Вы тут

Ніна Рыбік. «Вясельны ручнік»


Ніна Рыбік — пісьменніца, журналіст з больш як 40-гадовым стажам, доўгі час працавала галоўным рэдактарам газеты «Астравецкая праўда». Пераможца некалькіх рэспубліканскіх і міжнародных журналісцкіх і літаратурных конкурсаў. Аўтар кніг прозы «Свае і чужыя», «Права на адсяленне», «Скрыжаванні». Ніна Рыбік паходзіць з адселенай вёскі Уласы, што на Хойнікшчыне. Першыя апавяданні пісьменніцы прысвечаны лёсам землякоў, для якіх чарнобыльская катастрофа — пажыццёвы нязгасны боль.

Многія з твораў Ніны Рыбік насычаны драматызмам, прымушаюць задумацца аб праблемах сацыяльных, экзістэнцыяльных. Не выключэнне і апавяданне, якое прапаноўваецца чытачам «Звязды». Аўтар расказвае нам жыццёвыя гісторыі родных сясцёр, Сафеі і Раісы. Да абедзвюх лёс не быў літасцівы, але выпрабаванне вытрымала толькі адна з жанчын. Чаму так? Чытайце Ніну Рыбік...

Алена БРАВА


Вярнуўшыся з фермы, Сафея замяшала і выліла свінням, зачыніла курэй, прычакала з пашы Малышку, падаіла, працадзіла малако. Памыла рукі, змяніла цёмны паўсядзённы фартух на белы і дастала са скрыні палатняны скрутак. Разлажыла на канапе незакончаную вышыўку — пакуль сонца сядзе, можна дашыць хоць бы адзін край. Трэба спяшацца: да Аленінай Марыйкі заслалі сватоў, і Сафею папрасілі вышыць вясельны ручнік.

Усе ў вёсцы стараліся заказаць яго ў Сафеі. Казалі: калі яе ручніком звязаць рукі маладых, то ніякія бяда-гора іх не разлучаць. Шапталіся, што нешта яна ведае, падлічвалі, колькі на якім ручніку кветачак і птушачак, прыглядваліся, у які бок яны глядзяць, і дзівіліся, што ўзор ніколі не паўтараўся.

Вядома ж, ніякага чараўніцтва ў яе ручніках не было. Калі б што ведала, то і сама была б шчаслівай — на сваё вяселле таксама вышыла ручнік, найпрыгажэйшы з усіх, што былі і да таго, і пасля.

Зрэшты, што ж Богу грашыць: была яна шчаслівай...

Ох, як глядзеў на яе Васіль, калі яны сенавалі! І сёння ў вачах яго твар: кропелькі поту блішчаць на шырокім ілбе, вочы іскрацца смехам... Яна ўварочваецца ад непамерных ношак сена, якія муж, не ведаючы стомы, закідвае на верх стога, паддражніваючы:

— Ну-ну, жвавей, маладзічка!

— Закідаў ужо, чорт двужыльны! — яна спрытна перахоплівала чарговы абярэмак. — Дай пера-
дых!

— Вось стог завершым — і адпачнём! Ох, як мы соладка адпачнём з табой, мая галубка, — падміргваў Васіль.

...Так, яна была шчаслівай. Паўгода. Пакуль не пачалася вайна... Васіля забралі ў першы ж дзень. Моцна пацалаваў яе на развітанне — і ўсё... Больш ніводнай вестачкі. Пахаванкі, і той не. «Мо і цяпер стагуе з кім-небудзь», — думала Сафея, дастаючы час ад часу са скрыні свой вясельны ручнік.

І Раісе вышывала яна ручнік.

— Ох, Сафейка, каб ты ведала, які ён, — тулілася сястра, калі прыязджала з тэхнікума на пабыўку. — Такі прыгожы, такі дужы...

Сафею палохала закаханасць малодшай сястры — баялася, каб не насмяяўся з яе хлопец. Але неўзабаве Райка прывезла яго ў вёску — і Сафея ўздыхнула з палёгкай. Хлопец і сапраўды выдатны: прыгожы, пры гальштуку. «Мо і пашчасціць Раечцы», — марыла Сафейка, вышываючы ручнік.

