыходзіла ад былых супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў.

— У сувязі з тым, што сітуацыя ў свеце, у тым ліку ў найбліжэйшых нам краінах, неспакойная, мы павінны быць гатовымі аказаць дапамогу дзеючым супрацоўнікам, — патлумачыў Аляксандр Кашталанаў. — Жыццё не стаіць на месцы. Развіваюцца і нашы спецпадраздзяленні. З'яўляюцца новыя тактычныя прыёмы, выкарыстоўваецца іншае ўзбраенне, больш сучаснае. Некалькі гадоў таму з'явіліся дроны. Цяпер гэта асноўны сродак на полі бою, і мы таксама павінны ўмець правільна абыходзіцца з ім.

Выпрабаванне на трываласць і зладжванне

Нягледзячы на перапынак ад службы, ваеннаслужачыя запасу хутка аднавілі свае навыкі і з лёгкасцю асвоілі новыя задачы, якія вырашаюць цяперашнія супрацоўнікі спецпадраздзяленняў. Дзякуючы збору, сустрэліся былыя саслужыўцы, якія з прычыны розных абставін не бачыліся па некалькі гадоў. Трапіўшы ў знаёмае асяроддзе, кожны з іх узгадаў гады, прысвечаныя служэнню Радзіме.

Мікалай Мірончык ужо 13 гадоў знаходзіцца ў запасе. У Атрад міліцыі асобага прызначэння прыйшоў у 22-гадовым узросце, калі гэтае падраздзяленне толькі стваралася. «У АМАП бралі тых, хто праходзіў тэрміновую службу, трапіць туды грамадзянскаму чалавеку было немагчыма, — згадвае маёр запасу. — Службе я аддаў 22 гады: пачынаў простым байцом, заканчваў галоўным інжынерам па аператыўнай сувязі атрада».

Афіцэр запасу прызнаецца, што імкнуўся трапіць на зборы. Яму хацелася выпрабаваць сябе, праверыць, на што здольны ў свае 57 гадоў. «Найбольш складана было першыя два дні, — заўважае Мікалай Мірончык. — Экіпіроўка важыць 30 кілаграмаў... Вядома, насіць такі цяжар і хадзіць па некалькі дзясяткаў кіламетраў у дзень мы адвыклі. Раннія пад'ёмы не палохалі. Так, менш займаешся спортам. Аднак загартоўка засталася. Усё-такі можам. Дык калі чалавек, якому пад шэсцьдзясят, можа, пра маладзейшых хлопцаў і казаць няма чаго. Страляць не развучыўся. Гатовы прыйсці яшчэ мінімум на два зборы. А калі дазволяць і пасля шасцідзесяці, то будзе выдатна».

Мікалай Мірончык адзначае: у службе змянілася калі не ўсё, дык многае. «У выпадку бою ніхто не будзе ўставаць з акопа і страляць па ворагу, цяпер клапоцяцца аб людзях, каб яны выжывалі, дакладна дзейнічалі і выконвалі загады, — звяртае ўвагу ён. — Вялікая ўвага ўдзяляецца пытанню бяспекі са зброяй. Памянялася тактыка вядзення бою з улікам таго, што выкарыстоўваюцца сучасныя тэхніка і ўзбраенне. Выявіць чалавека цяпер вельмі лёгка, а вось уцалець — гэта задача». У тым ліку гэтаму падчас збору і вучылі ветэранаў спецпадраздзяленняў.

Былы супрацоўнік Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Сяргей Крупеніч у спецпадраздзяленні служыў на працягу дзесяці гадоў. Усяго служэнню Радзіме прысвяціў амаль тры дзесяцігоддзі: пачынаў ва Узброеных Сілах, затым перайшоў у сістэму Міністэрства ўнутраных спраў. Афіцэр запасу расказвае, што на першы падобны збор ён быў запрошаны ў якасці інструктара. «Зразумеў, што трэба адчуць і адзін, і другі бок — цяпер я стаю ў адным страі з саслужыўцамі, — удакладняе Сяргей Крупеніч. — Перш чым вучыць кагосьці, трэба апынуцца на яго месцы. Мы прайшлі тры віды падрыхтоўкі: ваенна-медыцынскую, тактычную і агнявую. Вядома, пэўныя веды ў нас ёсць, але навыкі з часам страчваюцца, таму іх трэба падтрымліваць. Тым больш ва ўмовах, калі ўсё ў свеце мяняецца. Нашы інструктары, афіцэры спецпадраздзяленняў ездзяць у іншыя краіны, спасцігаюць вопыт сваіх калег, якім потым дзеляцца з намі. Адно тое, што мы сабраліся, паглядзелі адзін аднаму ў вочы, пастаялі плячо ў плячо, немалаважна».

