Вы тут

Як падабраць сродкі гігіены поласці рота


Усе ведаюць, што, каб захаваць зубы здаровымі, трэба правільна і якасна даглядаць поласць рота. Існуе мноства сродкаў гігіены, і ва ўсёй іх разнастайнасці лёгка заблытацца. Давайце разбяром, што павінна ўваходзіць у мінімальны гігіенічны набор дарослага чалавека.


Мануальная, электрычная ці гукавая?

Збяром даступны базавы набор для хатняй гігіены поласці рота, які складаецца з асноўных сродкаў гігіены: зубная шчотка, зубная нітка і зубная паста. І дадатковых: апалосквальнікі, пенкі, індыкатары налёту, ірыгатары і шматлікае іншае.

— Зубныя шчоткі бываюць мануальныя, электрычныя, гукавыя або ўльтрагукавыя. Аднак важна разумець, што не так важны тып шчоткі, як тэхніка чысткі зубоў. Здзяйсняючы правільныя рухі простай шчоткай, вы пачысціце зубы якасней, чым электрычнай пры няправільных рухах, — звяртае ўвагу стаматолаг-тэрапеўт 10-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі Соф'я ГАНГАДЗЭ.

Урач прапаноўвае ацэньваць зубныя шчоткі па наступных параметрах. Першае — гэта шчацінкі. Яны не павінны быць траўматычнымі для ачышчэння слізістай поласці рота і зубоў, а таксама пругкімі, гэта значыць, пры націсканні не павінны разыходзіцца ў розныя бакі. Другое — колькасць шчацінак: чым іх больш, тым большая плошча ачышчэння зуба. Трэцяе — працоўная частка або галоўка зубной шчоткі: выбірайце так, каб у вас была магчымасць дабрацца ў самыя цяжкадаступныя месцы. Ручка зубной шчоткі мусіць быць эрганамічная, каб яе зручна трымаць у руцэ і кіраваць ёй, каб рука не стамлялася на працягу трох хвілін.

Існуюць таксама монапучковыя зубныя шчоткі.

— Спатрэбяцца яны пацыентам, у якіх назіраецца цесната зубоў, а таксама для ачышчэння ў іншых цяжкадаступных месцах, напрыклад, зубоў мудрасці, бо велічыня працоўнай паверхні звычайнай зубной шчоткі не здольная так далёка дабрацца, — рэкамендуе ўрач.

Памятайце, што шчотку і насадку ад электрычнай шчоткі неабходна мяняць кожныя 2-3 месяцы, а таксама пасля правядзення прафгігіены і хірургічных аперацый.

На смак

Зубная паста — другі элемент, неабходны для гігіены. Паст існуе велізарная колькасць з розным саставам і смакам. Калі доктар не прызначыў вам спецыяльную лячэбную зубную пасту, то лепш зрабіць выбар на карысць комплекснай пасты з прыемным для вас смакам.

Пры выбары варта зважаць на паказчык абразіўнасці, утрыманне фтору і небяспечныя кампаненты ў саставе, а таксама варта разумець, якую праблему мы жадаем вырашыць.

Эфектыўнасць зубной пасты залежыць ад памеру абразіўных часціц у складзе, гэта значыць, ад паказчыка абразіўнасці. Важна разумець, што вялікія па памеры часціцы могуць траўміраваць эмаль (параўнаем іх са скрабам для цела: чым буйнейшыя часціцы скраба, тым больш траўматычна праходзіць працэс ачышчэння скуры). Для штодзённага догляду здаровых зубоў падыходзіць зубная паста з індэксам абразіўнасці 60—80 RDA.

Фтор у зубной пасце змяншае рост патагеннай мікрафлоры, развіццё карыесу на 25 % і спрыяе рэмінералізацыі зубоў. Гэта рэчыва ў зубной пасце знаходзіцца не ў чыстым выглядзе, а ў розных хімічных злучэннях. Не ўсе злучэнні фтору аднолькава эфектыўныя. Вось яны ў парадку паніжэння сваёй эфектыўнасці: (R)амінафтарыд (R)фтарыд натрыю (R)фтарыд волава (R)монафасфат натрыю.

Канцэнтрацыю фтору вымяраюць у ppm або ў працэнтах. Максімальна дапушчальнае працэнтнае ўтрыманне фтарыдаў у зубной пасце — 1500ppm (0,015 %). Для таго каб вызначыць, якое працэнтнае ўтрыманне фтору падыдзе менавіта вам, трэба пракансультавацца ў спецыяліста.

