У суботу ўсе дарогі вялі ў Александрыю, дзе чарговы раз прайшло рэспубліканскае свята «Купалле». Маштабны фестываль у Шклоўскім раёне даўно стаў неад'емным элементам беларускага лета. Самабытныя рамёствы, спартыўныя пляцоўкі, літаратурныя імпрэзы, выстаўкі тэхнікі — цікава ўсім і кожнаму. Сёлета «Купалле» выйшла за беларускія межы — на свята ў Александрыю прыехалі дэлегацыі 20 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, пяць з іх на чале з губернатарамі. Арганізатары прадставілі шэраг новых ідэй, якія ўдала аб'ядналіся з нязменнымі элементамі фестывалю. Традыцыйна ўдзел у свяце ўзяў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сваё выступленне кіраўнік дзяржавы пачаў на беларускай мове.
«Ізноў Александрыя паклікала сяброў — і вось мы разам. Сабраліся, каб на імгненне спыніць шалёны бег часу і звярнуцца да сваіх вытокаў. Хаця б у думках. Сёння тут, на маляўнічым беразе Дняпра, надзвычай моцна б'ецца пульс тысячагадовай гісторыі беларускай зямлі. Мы бачым яе ў творчасці таленавітых майстроў, у мелодыі народных песень, у сюжэтах старажытных абрадаў і ў чараўніцтве купальскай ночы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гледзячы на размах гэтага свята, я кожны раз лаўлю сябе на думцы: наш фестываль увасабляе ўсё, што мы з гонарам называем сваімі спрадвечнымі каштоўнасцямі». Па яго словах, гэта каштоўнасць чалавечых адносін, пабудаваных на сяброўстве, павазе, гасціннасці. Тут усё гэта ёсць. Гэта каштоўнасць свайго роду, які працягваецца дзякуючы моцным традыцыйным сем'ям, клопату пра бацькоў, любові да дзяцей. Прэзідэнт заўважыў, што кожны год у Александрыю едуць сем'ямі і беларусы, і госці.
Урачыстасць у Александрыі звінела з самай суботняй раніцы. Самабытныя рамёствы, спартыўныя пляцоўкі, літаратурныя імпрэзы, выстаўкі тэхнікі — цікава ўсім і кожнаму. З кожным годам традыцыйны фестываль прырастае новымі цікавосткамі.
І кожнае свята вылучаецца сваім лейтматывам. Сёлета гэта традыцыйныя беларускія абярэгі. А талісман свята, як і ўсёй нашай краіны, і сімвал Года міру і стваральнай працы — бусел. Прадстаўленне гэтай птушкі на сувенірнай прадукцыі, у музычных нумарах паказала, што Беларусь — сапраўды зямля пад белымі крыламі. А за святам лагодна назіраў галоўны бусел, чыё гняздо размясцілася на сцэне ў горадзе майстроў на васьміметровым слупе. «Купалле» ў Александрыі кожны год напоўнена непаўторнай атмасферай, традыцыямі і абрадамі, яркай культурнай праграмай. На святочных лакацыях было сабрана ўсё самае лепшае, што ёсць у нашай краіне і што можа быць цікава яе гасцям. Галоўным атрыбутам, зразумела ж, стаў купальскі вянок. Дакладней будзе сказаць, безліч яго варыяцый, з нязменным элементам — кветкай папараці.
Свята супала з Днём сям'і, любові і вернасці. І стала сапраўды сямейным. Прычым ва ўсіх сэнсах. Сямейным таму, што госці прыязджалі сем'ямі — арганізатары пастараліся, каб у Александрыі было цікава і малым, і дарослым. І вельмі сімвалічна, што менавіта на гэтым свяце адбыліся фінальныя спаборніцтвы і вызначыліся пераможцы і прызёры рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла». Сёлета першай сям'ёй на сяле стала сям'я Шавялёвых з Брэсцкай вобласці. Як заўважыў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, які ўзнагароджваў пераможцаў, самыя моцныя сем'і жывуць на сяле, бо яны падаюць прыклад вернасці, любові і працавітасці.
Сямейным свята стала і таму, што ў Александрыі сабралася ўся краіна. І справа не толькі ў тым, што на Купалле прыязджаюць людзі з усіх куточкаў Беларусі. «Мы будзем свята захоўваць традыцыі, звычаі нашай краіны, таму што гэта падмурак, на якім грунтуецца наша нацыя, наша дзяржава і наша краіна. І тое, што Прэзідэнт ініцыіруе адраджэнне такіх традыцый, гэта дазваляе дэманстраваць найлепшыя дасягненні нашых майстроў. І мы радуемся, што ў кожнага майстра ёсць свае вучні, гэта значыць, яны перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню. Мы перадаём краіну моладзі ў добрыя, надзейныя рукі. А значыць, наша свята будзе жыць, будзе развівацца і прырастаць новымі традыцыямі і маладзёжнымі праектамі», — адзначыў Ігар Петрышэнка ў размове з журналістамі.