У тым, што гэтыя ўжо немаладыя байцы, якія, нягледзячы на ўзрост, знаходзяцца ў выдатнай фізічнай форме, калі спатрэбіцца, стануць у адзін строй з цяперашнімі супрацоўнікамі спецпадраздзяленняў, няма ніякага сумнення. «Мы гатовы, — кажуць яны. — Інакш навошта мы тут?!»

На абароне дзяржаўных інтарэсаў

Якасць падрыхтоўкі ваеннаслужачых, якія раней праходзілі службу ў спецпадраздзяленнях МУС, ацанілі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, а таксама намеснікі міністра, начальнікі мінскага гарадскога і абласных упраўленняў унутраных спраў, камандзіры воінскіх часцей Мінскага гарнізона і спецыяльных падраздзяленняў. На выніковым комплексным занятку ўдзельнікі збору прадэманстравалі свае дзеянні пры ліквідацыі дыверсійна-
разведвальнай групы.

Звяртаючыся да ваеннаслужачых запасу, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу на тое, што большасць з іх у крапавых і чорных берэтах. Гэта, па яго словах, сведчыць аб асаблівым адрозненні людзей, якія праходзілі службу і шануюць яе, як і ўласны гонар, сваю краіну.

Дзяржсакратар Савета бяспекі ўказаў на складаную абстаноўку, якая, па яго словах, заўсёды была такой, з часоў станаўлення суверэннай Беларусі. «Сёння абстаноўка дасягае апагею, — падкрэсліў ён. — На фоне разбурэння аднапалярнага і будаўніцтва шматпалярнага свету разгортваецца барацьба, дзе інтарэсы ЗША і калектыўнага Захаду сутыкаюцца з інтарэсамі Расіі і Кітая. Беларусь знаходзіцца ў эпіцэнтры. Як заўсёды кажа наш Прэзідэнт, наша краіна ні з кім не ваявала, нікому прэтэнзій не прад'яўляла, але знаходзіцца на перадавой інтарэсаў. Мы паспрабуем зрабіць так, каб гэтыя інтарэсы не адбіліся на бяспецы нашай краіны, нашага народа. Ідзе барацьба за розум людзей, накіраваная перш за ўсё на перафарматаванне нашага маладога пакалення».

І ў гэтым плане дарагога варты асабісты прыклад ветэранаў спецпадраздзяленняў, якія, нягледзячы на ўзрост, гатовы стаць на абарону інтарэсаў нашай дзяржавы.

У міліцэйскім страі

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падзякаваў былым ваеннаслужачым за актыўную жыццёвую пазіцыю і выказаў упэўненасць у тым, што ў цяжкую часіну яны далучацца да дзеючых супрацоўнікаў міліцыі. «Гэта супрацоўнікі, якія выйшлі на пенсію, але засталіся з намі ў страі, — звярнуў увагу генерал-лейтэнант міліцыі. — Гэта тыя людзі, якія гатовы стаць на абарону сваёй Радзімы. Яны ведаюць, што адбываецца вакол нашай краіны, таму добраахвотнікамі прыйшлі да камандзіраў сваіх падраздзяленняў і сказалі, што, калі нешта здарыцца ў краіне і спатрэбіцца іх дапамога, яны гатовы стаць у строй з хлопцамі і выконваць задачы па забеспячэнні бяспекі нашых грамадзян».

Іван Кубракоў на высокім узроўні ацаніў падрыхтоўку былых супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў. «Гэтыя людзі ўсё ўмеюць, але спецназ — гэта тыя падраздзяленні, якія пастаянна павінны быць у руху», — перакананы міністр унутраных спраў. Па словах кіраўніка міліцэйскага ведамства, такія зборы неабходныя. Праграма збору была распрацавана з улікам пагроз, якія сёння існуюць. «Мы чуем пра банду, якая называе сябе каліноўцамі, мы гатовы іх сустрэць, — удакладніў ён. — Калі нехта да нас з мячом прыйдзе, ад мяча і загіне. Мы гатовы забяспечыць бяспеку нашых грамадзян. І ў прыграніччы нашы супрацоўнікі нясуць службу. Нашы граніцы ўзмоцнены так, каб ніхто нават не падумаў прыйсці на нашу тэрыторыю з дрэннымі намерамі».

Іван Кубракоў расказаў, што падобныя зборы плануецца правесці ў кожным абласным цэнтры. Прычым гэта ініцыятыва паступіла ад былых ваеннаслужачых спецпадраздзяленняў, якія хочуць удасканаліць свае навыкі і набыць новы вопыт. Няхай, вядома, ён ім ніколі і не спатрэбіцца, але, як не раз паўтарае кіраўнік дзяржавы, порах трэба трымаць сухім.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы ўнутраных войскаў МУС

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.