Вы тут

Палеская веда. Аб чым ведалі нашы продкі?


«Космас» нацыянальнай культуры любой краіны складаецца з «мікракосмасаў» звычаяў і традыцый яе рэгіёнаў. Чым больш складаная гэтая мазаіка, тым больш яркім паўстае перад намі агульны арнамент. І тут немагчыма пераацаніць ролю мясцовых музеяў, дзе часам можна ўбачыць экспанаты, якія не знойдзеш нават у буйных, вядомых галерэях. Бо рэгіянальныя музейныя ўстановы бліжэйшыя да першакрыніцы — яны знаходзяцца ў тым самым рэгіёне, які вывучаюць, і з'яўляюцца яго часткай.


Яшчэ нядаўна, калі з'ездзіць у адпачынак да мора было нескладана і не непад'ёмна дорага, славутасці турыстычных краін часцяком наш чалавек ведаў лепш, чым тыя, што ёсць у сваёй краіне. Потым прыйшоў ковід. Усё праходзіць, казалі старажытныя мудрацы, — пандэмія скончылася. Але з далёкімі вандроўкамі складваецца няпроста. І мы сталі спачатку вымушана, а пасля з большым захапленнем адкрываць для сябе Беларусь. Яе геаграфію і гісторыю, культуру і міфалогію.

Многія чулі пра асноватворны ў старажытнай скандынаўскай міфалогіі вобраз дрэва Ігдрасіль, што пранізвае светы, — так стагоддзі таму скандынавы ўяўлялі сабе Сусвет. І будыйскі пастулат рэінкарнацыі таксама ўсім вядомы. Але ці шмат хто ведае, што нашы продкі таксама верылі і ў «Дрэва жыцця», і ў перасяленне душ. А рай палешукі размяшчалі на сузор'і Плеяд — там жа, дзе і старажытныя будаўнікі Стоўнхэнджа...

Партал у мінулае

Раней на Палессі верылі, што пабудова свету падобная да дрэва. Карані яго сыходзяць глыбока ў зямлю, у мінулае, галіны скіраваныя ў нябёсы — у будучыню, а ствол дрэва — гэта і ёсць, уласна, сучаснасць. І гэтак жа ўладкоўвалі людзі сваё жыллё: падмурак увасабляў карані «Дрэва жыцця», жылое памяшканне было «сучаснасцю», «чалавечым сусветам», а страха сімвалізавала, з аднаго боку, будучыню, з другога — нябесны свет. Злучаў іх пасрэднік-агонь, які жыве ў ачагу. І першае, што мы бачым, пераступаючы сімвалічны парог хаты старажытнага жыхара Палесся, — агнявіцу.

— Такую агнявіцу апісаў яшчэ Сержпутоўскі ў пачатку XX стагоддзя, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Мазырскага краязнаўчага музея «Палеская веда» Віталіна Сайфутдзінава. — Пры дапамозе агнявіцы здабываўся святы агонь падчас эпідэмій, засухі, неўраджаю, калі хварэла і гінула жывёла, а таксама падчас перасялення сям'і ў новы дом. Гэты агонь потым захоўвалі ў печы.

Агнявіца — дакладная рэканструкцыя, а наогул, экспазіцыя музея здзіўляе колькасцю сапраўдных, аўтэнтычных экспанатаў — тых, якім сто і за сто гадоў. Але спачатку патрэбна, мабыць, сказаць пра той самы парог, які мы пераступаем: ён уяўляе сабой сімвалічны партал у мінулае, і мастак, які ўвасабляў у жыццё канцэпцыю музея, імкнуўся надаць яму максімальна сімвалічны і таямнічы выгляд.

Пра сэрпанак і брыжы

«Ідэя музея ў тым, каб стварыць этналагічную карціну рэгіёна», — распавядае суразмоўніца. За плячыма калектыву музея — дзясяткі этнаграфічных экспедыцый. Узяўшы за аснову зборнік беларускага этнографа канца XІX — пачатку XX стагоддзя Аляксандра Сержпутоўскага «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў», з 2002 года, за больш чым 20 гадоў працы, супрацоўнікі музея пабывалі і там, дзе некалі працаваў яго аўтар, і там, куды ён не дабраўся. Адсюль і багацце экспазіцыі.

