Вы тут

Лета, спякота, атручванні. Як не падхапіць кішэчную інфекцыю?


Лета — не толькі пара доўгачаканых водпускаў і школьных канікулаў, але і час, калі ўзрастае рызыка кішэчных інфекцый. Пра тое, як засцерагчы сябе і сваіх дзяцей, расказаў урач-інфекцыяніст 11-й гарадской паліклінікі Мінска Андрэй МАКАРЭВІЧ.


— Андрэй Міхайлавіч, спачатку раскажыце, што разумеюць пад агульным паняццем вострых кішэчных інфекцый.

— Гэта група інфекцыйных захворванняў, якія суправаджаюцца парушэннем маторыкі страўнікава-кішачнага тракту з развіццём дыярэі, інтаксікацыі, а ў шэрагу выпадкаў — абязводжваннем.

Узбуджальнікамі вострых кішэчных інфекцый з'яўляецца шматлікая група бактэрый, вірусаў, прасцейшых і гельмінтаў, якія могуць выклікаць дысфункцыю кішэчніка. Найбольш часта ў клінічнай практыцы захворванне абумоўлена дызентэрыйнымі палачкамі (шыгеламі), сальманеламі, патагеннымі кішэчнымі палачкамі (эшэрыхіямі), стафілакокамі, клебсіеламі, пратэем, іерсініямі, сінегнойнай палачкай, халернымі вібрыёнамі і інш. З вірусаў найбольшае значэнне маюць ротавірусы, энтэравірусы Коксакі, каранавірусы, адэнавірусы, вірусы Норвалк і інш. Дыярэя можа быць таксама абумоўлена амёбамі, лямбліямі, крыптаспарыдыямі. І гэты пералік узбуджальнікаў вострых кішэчных інфекцый далёка не поўны, многія з іх недастаткова вывучаны, пастаянна адкрываюцца ўсё новыя ўзбуджальнікі.

Узбуджальнікі вострых кішэчных інфекцый устойлівыя ў навакольным асяроддзі, могуць працяглы час захоўвацца на руках, посудзе, цацках і прадметах ужытку, у глебе і вадзе, інфікаваных фекаліямі хворага. Некаторыя з іх здольныя размнажацца ў прадуктах харчавання пры пакаёвай ці нават нізкай тэмпературы. Яны звычайна гінуць пры кіпячэнні і апрацоўцы дэзынфекцыйнымі сродкамі, якія ўтрымліваюць хлор.

— Хто начасцей схільны да захворванняў на кішэчныя інфекцыі?

— Захваральнасць на вострыя кішэчныя інфекцыі высокая і рэгіструецца на працягу ўсяго года з уздымам у летне-восеньскі перыяд. Хварэюць дарослыя і дзеці, прычым малыя найбольш часта ва ўзросце ад 1 да 7 гадоў.

Лятальнасць пры вострых кішэчных інфекцыях адносна невысокая і назіраецца пераважна ў дзяцей ранняга ўзросту.

— Як адбываецца заражэнне?

— Крыніца інфекцыі — хворы чалавек, а таксама носьбіты ўзбуджальнікаў захворвання. Найбольш небяспечныя хворыя на лёгкія, сцёртыя і бессімптомныя формы вострых кішэчных інфекцый. У дзіцячых калектывах крыніцамі эпідэмічных усплёскаў нярэдка бываюць работнікі харчаблокаў.

Асноўны механізм перадачы — фекальна-аральны, які рэалізоўваецца харчовым, водным і кантактна-бытавым шляхамі, радзей — паветрана-пылавым. Фактарамі перадачы з'яўляюцца ежа, вада, прадметы ўжытку, цацкі, інфіцыраваныя фекаліямі хворага, у перадачы некаторых інфекцый маюць значэнне насякомыя, у прыватнасці мухі. Заражэнню вострымі кішэчнымі інфекцыямі спрыяюць антысанітарныя ўмовы жыцця, незахаванне правіл асабістай гігіены, ужыванне заражаных прадуктаў харчавання, якія захоўваліся ці рыхтаваліся з парушэннем правілаў.

— Што рабіць пры сімптомах кішэчнай інфекцыі?

— Галоўным з'яўляецца аднаўленне аб'ёму страчанай вадкасці, якую можна папоўніць з дапамогай такіх прэпаратаў, як нормагідрон, які раствараецца ў суадносінах 1 пакуначак на 1 літр вады, у суткі трэба выпіць мінімум 2 літры для дарослага чалавека. Сарбенты, напрыклад, такія, як усім вядомая смекта, таксама павінны выкарыстоўвацца ў такіх выпадках — 3 пакуначкі на суткі.

Сярод прэпаратаў, якія дзейнічаюць супраць узбуджальнікаў-бактэрый, добра паказаў сябе стопдыяр, які прымаецца ў адпаведнасці з інструкцыяй да прэпарата. Калі праблема віруснага характару, то можна рэкамендаваць прабіётыкі, напрыклад, такія, як прабіёлаг ці лінекс фортэ, таксама ў адпаведнасці з інструкцыяй. Нялішнімі будуць прэпараты крэон — гэта фермент, які дапаможа страваванню, і эспумізан, які ліквідуе газаўт-
варэнне. Пажадана ў перыяд хваробы захоўваць дыету. Варта адмовіцца ад малочных прадуктаў, а таксама ад гародніны і садавіны.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.