Вы тут

Майстар, які стварыў адзіную ў Еўропе калекцыю драўляных акарын


Мар’ян Антонавіч на працягу 30 гадоў займаецца вырабам унікальных музычных інструментаў. Яго творчасць занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Дзякуючы такім аматарам у гэты спіс будзе ўключана і культура беларускай дуды на Гродзеншчыне. 


Мар’ян Антонавіч больш за 80 гадоў жыве ў родным Адэльску — аграгарадку ў Гродзенскім раёне. У бацькоўскай хаце абсталяваў майстэрню, а ў цэнтры культуры стварыў музейны пакой, дзе захоўваецца звыш 300 музычных інструментаў.

І гэта не проста дудкі, а самабытныя інструменты. Іх у народнага майстра не пералічыць. Тут і флейты, і акарыны, і ражкі, і свістулькі, і жалейкі, і нейкія клякоткі-трашчоткі... Ёсць нават дудкі са шлангам, якія імітуюць гукі жывёлаў — вала, дзіка, зязюлі, жураўлёў. Усе інструменты — драўляныя. Майстар карыстаецца рознымі пародамі, іх каля сарака. Ёсць і экзатычныя. Напрыклад, бамбук з Інданезіі, кедр з Сібіры. Ці сасна, якой 300 год са смаляным пахам. Асаблівае захапленне выклікаюць яго акарыны — калі традыцыйна гэты інструмент вырабляецца з гліны, то майстру ўдалося зрабіць адзіную ў Еўропе калекцыю драўляных акарын у выглядзе птушак і рыб.

Пра гісторыю кожнага інструмента Мар’ян Скрамблевіч расказвае з захапленнем. Усё, кажа народны майстар, зроблена з душой. Музыка, якая натхняе Мар’яна Антонавіча, суправаджае яго ўсё жыццё. 

— І бацька, і дзядзька, і бабулін брат гралі на музычных інструментах, маці спявала ў касцёле. Там стаяў арган, але электрычнасці тады ў вёсцы не было, і мы, дзеці, хадзілі ў касцёл і ўручную качалі той арган, гэта было цяжка, пот ракой цёк па спіне, але музыка зачароўвала мяне, — успамінае народны майстар.

Мар’ян Антонавіч прыгадаў, што не ўсе ўхвалялі яго занятак. Маўляў, вырабляць дудачкі — гэта несур’ёзна. Але адмаўляцца ад свайго захаплення ён не стаў. Пастаянна ўдасканальваў майстэрства, шукаў новыя формы, новае гучанне. 

— У мяне такі характар, што я проста не магу дазволіць сабе калі-небудзь паўтарыцца, калі ствараю новы інструмент, а таму на працягу ўсяго свайго жыцця шукаю новыя гукі, перарабляю старыя музычныя інструменты на свой лад, — расказвае музыкант. 

У музеі знаходзіцца яго першая дудка, якая зроблена ў 1992 годзе. З цягам часу выраб музычных інструментаў стаў справай жыцця. Геаграфія іх прапіскі вельмі шырокая — Германія, Расія, Аўстрыя, Францыя і розныя куткі Беларусі. На яго інструментах граюць, як у аматарскіх так і прафесійных музычных калектывах, іх выкарыстоўваюць Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, гродзенскі ансамбль музыкі і танца «Белыя росы». 

— Мы вельмі ганарымся, што наш вядомы і любімы майстар Мар’ян Скрамблевіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, — зазначыла намеснік дырэктара Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. — Больш таго, дзякуючы яго самабытнай творчасці, на нядаўнім пасяджэнні рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны была падтрымана прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь элементу нематэрыяльнай спадчыны «Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне». Адпаведная пастанова Міністэрства культуры будзе прынятая ў хуткім часе.

Як распавяла Наталля Рамановіч, дуда — гэта традыцыйны музычны беларускі народны інструмент, які суправаджаў танцы, песні, прыпеўкі на сямейных і абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах. Сёння дуда бытуе на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Літвы, Паўночнай Украіны і Беларусі. На тэрыторыі нашай краіны дударская традыцыя развіваецца ў розных абласцях Беларусі. А вось гістарычным арэалам распаўсюджання культуры дуды з’яўляецца менавіта тэрыторыя Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей, дзе сустракаліся аўтэнтычныя віды дударскай традыцыі з XVІ — XVIІ стагоддзяў. У сярэдзіне ХХ стагоддзя назіраецца заняпад дударства на тэрыторыі Беларусі. На яго змену прыходзяць скрыпка і гармонік. Цікавасць да інструмента адраджаецца толькі ў канцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя.

На Гродзеншчыне ў 90-х гадах адраджэннем беларускай дуды пачынае займацца Мар’ян Скрамблевіч, які шукае яе новыя гукавыя якасці. А ў 2016 годзе «Творчасць майстра па вырабе музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча» аграгарадка Адэльск Гродзенскага раёна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Акрамя гэтага Мар’ян Скрамблевіч з’яўляецца лаўрэатам дзяржаўнай прэміі дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі.

Чараўнік гукаў, як называюць яго ў родным Адэльску, ахвотна дэманструе сваю калекцыю на розных святах і фестывалях, прымае бясконцыя экскурсіі, у тым ліку навучэнцаў музычных школ. Некалькі дзесяткаў дудак Мар’ян Антонавіч падарыў Гродзенскай музычнай школе. Ён лічыць, што кожны музыкант павінен валодаць народнымі інструментамі. Гэтыя гукі здольны закрануць душу кожнага чалавека.

— Я імкнуся пашырыць гукавы дыяпазон, удасканальваць яго, — кажа Мар’ян Антонавіч. — Адкуль бы чалавек ні прыехаў, душа аднолькавая, трэба яе разбудзіць, каб яна адгукнулася на дабро, на прыроду, каб чалавек не разбураў, а толькі хацеў гэту прыроду зберагчы. 

Музыкай з нізкімі гукамі можна нават лячыць, — упэўнены майстар. — Калі дзіця плача, яно адразу заспакоіцца, калі такія гукі чуе, ужо не раз так адбывалася. 

Адразу падумалася: а чаму, напрыклад, не распаўсюджваць гэтую мелодыю праз электронныя носьбіты і выкарыстоўваць у пакоях псіхалагічнай разгрузкі? Бо гукі сапраўды незвычайныя. Напрыклад, унікальна гучыць парная жалейка, ёсць і трайныя дудкі. Мар’ян Скрамблевіч распрацаваў сваю аўтарскую сістэму стварэння духавых народных інструментаў і можа зладзіць іх у любой танальнасці. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.