З радні ў Раісы засталася толькі яна, Сафея. Бацьку іх раскулачылі яшчэ ў 30-я за тое, што адмовіўся ўступаць у калгас. Іх выгналі з хаты. Маці была цяжарная Раісай. Прытуліліся перш у далёкіх родзічаў. А як Аксіння разрадзілася, тыя папрасілі: шукайце іншага прыстанішча. Бо і на нас старшыня сельсавета воўкам паглядвае ...

Аксіння выкапала за вёскай на ўзгорку зямлянку, дзёрну зверху нацягала, пячурку, як змагла, зляпіла. Туды і перабраліся.

Маці зранку ішла шукаць работу. У калгас яе не бралі — не заслужыла. Наймалася каму жаць, каму бульбу капаць, каму снапы малаціць... Плацілі хто чым: хто кош бульбы дасць, хто — торбачку жыта. А каторы раз прыходзіла з пустымі рукамі. Гаспадарка трымалася на Сафейцы. Яна глядзела малую Райку, цягала з лесу ламачча, варыла што-кольвечы на касцярку ці ў пячурцы...

І вышывала! Маці навучыла яшчэ малую, і маладзіцы неслі ёй вышываць фартухі — у спраўнай гаспадыні іх павінна быць некалькі, спадніца магла быць адна, а фартух — на кожны выпадак. А там і ручнікі, настольнікі да дзеўчаняці панеслі, асабліва ў каго сватоў чакалі, а пасагу бракавала. Плацілі, як і маці, — чым давядзецца. Яна ўсяму была радая.

Праз пяць гадоў, перад вайной, вярнуўся бацька — адбыў свой тэрмін. Прыйшоў схуднелы, бяззубы... Але з такім жа строгім непахісным поглядам, які мякчэў, толькі калі глядзеў на дачок. Сафейка да таго часу расцвіла, занявесцілася, а малая Райка была пузатай, крываногай — казалі, што трэба на сонцы больш бываць і добра харчавацца. Не казалі толькі, дзе браць тыя харчы...

Іх дыхтоўную хату, складзеную бацькам за год да высылкі пад «чысты вугал», ім не аддалі: у ёй было калгаснае праўленне. Пусцілі пажыць у лядашчую хацінку дзеда Сымона, што апусцела пасля смерці гаспадара. Сафейцы яна здалася палацам! Бацька падлатаў дзіравы дах, падпёр гатовую разваліцца сцяну, пераклаў печ — перазімавалі.

А ўвосень да яе заслалі сватоў... Васіль неяк убачыў Сафейку на жніве — і з таго часу зачасціў да іх у вёску. На вячоркі дзяўчына не хадзіла — не было ў чым, то ён прыходзіў пад грушку, што расла за хатай, і цярпліва стаяў у чаканні. Калі-нікалі бацька, глянуўшы ў акно, кідаў: «Ну выйдзі ўжо, усю траву вытаптаў гэты твой ухажор» — і яна выскоквала, каб колькі хвілін пастаяць побач, прагнучы і баючыся дотыку рук. А каторы раз бацька бурчэў: «Што яму тут трэба? Хай роўню сабе шукае...» — і Сафея сядзела, унурыўшыся, на печы і вышывала фартух ці ручнік.

Пазней яна даведалася, што і Васіля бацькі не пускалі да яе, і тыя ж словы казалі: не роўня. Ды ён нікога не паслухаў: заслаў сватоў да яе, беспасажніцы. Кахаў...

Толькі і было шчасця ў Сафейкі, што тыя паўгода, пакуль яны былі разам. А потым вайна... Бацьку, Васіля, усіх мужчын забралі. Вёску іх спалілі. Калі пачалася страляніна, Сафея ўхапіла самае каштоўнае — Біблію, укруціла яе ў свой вясельны ручнік ды кінулася да лесу.

Яны хаваліся ў зарасніках з мая і аж да восені, пакуль не прыйшло вызваленне. Вярнуліся на папялішчы, і зноў — зямлянка, холад, голад, вошы... Маці памерла ад тыфу, прыйшла пахаванка на бацьку. Малая Райка засталася на руках сястры.

Але неяк жа выкараскаліся. І хацінку яна неяк стуліла: саломай крытую, з земляной падлогай, адзіным малюсенькім акенцам... Пазней, як пайшла на ферму, трохі лепшую агорала. Працавала, сябе не шкадуючы.