У «даковідную» эпоху, калі радок з песні «лишь руку протяните, а рядом — Эверест» быў не метафарай, а, так бы мовіць, канстатацыяй факта, людзі любілі наракаць: маўляў, глабалізацыя знішчае самабытнасць, і ўсюды, што ў Рыме, што ў Стамбуле, усё аднолькавае: ежа, крамы, машыны, музыка, адзенне людзей на вуліцах... Але яны памыляліся: самабытнасць ёсць у любой краіне, проста трэба ведаць, дзе яе шукаць. «Жыве» яна, зразумела, не ў гарадах і не ў турыстычных «рэзервацыях». Супрацоўнікі музея гавораць: старадаўнія веды, абрады, традыцыі і сёння захаваліся ў невялікіх аддаленых вёсках і на хутарах нашай краіны ў «працоўным стане» і паміраць не збіраюцца. Часта ў экспедыцыях аб тых ці іншых мясцовых старажытных абрадах і традыцыях нам расказвае моладзь. А калі дзеці прыязджаюць на экскурсію з сельскай мясцовасці, нешта мы ім расказваем, а нешта — яны нам. Вось, напрыклад, фота бабулі: яна апранулася так не спецыяльна для нас. Мы яе ў гэтым адзенні сустрэлі. Гэта яе паўсядзённы ўбор.

Суразмоўніца паказвае фотапартрэт жанчыны (з выгляду — гадоў 85-90) з Лельчыцкага раёна: бабуля апранутая ў ільняную кашулю — даматканую, якая вышыта каляровымі ніткамі, кабат (безрукаўку), на шыі — маністы ў некалькі шэрагаў, на галаве хустка. Убор, дарэчы, выглядае нечакана стыльна, як па кроі (у рэчышчы сучаснай моды), так і асабліва па спалучэнні колераў: цёплы экалагічны льняны тон і яркія камяні караляў.

Стагоддзі таму атрыманне тканіны было неверагодна працаёмкім працэсам, а таму кожны яе лапік быў у прамым сэнсе на вагу золата. Таму і краілі адзенне прамавугольнікамі і квадратамі — вытачкі і сілуэт «па фігуры» маглі дазволіць сабе хіба што арыстакраты. У сялянскім жа жаночым «строі» выконвала ролю гарсэта, «збірала постаць» і рабіла сілуэт вытанчаным камізэлька-безрукаўка: такія на Палессі называлі «кабаты». Гэта агульная канцэпцыя, але вырашалі яе ў розных рэгіёнах Палесся па-рознаму: «мода» ўсюды была свая. У мазырскім музеі можна ўбачыць і параўнаць усю разнастайнасць аўтэнтычных палескіх строяў — яны мала падобныя да таго, што сучасныя беларусы прывыклі лічыць нацыянальным касцюмам.

— Тут усё сапраўднае, няма рэканструкцый. Усё гэта мы знайшлі падчас экспедыцый: Мазырскі, Жыткавіцкі, Столінскі, Лельчыцкі, Петрыкаўскі раёны, — тлумачыць суразмоўніца.

Строй — у першую чаргу жаночы — мог многае распавесці аб сваёй гаспадыні: і не толькі пра тое, замужам яна ці не. Напрыклад, перажыўшы смерць сына, у некаторых месцах Палесся жанчына ніколі больш не насіла чырвонага колеру. Замужняя забяспечаная жанчына на вялікія святы апранала сэрпанак, з дапамогай якога ствараўся высокі галаўны ўбор, які рабіў яе падобнай на выявы з еўрапейскіх сярэднявечных гравюр. У музеі можна ўбачыць сэрпанак, які датуецца другой паловай пазамінулага стагоддзя, — лёгкая бязважкая тканіна перажыла і многае, і многіх. Такія галаўныя ўборы былі асабліва распаўсюджаны на Тураўшчыне.

А на вяселле ў Петрыкаўскім раёне нявеста ніколі не апранала каралі: калі раптам яны парвуцца падчас свята, жыццё маладых «рассыплецца» («як пацеркі парвуцца, дык слёзы разальюцца...», расказалі жанчыны падчас экспедыцыі) — дык навошта рызыкаваць? Таму каралі нявеста замяняла чырвонай стужачкай. А вось для Калінкавіцкага строю быў характэрны гафрыраваны каўнер — «брыжы».

— Некаторыя навукоўцы лічаць, што гэта ўплыў заходнееўрапейскага барока, — тлумачыць навуковы супрацоўнік.

У вясельным уборы шмат дзе на Палессі прынята было жанчын і хаваць.

Навошта хадзілі да ведзьмака

«Веда» — слова індаарыйскае, і першая асацыяцыя з ім, як ні дзіўна, не роднае беларускае «ведаць», а нешта індыйскае: Аюрведа, рэінкарнацыя, кола Сансары... Па крузе — сімвалічным коле вечнага жыцця — арганізавана і экспазіцыя музея. Ад першага купання да адпраўлення «ў вырай».

Першае купанне дзіцяці («зліўкі») лічылася неверагодна важным магічным абрадам і суправаджалася мноствам сакральных дзеянняў.