— Практычна любы кампанент зубной пасты можа выклікаць алергічную рэакцыю або непераноснасць, але самымі небяспечнымі кампанентамі ў складзе лічацца лаўрылсульфат натрыю і дыяксід тытану, a хлоргексідзін і трыклазан катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць на пастаяннай аснове. Для якаснай гігіены поласці рота недастаткова проста мець добрыя сродкі гігіены, трэба яшчэ ўмела імі карыстацца, — падкрэслівае Соф'я Гангадзэ.

Круглая, плоская ці аб'ёмная?

Зубная нітка, ёршык або ірыгатар — тое, што дапамагае прачысціць міжзубныя прамежкі, тыя месцы, куды не пранікае зубная шчотка.

Зубная нітка чысціць дзве паверхні з пяці (гэта нямала!), таму не варта грэбаваць гэтым сродкам гігіены і неабходна выкарыстоўваць яе двойчы ў дзень, таксама як зубную шчотку і зубную пасту. Ёсць тры асноўныя катэгорыі зубных нітак — круглая, плоская і аб'ёмная. Круглая зубная нітка досыць тонкая і выдатна заходзіць у вузкія міжзубныя прамежкі, але чысціць меншую плошчу зуба, чым плоская або аб'ёмная.

Плоская зубная нітка такая ж тонкая, як круглая, але плошча ачышчэння зуба нашмат большая. Аб'ёмная зубная нітка пераўзыходзіць у дыяметры папярэднія два варыянты, а значыць, выдатна падыдзе для выкарыстання ў шырокіх і сярэдніх міжзубных прамежках. Калі ў роце ёсць дадатковыя канструкцыі, вам спатрэбіцца super-floss — спецыяльная нітка, якая мае праваднік на канцы і асноўную губчатую частку.

Навошта ёршыкі ды ірыгатары?

Дадатковыя сродкі гігіены прызначаюцца для людзей з дадатковымі канструкцыямі ў поласці рота, напрыклад брэкет-сістэмамі або артапедычнымі канструкцыямі (адзінкавыя каронкі, каронкі на імплантатах, мостападобныя пратэзы). І нават вялікая колькасць пломбаў з'яўляецца дадатковымі канструкцыямі.

Ірыгатар — дадатковы прадмет гігіены, які не замяняе зубную шчотку і пасту. Пры яго выкарыстанні адбываецца масаж дзясен, што паляпшае кровазабеспячэнне і стымулюе ахоўныя сілы перыядонту. Адлегласць ад насадкі да зубоў павінна быць каля 2 міліметраў, а час выкарыстання — ад 1 да 10 хвілін. Ірыгатар вымывае харчовыя рэшткі, але не прыбірае з паверхні зуба мікробную біяплёнку, таму ў дадатак выкарыстоўваюцца дэнтальныя ёршыкі. Яны бываюць розных памераў і падбіраюцца персанальна стаматолагам, ён жа навучае, як іх правільна выкарыстоўваць. Ёршыкі чысцяць паверхні зубоў там, дзе зубная нітка не спраўляецца.

Скрабок дапамагае прыбраць налёт з языка. Зубы — гэта толькі 25 % ад усёй поласці рота. Астатнія 75 % — гэта язык і слізістыя абалонкі, якія таксама патрабуюць ачышчэння. Скрабок купляецца альбо асобна, альбо на адваротным баку шчоткі ёсць спецыяльныя гумовыя падушачкі. Асобна скрабкі бываюць пластыкавыя ці металічныя. Лепш аддаць перавагу пластыкавым, бо яны менш траўманебяспечныя. Змяняць пластыкавы скрабок трэба гэтак жа, як зубную шчотку, кожныя 3 месяцы, пасля правядзення прафгігіены і хірургічных аперацый. Чаму важна чысціць язык? Таму што на ім застаецца мяккі налёт, які можа быць прычынай непрыемнага паху з рота.

Апалосквальнік дапамагае прыбраць налёт са слізістай абалонкі, зніжае колькасць бактэрый у роце, забяспечвае свежае дыханне і прадухіляе ўтварэнне зубнога налёту, але некаторымі з іх нельга карыстацца кожны дзень, таму ўважліва чытайце інструкцыю і кансультуйцеся са стаматолагам. Выбіраць апалосквальнік варта гэтак жа, як зубную пасту: калі доктар не прызначыў вам лячэбны, выбірайце той, які прыемны на смак.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.