Вы тут

Чаму «стаіць як карова» — найлепшая пахвала ад даяркі


Аператар машыннага даення ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет» Святлана Быкава прызнана «Чалавекам года» на Гомельшчыне ў намінацыі «Чалавек на зямлі». З году ў год працаўніца дасягае вельмі добрых вытворчых паказчыкаў. Была адзначана ганаровай граматай Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Па выніках работы прызнавалася найлепшай у прафесіі, яе імя заносілася на Дошку пашаны ў гаспадарцы. Усяго гэтага дастаткова, каб карэспандэнту «Звязды» захацелася пагутарыць са Святланай Быкавай асабіста. На свае вочы пабачыла, як аператар машыннага даення нясе службу на асаблівым участку малочнай вытворчасці.


Пачынае працоўны дзень Святлана Канстанцінаўна звыкла для ўсіх, хто займаецца дойкай, — а палове на пятую раніцы. Працуе яна на малочнатаварнай ферме «Клімаўка».

— Заўсёды ўваходжу ў кароўнік і вітаюся: «Я прыйшла, мае прыгажуні!» Яны гэта вельмі добра разумеюць. Праходжу па зале і паўтараю: «Снедаем — і на працу, мае харошыя!» — смяецца даярка.

Побач са сваімі падапечнымі ўсе праблемы, трывогі, злосць ці смутак працаўніца навучылася выключаць, пакідаць за парогам кароўніка. Святлана Канстанцінаўна ўпэўнена, што ў яе спецыяльнасці вельмі важна не толькі добра даглядаць жывёл, але і быць крыху псіхолагам, педагогам, ветэрынарам і нават дрэсіроўшчыкам.

Амаль шэсць гадоў таму аператар машыннага даення перайшла на ўчастак, дзе займаецца раздойкай каровак, якія толькі пачынаюць даваць малако пасля першага цялення. Ад працы Святланы Канстанцінаўны залежыць, якія ў далейшым наогул будуць надоі ў гаспадарцы, што вельмі адказна.

— Я як выхавальнік у яслях, у групе адаптацыі, — пераходзіць на педагагічную лексіку і захапляльна распавядае пра сваю працу з жывёламі Святлана Быкава. — Мне даецца тры месяцы, каб прывучыць маладую кароўку «працаваць у калектыве», удзельнічаць у выбудаванай сістэме. Цяпер, напрыклад, у мяне 66 кароў, усе яны ўпершыню ацяліліся і вучацца як гэта — даваць малако.

Праз тры месяцы адаптацыі ў падапечных Святланы Канстанцінаўны выпуск. Яны пераходзяць у «агульную групу», так бы мовіць, — у асноўны дойны статак. За тыдні адаптацыі новага набору аператар машыннага даення імкнецца стварыць для самаадчування падапечных максімальна камфортныя ўмовы, у тым ліку калі прыходзіць падменная калега.

— Маладыя кароўкі ў такі адказны перыяд іх жыцця вельмі трывожацца, хвалююцца ў прысутнасці старонніх людзей. Таму я стараюся быць з імі як мага даўжэй, каб не дадаваць стрэсу з-за прысутнасці новага чалавека, — тлумачыць працаўніца.

Падчас здымкі аператар машыннага даення таксама просіць гучна не размаўляць і не бянтэжыць каровак. Высвятляецца, што за гады сваёй работы на гэтым участку прывучыла і сваіх калег: побач з яе падапечнымі ніякіх крыкаў, лаянкі. Яна падкрэслівае, што ў рабоце ні ў якім разе нельга біць жывёлу.

— Любы стрэс для жывёлы адцягвае працэс яе адаптацыі ў якасці карміцелькі. Дапамагаюць толькі ласка і добрае слова, — пераканана Святлана Канстанцінаўна.

Яе задача ў рабоце — не толькі непасрэдна дойка два разы на дзень і наладжванне гэтага працэсу, але і кармленне, і выгул жывёлы падчас ачысткі кароўніка. Дапамагае працаўніцы на змене слесар па наладцы машыннага абсталявання.

— Часам, калі ў першыя тыдні прывыкаюць кароўкі да раздойкі, даводзіцца затрымлівацца пасля змены, чакаю, пакуль усе супакояцца. Бо некаторыя трывожацца, а хтосьці з іх яшчэ і ўпарты, паказвае характар. Ёсць у мяне выдатніцы. Гэта тыя, хто прыходзіць у кароўнік і адразу разумее сістэму, што вось цябе клічуць есці, піць, потым клічуць даіцца, і не супраціўляюцца працэсу. Ёсць і такія, хто вельмі доўга паказвае нораў. Бо ёсць маладыя кароўкі, якія, нават нягледзячы на фізіялогію, што ўжо час прыйшоў, могуць не аддаваць малако, і працягвацца гэта можа не адзін дзень, — тлумачыць Святлана Канстанцінаўна.

Здараецца ў яе рабоце і рогапрыкладства. Таму, вядома, трэба быць вельмі акуратнай з маладымі падапечнымі.

— Мне дапамагае спакойны голас і тое, што ўмею загаварыць. Размаўляю са свавольніцай так, як бы супакойвала ўсхваляванага чалавека. Мае прыгажуні ўсё разумеюць. Вядома, у іх свае дзівацтвы, характары, — зазначае суразмоўніца.