— У Петрыкаўскім раёне, калі купалі дзяўчынку, ваду вылівалі на парог, каб, калі вырасце, адбою ад жаніхоў не было. А калі хлопчыка — то пад печ, каб быў гаспадаром у хаце. У адных рэгіёнах Палесся ваду пасля «злівак» вылівалі на камень, каб малы рос дужым як камень, у іншых — на кут хаты (як нам растлумачылі, «каб дзіця расло спакойным і не валачылася па свеце»). Калі дзіця хварэла, ваду вылівалі туды, дзе злучаюцца два платы: свой і суседскі, — расказвае Віталіна Сайфутдзінава.

Няпісаны збор маральных законаў абвяшчаў: адна з найважнейшых задач чалавека — забяспечыць свой працяг у дзецях, і сем'і ствараліся дзеля нараджэння дзяцей. Пра каханне і, як цяпер прынята казаць, асабістае шчасце гаворка ішла далёка не ў першую чаргу. Але юнацтва не бывае без кахання, і, зразумела, на Палессі таксама святкавалі Купалле. Як запісаў А. Сержпутоўскі, на Мазыршчыне вянкі тут дзяўчыны не пускалі па вадзе — яны кідалі іх у вогнішча. А закаханы хлопец павінен быў рукой дастаць вянок каханай з агню, пакуль ён не загарэўся.

Зрэшты, жанілі дзяцей бацькі — і звычайна крытэрыям выбару станавіліся зусім не «крутасць», удаласць і адвага, а заможнасць. Справа не ў меркантыльнасці, а ў законах выжывання. Багацце, з аднаго боку, сведчыла аб працавітасці, кемлівасці, паспяховасці бацькоў жаніха або нявесты, і можна было спадзявацца, што дзеці атрымалі ў спадчыну гэтыя якасці. З іншага — яно забяспечвала надзейны шанц на выжыванне будучым унукам. Так што добры жаніх — багаты жаніх, а добрая нявеста — нявеста з пасагам.

Ці было ў гэтай сістэме каардынат месца каханню? Было — калі выбар сэрца раптам супадзе з выбарам бацькоў.

— У адной з экспедыцый вельмі пажылая жанчына расказвала нам, што яе маці ўсё жыццё ўпотай скардзілася падрослай дачцэ: маўляў, век пражыла без кахання, таму што бацькі выдалі яе за сына заможных суседзяў, а яе сэрца навекі было аддадзена іншаму, — расказвае суразмоўніца. — Але калі ёй прыйшоў час уступаць у шлюб, гэтая самая маці не дазволіла ёй выйсці за хлопца, якога дачка любіла. Сказала: з ім будзе няшчасная. І настаяла на сваім бацькоўскім выбары.

Дададзім, што шанаванне бацькоў было беспярэчным: не паслухацца лічылася неймаверным — гісторыя Рамэа і Джульеты на Палессі была немагчымая. А вось «гендарнае раўнапраўе» тут было спрадвеку — проста існаваў выразны падзел мужчынскіх і жаночых абавязкаў. І жанчына, і мужчына павінны былі шмат ведаць і ўмець...

Прынята лічыць, што шлях цывілізацыі — гэта рух з цемры да святла. Звычайна для ілюстрацыі выкарыстоўваюць параўнанні: напрыклад, ткацкі станок і сучасная вытворчая лінія або драўляны плуг і высокатэхналагічны трактар. Тут і хаваецца пастка. Мы параўноўваем толькі ўзровень развіцця тэхналогій — то-бок асяроддзе, у якім жыве чалавек. Але нават многія стагоддзі таму людзі былі такімі ж, як мы. І ведалі яны, мабыць, паболей сярэднестатыстычнага сучаснага чалавека, які прывык з любой нагоды раіцца з Google. Ім даводзілася памятаць мільёны неабходных для выжывання рэчаў: тэрміны пасеву і збору ўраджаю дзясяткаў культур, прыкметы перамены надвор'я, звычкі звяроў і лекавыя саставы траў для людзей і жывёл, спосабы будаўніцтва дамоў і стварэння гаспадарчых прыстасаванняў... Напрыклад, цеста на хлеб лепш будзе падыходзіць у дзяжы з розных парод дрэў (дошкі павінны чаргавацца ў правільнай паслядоўнасці). І той кавалачак цеста, які пакідаўся для наступнага замесу, мацавалі менавіта да дубовай клёпкі.

