Вы тут

Бяспечнае лета: як пазбегнуць атручванняў ад прадуктаў


Лета — час падарожжаў, пікнікоў, актыўнага адпачынку на прыродзе. Аднак менавіта ў гэты прыемны час ёсць рызыка падхапіць харчовае атручэнне ці вострую кішэчную інфекцыю. Як яе пазбегнуць і як наогул рэагаваць у выпадку падазрэння на атручэнне? Што рабіць, каб захаваць сваё здароўе? Пра гэта ішла размова на прэс-канферэнцыі «Як не атруціцца летам?»


Фота: pixabay.com

— Лета — рызыкоўная пара ў сувязі з ўзнікненнем вострых кішэчных інфекцый і харчовых атручэнняў, бо людзі шмат часу праводзяць на вуліцы, не звяртаючы ўвагу на правілы асабістай гігіены, — звяртае ўвагу загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Улада Запольская.

Калі варта насцярожыцца? Спецыяліст нагадвае: да сімптомаў кішэчных захворванняў належаць: павышэнне тэмпературы, слабасць, галаўны боль, ваніты, млоснасць. Калі яны ўзнікаюць, неабходна неадкладна звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства альбо бліжэйшага ўрача Каб пазбегнуць атручэння, не варта набываць прадукты харчавання ў месцах несанкцыянаванага гандлю, асабліва непастэрызаванае свежае малако, гатовыя вырабы з мяса, кавуны і дыні ў нарэзцы. 

Што датычыцца мясных прадуктаў, пры кулінарнай апрацоўцы старанна прасмажвайце іх. Праз некаторы час прыгатавання паспрабуйце праткнуць кавалак мяса відэльцам і паглядзець, які сок з яго вылучаецца: калі назіраюцца крывяністыя вылучэнні і сок непразрыстага колеру, пасмажце мяса яшчэ трошкі.

— Садавіну, агародніну і ягады раю прамываць і праточнай, і кіпячонай вадой, бо на паверхні плода ўтрымліваюцца розныя бактэрыі, мікраарганізмы, у тым ліку і гельмінты. Па гэтай жа прычыне нельга дазваляць дзецям ужываць гародніну, садавіну ці ягады з градак, дрэў і кустоў, — папярэджвае Улада Запольская. — Пры захоўванні ежы ў халадзільніку пажадана раздзяляць прыгатаваную і сырую прадукцыю. Увогуле летам лепш гатаваць столькі ежы, каб хапала толькі на адзін прыём харчавання, таму што разагрэтая ежа можа і ўтрымліваць бактэрыі, і выпрацоўваць экзатаксіны. А іх ужыванне можа прывесці да цяжкай формы харчовага атручэння. 

Спецыяліст таксама нагадала, што для перавозкі прадуктаў пажадана выкарыстоўваць тэрмасумкі, а прадукты харчавання рэкамендавана запакоўваць ў пластыкавыя кантэйнеры або поліэтыленавыя пакеты. 

Здавалася б, што ўсё гэта — відавочныя рэчы, але не ўсе, на жаль, пра гэта памятаюць. На прыродзе трэба прытрымлівацца правілаў гігіены рук — усё проста і складана адначасова. 

— Калі вы вырашылі з’есці нешта смачнае на вуліцы, абавязкова скарыстайцеся антыбактэрыяльныя сурвэткі або выкарыстоўвайце антысептык. Не варта дапускаць, каб на ежу садзіліся насякомыя, бо яны на сваіх лапах часта пераносяць узбуджальнікаў кішэчных інфекцый, — працягвае Улада Запольская. 

— Прытрымлівацца правілаў асабістай гігіены неабходна і пасля вяртання з вуліцы, а таксама перад гатаваннем ежы, — папярэджвае ўрач-эпідэміелаг супрацьэпідэмічнага аддзялення Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольга Лапіцкая. — Пасля кожнага з працэсаў падрыхтоўкі ежы неабходна абавязкова мыць рукі. Бацькам, дзеці якіх адпачываюць ці яшчэ толькі адправяцца ў дзіцячы лагер, трэба абавязкова правесці з дзецьмі гутарку з нагоды ўважлівага мыцця рук. У час наведвання ў летніку не варта прывозіць у якасці сюрпрызаў пірожныя з крэмам, каўбасныя вырабы, сокі — лепш бутыляваную ваду, памытую садавіну і гародніну. 

Мікраарганізмы — агенты, якія прысутнічаюць у знешнім асяроддзі пастаянна. Вельмі важна прытрымлівацца ўмоў захоўвання харчовай прадукцыі, дзеліцца важнай інфармацыяй загадчык аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Далакішвілі. 

— У нашай краіне прымаецца прынцып нармавання тых ці іншых мікраарганізмаў харчовай прадукцыі шляхам ўстанаўлення аб’ёму харчовай прадукцыі, дзе не дапускаецца той ці іншы мікрабіялагічны агент, — тлумачыць спецыяліст. — Як толькі парушаюцца ўмовы захоўвання, адбываецца рост мікраарганізмаў у дадзеным прадукце. Гэта ў сваю чаргу і выклікае неспрыяльнае ўздзеянне на наш арганізм. Варта звяртаць асаблівую ўвагу на ўмовы дастаўкі тавараў. Прадукцыя, непрыдатная да ўжывання, у тым ліку са скончаным тэрмінам прыдатнасці, вядома, падлягае ўтылізацыі. Праца па канфіскацыі і ўтылізацыі прадукцыі ажыццяўляецца не толькі ў рамках наглядных мерапрыемстваў, але і субъекты гаспадарання самастойна ажыццяўляюць гэтыя працэсы. Аб’ём утылізаванай прадукцыі, якую вырабляюць непасрэдна суб’екты гаспадарання, несупаставіма большы, чым выяўляюць у рамках дзяржаўнага санітарнага нагляду. У дадзеным выпадку адказнасць па недапушчэнні ненаўмыснага неспрыяльнага ўздзеяння на здароўе людзей ляжыць на суб’ектах гаспадарання. 

Дарэчы, з пачатку гэтага года ў Беларусі канфіскавана больш за 250 тон харчовай прадукцыі, неадпаведнасць якой было пацверджана вынікамі паўторных выпрабаванняў. Вельмі часта спажыўцы скардзяцца, што, напрыклад, скісла малако, хаця тэрмін прыдатнасці ў норме. Пры гэтым людзі забываюць, што пасля куплі малака, яны яшчэ падарожнічалі з ім гадзіны тры-чатыры і, канечне, у доўгай дарозе яно магло сапсавацца.

Спецыялісты рэкамендуюць уважліва вывучаць звесткі, якія вытворца харчовай прадукцыі выносіць на маркіроўку, каб не наносіце шкоду ўласнаму здароўю. 

Каб вада была толькі ў радасць!

У гарачае надвор’е небяспечна і купацца. Па-першае, варта абавязкова звяртаць увагу, у якіх вадаёмах гэта цяпер дазволена рабіць. Па-другое, старайцеся не заглынаць ваду, бо ў ёй могуць утрымлівацца і бактэрыі і вірусы.

У час адпачынку на прыродзе выкарыстоўвайце бутыляваную ваду гарантаванай якасці. Ні ў якім разе не бярыце ваду з крыніц або калодзежаў, якасць вады з якіх невядома.

Яна ВАЛАСАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».