Кожная вобласць прадставіла свае найлепшыя здабыткі, здзіўляла талентамі сваіх майстроў. А паколькі кожны раён нават у традыцыйныя рамёствы прыўносіць свае адметнасці, атрымаўся незвычайны экскурс, які дапамог іншымі вачыма паглядзець на звыклыя рэчы. Напрыклад, ткацтвам займаюцца амаль у кожным раёне, і вырабы з кожнага раёна вылучаюцца сваімі колерамі і ўзорамі. Маларыцкія строі кардынальна адрозніваюцца ад Мазырскіх. І гэтую разнастайнасць можна было ўбачыць у Александрыі. Такім чынам, усяго за адзін дзень у гасцей свята была магчымасць вывучыць гісторыю і геаграфію роднага краю.
Свае найлепшыя здабыткі найбольш шырока прадставіла гаспадыня свята — Магілёўская вобласць, паказаўшы, што нават адна вобласць вельмі багатая і разнастайная талентамі. Кожны раён прадставіў уласную «фішку». Хоцімскі ладзіў выстаўку сваіх абярэжных паясоў, тым самым падтрымліваючы галоўную ідэю свята. Асіповіцкі раён таксама працягнуў тэму з паясамі, а асіповіцкія майстрыхі нават далі майстар-клас па ткацтве, а майстры — па ганчарнай справе. Бабруйшчына радавала наведвальнікаў Горада майстроў музыкай, выконваючы народныя беларускі песні. Дэлегацыя Кіраўскага раёна разгарнула сапраўдную кіраўскую сядзібу з усімі атрыбутамі сельскай хаты. Гэта лакацыя дакладна стала адной з самых папулярных і каларытных фотазон свята. Клімавічы запрашалі ўсіх мёдам і раскрывалі сакрэты бортніцтва. А Глускі раён здзіўляў вырабамі з саломы.
«Свята «Александрыя збірае сяброў» адрозніваецца ад іншых сваёй цеплынёй, хатняй утульнасцю і душэўнасцю. Людзі радуюцца і ўсміхаюцца, і ў гэтым ёсць асаблівы каларыт свята «Купалле», якое ўжо стала не толькі абласным, але і рэспубліканскім брэндам», — адзначыў старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка.
Па словах міністра культуры Анатоля Маркевіча, «Александрыя збірае сяброў» — цудоўнае свята. Яно праводзіцца кожны год, але прывыкнуць да яго немагчыма. «Тут пануе выдатны настрой, усе ўсміхаюцца, усім падабаецца тут знаходзіцца, і таму кожны госць адчувае атмасферу сапраўднага свята. Мясцовыя жыхары, нашы госці — усе разам на лакацыях, на адкрыцці мерапрыемства. Мы бачым нашу культуру, бачым нашы традыцыі, якія ведаем і перадаём наступным пакаленням. Вельмі шмат моладзі. Гэтае цудоўнае свята сапраўды аб'ядноўвае людзей усіх узростаў. Я ўпэўнены, што свята будзе жыць вельмі доўга. Чаму? Бо тут мы адчуваем задавальненне ад нашай культуры, традыцыі, цудоўнага настрою, якія ствараюць нашы артысты, нашы рамеснікі, якія захоўваюць самабытнасць нашага краю», — сказаў ён.
Акрамя беларускіх рамёстваў, Александрыя дала магчымасць пазнаёміцца і з рамёствамі расійскіх рэгіёнаў. На свяце прысутнічалі дэлегацыі з 20 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, пяць з іх на чале з губернатарамі. Кожны з іх прыехаў «не з пустымі рукамі» і таксама паказаў свае набыткі. Свярдлоўская вобласць прадэманстравала ўральскі лакавы роспіс па метале, мастацкую апрацоўку бяросты. Адметнасцю гасцей з Калугі стала традыцыйная хлуднеўская гліняная цацка, Арэнбург паказаў, канешне ж, свае пуховыя хусткі. Архангельск здзіўляў халмагорскім разьбярствам па костцы і частаваў традыцыйнымі пернікамі. Варонеж прывёз матрошку, Ніжні Ноўгарад — хахломскі роспіс, жбаннікаўскую гліняную свістульку. На дагестанскім падворку можна было ўбачыць вырабы з серабра, унцукульскія мастацкія вырабы з дрэва з арнаментальным насяканнем, дываны і дывановыя вырабы, вырабленыя з выкарыстаннем натуральных фарбавальнікаў. Ленінградская вобласць паказала рускую народную абрадавую ляльку, аяцкую кераміку, роспіс па дрэве ў волхаўскім стылі і берастапляценне ў тэхніцы дэкаратыўнай бяросты.