Можна ў музеі «Палеская веда» ўбачыць і човен, які каля стагоддзя назад быў выдзеўбаны з цэлага ствала — тэхналогія ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. А ўнікальны промысел ляснога бортніцтва (як гэта рабілася стагоддзі таму, таксама можна ўбачыць тут) уваходзіць у спіс культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Вам раскажуць, як залезці на дрэва па абсалютна гладкім ствале пры дапамозе хітрай сістэмы вяровачных петляў — прыстасаванне называлася «лязіва», альбо «лязьво». Калі зразумееце — зможаце паспрабаваць самастойна: напэўна, не саступае скаладрому. Лязіва выкарыстоўвалі палескія бортнікі. Выдзеўбаны з суцэльнага ствала вулей вешалі высока на дрэва, і там сяліліся пчолы. А «свае» дрэвы пазначалі «бортнымі знакамі», падобнымі на геральдычныя: кожны бортнік вынаходзіў сабе знак сам, «патэнтаваў» яго сярод іншых бортнікаў і перадаваў у спадчыну. «Бортныя знакі» таксама адлюстраваны ў мазырскім музеі.

Зразумела, былі на Палессі і чараўнікі: з «паралельнымі сусветамі» тут «трымалі сувязь» і жанчыны, і мужчыны. Жанчыны лячылі хваробы, займаліся «любоўнай магіяй», мужчынская магія была накіравана на поспех жывёлагадоўлі, бортніцтва, да іх звярталіся дзеля поспеху на пачатку важных спраў.

— Напрыклад, па даследаваннях А. Сержпутоўскага, можна было «загаварыць стрэльбу»: звярнуцца да ведзьмака, ён прачытае замову, і твая стрэльба будзе заўсёды біць напавал, — распавядае суразмоўніца. — Але калі вядзьмак на цябе раззлуецца, ён зробіць так, што твая стрэльба «будзе жывіць»: звер будзе сыходзіць параненым. А паранены звер — гэта заўсёды небяспека для людзей.

Дзе шукаць рай

Рака часу цячэ хутка, і замыкае кола экспазіцыя, якая расказвае аб прадстаўленні палешукоў пра пераход у іншы свет.

— На Палессі верылі, што душы ў вобразе птушак ляцяць на сузор'е Плеяд — палешукі называлі яго Сітка. Лічылася, што менавіта там знаходзіцца рай, — кажа Віталіна Сайфутдзінава.

Дарогу на Сітка душам-птушкам паказвае Млечны Шлях, але далёка не ўсе могуць здужаць вандраванне. Толькі мужныя і праведныя душы здольныя даляцець да Сітка. Душы чорныя і несправядлівыя зрываюцца і падаюць у пекла.

— Ёсць такое старажытнае галашэнне: «Куды ж ты збіраешся, у якую староначку, калі ж нам цябе чакаці, адкуль нам цябе пазіраці? Ці дробнай зорачкай ускінешся, ці жаркім сонейкам ускоцішся, ці ты ка мне ясным месяцам, ці ты ка мне малай птушачкай?» Памерлага блізкага былі гатовыя пазнаць у любым абліччы... Іншымі словамі, у старажытнасці на Палессі верылі ў рэінкарнацыю, — расказвае навукоўца.

Калі прыняць гэта да ўвагі, то і традыцыі Дзядоў і Радаўніцы, і старажытныя калядныя абрады пачынаюць здавацца зразумелымі і лагічнымі. Сярод калядных масак у калекцыі музея ёсць як рэканструкцыі, так і аўтэнтычныя ўзоры. Напрыклад, Каза з вёскі Надаткі Мазырскага раёна. Яна, зноў жа, мала падобная на тую Казу, якую мы бачым на сучасных стылізаваных калядных гуляннях. Палеская калядная Каза знешне нагадвае дракона і выглядае не лубачнай лялькай, а атрыбутам старажытнай магіі і правадніком у іншы свет...

Замкнуўшы кола, мы зноў апынаемся каля парога хаты: пачынаецца новы круг жыцця. Як ужывалася такая карціна свету з хрысціянствам? Ды вельмі проста: яны існавалі паралельна. Мусіць, як і ў наш час. Бог — далёка і высока: гэта афіцыйныя святы, урачыстыя мерапрыемствы і перакрыты рух у цэнтры горада. А ўсякія там дамавікі, «барабашкі» і «палтэргейсты» — побач, дробныя рэчы ў нас крадуць (кожны ж, напэўна, страціўшы нешта патрэбнае ў кватэры, прамаўляе: «Дамавік-дамавік, пагуляй і аддай»)... Калі вы не ведаеце, куды б з'ездзіць на выхадныя, — наведайце «Палескую веду». Тут вы сапраўды ўбачыце тое і даведаецеся аб тым, чаго не ўбачыце і пра што не даведае-
цеся больш нідзе. І, можа быць, лепш зразумееце сябе...

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.