З-за таго што каровы на яе ўчастку перыядычна мяняюцца, прыдумляць мянушкі ўсім працаўніца не бярэцца. Усе ў яе — Прыгажуні. Але ёсць такія жывёлы, якія вельмі адрозніваюцца ў групе — гэтых даярка вылучае асаблівай мянушкай.

— У мяне цяпер: Вавёрачка, Рожкі, Людка-Панда, Далмацінка. Наогул, усе кароўкі адрозніваюцца. Гэта толькі здаецца тым, хто не працуе з імі, што адрозніць жывёл у статку нельга, — зазначае Святлана Быкава.

Доіцца маладое папаўненне статка непасрэдна ў кароўніку, дзе ўтрымліваецца. Тут выдзелены даільны блок. У гэтым жа кароўніку адгароджана зона, дзе знаходзяцца каровы, якія вось-вось прычакаюць з'яўлення цялят. Іх назірае ветурач. Пасля ўсіх неабходных мерапрыемстваў пасля цялення жывёла пераходзіць у асноўную секцыю маладых каровак. Падчас чысткі кароўніка першародак выводзяць на вуліцу ў асобны загон. Бо пакуль маладыя жывёлы ніяк не кантактуюць з асноўным дойным статкам. Пасля трох месяцаў, калі яны прывыкаюць да выбудаванай сістэмы дойкі, адчуюць працоўны рытм, падапечныя Святланы Канстанцінаўны ўжо будуць пераганяцца на дойку ў «дарослую» даільную залу.

— У мяне ёсць выдатніцы і тыя, хто даганяе. Прыйшла і «стаіць як карова». У нас гэта значыць, што цялушачка вельмі добра абвыкае да дойкі і паводзіць сябе спакойна.

Ёсць жывёлы, што да двух тыдняў будуць паказваць характар і не жадаюць увогуле падпарадкоўвацца распарадку жыцця ў гаспадарцы, — са свайго вопыту ведае працаўніца. На яе думку, у працэсе падрыхтоўкі каровы да яе будучай «службы» даярцы неабходна запасціся ласкай і цярпеннем, але быць заўсёды цвёрдай і паслядоўнай у працэсе прывучэння жывёлы.

— Святлана Канстанцінаўна — перадавік гаспадаркі. Неаднаразова яе імя занесена на Дошку гонару нашага прадпрыемства, яна адзначана граматамі ад кіраўніцтва. У яе добрыя паказчыкі ў рабоце, нягледзячы на вельмі цяжкі і адказны ўчастак. Чалавек і работнік яна вельмі годны. Таму кіраўніцтвам было прынята рашэнне вылучыць яе кандыдатуру на саісканне звання «Чалавек года». Мы ў гаспадарцы ганарымся нашай працаўніцай, — адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет» Вікторыя Прыходзька.

Як распавяла сама Святлана Быкава, больш за 20 гадоў таму прыйшла працаваць у сельскую гаспадарку выпадкова. У яе сям'і ніхто ніколі не меў справы з жывёлай. У малочнатаварную ферму ў Клімаўцы Святлана Канстанцінаўна ўладкавалася ў 2007 годзе. У яе працоўнай біяграфіі шмат дасягненняў, але званне «Чалавек года» мае асаблівы статус.

— З'явілася нагода для першага ў жыцці сапраўднага манікюру. Макіяж зрабіла і ўкладку і пасля ўручэння ўзнагароды прыйшла пры поўным парадзе на работу, — па-простаму выдае Святлана Быкава. — Калі назвалі прозвішча і выклікалі на сцэну да губернатара для ўручэння, я вельмі хвалявалася. За мяне прыйшлі балець і падтрымліваць трое маіх дзяцей і тры ўнучачкі.

Святлана Канстанцінаўна распавяла, што, калі яе дзеці былі маленькія, прыходзілі да яе на працу дапамагаць. Назаўжды ўрэзалася ў памяць, як дачка расказвала кароўкам казкі.

— Мая работа дала магчымасць вырасціць і вывучыць маіх дзяцей, паставіць іх на ногі. Старэйшы сын вывучыўся на чыгуначніка, дачка — медыцынская сястра, а малодшы сын заканчвае вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Дзеці і ўнукі ганарацца мной, — дзеліцца гераіня. — Мяне, дарэчы, у свой час у сельскую гаспадарку прывяла мара пра ўласнае жыллё. Дзеці маленькія былі, а свой дом пабудаваць не было ніякай магчымасці. Прыйшла працаваць, і мне выдзелілі вельмі добры домік з гародчыкам. Пазней жыллё прыватызавала.

Святлана Канстанцінаўна пераканана, што менавіта рашэнне прыйсці працаваць у гаспадарку змяніла ўсё яе жыццё. Аператар машыннага даення раіць усім, хто прыглядаецца да работы на зямлі, не думаць доўга, а дзейнічаць.

— Так, праца складаная, але патрабаванні ёсць усюды, на кожным прадпрыемстве. Усім маладым дзяўчатам, якія прыглядаюцца да маёй прафесіі, але, можа, баяцца, раю: не бойцеся, прыходзьце! Працаваць трэба ўсюды, у сельскай гаспадарцы ніхто не адпачывае. Затое ты заўсёды ведаеш, што за сваю добрую працу і добра заробіш, а яшчэ чагосьці дасягнеш у жыцці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маршрут па крынічным краі

Маршрут па крынічным краі

Пер­шы­мі яго па­ча­лі асвой­ваць гро­дзен­скія твор­цы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.