А вечарамі вышывала. Любіла гэтую справу. Асабліва калі ручнікі заказвалі. Тады сваё кароткае шчасце згадвалася... Вось і сёння, уяўляючы, якім будзе вяселле ў Марыйкі, яна вышывала дробнымі блакітнымі крыжыкамі галубкоў, што ішлі з кветачкамі ў дзюбках насустрач адзін аднаму...

Раптам у сенцах нешта шкрабнула.

— Хто там? — адклала вышыўку Сафейка.

Дзверы прыадчыніліся.

— Гэта я, цётачка... Можна, я ў цябе сёння паначую?

— А божачкі, Галечка!

І спытала тое, што і так было зразумела:

— А мамка што? Зноў?..

Дзяўчынка моўчкі кіўнула русявай галавой і заплакала.

— Ну, супакойся, — прытуліла малую Сафейка. — Зараз павячэраем. Ты ж, мусіць, галодная?

— Рабі ўрокі і кладзіся спаць, — наказала Галечцы, калі яны пад'елі хлеба з малаком і Сафея разаслала пасцель.

— А ты куды? — ускінулася малая.

— Да вас схаджу, пагляжу, што мамка твая робіць...

— Ды што яна робіць? Ляжыць п'яная... Крычыць... Кажа, што гэта з-за мяне татка нас пакінуў, бо яна пасля родаў стала тоўстай. І з-за цябе — што ты вечна сноўдалася да нас, фермай смярдзела... Але ж гэта няпраўда!

— Ты не крыўдуй на яе...— пагладзіла дзяўчынку па галаве Сафейка. — Гэта не мамка твая гаворыць. Гэта гарэлка ў ёй крычыць. І крыўда на бацьку... Ты кладзіся спаць...

... Малодшая сястра, якую Сафея гадавала пасля вайны, была яе шчасцем і болем. З брыдкага качаняці Рая вылюднела ў сапраўдную паненку: статная, косы на галаве каронай... Сафейка, любуючыся сястрой, старалася апрануць дзяўчыну як прыгажэй, лепшы кавалак падсунуць. Работай не нагружала: хай вучыцца! Яна сама толькі чатыры класы закончыла, далей было не да таго, хоць і вельмі хацелася. У яе не атрымалася — то мо хоць Раісе пашчасціць вырвацца з іх беспрасветнай нядолі...

Сястра пасля школы паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Там і сустрэла свайго Сашу. Радавалася Сафейка: спраўджваліся яе мары! Вяселле ім справіла. А вясельны ручнік такі вышыла, што вяскоўцы надзівіцца не маглі. Прыгажэйшым быў толькі яе ўласны...

Пасля вучобы прыехалі маладыя ў іх калгас. Рая стала працаваць ветэрынарам, муж — аграномам. А неўзабаве прызначылі яго старшынёй. Злыя языкі мяцелілі, што Тарлецкі наўмысна падвёў свайго папярэдніка. Але Сафея лічыла, што вяскоўцы ад зайздрасці плёткі плятуць.

Гэтак жа не верыла, калі сталі гаварыць, што Тарлецкі займеў каханку ў суседняй вёсцы.

Але ж людское вока не падманеш. І чужы рот не заткнеш... Хутка тыя размовы дайшлі і да Раі. Жонка паехала да саперніцы разбірацца — і ўбачыла, што тая цяжарная. Муж тады сабраў рэчы і паехаў да новай жонкі.

Ад гэтай здрады сястра так і не аправілася. Моцна кахала... Піць стала. Муж прыязджаў у вёску — прычакаўшы яго, скандаліла, пагражала, што пойдзе ў райкам, а то прыніжалася, рукі цалавала, прасіла вярнуцца... Тарлецкі, каб не сустракацца з былой жонкай, перавёўся ў іншы калгас.

Сафейка ўшчувала сястру, прасіла падумаць пра дачку. Галечка плакала. Але Рая нічога і нікога не чула. Што б ні гаварылі — маўчала. А як толькі заставалася адна — напівалася. Сафея старалася абшукаць кожную шчыліну ў хаце, каб нідзе гарэлкай і не пахла, — але ж з Раінай работай заўсёды было дзе ўзяць: там карова расцяліцца не можа, у таго кабанчыка трэба злягчаць...

