Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Штогод Александрыя запрашае сяброў з усяго свету дзеля міру і стварэння


У суботу ўсе дарогі вялі ў Александрыю, дзе чарговы раз прайшло рэспубліканскае свята «Купалле». Масштабны фестываль у Шклоўскім раёне даўно стаў неад’емным элементам беларускага лета. Самабытныя рамёствы, спартыўныя пляўцоўкі, літаратурныя імпрэзы, выстаўкі тэхнікі — цікава ўсім і кожнаму. Сёлета «Купалле» выйшла за беларускія межы — на свята ў Александрыю прыехалі дэлегацыі 20 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, пяць з іх на чале з губернатарамі. Арганізатары прадставілі шэраг новых ідэй, якія ўдала аб’ядналіся з нязменнымі элементамі фестывалю. Традыцыйна ўдзел у свяце прыняў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сваё выступленне кіраўнік дзяржавы пачаў на беларускай мове. 


«Ізноў Александрыя паклікала сяброў — і вось мы разам. Сабраліся, каб на імгненне спыніць шалёны бег часу і звярнуцца да сваіх вытокаў. Хаця б у думках. Сёння тут, на маляўнічым беразе Дняпра, надзвычай моцна б’ецца пульс тысячагадовай гісторыі беларускай зямлі. Мы бачым яе ў творчасці таленавітых майстроў, у мелодыі народных песень, у сюжэтах старажытных абрадаў і ў чараўніцтве купальскай ночы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, — Гледзячы на размах гэтага свята, я кожны раз лаўлю сябе на думцы: наш фестываль увасабляе ўсё, што мы з гонарам называем сваімі спрадвечнымі каштоўнасцямі». Па яго словах, гэта каштоўнасць чалавечых адносін, пабудаваных на сяброўстве, павазе, гасціннасці. Тут усё гэта ёсць. Гэта каштоўнасць свайго роду, які працягваецца дзякуючы моцным традыцыйным сем’ям, клопату пра бацькоў, любові да дзяцей. Прэзідэнт заўважыў, што кожны год у Александрыю едуць сем’ямі і беларусы, і госці. 

«Наш фестываль таксама ўвасабляе каштоўнасць гістарычнай памяці. Памяці пра сваё слаўнае мінулае, пра тое, што Беларусь — наша зямля і карані нашы — старажытныя. Гэтую сувязь стагоддзяў мы адчуваем тут асабліва востра. І менавіта тут мы разумеем каштоўнасць нашага культурнага кода. У ім з самага пачатку закладзена імкненне беларусаў да справядлівасці, высокая маральнасць і патрыятызм. Менавіта на такіх прынцыпах стваралася і развіваецца сёння наша нацыянальная дзяржава», — сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што нам штодзённа навязваюць так званыя ўніверсальныя каштоўнасці. «Але яны не для нас. Глабальная дзяржава будучыні — гэта ўтопія. Свет ніколі не будзе монакультурным», — канстатаваў беларускі лідар. 

Паводле яго слоў, няма такой ідэі, дзеля якой усе нацыі адмовіліся б ад сваіх, этнічнай гісторыі, ладу жыцця і традыцый. «Тым больш сёння, калі бачым, як руйнуюцца лёсы цэлых народаў, якія бяздумна сякуць карані дрэва сваёй гісторыі, непакояць магілы продкаў, змагаюцца з помнікамі. Мы бачым гэта і разумеем, што без нацыянальнай годнасці няма і не можа быць волі, суверэнітэту, павагі, бяспекі. І зараз, калі ў свеце працягваецца барацьба за захаванне менавіта каштоўнаснай асновы дзяржавы, сапраўды незалежныя нацыі робяць усё, каб зберагчы свой самабытны лад жыцця. Як мы ў Расіі ці ў Беларусі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што народы аб’ядноўвае не адмена, а дыялог культур. «У гэтым галоўны сэнс нашага свята. Вось тое, што нас натхняе на развіццё. Штогод Александрыя запрашае сяброў з усяго свету дзеля міру і стварэння!», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што праз невялікі час усе сустрэнуцца пад такімі лозунгамі ў Віцебску. Праз некалькі дзён у паўночнай сталіцы адкрываецца міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». 

«Дарагія сябры! Вы ведаеце, што маё сэрца належыць гэтаму куточку Беларусі. Тут маё месца сілы. Гэты край, людзі, якія тут жывуць, навучылі мяне любіць сваю краіну, свой народ. І я не стамлюся дзякаваць сваёй малой радзіме за пражытыя тут шчаслівыя гады дзяцінства і юнацкасці. За тую энергію, якой і сёння сілкуе мяне гэтая зямля. І я гатовы дзяліцца з усімі вамі. Будзьце заўжды шчаслівыя, дарагія землякі!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт падзякаваў ўсім, хто робіць гэтае свята, — арганізатарам, рэжысёрам, артыстам, майстрам. Усім, хто стварае гэтую асаблівую атмасферу сяброўства і цеплыні, — шаноўным гасцям. 

«Калі мы будзем усюды, на кожным метры нашай Беларусі весці вось так — па-гаспадарску, гасцінна, разважліва, будзем вітаць нашых родных, сяброў і нават тых, хто памыліўся, але, якія будуць прыязджаць да нас з добрымі намерамі, — у нас у краіне будзе мір», — сказаў Прэзідэнт, — «Як толькі мы пачнем крышыць і ламаць, як толькі мы сябе ўзнясем на нябёсы і будзем там, а ўнізе нам будзе здавацца, што гэта народы другога кшталту, — пачнецца вайна», — папярэдзіў ён. 

«Таму беражыце тое, што мы маем, шануйце тое, што мы маем. І мы заўсёды будзем жыць у міры і згодзе. Не толькі са сваімі суседзямі. Яны ад бога. Іх не выбіраюць. Але і са ўсімі народамі нашай планеты», — параіў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім дабра, міру і яскравых уражанняў ад музычнага спектакля.

На галоўнай сцэне фестывалю разгарнуўся галоўны канцэрт — народнае шоў «Будзе вельмі цікава». У аснове канцэрта — творчае спаборніцтва двух аграгарадкоў — Копысі і Александрыі. Сюжэт пастаноўкі разгарнуўся вакол камічных персанажаў Дзеда і Бабы (акцёр тэатра і кіно Уладзімір Варанкоў і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вольга Няфёдава), якія паспрачаліся, які аграгарадок больш музычны. Дзед сцвярджае, што Копысь, а Баба — што Александрыя. Суддзямі сталі гледачы мерапрыемства, якія сваімі апладысментамі ацэньвалі кожны нумар. Перад імі выступілі народныя артысты Беларусі, прадстаўнікі таленавітай моладзі, пераможцы тэлевізійных праектаў. Завяршылася свята музычным шоу і запальваннем купальского вогнішча. 

Валерыя СЦЯЦКО

Аг. Александрыя

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.