«Свята ў Александрыі маштабнае і з кожным годам збірае ўсё больш сяброў. Вельмі важна, калі людзі, асабліва маладыя, могуць мець зносіны, размаўляць на сваёй мове, абмяркоўваць праблемы, сваё бачанне таго, як яны будуць уладкоўваць сваю краіну. І сёння тут прысутнічае моладзь з беларускага і расійскага боку. Губернатар Магілёўскай вобласці мне расказваў, што яны ствараюць сем'і. Гэта ж выдатна, — падзяліўся ўражаннямі губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз. — Свята ў Александрыі — гэта магчымасць не толькі добра правесці выхадны дзень, але і ў нефармальнай абстаноўцы абмеркаваць рабочыя пытанні і ўмацаваць дзелавыя зносіны. Беларусь для мяне — гэта добрыя ўспаміны, добрае мінулае і добрае цяперашняе. Тут жывуць мае сваякі, мае сябры. Нашы народы на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад простага чалавека і заканчваючы Прэзідэнтам, захавалі паважлівыя адносіны адзін да аднаго, разуменне таго, што мы патрэбны адзін аднаму і разам можам дабівацца высокіх поспехаў. І мінулы год гэта паказаў. Калі ўзяць тую ж эканоміку, то ў мінулым годзе ў нас вырас тавараабарот з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку з Магілёўскай вобласцю. І сёлета ён павялічваецца на фоне леташняга росту. Пра гэта гавораць лічбы. А лічбы — гэта эканоміка. І я ўпэўнены, што ўсё будзе добра. Асноўнае, каб мы разумелі, што нельга забыцца на мінулае, таму што без мінулага няма сучаснасці, без сучаснасці няма будучыні. Мы сёння будуем сучаснасць. І я ўпэўнены, што ўсё ў нас атрымаецца. І ўсё будзе добра», — адзначыў Аляксандр Багамаз.
Цікавосткі на любы густ маглі знайсці госці Александрыі. Аматары літаратуры не прапускалі лакацыю Выдавецкага дома «Звязда», дзе былі прадстаўлены кніжныя навінкі, самымі папулярнымі з якіх сталі кнігі для маленькіх чытачоў. На стэндзе можна было не толькі набыць кнігу, але і атрымаць аўтограф і нават зрабіць сэлфі з яе аўтарам. Народная сцежка сюды не зарастала. Александрыя дала магчымасць кніжным аматарам пазнаёміцца з Міхасём Пазняковым, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Тамарай Кавальчук, Дзмітрыем Нікалаевым, Алесем Карлюкевічам. Як заўважыла Кацярына Хадасевіч-Лісавая, народныя святы, традыцыі, што захоўваюцца і сёння, заўжды натхняюць творцу. А сустрэчы з адданымі чытачамі даюць падтрымку і самыя станоўчыя эмоцыі.
Было чым сябе заняць і аматарам спорту. Па словах начальніка ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Новікава, спартыўныя пляцоўкі і лакацыі — неад'емная частка свята ў Александрыі. Сёлета на іх зрабілі акцэнт на галоўнай спартыўнай падзеі гэтага лета — ІІ Гульнях краін СНД. На адпаведнай пляцоўцы ўстанавілі 40-метровыя LED-панэлі з рэкламнай прэзентацыяй саміх Гульняў і прадстаўленых на іх відаў спорту. Гасцей сустракаў талісман гульняў — Рысік. А на пляцоўцы «Беллегпрама» можна было набыць атрыбуты, прадукцыю і спартыўную форму, распрацаваныя да Гульняў.
Людзі, якія захапляюцца тэхнікай, таксама знайшлі для сябе занятак па душы. У Александрыі працавала выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі, дзе можна было свабодна фатаграфавацца. А сапраўдны падарунак гасцям свята зрабіла Магілёўская абласная арганізацыйная структура ДТСААФ. У небе над Александрыяй разгарнулася сапраўднае авіяшоу. Тры самалёты прадэманстравалі фігуры найвышэйшага пілатажу. Візіткай групы стала фігура «Сэрца», яе выконваюць толькі некалькі пілатажных груп свету. Лётчыкі разгарнулі ў небе і самы вялікі беларускі сцяг.
А ўвечары на галоўнай сцэне фестывалю радаваў канцэрт — народнае шоу «Будзе вельмі цікава». У аснове — творчае спаборніцтва двух аграгарадкоў — Копысі і Александрыі. Сюжэт пастаноўкі паўстаў з дапамогай камічных персанажаў Дзеда і Бабы (акцёр тэатра і кіно Уладзімір Варанкоў і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вольга Няфёдава), якія паспрачаліся, які аграгарадок больш музычны. Дзед сцвярджаў, што Копысь, а Баба — што Александрыя. Суддзямі сталі гледачы мерапрыемства, якія сваімі апладысментамі ацэньвалі кожны нумар. Перад імі выступілі народныя артысты Беларусі, прадстаўнікі таленавітай моладзі, пераможцы тэлевізійных праектаў. Завяршылася свята музычным шоу і запальваннем купальскага вогнішча.
Кожнае свята «Александрыя збірае сяброў» уваходзіць у гісторыю як асаблівае, кожны год яно вылучаецца сваімі адметнасцямі. Гэты год пабіў рэкорд — свята на беразе Дняпра наведала 80 тысяч чалавек.
Валерыя СЦЯЦКО
Аг. Александрыя
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.