...Колішні старшынёўскі дом стаяў на ўзгорку. Раіса ляжала на канапе.

— Ну, чаго прыпёрлася? — паспрабавала ўстаць, калі Сафея шчоўкнула выключальнікам. Але не ўтрымалася на нагах. — Зноў мараль чытаць будзеш? Дасталі ўсе! Я нікому не камандую, як жыць, — то чаго вы ўсе да мяне лезеце? Хачу п'ю, хачу — сплю, захачу — мужыкоў любіць буду! У цябе не спытаюся!

Раіса доўга нешта крычала — злое, абразлівае, крыўднае. Сафея не звяртала ўвагі. Моўчкі прыбрала са стала брудныя рэшткі незразумелай яды, выкінула бутэльку, падмяла хату. І толькі калі сястра змоўкла, прысела побач, пагладзіла, як малую, па галаве:

— Раечка... Гаротніца мая...

Раіса расплакалася. Схапіла яе рукі, стала цалаваць. Чым больш плакала, тым цверазейшай станавілася.

Плакала і Сафея.

— Малая ў цябе? — супакоіўшыся, спытала Рая.

— У мяне — дзе ж ёй яшчэ быць...

— Ты глядзі яе, Сафейка... Як мяне глядзела... На цябе надзея...

— У Галечкі маці ёсць. Яе ніхто не заменіць.

— Ты ж мне замяніла...

— Ты не раўняй. У нас маці памерла. А ты жывая...

Раіса адвярнулася да сцяны, плечы ў яе затрэсліся ад бязгучнага плачу. Сафея пашкадавала ўжо, што сказала балючыя словы. «Нічога, можа, пройме... Нешта ж павінна яе праняць!» — думала, пагладжваючы сястру па плячы.

Тая нарэшце павярнулася:

— Адно гора вам ад мяне... Ды толькі... Зразумей, сястрычка: не магу я! Выгарэла ўсё ўсярэдзіне... Нібы выняў ён маё сэрца і з сабой забраў.

— Адпусці, Раечка. Забудзься...

— Не магу... Ужо ж не дзень, нават не год мінуў, а — не магу! Ці ўранні, ці ўдзень, ці вечарам, кожная думка — пра яго. Разумею: не вернецца, трэба выкінуць яго з галавы і з сэрца, — а не магу. Толькі тады і лягчэе, як вып'ю. Зразумей мяне, Сафейка. Даруй...

— Дараваць не цяжка. А жыць як? Мне дык ладна — а Галечцы? Табе цяжка, а ёй — ці лёгка? Сябе ты шкадуеш, знайшла лякарства, а дзіця тваё хто пашкадуе, душу яго палечыць?

— Ты, — сумна ўсміхнулася Раіса. — Хто ж яшчэ? Ты Галечку не пакінеш. І ручнік вясельны, як пара прыйдзе, вышыеш ...

— А гэты во — забяры, — Раіса дастала з-пад падушкі ручнік — пакамечаны, у плямах, месцамі падпалены і парваны — і сунула ў рукі сястры. — У печ укінь... Мо тады адпусціць...

Сафея глядзела на вышыты кавалак паркалю — і не пазнавала сваю работу.

— Толькі сёння ж спалі, чуеш? — загадала Рая. — Сама не магу. Спрабавала: кіну ў агонь — і назад выхопліваю... Думаю: пакуль ручнік, якім нашы рукі звязалі, цэлы — ён нас трымае... Ды ўжо не хачу, каб трымаў! Спалі!

...Вярнуўшыся дахаты на золку, Сафея перш-наперш кінула ў печ Раісін ручнік. Калі языкі полымя заскакалі па бярозавых паленцах, па галубках і кветачках на ручніку, прыбегла суседка...

Раісу дасталі з пятлі. Суседка знайшла: прыбегла ветэрынаршу паклікаць, калі карова ранкам не паднялася. Яшчэ цёплай была
Раіса...

А праз тры дні пераказалі, што памёр ад сардэчнага прыступу Саша.

Больш вясельных ручнікоў Сафейка не вышывала…

Ніна РЫБІК. «Вясельны ручнік»

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.